Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты

ПРАВАСЛАЎЕ І КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры

ПОШУКІ БОГА
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Вандроўкі

ВЕРЫЛІ РАЗАМ
Нашы святыні
Пераклады

КАРНЕЙ ВАСІЛЬЕЎ
Галерэя

Аляксандар ЕЛЬСКІ

НАРЫС ПА ГІСТОРЫІ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Пачатак

На працягу сарака гадоў пераследу лёс пасылаў сваіх апосталаў, якія тут і там, нягледзячы на пашырэнне вераадступніцтва, давалі прыклад служэння сваім евангельскім святлом, саграваючы сэрцы вернікаў, узбуджаючы даверлівасць у няўстойлівых, схіляючы да ахвярнасці, і хаця шмат агіднай варожасці ўзнікла сярод парафіянаў, гэтым саграваліся душы, захоўваючы святы агонь, вынік чаго можна заўважыць у апошні час, калі адбываецца масавае вяртанне да веры бацькоў людзей, незаконна пераведзеных у пануючае веравызнанне (1905).

Калі мы зрабілі такі моцны акцэнт на нікчэмнасці адступнікаў, то як жа не прыгадаць імёнаў найшаноўнейшых пасланцоў самога неба да паствы, пакінутай пастырамі, якія раздзіраюць яе, нібыта драпежныя ваўкі.

Адной з найцудоўнейшых постацяў у гэты сумны перыяд быў ксёндз Аляксандр Сіпайла, чалавек з вышэйшай універсітэцкай адукацыяй, «Божы чалавек» у поўным значэнні гэтага слова; будучы ўжо лаўрэатам у навуцы, ён уступіў у духоўнае саслоўе, і пра яго можна сказаць, як пра святога Станіслава Костку, што ён, «мала пражыўшы, перажыў доўгія гады». І сапраўды, ці ж гэта не цуд, што ў такую хвіліну, калі дабрадзейныя святары ішлі агулам у выгнанне, ксёндз Сіпайла заняў галоўную пасаду на Міншчыне, побач з жахлівым дзеканам Макарэвічам? Калі, аднак, ён з’явіўся перад абліччам гістарычнага кіраўніка, той быў так усхваляваны і засаромлены, убачыўшы набожнага святара, што адразу стаў паслухмяным і перастаў яго пераследаваць. Такім чынам, ксёндз Сіпайла мог больш свабодна працаваць, а калі ў 1886 годзе ён памёр ад сухотаў, змораны надзвычайным апостальствам, сышліся натоўпы людзей, нават іншаверцаў, цалуючы астанкі, каб на сваіх плячах аднесці іх на загарадныя могілкі, званыя Кальварыяй.

Шматтысячная працэсія запоўніла вуліцы, а магілу ўсярэдзіне засыпалі васковымі свечкамі ў знак таго, што разам са смерцю такога чалавека згасла Божае святло ў Мінску. І сапраўды, прыклад такога апостальскага святара моцна паўплываў на ўсё асяроддзе, бо і сам Макарэвіч сярод знаёмых прызнаваў яго святасць. І сёння жыве гэты цудоўны дух у народных паданнях, ды і перад Богам ён мае свае заслугі!

Амаль адначасова ў Мінскай парафіі вызначыўся шаноўны ксёндз Віктар Войдаг. Яго прававерная і энергічная дзейнасць супярэчыла намерам Макарэвіча, і ён, стаўшы ахвярай інтрыгі апошняга, ледзь не загінуў, патаемна перабіраючыся ў Галіцыю; там ён друкаваў важныя працы пра пераслед Касцёла пад псеўданімам «Пшыбышэўскі». На парафіі ў Каралішчавічах больш за дзесяць гадоў вызначаўся бясстрашны апостал ксёндз Даніэль Ясінскі, радавіты літвін, усёй душой адданы справе Касцёла. Ён не звяртаў увагі на бюракратыю, нават цэнтральную, баронячы, як сапраўдны Хрыстовы жаўнер, кананічныя правы і робячы сваё без аглядкі на каго-небудзь. Аднак урэшце ён быў гвалтам выжыты з гэтага месца ажно ў Краснаярск, дзе служыў некалькі гадоў, а потым атрымаў прызначэнне на пасаду пробашча ў Нойтбран у польскіх Інфлянтах і працуе там да сённяшняга дня. Гэта светлая апостальская постаць, вялікі прапагандыст цвярозасці народа, які ён любіць, бо сам паходзіць з яго.

У Халопенічах (Барысаўскі павет) пакінуў добрую памяць пра сябе ксёндз Антоній Лазарэвіч, а калі аднойчы вядомы бюракрат губернатар Пятроў пачаў папракаць яго ў руплівасці і сказаў «ты» і г.д., ксёндз Лазарэвіч, абураны, адкрыта і высакародна адказаў: ты забыў, што я не толькі святар і шляхціц, але ў дадатак і чыноўнік, таму ты павінен размаўляць са мной ветліва. Аднак помслівы сатрап (некалі кат няшчасных падляшскіх уніятаў, правая рука тырана Грамыкі), замест таго, каб паставіцца з павагай да ксяндза Лазарэвіча, дамогся яго неадкладнай высылкі. Але пазней гэты паважаны слуга Божы вярнуўся і працаваў на парафіі ў Крошыне (Наваградскі павет).

У сваю чаргу, адзначым і іншых святароў, што працавалі тут або працуюць да гэтага часу, аднаўляючы душы і храмы, і якіх з павагай успамінае каталіцкая грамадскасць. Спіс гэты немалы, але прынамсі прозвішчы самых адданых няхай увойдуць у гісторыю.

  • Ксёндз Валентыновіч, былы бенедыктынец, якога лёс кідаў па ўсёй дыяцэзіі, памёр у Пскове на парафіі.
  • Ксёндз Вінцэнт Гарасімовіч, якога напачатку кідалі з месца на месца за самаадданасць, цяпер пробашч у Клецку (Случчына) пасля звальнення адтуль у 1905 годзе вядомага рэнегата Юргевіча.
  • Ксёндз Юзаф Хруцкі, былы катэдральны вікарый.
  • Ксёндз Людвік Пласкавіцкі, кальварыйскі і воўчкавіцкі пробашч, які памёр у 1901 годзе.
  • Ксёндз Уладзіслаў Мяжвінскі, ракаўскі вікарый, сваім апостальствам спрычыніўся да вяртання ва ўлонне Касцёла мноства людзей, але ўрэшце не пазбег высылкі.
  • Ксёндз Юзаф Фрыдэрык Жыскар, былы дэрпцкі пробашч, адначасова ў 90-я гады місіянер на Міншчыне сярод людзей, якіх прымусам трымалі ў пануючым веравызнанні. За сваю апостальскую працу пераследаваўся і быў высланы ўглыб Расіі.
  • Ксёндз Яўстафій Карповіч, састарэлы юбіляр, ракаўскі пробашч.
  • Ксёндз Ян Красоўскі, палымяны бабруйскі пробашч.
  • Ксёндз Хрызагон Пшамоцкі, прафесар і магістр, цяпер пробашч у Нясвіжы. Шмат і несправядліва пакутаваў.
  • Ксёндз Пётр Бітны Шляхта, які адрэстаўраваў заняпалы касцёл у Капаткевічах (Мазырскі павет).
  • Ксёндз Антоній Сухвалка, самаахвярны катэдральны вікарый.
  • Ксёндз Зыгмунт Лазінскі, Божы чалавек, цяпер прафесар акадэміі.
  • Ксёндз Казімір Міхалькевіч, калісьці кранштацкі пробашч, цяпер мінскі дзекан, палымяны святар і грамадскі дзеяч.
  • Ксёндз Пётр Януковіч, былы каменскі пробашч, пераведзены ўглыб імперыі за самаахвярнасць.
  • Ксёндз Казімір Ваньковіч, рэстаўратар касцёла ў Зембіне (Барысаўскі павет).
  • Ксёндз Віктар Зянькевіч, самаахвярны, вядомы сваёй бескарыслівасцю кальварыйскі пробашч, калісьці прэфект школ у Оршы. Цяпер пробашч Уздзенскага касцёла, на апусцелым месцы пасля рэнегата Кушалеўскага.
  • Ксёндз Мацей Вайтэкунас, цяпер пробашч у Блоні.
  • Ксёндз Віктар Кулюкас, пробашч у Каралішчавічах17.
  • Ксёндз Паўлоўскі ў Ігумене, цяпер у Мінску, дзе ў яго было шмат працы ў духоўнай пустэльні пасля Бяртовіча.
  • Ксёндз Вілямаўскі ў Капылі.

Дарэчы, як гаварылася раней, сярод усяго мінскага клеру ўжо не было адступнікаў або падазроных святароў, і гэта тым больш дзіўна, што згуба была прадвызначана, і вераадступнікі з шалёным запалам рабілі ўсё дзеля яе, да таго ж, разам з імі была магутная бюракратычная ўлада.

Заўважым, што існавала памылковае меркаванне, нават змешчанае ў вядомай кніжцы 1895 года ананіма «Лялівы», быццам бы ў Мінскай дыяцэзіі 16 «парафій» (sic) пагадзіліся, паводле пратаколу, на некананічныя змены ў Касцёле, у той час як на самай справе ў парафіян ніхто не пытаўся і толькі некаторыя ксяндзы самі, дзеля матэрыяльнай карысці, адважыліся на крок сапраўды ганебны, насуперак нават указу манарха ад 25 снежня 1869 года, які выразна абумоўліваў добраахвотнае прыняцце рашэння самімі парафіянамі, што выказаў і пан міністр у адозве да рыма-каталіцкай калегіі ад 31 студзеня 1870 года пад № 9, паведамляючы пра вышэйзгаданы ўказ.

Як вядома, дзеянні мураўёўскіх вайсковых начальнікаў, што пераварочвалі палкамі, не прынеслі поспеху, таму была задумана хітрасць, якая грунтавалася выключна на святатацтве саміх святароў, і меркавалася, што гэта ўдасца. Гэтыя кепскія пасланцы, узяўшы на сваё сумленне чорную адказнасць перад Богам, перш за ўсё на Міншчыне былі віноўнікамі ўзнікнення ілжывых пратаколаў. Проста яны ўмелі просьбамі, пагрозамі, гарэлкай ды падманам спакусіць некалькі дзесяткаў асобна ўзятых дэмаралізаваных і запалоханых сваіх парафіянаў, а адсюль і з’явіліся гэтыя фальшывыя пратаколы, дзе не было ані слова праўды, што нарэшце выявілася праз некалькі дзесяткаў гадоў пакутніцтва і жахаў, калі ўжо не засталося і следу гэтага вымушанага адступніцтва ад Касцёла, Маці нашай, а яго падступныя ініцыятары, якія пераступілі чалавечыя і Боскія законы, апынуліся перад судом і ніколі не атрымаюць адпушчэння грахоў і будуць для нашчадкаў сведчаннем таго, што ўсялякае зло лёс заўсёды карае.

Паважаны арцыпастыр Гінтаўт, прыняўшы ў 1883 годзе на сябе кіраванне Мінскай дыяцэзіяй, выдаў для духавенства некалькі знакамітых дысцыплінарных цыркуляраў; але яны засталіся толькі мёртвай паперай, не паўплываўшы на тых, хто ўжо аднойчы ўпаў. Тым не менш, рэдактар гэтых выдатных дакументаў, мітрапалітальны ксёндз-сакратар Францішак Афанасовіч, годная павагі асоба, быў інтэрнаваны ў Рызе і да гэтага часу займаецца там пастырскай дзейнасцю на славу Касцёлу і сваім суайчыннікам.

Пасля смерці мітрапаліта ў 1889 годзе, у часы кіравання пралата Апалінарыя Даўгялы, нягледзячы на яго найлепшыя намеры, справы на Міншчыне зноў сталіся instatu quo [у ранейшым стане] з дапамогай зацятых губернатараў-русіфікатараў, сярод якіх вызначыліся Пятроў, Чарыкаў і князь Трубяцкой, што не давалі ні хвіліны спакою бедным католікам.

У 1891 годзе пачалося кіраванне набожнага арцыпастыра магілёўскага Шымана Казлоўскага, але цудоўны прыклад годнага пашаны дзеяча ў касцёле таксама няшмат дапамог, і арцыпастыру Казлоўскаму ўдалося толькі пазбавіцца ад відавочнага святататніка ксяндза Вайчынскага з Беразіна, аднак астатнія засталіся на сваіх месцах, вынішчаючы дух Хрыста і карыстаючыся за гэта прызнаннем бюракратыі. Паколькі арцыпастыр Казлоўскі меў слабы зрок і мусіў ездзіць за мяжу на лячэнне, яго месца займаў тады яго знакаміты суфраган ксёндз Францішак Альбін Сымон. Пераломным у гісторыі Мінскай дыяцэзіі стаў 1897 год, бо шаноўны пастыр Сымон выкарыстаў паездку мітрапаліта Казлоўскага на лячэнне і, паставіўшы сваю кар’еру, у свецкім разуменні, як гэта гаворыцца, на адну карту, заахвочаны толькі што заключаным пагадненнем урада з Рымскай курыяй, паводле якога ў касцёлах Міншчыны ў набажэнствах пакідалася толькі лацінская мова, а ў час катэхізацыіі – мясцовыя гаворкі, адным добра абгрунтаваным цыркулярам скасаваў у касцёлах афіцыйную мову і адначасова прызначыў у 16 парафій, дзе ўжо трыццаць гадоў не чулі слова Божага, шчырых святароў. Распараджэнне гэтае падзейнічала як удар маланкі. Рэнегаты абамлелі ад жаху і адразу вярнуліся да касцельных правілаў і краёвай традыцыі, а ашаломленыя ўлады, адчуваючы сваю бездапаможнасць, пачалі рыхтаваць помсту адважнаму апостальскаму дзеячу, і на чале яго асабістых ворагаў і ворагаў Касцёла апынуўся вядомы Масалоў, дырэктар дэпартамента замежных веравызнанняў.

Узнікла жахлівае замяшанне сярод віноўнікаў мінскага вераадступніцтва, бо яны разлічвалі, што справа будзе скончана, і вось некалькі слоў прававернага адважнага пастыра зруйнавалі ўсю дзейнасць кааліцыі.

Вяртаецца з-за мяжы пакліканы Казлоўскі і бачыць, што сталася, але як чалавек сумленны, нягледзячы на моцны ціск уладаў, якія патрабавалі адмяніць цыркуляр пастыра Сымона, ён, наадварот, падтрымаў яго, і добрая справа перамагла. Аднак злапомныя ворагі прымусілі біскупа Сымона выехаць у Адэсу, а потым і за мяжу, бо ім хацелася пазбавіцца чалавека, які зрабіў такі паважны крок. Спрабавалі яшчэ ціснуць на ксяндзоў; але нават такія рэнегаты, як Юргевіч, Кушалеўскі, Бяртовіч і некаторыя іншыя не вярнуліся да афіцыйнай мовы. А паліцыя, запалохваючы і нават складаючы пратаколы, ужо не пераследавала занадта старанна фальшывых ксяндзоў-злачынцаў. Гэтак доўжылася да скону арцыпастыра Казлоўскага (27 лістапада 1899 г.), а пасля яго на кароткі час быў абраны адміністратарам мітраполіі і Мінскага біскупства і атрымаў згоду Рыма паважаны ксёндз біскуп-суфраган Караль Недзялкоўскі, цяперашні луцка-жытомірскі пастыр. Пры ім становішча на Міншчыне не змянілася – у чаканні ўрадам і католікамі, засмучанымі шматгадовым ціскам на іх сумленне, новага мітрапаліта.

Нарэшце 2 красавіка 1901 года мітрапалітам з уладай над Мінскай дыяцэзіяй стаў ксёндз Баляслаў Клапатоўскі, святар руплівы і светлы, які, аднак, праводзіў палітыку кампрамісаў там, дзе трэба стаяць сцяной на варце прынцыпаў, абвешчаных прававерным біскупам Сымонам. Заблытаны хітрым дырэктарам дэпартамента веравызнанняў Масаловым, Клапатоўскі, дзеля святога спакою, цыркулярам ад 28 лютага 1902 года скасаваў распараджэнні біскупа Сымона, але гэта быў крок цалкам памылковы не толькі з маральнага, але і з практычнага, на думку ўрада, пункту погляду, бо святары згодна прытрымліваліся старакасцельнага рытуалу, і хаця сям-там рабіліся спробы паліцэйскімі сродкамі прымусіць духавенства выкарыстоўваць у набажэнстве толькі лацінскую мову, за выключэннем катэхізацыі, а таксама абвяшчэння заручынаў, абрадаў хрышчэння і ўзяцця шлюбу, гэтыя забароны, прычэпкі і правакацыі не далі вынікаў, хаця і было некалькі ахвяраў. У перыяд гэтых замахаў на Касцёл на Міншчыне ў Віленскай дыяцэзіі адбылася падзея вялікай важнасці, якая прымусіла ўлады апрытомнець і спыніць нечуваны пераслед Касцёла ў Заходнім краі. Гэтай векапомнай падзеяй стала адважнае выступленне ў сакавіку 1902 года паважанага віленскага біскупа Звяровіча супраць царкоўных школ, у якія гвалтам і пагрозамі зганялі вясковых дзяцей, а папы вучылі іх Закону Божаму і абражалі каталіцкае веравызнанне. Рашучы цыркуляр біскупа адразу ж вызваліў дзяцей католікаў ад падобных падступных школ, і хаця біскупу давялося заплаціць за гэта высылкай у Цвер, уражанне аказалася яшчэ больш моцным і паўплывала на мінскую справу, узняўшы дух вернікаў.

Улады схамянуліся, што трэба стрымаць свае дамаганні, зразумеў памылку і мітрапаліт і, усё больш слабеючы, памёр у Пецярбургу 11 лютага 1903 года, а за ім неўзабаве арцыпастырам і адміністратарам Міншчыны стаў ксёндз Ежы, граф Шэмбак, былы плоцкі біскуп, дзеяч сапраўды апостальскі, высокаадукаваны, святар Божы ў поўным сэнсе гэтага слова.

З прызначэннем гэтага набожнага, разумнага дзеяча падбадзёраныя католікі маглі сапраўды спадзявацца на хуткае заканчэнне сваёй нядолі, асабліва таму, што неўзабаве пачало змрачнець на Далёкім Усходзе; заклапочаны ўрад не меў магчымасці займацца ўнутранымі праблемамі, якія ні ў чым не пагражалі дзяржаве, да таго ж, маючы перад сабой іншыя справы, як, напрыклад, анархізм, бо ён ужо канчаткова ўзняў галаву і прымусіў урад задумацца, што можа здарыцца ў выпадку выбуху вайны.

А яна не прымусіла сябе доўга чакаць, бо 28 студзеня 1904 года мы ўжо мелі Найвышэйшы маніфест пра знішчэнне расійскага флота пад Порт-Артурам і панічнае ўступленне ў вайну. Увесь гэты год быў жахлівы і звонку і ў самой дзяржаве, але адначасова ўсё, што знаходзілася пад прыгнётам і незаконна пакутавала за сваё веравызнанне і нацыянальнасць, уздыхнула вальней, і гэты стан паступовага вызвалення доўжыцца і цяпер.

Запалалі радасцю сэрцы ўсіх прыгнечаных, заскрыгаталі сэрцы ўсіх зацятых і разбэшчаных доўгім існаваннем сістэмы беззаконня, але факт стаўся фактам, і, нягледзячы на пертурбацыі і інтрыгі, векапомная праца не толькі захаваецца, але і з’явіцца заранкам цалкам свабоднага згуртавання хрысціянства перад навалай анархіі, якая гатова выступіць супраць яго не на жыццё, а на смерць. І было б канчатковым глупствам не разумець гэтага і не імкнуцца да адзінства ў духу сапраўднай ісціны Хрыстовай, адступаючы перад нікчэмнай палітыкай у Касцёле, вынікі якой ёсць увачавідкі перад намі.

Як бы там ні было, але сталася, і справы ідуць наперад. Яшчэ ўвосень 1904 года шаноўны арцыпастыр, карыстаючыся зменай поглядаў аўтарытэтных сфераў, прыбыў у Мінск, каб праз шмат гадоў ажывіць дух пастырскаю візітацыяй і закласці падмурак пад будучы касцёл у суседніх Воўчкавічах18. Гэты прыезд быў прадвесцем будучай кананічнай візітацыі ўвесну, і наша радасць не мела межаў, тым больш што арцыпастыр выгнаў апошніх скампраметаваных святароў, перавёўшы, адкуль толькі ўдалося, на іх месцы людзей, вартых павагі. І, такім чынам, усе асірацелыя парафіі атрымалі прававерных пастыраў, а ўлады, якім паведамілі пра падрыхтаваны ўказ, гэтым разам не рабілі ніякіх перашкодаў, таму можна было ўжо звяртацца да Бога па-свойму. Толькі пасля абвяшчэння ўказа настала хвіліна захаплення і неадкладнага карыстання дазволенай свабодай. Менавіта гэтую хвіліну абраў арцыпастыр Шэмбак, каб з’явіцца на Міншчыне, нібыта пасланец нябёсаў.

У канцы цудоўнага мая 1905 года мінская зямля прывітала яго са слязьмі энтузіязму; Мінск сустрэў яго па-святочнаму, а пазней яго трыумфальнае кананічнае падарожжа па Мінскім павеце прывяло да таго, што больш за 26 000 прыгнечаных католікаў адкрыта перайшлі ў сваё веравызнанне, пра што можна прачытаць у справаздачы сведкі (гл. «Przegląd Katolicki» за 1905 год, № 29), а па ўсёй губерні Касцёл атрымаў да 60 000 вернікаў. Аднак нядоўга суджана было цешыцца пад крылом такога пасланага лёсам чалавека. Ён заблішчэў як метэарыт і згаснуў; але праца яго засталася і будзе развівацца далей. З гэтага часу амаль усе ацалелыя храмы зноў адчынены, і хаця шалёная прапаганда нянавісці, якую вядуць бацюшкі, прыносіць шмат шкоды, ды і пастановы абмяжоўваюць абсалютную свабоду змены веравызнання, але ж усё гэта толькі часовыя з’явы. Час загладзіць шурпатасці, знішчыць яд насілля, а сапраўдная свабода веравызнання стане патрэбай добрасумленнай будучыні, тым больш што гэтыя «бізуны», пра якія гаворыць Святое Пісанне, і далей павінны з’яўляцца, каб вучыць дурное чалавецтва сапраўднаму розуму, які не дапусціць нічыёй крыўды, а толькі роўную для ўсіх вольнасць і праўду.

Яшчэ некалькі гадоў назад становішча Мінскай дыяцэзіі было проста жахлівае. Палова парафій, разрабаваных рэнегатамі, заставалася ў стане поўнага духоўнага заняпаду, на падставе надзвычайных рэгламентаў забойчай царкоўнай палітыкі, пры абмежаванай да 1/3 у параўнанні з ранейшай нормай колькасці святароў, хаця лічба католікаў вырасла да 240 000. Усё гэта выклікала вялікі жаль.

На Палессі, напрыклад, да касцёла бывала па 30 міляў; людзі нараджаліся і паміралі без суцяшэння і святла веры, а дзікунства нораваў стала паўсюднай з’явай, і толькі разбэшчаная бюракратыя была задаволеная гэтай карцінай вынішчэння каталіцкага духу...

Цяпер колькасць католікаў складае больш за 300 000, і хаця храмаў, у параўнанні з мінулым, вельмі не хапае, аднак застаецца надзея на Бога і на шчырасць слугаў ягоных, а таксама на каталіцкае грамадства, якое зоймецца гэтаю найпільнейшаю справаю.

Каб дапоўніць карціну становішча дыяцэзіі, прывядзем нарэшце спіс парафій і наогул святыняў, што засталіся ў дзесяці яе дэканатах, менавіта ў Мінскім павеце: 1/ Мінскі гарадскі дэканат з парафіямі а/ Катэдральная з філіямі ў Кальварыі, Анопалі і Валачкевічах, якія застаюцца на правах парафіі, і 9 капліцамі: у Мінску пры Таварыстве дабрачыннасці, у Гарадзішчы, Прылуках (хатняя), Сенніцы, Шабунях, у Замосці (хатняя), у Дудзічах (хатняя) – каля 24 000 вернікаў19; б/ Залатагорская, у якой зняслаўлены ксёндз Фердынанд Сенчыкоўскі правёў першае нерытуальнае набажэнства, горача падтрыманае гэткім жа рэнегатам Сямёнам Макарэвічам, дзякуючы якому тут на працягу дзесяці з лішнім гадоў існавала школа арганістаў, створаная вераадступнікам з нікчэмнай мэтай русіфікацыі спеваў; але, дзякуй Богу, школа гэтая гадоў дзесяць назад была зачынена і ніяк не паўплывала на атачэнне... Парафія налічвае каля 6400 вернікаў, цяпер ёю кіруе варты пашаны, шчыры духам, красамоўны святар ксёндз Казімір Міхалькевіч. 2/ Мінскі дэканат у павеце, парафіі: а/ Камень, каля 10 000 вернікаў, філія Дудкі,

4 капліцы: у Івянцы, Покуці, у Кулі і Набароўшчыне; б/ Ракаў, каля 10 000 вернікаў, 6 могілкавых капліц: у горадзе, Борздыні, Кіяўцы, Тупальшчыне, Волме і Занеўшчыне; в/ Пяршаі, больш за 6000 вернікаў, капліца ў Вялай. 3/ Наднёманскі дэканат, парафіі: а/ Койданава, каля 15 000 вернікаў, філія Вязынь, 5 капліц: у Гарбузове, Рубілках, Станькаве, Нарэйках і Скародным; б/ Свержань, да 6000 вернікаў, філія ў Прусінаве, капліца ў Гарадцы; в/ Узда, знаходзіцца ў Ігуменскім павеце, больш за 6000 вернікаў, з 6 капліцамі: у Таўкацэвічах і Кухцічах, у горадзе, Рабінаўцы, Старынках і Пратасоўшчыне. У Барысаўскім павеце: 4/ Барысаўскі дэканат, парафіі: а/ Барысаў, каля 5000 вернікаў, з капліцамі ў Кальварыі, Любартоўшчыне і Лазіне; б/ Корань, каля 7000 вернікаў, філія Ганевічы, капліца ў Кацялях; в/ Акалова, больш за 4000 вернікаў20, капліца ў Амнішаве (калісьці парафіяльны касцёл); г/ Халопенічы, больш за 2000 вернікаў, капліцы ў Дабраводах і на могілках у горадзе; д/ Дзядзілавічы, больш за 3000 вернікаў, капліцы ў Хатаевічах (раней парафія) і Мсціжы (раней філія); е/ Лагойск, католікаў каля 6000, з 5 капліцамі: у Тадуліне, Грабяні, Лагойску (могілкавая), Старазапоні і Амяльянаве; ж/ Зембін, былая дамініканская, больш за 2000 вернікаў. У гэтай парафіі доўга існавала не занятая вакансія, і касцёл амаль заняпаў, але быў адноўлены дзякуючы руплівасці ксяндза Казіміра Ваньковіча; з/ Докшыцы, каля 5000 вернікаў, капліцы: у горадзе могілкавая, у Замошшы і Зачыслянах у Ігуменскім павеце (апрача згаданай вышэй парафіі Узда ў Наднёманскім дэканаце, а таксама капліцаў у Шабанах, Замосці і Дудзічах пры філіі Анопаль Кафедральнай парафіі). 5/ Ігуменскі дэканат уключае парафіі: а/ Беразіно, больш за 4000 вернікаў, страшэнна занядбаная пасля жахлівага рэнегата Вайчынскага; філія Раванічы, капліцы ў Бродцы, Кежгайлаве, ствараюцца ў Асмалоўцы і Перавозе; б/ Ігумен, каля 7000 парафіянаў, моцна занядбаная пасля нядобрай памяці адшчапенца Бяртовіча, капліцы ў Смілавічах і Убелі; в/ Блонь, больш за 3000 вернікаў, якія доўга заставаліся парафіянамі жахлівых пробашчаў Аляхновіча, Вайчынскага і іншых; але ўжо некалькі гадоў яны маюць сапраўднага святара; капліца ў Міжрэччы; г/ Серафін, адна з найбольш апусцелых парафій, больш за 2000 католікаў, сёння суцешаных, капліца ў Суціне; д/ Каралішчавічы, больш за 6000 вернікаў, капліцы ў Лошыцы, Абчаку, Заямачным, Дварышчы і Ігнатычах (хатняя). У Бабруйскім павеце: 6/ Бабруйскі дэканат, парафіі: а/ Бабруйск, больш за 5000 католікаў; (...) філія Шацілкі, 6 капліц: у Малімонах, Панюшкавічах, Воўчыне, Пятровічах, Гарбацэвічах і Кісялевічах21; б/ Глуск, больш за 2000 парафіянаў, абрабавана Сенчыкоўскім; могілкавая капліца ў горадзе, а калісьці былі ў Радутычах, Завалочыцах, Дворцы, Барысаўшчыне і Устэрхах; в/ Свіслач, каля 3000 парафіянаў, філія Халуй; г/ Харомцы, каля 2000 вернікаў, капліцы ў Рудабелцы і Альбрэхтаве, а была яшчэ ў Ксаверполі. У Мазырскім павеце (апрача парафіі Давыд-Гарадок, уключанай у Пінскі дэканат): 7/ Мазырска-Рэчыцкі дэканат, з парафіямі: а/ Мазыр, больш за 6000 католікаў; з капліцамі ў Барбарове, Нароўлі, Галоўчыцах, Новіках, Ліпаве, Кузьмічах і могілкавая ў Мазыры, а да нядаўняга часу яшчэ існавалі капліцы Халімская, Бокаўская і ў Капліцах; б/ Петрыкаў, цалкам апусцелая і разрабаваная рэнегатамі, каля 3500 католікаў, з капліцамі ў горадзе і Дарашэвічах22; в/ Капаткевічы, 2000 католікаў, доўга была апусцелая, а касцёл у заняпадзе; капліцы ў Гарадзяцічах, Камаровічах і Дзякавічах. У Рэчыцкім павеце парафіі: а/ Рэчыца, каля 2000 католікаў, філія Лоеў (яшчэ была філія Заспа), капліцы ў Рэчыцы і Лоеве, была капліца і ў Глінішчы; б/ Астрагляды, каля 3500 католікаў, капліца ў горадзе (былі філіі ў Хойніках, у Брагіне і ў Вялікім-Бары). У Пінскім павеце і ў наваколлі: 8/ Пінскі дэканат, парафіі: а/ Любяшоў, былая піярская, каля 1000 парафіянаў, філія ў горадзе ў былым капуцынскім касцёле; б/ Давыд-Гарадок (у Мазырскім павеце, доўгі час была без касцёла /спалены/ і ксяндза, цяпер усё наладжана), парафіянаў каля 2300, філія ў Тураве, капліцы ў Лахве і Кажан-Гарадку; в/ Пінск, больш за 8300 парафіян, 4 філіі: у горадзе, былая камуністоўская ў Лешчы, у Асаве і Целяханах; капліцы: у Завідчыцах, Жыткавічах, Сташанах і ў Пінску могілкавая. У Слуцкім павеце: 9/ Слуцкі дэканат, парафіі: а/ Слуцкая (разрабаваная), (...) больш за 6000 парафіянаў і філія ва Урэччы (Бабруйскі павет), капліцы: у Балочыцах, у самім Слуцку на месцы старой фары, з рэшткаў апошняй пабудавана капліца і ў Вінніцах; да таго ж капліцы ўрэцкай філіі ў Чавусах, Поклічах і Юркавічах, апрача іх пры даўнейшай фары былі капліцы ў Бялевічах, Белічах, Ванькоўшчыне і Рачкевічах, якія цяпер могуць аднавіцца; б/ Нясвіж, каля 9000 католікаў, капліцы ў Палоснай, на Слуцкай і Навамейскай брамах; в/ Клецк, касцёл фундацыі каралевы Боны, больш за 6600 католікаў, якіх доўгі час разбэшчваў зняслаўлены адшчапенец ксёндз Ян Юргевіч, сёння яна вызвалена і квітнее; філія ў Салаўі; капліцы: у Янавічах, Пласкавіцах, Дунайчыцах, Заастравеччы, Ясянцы, Ляцяшыне і Радзівілімонтах, а раней была ў Галынцы; г/ Цімкавічы, каля 2500 католікаў, доўга рабавалася рэнегатамі, капліца ў Васільчыцах; д/ Мядзведзічы, больш за 5000 католікаў, парафія на працягу трыццаці гадоў без святара, толькі ў 1905 годзе вернікі дамагліся свайго. Пры гэтым трэба адзначыць цудоўную рэч: пасля адкрыцця касцёла знайшлі Sanctissimum, зусім не пашкоджаны, нягледзячы на тое, што ён знаходзіўся ў зруйнаваным, поўным вільгаці храме; капліцы ва Усаве і ў горадзе; е/ Капыль, больш за 5000 католікаў, даўней былі капліцы ў Рыме і Доктаравічах; ж/ Старчыцы, каля 2500 католікаў, доўгі час ў поўным заняпадзе, цяпер храм адноўлены23; капліцы: у Борках, Мяцевічах і Лютавічах. У Наваградскім павеце: 10/ Наваградскі дэканат, парафіі: а/ Наваградак, да 6000 католікаў, філія ў горадзе, капліцы: у горадзе, у Мількевічах, Стараельні, Гарадзечнай, Нягневічах і Хрольчыцах; б/ Усялюб, больш за 3000 католікаў, капліцы: у горадзе і Вераскаве; былі таксама ў Беніне і Цыціне; в/ Крошын, больш за 3400 католікаў, капліцы: у Жалязніцы, Гацішчы і Арабінаўшчыне; была капліца ў Стайках; г/ Дарава, больш за 4000 католікаў, капліцы ў Сваячах (калісьці парафія); д/ Вароньча, каля 3500 католікаў, капліцы: у горадзе, у Туганавічах, Казловічах і Сэрвечы; е/ Паланэчка, больш за 4000 католікаў, могілкавыя капліцы: 2 у Міры, у Просці, Гарадзеі, Завушшы, Абрыні і хатняя ў Паланэчцы; ж/ Новая Мыш, католікаў 5000, капліцы: у горадзе, у Лахозве, Пятровічах і Навасадах.

Вось кароткі нарыс усяго, што мелася да занатавання, а адмысловая гісторыя растлумачыць шмат падрабязнасцяў дзеля навукі і перасцярогі ўсіх нікчэмных дзеячаў і іх прыхільнікаў, хцівых і разбэшчаных.

Сёння мы можам толькі радавацца ў глыбіні душы цудоўнаму адраджэнню таго, што было асуджана на знішчэнне і ўжо, здавалася, памірала ў руках сваіх уласных катаў.

О, які ж усемагутны Бог, а лёс пераменлівы! І ці не трэба захапляцца фактам адраджэння каталіцтва на Міншчыне і дзякаваць Богу, што ён вярнуў нам веру бацькоў і змёў у цень пагарды тых, хто спрабаваў яе разбурыць! Сёння ў нас ёсць добрыя святары, гатовыя аддаць свае душы за паству сваю! О, якім жа сапраўды цудоўным быў сход мінскага духавенства пад кіраўніцтвам ужо згаданага мінскага дзекана ксяндза Казіміра Міхалькевіча, які адбыўся 25 студзеня (7 лютага) бягучага 1906 года, дзе святары, паміж іншым, аднагалосна вырашылі прыкласці ўсе намаганні:

  1. Каб была адноўлена Мінская дыяцэзія з кансісторыяй, капітулам і семінарыяй.
  2. Каб біскуп прызначаўся толькі капітулам.
  3. Каб склад кансісторыі быў выключна касцельны, без удзелу свецкіх чыноўнікаў.
  4. Каб былі адноўлены біскупскія кананічныя суды па справах злачынных ксяндзоў.
  5. Каб урад вярнуў адабраныя храмы, касцельныя фонды і дазволіў адкрыць прынамсі два мужчынскія і два жаночыя кляштары, паводле ўказання біскупа24.
  6. Каб быў уведзены новы каляндарны стыль.
  7. Каб было дазволена ўстанавіць мінімальную таксу за касцельныя паслугі – jura stolae, каб зрабіць немагчымым атрыманне прыбытку і гэтым узвысіць духоўную годнасць.
  8. Каб пры прызначэннях і пераводах ксяндзоў строга выконвалася касцельнае права.
  9. Каб было дазволена заснаваць дыяцэзіяльны дом для ксяндзоў-пенсіянераў за кошт урада, а таксама пенсіянерскую касу.
  10. Каб павысіць плату пробашчам і прызначыць яе вікарыям, а таксама дзеканам на канцылярыю і абавязковыя паездкі.
  11. Каб увесці ў семінарыях выкладанне грамадскіх і прыродазнаўчых навук і ўвогуле палепшыць утрыманне алюмнаў.
  12. Каб мог быць створаны генеральны саюз усіх дыяцэзій імперыі і Каралеўства дзеля аховы храмаў і касцельных збудаванняў.
  13. Ухвалена падтрымка Каталіцкай партыі ў Дзяржаўнай Думе.
  14. Скліканне ў Мінску літоўскім каталіцкага сходу; дарэчы, усе горача ўзяліся за справу шырокай асветы народа, яго выцверажэнне шляхам стварэння брацтваў цвярозасці, арганізацыю паўсюдна духоўных місій, збор дэнарыяў св. Пятра, строгае выкананне рытуалу ў набажэнстве, абуджэнне найвышэйшай павагі да таямніцы алтара і г.д.

Я пытаюся: ці ж гэта не цуд, у Мінску, у гэтым месцы нядаўняга вераадступніцтва і нечуванага духоўнага заняпаду?!

Схілім пакорліва нашыя галовы, падбадзёрымся, усклікнуўшы ў захапленні «Laus Tibi Christe!» і жадаючы, каб Збавіцель зрабіў ласку, узбудзіўшы шчырае шкадаванне ў тых, што яшчэ жывуць і столькі прынеслі няшчасцяў Касцёлу, дарагой Бацькаўшчыне і сваім братам у Хрысце, які і лотру, што вісеў побач з Ім, абяцаў прабачэнне і рай разам з сабой!

Пераклад з польскай мовы
Наталлі Мазоўкі.


  1. Зазначым факт, нікім да гэтага часу не заўважаны, але надзвычай характэрны, што святары – радавітыя ліцвіны, хаця і часта сварацца з палякамі ў карэннай Літве, аднак маюць тут апостальскія заслугі, і ніводзін з іх не здрадзіў ні Касцёлу, ні грамадству, у той час як гэтымі жахлівымі рэнегатамі аказаліся мясцовыя ксяндзы або з Каралеўства, з дапамогай якіх руйнаваўся Касцёл. Сумная гэта з’ява!..
  2. Будуецца, галоўным чынам, за кошт графа Ежы Чапскага.
  3. Заўважым, што доўгія гады жыхары Мінска, адчуваючы незвычайную цеснату ў адзіным катэдральным касцёле, які застаўся пасля шматлікіх скасаванняў, дарэмна прасілі пабудаваць новы, і толькі ў мінулым годзе быў атрыманы дазвол. Такім чынам, будаўніцтва ўжо пачалося, дзякуючы 40 000 рублёў, велікадушна ахвяраваных вядомым грамадскім дзеячам панам Эдвардам Вайніловічам у памяць памерлых у дзяцінстве сына і дачкі ахвяравальніка. За такі дар няхай будзе ўшанавана і блаславёна яго імя!
  4. Вельмі доўга ў Акалове была не занятая вакансія пробашча, але ў 1896 годзе сюды быў прызначаны добры святар, на вялікую радасць парафіянаў.
  5. Апрача гэтых згаданых, ёсць яшчэ капліцы ў Амельне, Яніне, Ясным Лесе, Даманаўшчыне і Добасні.
  6. Пра цяжкае становішча гэтай парафіі чытай «Kraj» за 1883 год, № 50.
  7. Галоўным чынам коштам паважанага памешчыка Канстанціна Прушынскага і іншых.
  8. Заўважым, што ўсе храмы, якія існавалі раней, могуць быць зноў вернуты, калі вернікі, памятаючы каталіцкі абавязак, прыкладуць намаганні ў належным напрамку ў адпаведнасці з Найвышэйшым указам пра верацярпімасць.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY