Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты

ПРАВАСЛАЎЕ І КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры

ПОШУКІ БОГА
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Вандроўкі

ВЕРЫЛІ РАЗАМ
Нашы святыні
Пераклады

КАРНЕЙ ВАСІЛЬЕЎ
Галерэя

Ігнат ДАМЕЙКА

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

Пачатак

4 ліпеня 1885 года пачалося падарожжа Ігната Дамейкі ў Святую Зямлю. Шлях вёў праз Парыж, Кракаў, Львоў, Бухарэст, Варну, Канстанцінопаль.

ХАЙФА. ЕРУСАЛІМ

23 верасня (1885 г.). Пасля заходу сонца неба ачысцілася ад хмараў, а пасля дажджу ў паветры адчувалася свежасць, і мора супакоілася. Не хацелася мне спаць у той вечар, малітва скрашвала гадзіны, ажыўленыя адною думкаю, - сказаў бы - блізкага збавення: надыдзе дзень і ўбачу айчыну майго Збаўцы, Святую Зямлю, якая была Ягонаю калыскаю і на якой пацалую Ягоны Гроб. Параход, здавалася, ледзь плыў, і ноч была надта доўгаю.

Як толькі пачало днець, я выбег на палубу; з усходняга боку вынырваў з мора нізкі бераг Палестыны…

… Двое дужых, плячыстых весляроў, адзін мурын, а другі шляхетнага аблічча грэк, хутка правялі нас паміж прыбярэжных скалаў, але высадзіць, кожнага асобна, на бераг мусілі на сваіх плячах.

Тут толькі вузкая вулачка аддзяляла бераг мора ад муроў старога горада і была набітая розным людам, малою крыкліваю галотаю, коньмі, вярблюдамі; тут жа і памежная варта, башыбузукі9 патрабуюць пашпарт, загадваюць раскрываць торбы, праваднікі навязваюць свае паслугі - таўкатня, не прайсці, не тое каб пацалаваць Святую Зямлю, якой дакрануліся мае ступні. Тут жа недалёка, на шэрым муры спракавечнага дома, прачыталі надпіс «Hospitium Latinum»10, а над ім высока - вакенца з кратамі, пад ім - дзверы і званок. Айцец Семяненка зазваніў і адразу ж адчынілі дзверы. Выйшаў манах францішканін з ордэна айцоў Святой Зямлі ды, не пытаючыся, адкуль мы, якой нацыянальнасці, ветліва прапанаваў прытулак. Пакінуўшы каля рэчаў айца Рафала, які ведаў турэцкую мову, мы з айцом генералам і манахам пайшлі перш доўгім цёмным калідорам, пасля па стромай лесвіцы і зноў нейкім калідорчыкам на дзядзінец, з якога адны дзверы вядуць у касцёл св. Пятра, другія ж - у рэфектар для пілігрымаў, асобныя - да келляў, прызначаных для кожнага з тых, хто намерыўся наведаць Гроб Хрыста, незалежна ад стану, веку, нават жанчыны маюць тут асобны прытулак. Платы ніхто не патрабуе.

Бадзёры, чырванашчокі ссівелы манах з барадою да пояса быў, паводле прынятага ўсімі францішканамі Святой Зямлі, у цёмна-бурым бернардынскім габіце. Паставай, пакорай і прастатой ён нагадаў мне нашых бернардынаў, што збіралі ахвяраванні, і якіх даўно ўжо выгналі з краю. Ён з пашанаю прыняў айца Семяненку як кіраўніка асобнага ордэна ўваскрашэнцаў ды ўсцешыўся, калі я загаварыў з ім па-іспанску. Пасля паклікаў манаха і загадаў прызначыць кожнаму з нас асобную келлю.

Зазванілі на Імшу, я ўвайшоў у касцёл і тут, упаўшы на калені, першы раз пацалаваў Святую Зямлю.

Пасля Імшы, якую адправілі айцы Пётр і Рафал, мае шаноўныя таварышы-пілігрымы, я затрымаўся яшчэ нейкі час у касцёле, калі ж прабіла поўдзень, брат з кляштару запрасіў нас на абед. Ён жа і прыслужваў нам… Нас добра пачаставалі…

Я з айцом Рафалам пайшоў наведаць дом Сымона гарбара, пра які згадваецца ў Евангеллі. Служыў нам за правадніка пятнаццацігадовы грэк ці турак, які гаварыў па-французску… Месца, дзе паводле падання стаяў дом Сымона, знаходзіцца недалёка, можа не больш як дзвесце крокаў ад касцёла… Мы дайшлі да невялікай мячэці, што стаіць на месцы, дзе быў дом Сымона гарбара. Першыя хрысціяне, напэўна, павінны былі мець тут сваю святыню. Ісламізм у зацятасці на святыя месцы, нішчачы іх і сціраючы памяць пра іх, разбураючы святыні і ставячы на іх руінах мячэці, у шмат якіх выпадках значна лепш спрычыніўся да захавання паданняў пра месцы, дзе яны знаходзіліся… Так збераглася памяць пра месца дома гарбара, захаваная праз злосць непрыяцеляў, так што сёння вернікі не сумняваюцца, што сапраўды на гэтым месцы стаяў святы Пятроў прытулак, і спрадвеку тысячы, мільёны пілігрымаў прыходзяць ушаноўваць гэтае месца і маліцца тут. А мячэць гэтая, пакінутая самімі ісламістамі, падобная сёння на дом нейкага рамесніка, вонкава сваім убоствам і занядбаннем не адрозніваецца ад суседніх дамоў; няма каля яе мінарэту і ніякага ісламскага знаку… Перш чым наш праваднік пастукаў у дзверы, у памяці ўсплыло, як тут «…узышоў Пётр на гару маліцца а шостай, калі пасланцы Карнэлія былі ўжо ў дарозе і набліжаліся да горада, а на Пятра сышло натхненне».

Мы з айцом Рафалам памаліліся, і ўявілася мне - нібы ўбачыў, - як «мужы, якія ад Карнэлія былі пасланыя, пытаючы пра дом Сымонаў, спыніліся каля варотаў, а паклікаўшы, пыталіся, ці тут Сымона, якога называюць Пятром, прытулак» (Аc. Aposst.).

Праваднік чакаў нас каля дзвярэй, мы ўвайшлі і, толькі глянуўшы на сцены, засмуціліся. Памяшканне ў плане квадратнае, чатыры ці пяць метраў даўжынёю і шырынёю, са скляпеністай столлю, пабеленае вапнаю; насупраць дзвярэй у сцяне невялікая пустая фрамуга-ніша, што называецца міраб, да якой, нібы ў бок Меккі, звернутыя мусульмане падчас сваёй малітвы; ніякіх аздобаў не было, прагнілая падлога была прыкрытая рагожай. У адным куце сядзеў стары барадаты турак, ніба вартаўнік мячэці…Турак сам не ведае, што вартуе; каб не ён, можа які-небудзь грэк-спекулянт ужо перарабіў бы гэты дом на краму або шынок…

25 верасня. Пагоднае неба, цудоўны від на мора, думка, што я знаходжуся на Святой Зямлі, спадарожнічалі таго дня маёй ранішняй малітве…

Мы ўжо дамовіліся былі з мукрам наняць коней і павозку для падарожжа ў Ерусалім. Адразу ж пасля абеду былі гатовыя рушыць, каб завідна прыехаць у Ramleh. Мукр спазніўся і з'явіўся толькі а трэцяй гадзіне, а пасля яшчэ гадзіну мы прабіраліся па ўзбярэжжы, запоўненым людзьмі і вярблюдамі, а далей вузкай вулачкай каля базару аж да плошчы, дзе нас чакаў вазок, бо ў горад з вузкімі вулачкамі павозак не пускаюць. Дрэнны быў гэты вазок, накшталт char-a-banu11, траскі, высокі; цяжка было залезці на яго айцу Семяненку, змучанаму бяссоніцай яшчэ падчас плавання…

Калі мы ад'ехалі з паўгадзіны ад горада, перад намі адкрылася раўніна Сарона (Шарона), вядомы з біблійных паданняў край філістымлянаў. У гэтую пару года яна сухая, а слыве з квяцістай сваёй вясны, з прадказання Ісаі знішчанаму Ізраілю: «разрадуецца пустыня і заквітнее, як лілея, і радзіць будзе…».

На ўсёй прасторы раўніны, якую асвятляла схіленае да захаду сонца, бачыў толькі адзінокую вежу і пры ёй бушыбузука за вартаўніка ад разбойнікаў. А крыху далей - нешматлікія ўбогія будыначкі вёскі Ясур. Ці ж не знак Божай кары гэтае бязлюддзе, бясплоднасць урадлівай зямлі, ці знак безгаспадарнасці плямёнаў, што топчуць гэтую зямлю? Бог міласэрны, прыдзе час, развяселіць і нанова аздобіць гэтую раскошную даліну Сарона.

Сшарэла, калі мы прыехалі ў Ramleh, відаць, тую Раму, дзе здзейснілася тое жудаснае прароцтва пра забойства дзяцей Ірадам: «Голас быў чуцён у Раме, плач і вялікія нараканні, Рахіль аплаквала сыноў сваіх і не давала суцешыць сябе, што іх няма».

Наш воз прыпыніўся каля кляштара айцоў ордэна Святой Зямлі, пад прыгожаю фінікаваю пальмаю. Пасля першага ж званка выйшаў брат у бернардынскім каптуры і, не пытаючы нас, адкуль мы і чаго мы хочам, запрасіў нас у парлаторыум12 і сам занёс нашыя рэчы. З ягонага акцэнту і ветлівасці я пазнаў, што гэта быў іспанец. Да нас адразу ж прыйшлі настаяцель і яшчэ адзін манах, абодва іспанцы, бо тут увесь ордэн іспанскі. Спадабалася ім, што мелі з кім паразмаўляць на роднай мове, хаця няблага гаварылі па-італьянску і па-французску. Тым часам як рыхтавалі для нас ежу, бо ў кляштары ўжо павячэралі, мы распытвалі, а сур'ёзны прыёр навучаў нас, чым быў Ramleh. З найдакладнейшых паданняў вядома, што гэты кляштар і касцёл былі пабудаваныя на тым самым месцы, дзе стаялі дамы Юзафа з Арыматэі ды св. Нікадэма. А Юзаф - гэта той, які «зняў цела Хрыста, Нікадэм, які перад гэтым прыходзіў ноччу да Езуса, несучы мазі з міры і алоэ нібы сто фунтаў; узялі Цела Хрыста і абкруцілі яго сувоем палатна з мазямі». Там, дзе цяпер стаіць кляштарная святыня, меўся быць варштат, майстэрня Нікадэма, а Рама - гэта колішняя Арыматэя.

Згадалі набожныя манахі пра крыжацкія войны, калі гэтае мястэчка ў час Рычарда Львінае Сэрца было месцам геройскага чыну, як пасля было разбуранае, і яшчэ ў XVI стагоддзі кляштар і касцёл апусцелі, ды толькі ў цяперашні час айцы ордэна Святой Зямлі на ахвяраванні ўзнялі іх з руінаў для прытулку пілігрымаў.

Толькі пачынала днець, як да нас пастукаўся брат. А чацвёртай мы выслухалі Імшу каля алтара св. Нікадэма, якую правёў айцец Пётр, ды рушылі ў дарогу, каб пазбегнуць дзённай спякоты і раней прыехаць у Ерусалім. Па дарозе кінулі вокам на горад, які меў усе прыкметы колішніх разбурэнняў і спусташэнняў. Дамы - далёка адзін ад аднаго, вуліцы неўпарадкаваныя, дзве ці тры мячэці, з якіх адна, пераробленая з колішняга касцёла Св. Яна Хрысціцеля, вонкава захавала старажытную трохнававую будову. А з мінарэтаў звяртае на сябе асаблівую ўвагу квадратная гэтак званая вежа Сарака Мучанікаў, якая ўвышаецца над усёй ваколіцай, а пры ёй - горы друзу колішняга кляштара тампліераў. З вяршыні гэтай вежы павінен адкрывацца цудоўны краявід: на захад - на ўзвышшы Сарону, на ўсход - на горы Юдэі, якія тут пачынаюцца.

Як толькі мы мінулі Ramleh, убачылі змены ў прыродзе, у будове Палестыны: слоеныя скалістыя горы, невысокія, паперарэзаныя вузкімі далінамі, дзе-нідзе з кручамі, зусім пустыя і сухія ўвосень, толькі дзе-нідзе растуць карлікаватыя дрэвы, пераважна алівы, амаль не відаць зялёнай травы, а ў ярах толькі жвір і пясок ды логі высахлых крыніцаў. На схілах гор там-сям пасуцца чароды авец і козаў, як і ў часы Абрагама. У гэтую пару яны жывяцца рэшткамі сухой травы.

Ад самай Рамы ідзе па гэтых гарах шырокая дарога, шаша, якую турэцкі ўрад пракладвае даволі актыўна ды намераны цягнуць да Ерусаліма… Уся гэтая дарога - нібы старонка Бібліі…

Вось, ледзь мы мінулі мусульманскія могілкі ды частку пладароднага плоскаўзвышша Сарону, дзе Давід пасвіў свае чароды, уехалі ў горы, на якіх у далячыні можна ўбачыць старажытныя вёскі. Яны таму кідаюцца ў вочы, бо тыя дамы без даху, з зямлі або з камення, шэрыя як і горы, здаюцца скаламі, што пападалі адна на адну, і аліўкавыя дрэвы, якія дзе-нідзе растуць каля іх, здаюцца здаля шэрымі.

Праз паўгадзіны дарогі мукр звярнуў нашу ўвагу на некалькі дамкоў, што ледзь віднеліся на вяршыне гары. Там да прыходу ізраільцянаў на Зямлю Абетаваную стаяў хананейскі горад Гезар, той самы, які пазней стаў горадам левітаў13.

Пазней мы на момант затрымаліся каля вёскі, што называецца Латрун, у якой, паводле традыцыі, жыў Dismas, егіпцянін, той укрыжаваны пабач з Езусам разбойнік, які адным «memento mei»14 быў збаўлены. Бо калі адзін з тых злачынцаў сарамаціў Езуса: «Калі Ты Хрыстус, выбаві сябе і нас», другі сварыўся на яго: «Бога ты не баішся… бо заслужаную кару мы нясем за нашыя ўчынкі, а гэты нічога злога не зрабіў». А Езус адказаў: «Праўду кажу табе, яшчэ сёння будзеш са мною ў раі».

Тут, на вялікай гары па-над прорвай, узносяцца знакамітыя руіны, пра якія Галавінскі15 пісаў, што «будыніна складзена з вялікіх ацясаных каменняў ды так шчыльна злучаных, што сцены, хоць і пахіліліся, але не разваліліся; калі меркаваць па гатычных элементах, то гэта быў крыжацкі касцёл і кляштар, збудаваныя як замак». Lievin de Hamme, францішканец, які жыве ў Ерусаліме, апавядае, што замак быў зруйнаваны Ібрагімам-башы таму, што быў прытулкам злачынцаў. Сёння тут жыве толькі некалькі сялянскіх сем'яў (феллахаў) і двое башыбузукаў.

Праз сем хвілін далейшай дарогі бачым рэшткі іншага паселішча Амонс, старажытнага Эмаўс, знакамітага перамогай Юды Махабея над Георгіем Сірыйцам. Там яшчэ засталіся разваліны апсіды касцёла, прысвечанага семярым братам Махабеям ды іх маці, а Lievin мяркуе, што гэты Эмаўс і вёска Латрун складалі адно - колішні Nikopoli.

… Даязджаем да Kariath-el-Enab (вядомае цяпер пад назвай Abugosz) альбо Kariatiarum…Гэта адзін з самых значных гарадоў Палестыны. Тут ужо ўсё зялёнае, шмат аліваў, ладныя дамы і стары касцёл св. Ярэмы. Ён належаў айцам ордэна Святой Зямлі, што мелі кляштар, які ў XVI стагоддзі быў разрабаваны (а манахі пазабіваныя) жыхарамі суседняга Abugosz'у. Касцёл і да гэтага часу не адноўлены, захаваліся тры навы з апсідамі, рэшткі фрэскаў на сценах, гатычныя вокны і галоўны ўваход.

Далей за Abugosz'ам заўважаем на высокай гары вёску Соба (колішнюю Sotheba), нібыта бацькаўшчыну Махабеяў, дзе Сымон Махабей паставіў на магіле бацькі, маці і сваіх братоў сем пірамідаў. Гэта быў абарончы горад, пабудаваны на адной з найвышэйшых вяршыняў Юдэі (Judei), з вадаправодам і абарончымі сценамі. Ён быў разбураны Ібрагімам-башы, і цяпер у ім мала жыхароў.

Праз паўгадзіны дарогі за Abugosz'ам затрымліваемся каля невялікай крыніцы Aim-Dilby, бо надта ж дакучае спякота, а тут стаіць невялікі новы турэцкі караван-сарай з павеццю ды невялікім квадратным дзядзінцам, абнесеным мурам.

Мы адпачываем дзве гадзіны, аж прыходзіць караван. Бедуіны пускаюць сваіх вярблюдаў на суседняе поле, самі займаюць нашыя месцы, а мы едзем далей. Дарога зварочвае ўправа і спускаецца ў прыгожую даліну, адзіную, дзе вінаград, апельсінавыя, фігавыя ды аліўкавыя дрэвы, а недалёка ад дарогі руіны Deir-el-Benate (жаночы кляштар), нейкіх збудаванняў з часу крыжацкіх войнаў. Далей зноў даводзіцца ехаць пад стромую гару і дарога даходзіць да найвышэйшай вяршыні, з якой наш мукр паказвае на поўнач - Ramathaim, бацькаўшчына Samuela, далей і правей - Karim, альбо Св. Ян на Гары (St. Jean dans la Montagne), і яшчэ далей - як вокам згледзець - Бэтлеем.

Касцёл Гробу Хрыстовага. Ерузалем.
Гэтае месца - адно з найзручнейшых, каб прыгледзецца да вонкавай будовы і прыроды гэтай часткі Юдэі. Навакольныя горы вапнёвыя, паразразаныя на пласты, счарнелыя праз восеньскую сушу; дзе-нідзе руіны колішніх вёсак, замачкаў. Па дарозе ў шмат якіх месцах бачым работнікаў, што будуюць шашу…

З набліжэннем да Святога Горада сэрца пачынае біцца мацней, душа імкнецца наперад, не нарадуецца, што незадоўга стане каля Магілы Збаўцы. Вочы ўжо не квапяцца аглядаць наваколле, думка занятая толькі прыпамінаннем: па гэтай дарозе хадзіў і чыніў цуды Назарэтанец; Ягоныя бацькі ішлі ў Бэтлеем, каб паводле дэкрэту імператара ўдзельнічаць у перапісе.

Больш за паўгадзіны цягнуўся наш воз па гэтым узвышшы, з якога ўрэшце спусціўся пакручастай, амаль закончанай дарогай у прыгожую даліну ручая Terebintu, цераз які будавалі каменны мост. І тут жа каля маста - невялікі караван-сарай, прыгожыя апельсінавыя і шматлікія аліўкавыя дрэвы ды агародчык з кветкамі. Воддаль - руіны вёскі ды нейкай старадаўняй вежы, а сама даліна і ручай вядомыя праз змаганне Давіда з Галіяфам. З гэтага струменю малады пастух дастаў пяць камянёў для сваёй прашчы ды адным зваліў волата.

Адразу ж за гэтай далінай дарога пнецца ўверх схілам стромай гары, і праз сорак хвілін мы даязджаем да чарговай, чатырнаццатай, вартавой вежы, што стаіць на памежжы Юдэі з Бенямінам. Праз дзесяць хвілін мы ўжо на вяршыні гары, каля пятнаццатай вежы, адкуль адкрываецца краявід на Аліўную Гару Ўнебаўзяцця, кляштар Sw. Eliasza; крыху далей - Бэтлеем, на ўсход у смузе - ланцуг Маабскіх гор. Пяць мінут далей - ужо на блакітным небе - відзён купал касцёла Святога Гроба ды муры Ерусаліма.

«Радаваўся з таго, што мне сказалі: пойдзем да дому Госпада» (Ps. CXXI).

Са скрухаю у сэрцы, спакорана, з малітваю сталі каля Хайфскай брамы, затрыманыя перад гарадской сцяной: вазам у горад уязджаць не дазваляюць. І тут жа з'явіўся добры праваднік і служкі, якія павялі нас пешшу і неслі нашыя рэчы да кляштара айцоў Святой Зямлі.

Мы праціснуліся праз натоўп людзей і вярблюдаў у браме ды цеснай, няроўнай, выбрукаванай вялікімі камянямі вулачкай пайшлі за сцяною ўлева. Пакінуўшы справа пару такіх вулачак, дайшлі трэцяй да дзвярэй, над якімі быў надпіс «Hospicium Franciscanum», і гэта быў так званы Casa Nuova, дом прытулку для пілігрымаў. У дзвярах нас вітаў словамі «Laudetur Jezus» манах францішканец і павёў нас на другі паверх, дзе прапанаваў кожнаму з нас чыстую келлю. Не выпытваючы, адкуль мы, нас пачаставалі ліманадам, асабліва прыемным пасля спякоты. Пасля мы пайшлі ўніз у сталовую вячэраць, і там нас ветліва вітаў францішканец, паважны, ссівелы прыёр гэтага Casa Nuova. Настала ноч, і кожны вярнуўся ў сваю келлю.

Якая ж то была шчаслівая ноч! Як соладка было маліцца ды біць сябе у грудзі - так блізка ад Гробу Хрыстовага, у доме, цягам вякоў усвенчаным тысячамі пілігрымаў, у манаскай келлі, аздобай якой быў толькі крыж на сцяне, а кляштарная цішыня суцішвала душу, стомленую, змучаную васьмідзесяцігадовай нэндзай працы на абодвух паўшар'ях зямлі.

Капліца Гробу Хрыстовага ў касцёле Гробу Хрыстовага.
28 верасня, нядзеля. Толькі пачынала віднець, аж чую касцельны звон, а праз хвіліну далятае слабы голас ісламу з недалёкага мінарэту. І першая думка: як ушанаваць першае наведванне Гробу Хрыстовага, як падрыхтавацца? Як я асмелюся падысці да гэтага Каўчэгу Жыцця, у які святы Пётр і святы Ян, любімыя вучні Езуса, ледзь асмеліліся заглянуць і адбегліся, а святыя жанчыны ўбачылі анёла?

Я ўжо ведаў, што пры Новым доме быў кляштар тых жа францішканаў, айцоў Святой Зямлі, а ў ім паляк, набожны святар айцец Анаклет. Я пайшоў у кляштар, і першы манах, якога я спаткаў на калідоры, быў той айцец Анаклет. Даверыўся яму, а ён завёў мяне ў касцёл, дзе я спавядаўся і падчас ранішняй Імшы прыняў Найсвяцейшы Сакрамант.

Гэта быў касцёл Збавіцеля, невялікі, у самым кляштары, колішняя капліца манахаў, пры якой ужо айцы францішкане за кошт ахвяраванняў, між іншым і дару аўстрыйскага імператара, выбудавалі ды ўжо заканчваюць вялікі касцёл сучаснага стылю.

Той жа раніцай я вярнуўся ў капліцу айцоў францішканаў на ватыву. Там прысутнічалі хлопцы і дзяўчаты з школак, якія ўтрымліваюць айцы францішкане. А што мяне здзівіла - амаль усе мужчыны былі ў халатах і турбанах, па-турэцку апранутыя, або таксама ў чырвоных фесках, па-грэцку апранутыя, а ўсе жанчыны - у белых абба16, нібы прасцінамі па-турэцку атуленыя. Аднак гэта былі хрысціяне, каталікі, якія карысталіся пратэкцыяй францішканаў, а для шмат каго з іх кляштар з сваіх фондаў прызначае жытло і для некаторых нават харчаванне.

Апоўдні айцец Семяненка звярнуўся да вялебнага айца кусташа ордэна францішканаў ды атрымаў ад яго дазвол скарыстаць з паслугаў брата Lievin de Hamme, аўтара цудоўнай кнігі «Праваднік па святых і гістарычных мясцінах Святой Зямлі» (Лювэн, 1876), вельмі адукаванага і абавязковага манаха, каб наведаць святыя мясціны Ерусаліма і наваколля. То з ім а другой апоўдні пайшлі ў базыліку Гроба Хрыстовага, і з таго часу ён быў з намі - сябра, перакладчык і праваднік. Ветлівы, вясёлы, набожны - брат Lievin славуты сярод тысячаў пілігрымаў ва ўсім хрысціянскім свеце.

Айцец генерал, стомлены ўчарашнім падарожжам, застаўся ў сваёй келлі, а пайшлі мы толькі з айцом Рафалам. Я ішоў за братам Lievin усляпую, засяродзіўшыся ў душы на думцы, што я іду да Святога Гробу. Памятаю толькі, што двойчы павярнулі ўлева ды ішлі доўгаю, цёмнаю вуліцаю і выйшлі на невялікую плошчу, з якой брат увёў нас у касцёл. Праз некалькі крокаў ад уваходу мы затрымаліся каля мармуровай пліты, над якой вісела шмат лампадак з чырвоным святлом. На гэтам камені, - сказаў Lievin, - Юзаф і Нікадэм, зняўшы з крыжа, паклалі цела Хрыста. «І ўзялі тады Цела Хрыста, і абкруцілі Яго прасцінамі з духмянымі рэчывамі, як ёсць такі юдэйскі звычай хаваць (Лк 19, 40). Мы ўкленчылі, памаліліся і пайшлі далей, улева.

Мы ўвайшлі ў прасторную круглую святыню з высокім купалам, з якога падала слабое святло. Не было там алтароў, а толькі тоўстыя пілястры, на якія абапіраўся купал. Пасярэдзіне была невялікая каплічка, а перад ёю - шмат высокіх падсвечнікаў і лампадак. Брат Lievin паказаў на яе ды сказаў, што тут Святы Гроб. Мы ўкленчылі. Праз хвіліну ў каплічку ўвайшоў Lievin, за ім айцец Рафал, а за імі я, таксама не варты такога гонару. Тут, у першым памяшканні, дзе магло б змясціцца не больш за дзесяць чалавек, стаяў пасярэдзіне слуп з локаць вышынёю, і на ім камень, на якім, паводле падання, святым жанчынам з'явіўся анёл ды сказаў: «Не палохайцеся, Езуса Назарэцяніна Укрыжаванага шукаеце, з мёртвых паўстаў, няма Яго тут, вось месца, дзе Яго былі паклалі».

Месца гэтае тут жа, у яшчэ меншым пакойчыку, куды ўваходзяць праз праём, вузкі, нізкі, як ледзь сагнуўшыся да зямлі, прайсці аднаму чалавеку. Гэта праход у пахавальню. Перш туды ўвайшоў на каленях айцец Lievin, за ім айцец Рафал. Калі ж, паўзучы, як дзіця, я трапіў у сярэдзіну, то ўпаў, як нежывы, не маючы сілы ані маліцца, ані думаць; здавалася, нібы душа ў той момант пакінула цела і ўглыбілася ў высечаны ў скале саркафаг. Узняўшыся, я ўбачыў праваруч алтар, і над ім шмат лампадак, што гарэлі чырвоным святлом; а паміж алтаром і сцяной было месца толькі на тры асобы. Укленчыў каля маіх двух таварышаў і маліўся, б'ючы сябе ў грудзі ды паўтараючы шмат разоў малітву, якой сам Збаўца навучыў чалавека.

Алтар у капліцы Гробу Хрыстовага.
Нялёгка было адыходзіць ад гэтага найсвяцейшага ў свеце алтара, але трэба было даць месца яшчэ двум пілігрымам. Перад адыходам я заглянуў пад накрытую абрусам дошку, на якой быў алтар, і асмеліўся дакрануцца да мармуровай пліты, што накрывала магільны праём у скале, бо на ёй, аберагаючы яе ад збэшчвання нявернымі, паставілі гэты алтар. Вось гэты малы пакойчык і ёсць каплічка Гробу, а той першы, дзе, уваходзячы сюды, мы нейкі час, молячыся, затрымаліся, называецца капліцай Анёла.

Тут мы пачулі, што звоняць у суседнім касцёле Найсвяцейшай Панны, які належыць айцам францішканам, а пабудаваны на месцы, дзе Маці Хрыста пасля пахавання праводзіла дні і ночы, куды, каб суцешыць Яе, з'явіўся Ёй Хрыстус. Таму гэтая святыня называецца касцёлам Аб'яўлення Святой Марыі.

Lievin завёў нас у той касцёл, а там мы трапілі на працэсію. Сабраўся ўжо ўвесь ордэн з запаленымі свечкамі, і нам далі свечкі ды кантычкі, каб спяваць і маліцца каля кожнага святога месца, дзе затрымаецца працэсія. Яна пачыналася ў тым касцёле Святой Марыі каля бакавога алтара, у якім знаходзіцца слуп або Калона Бічавання. Праспявалі гімн, антыфону, пацалавалі зямлю, і працэсія, спяваючы, увайшла ў цёмны калідор, заднюю апсіду касцёла, дзе перш затрымалася каля Грота Зняволення Збаўцы. Тут усе ўкленчылі, праспявалі малітву і гэтым жа калідорам, з запаленымі свечкамі пайшлі, спяваючы адпаведны гімн, далей, у другую каплічку, св. Лонгіна, жаўнера, які прабіў дзідай святы бок Збаўцы ды на гэтым месцы аплакваў у скрусе сваё злачынства; а споўнілася Пісанне: «Убачаць, каго прабілі» (Ян 19). Дзіда захоўваецца ў Рыме.

За той капліцай калідор зварочвае ўправа, а працэсія, спяваючы, у тым жа самым парадку рухаецца далей, даходзіць да капліцы Разбору Вопраткі, месца, дзе паводле традыцыі жаўнеры дзялілі адзенне: «Падзялілі мае шаты, а на туніку маю кінулі жэрабя» (Ян 19). Гэтая туніка Хрыстова знаходзіцца ў катэдры горада Трэвісо17, яе падаравала імператрыца Алена18.

Праз два метры ад той капліцы, дзе, як і ў папярэдніх, гарэлі лампадкі, працэсія спускаецца па шырокіх сходах у прасторную квадратную капліцу св. Алены з абапертым на чатырох калонах купалам, праз вокны якога льецца святло. У гэтай высечанай у скале капліцы відаць праваруч алтар св. Алены, а леваруч - разбойніка ў скрусе. І калі ўся працэсія на каленях спявала і малілася, яе арганізатар з некалькімі манахамі спусціліся долу, дзе быў знойдзены крыж, на якім укрыжавалі Хрыста, а цяпер там малая каплічка, высечаная ў правым куце верхняй капліцы св. Алены, на трынаццаць прыступак за яе ніжэйшая, асветленая лампадкамі, што гараць удзень і ноччу.

З гэтай падземнай каплічкі Святога Крыжа і капліцы св. Алены, усё на тым жа калідоры, молячыся і спяваючы адпаведныя гімны, прыпыняемся каля капліцы Каранацыі ды Здзекаў, там, дзе пад алтарнай менсай19 знаходзіцца калона, на якой, паводле падання, жаўнеры каранавалі Хрыста цярновым вянком ды насміхаліся з Яго, як апавядае евангеліст: «І сцягнуўшы Яго, апранулі на Яго пунсовы плашч, і сплёўшы карону з церняў усклалі на галаву і далі чараціну ў правую руку, і кланяючыся перад Ім, кпілі з Яго, кажучы: вітаем, кароль ізраільскі».

То быў апошні прыстанак на гэтым паўкруглым калідоры, і праз некалькі метраў далей даходзім да сходаў, па якіх уся працэсія ідзе ўверх і ўзыходзіць на Галгофу, або Кальварыю, дзе наш Збаўца быў укрыжаваны.

Калі ўзыходзілі на гэтую Найсвяцейшую Гару разам з спеўным хорам бедных сыноў св. Францішка, задрыжала маё сэрца, нібы ад землятрусу, зацьмілася душа - не мог маліцца, толькі біў сябе ў грудзі, просячы Божай міласэрнасці мне, не годнаму ступаць па зямлі, акропленай Крывёю Збаўцы. Бачыў толькі тры алтары, адзін праваруч, перад якім пакорная працэсія ўшаноўвала месца, дзе Хрыстус быў прыбіты да крыжа. Пасля працэсія перайшла ўлева, да другога алтара, што стаіць па-над адтулінай у скале, куды быў устаўлены Крыж нашага Збаўцы, на якім і споўнілася ахвяра, на якім і вымавіў апошняе слова: «Здзеснілася», і схіліўшы галаву, аддаў душу. На заканчэнне маліліся перад трэцім, што пасярод паміж двума згаданымі, - алтаром Маці Балеснай, на месцы, дзе падчас укрыжавання стаялі Найсвяцейшая Панна і святы Ян, а Езус, «бачачы Маці і вучня, якога любіў, сказаў Сваёй Маці: Жанчына, вось сын Твой - і пасля вучню: вось Маці твая». І ад таго часу вучань узяў Яе да сябе» (Ян 19, 27).

Хор спеўных манахаў ужо аддаляўся, сходзіў з Галгофы, а я затрымаўся на момант, пацалаваў месца, дзе было падножжа Крыжа, і пайшоў за працэсіяй. Мы сышлі па сходах уніз, дзе раніцай быў укленчыў каля Каменя Намашчэння, на якім пасля зняцця Хрыста з крыжа былі паклалі Ягонае Найсвяцейшае Цела, і адтуль, пасля адпаведнай малітвы працэсія пайшла проста да святога Гробу, як і Юзаф з Арыматэі ды Нікадэм гэтай дарогай ішлі, несучы Цела Хрыстова, бо як вядома: «На тым месцы, дзе быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новая магіла, у якую яшчэ нікога не пахавалі. Тады там, бо магіла была блізка, паклалі Езуса».

Працэсія ўвайшла ў касцёл Гробу, затрымалася і ўкленчыла перад каплічкай, малілася, спявала, а ўстаўшы, прышла да апошняга прыстанку, да алтара, што знаходзіўся паміж тым круглым касцёлам Магілы (ратондай) і капліцай З'яўлення Панны Марыі, адкуль напачатку і выйшла.

Гэты алтар у імя св. Магдалены знаходзіцца не ў асобнай капліцы, а на праходзе паміж ратондай, капліцай З'яўлення ды тым паўкруглым калідорам, які мы абышлі ад капліцы Вязніцы да Галгофы. Перад тым алтаром з боку Магілы падчас спявання адпаведнага гімну ўся працэсія ўкленчыла на месцы, дзе, паводле падання, Магдалене з'явіўся Хрыстус, «калі, плачучы і боячыся, шукала Яго, а напаткаўшы вучня, якога любіў Хрыстус, усклікнула: «Узялі Пана, а не ведаю, дзе Яго паклалі», і калі пасля ўбачыла Езуса і не ведала, што гэта Езус, сказаў ёй Езус: «Чаго плачаш, каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала яму: «Пане, калі ты Яго вынес, скажы мне, дзе Яго паклаў, а я Яго вазьму».

На тым святым месцы Аб'яўлення Найчысцейшай Любові і закончылася працэсія ды вярнулася ў капліцу айцоў францішканаў, адкуль і выйшла; адспявалі літанію і атрымалі блаславенне. Набажэнства скончылася малітвай за памерлых і разважаннем.

Што да мяне, мог толькі маліцца пад уражаннем, якое засталося ад убачаных столькіх цудоўных мясцінаў пры спевах і малітвах усяго ордэна айцоў Святой Зямлі, яе вартаўнікоў і ўшанавальнікаў. Толькі ўвечары, калі пасля вячэры, на якой былі з намі вялебны прыёр і айцец Анаклета, я вярнуўся ў сваю келлю, меў час для родуму над нязмернаю ласкаю, якою Бог абдарыў мяне ў той дзень, на схіле доўгага жыцця, не зважаючы на мае правіны і свецкае жыццё, якім нягодна кіраваў. Як жа дзякаваць, якой любоўю аддзячыць Збаўцу рода людскога за тое, што мне дазволіў наблізіцца да свайго Гробу, да месца, дзе памёр мучаніцкай смерцю, дазволіў ступаць па зямлі, дзе з'явіўся першы раз пасля ўваскрашэння свайго. Палкімі былі ў тую ноч і роздум мой, і малітвы за бацькоў, за жонку, за ўсё пакаленне родных і сяброў, спавернікаў маёй маладосці, якія перада мною паспяшалі ў вечнасць, не спазнаўшы шчасця, якое сёння спазнаю, і ўрэшце за Касцёл, за няшчасны мой край пакутны, забраны, за пераследаваную ў ім веру, мову і адабраную зямлю, а таксама і за поспехі гасціннай айчыны ў Новым Свеце, дзе праз дабрадзейства Найвышэйшага Тварца знайшоў прыхільнасць людзей, сям'ю ды сорак пяць гадоў актыўнага, заможнага жыцця.

28 верасня. Учарашні дзень будзе самым памятным аж да смерці. Але хоць абышоў з малітвай увесь абшар ерусалімскага касцёла святога Гробу, выйшаў без аніякага ўяўлення пра склад, вонкавую ці ўнутраную будову гэтага касцёла, пра размяшчэнне яго разнастайных капліцаў і калідораў. Таму надумаўся паслухаць таго дня Імшу на Кальварыі, а пасля, не спяшаючыся, агледзець касцёл.

Імшу на Галгофе каля алтара Маці Балеснай служыў айцец Пётр Семяненка, а пасля другую Імшу я слухаў на той жа Кальварыі каля бакавога алтара, дзе, як ужо згадваў, паводле падання Хрыстус быў прыбіты да крыжа. Пасля, упаўшы на калені перад трэцім алтаром, дзе ямка ў скале пазначае месца, куды быў убіты Крыж Збаўцы, сышоў па сходах з Галгофы да касцёльных дзвярэй і, пачынаючы з іх, прысвяціў пару гадзінаў на агляд касцёла, маючы памочнікам айца Lievin. Не маю намеру апісваць сваё падарожжа ані падрабязна апісваць тое, што лепшымі за мяне пісьменнікамі, менавіта Галавінскім ды Манам, было падрабязна і ўмела апісана. Занатую толькі дзеля памяці, што быў тут, якім мне падаўся склад, лад і будова касцёла, а магчыма, дзеля ўяўлення пра гэты будынак абмяжуюся згадваннем найгалоўнейшых ягоных частак, пачынаючы з найістотнейшай, сярэдняй.

Уявіце сабе вялізны гмах, з заходняга боку закруглены паўколам, з усходняга - менш складны, звужаны. Ён акружаны шаснаццаццю шырокімі пілястрамі, на якія абапіраецца высокі купал. Паміж пілястрамі ды сцяной - нічым не заняты праход, адкрыты калідор. Пасярод гэтага будынку стаіць нізкая капліца, што, як згадваў, складаецца з дзвюх маленькіх каплічак. Гэтая прасторная ратонда з капліцай пасярэдзіне і ёсць касцёл святога Гробу. Да яго з усходняга боку прыбудавана амаль такой жа даўжыні, што і дыяметр ратонды, але вузкая грэцкая дызуніцкая святыня, закончаная ад усходу апсідай, паўкруглай сцяной. Вакол гэтай сцяны ідзе цёмны калідор, па якім і рухалася ўчора працэсія, а за гэтай сцяной на ўсход прыбудавана амаль квадратная капліца св. Алены, адкуль сходзяць долу, дзе быў знойдзены Святы Крыж. Тут будынак, які складаецца з ратонды, грэцкай капліцы і капліцы св. Алены, заканчваецца. Пяройдзем да частак, што знаходзяцца паўночней і паўднёвей.

З аднаго боку, з паўднёвага, побач з грэцкай капліцай, аддзеленая ад яе толькі калідорам, узвышаецца на скале вялікая квадратная капліца Кальварыі, раздзеленая калонамі на дзве паловы. Адна, дзе быў убіты Святы Крыж, належыць грэкам; яна аздоблена роспісамі ў візантыйскім стылі ды шматлікімі, паводле грэцкага звычаю, лампадамі. Другая - прасцейшая, належыць каталікам. З іншага боку, паўднёвага, бліжэй святога Гробу, за 20 крокаў ад ратонды, айцы францішкане маюць кляштарныя келлі ды сваю капліцу З'яўлення, адкуль учора выйшла працэсія. Дадаць варта, што паміж Кальварыяй, ратондай і паловай грэцкай капліцы ёсць неарганізаваная прастора, як бы сені перад уваходам у гмах, пасярод якога ляжыць Камень Намашчэння. Тут знаходзяцца адзіныя ўваходныя дзверы - з суседняга пляцу; іншых ні ў ратонду, ні ў згаданыя капліцы ці ў сумежныя памяшканні няма.

Каля тых дзвярэй - з болем у сэрцы кажу - леваруч ад уваходу знаходзіцца прасторнае памяшканне, а ў ім на чырвоным кіліме сядзіць сівабароды, сур'ёзны, з суровым позіркам турак у багатай чалме; каля ягоных ног - кальян, з якога ён пацягвае праз доўгую, гнуткую трубку тытунёвы дым; а поруч у той жа позе сядзяць, не зварухнуцца, адзін або два іншыя ісламісты, паглядаючы зрэдку на таго, хто ўваходзіць. Гэта варта Божага Дому, нібыта тая стража рымскіх жаўнераў, - мытнікі, што бяруць плату з хрысціянаў за кожнае адкрыванне касцёльных дзвярэй; і што горш за ўсё: яны суддзі, пасярэднікі ва ўсіх спрэчках ды сутычках хрысціянаў.

Брат Lievin гэта мне хутка растлумачыў. Гэтымі рознымі часткамі, з якіх складаецца касцёл святога Гробу, валодаюць тры канфесіі, што не могуць паміж сабою зладзіць, гэта значыць, каталікі, грэкі-дызуніты і адлучаныя ад касцёла армяне; ёсць тут і копты20.

Ратонда і капліца Гробу, што знаходзіцца ў ёй, належыць усім аднолькава; з тых дванаццаці высокіх, ад трох да чатырох метраў, падсвечнікаў і свечак, пастаўленых перад капліцай Гробу, чатыры належаць грэкам, чатыры каталікам, чатыры армянам; а той высокі над імі купал ратонды, шматгадовымі нязгодай і занядбаннем папсаваны, толькі нядаўна намаганнямі ды працяглым дыпламатычным змаганнем пецярбургскага і туілерскага двароў адбудаваны. Тут кожны дзень вымушаныя дамаўляцца нашыя айцы францішкане з грэцкім ды армянскім клерам пра гадзіны, калі наступным днём будуць ладзіць набажэнства каля святога Гробу, каб адны адным не перашкаджалі, ды заадно плацяць туркам даніну за гадзіны малітвы і за іх адказныя.

Гэтая найбольшая з капліцаў, што стаіць насупраць Гробу, багата аздобленая візантыйскімі роспісамі, пазалотай і выштукаванай разьбою, належыць грэцкаму патрыярхату. Тут два багатыя троны, пазалочаныя царскія вароты, мноства лампадак азначаюць усходні, грэцкі абрад, а чорны двухгаловы арол, герб імперыі, паказвае, пад чыімі пратэкцыяй і моцай застаецца гэты касцёл.

Пасля наведвання святых мясцінаў Дамейка выправіўся на Мёртвае мора, Ярдан ды 13 кастрычніка вярнуўся у Ерусалім. Праз два дні адплыў з Хайфы. У Жыбуртоўшчыну вярнуўся толькі напрыканцы 1885 года.

Усё жыццё Ігната Дамейкі - бясконцае імкненне да Бога, да Навукі. Дзесяцігадовым хлапчуком, як ужо згадвалася, ён памкнуўся ў далёкую ад роднага дома шчучынскую школу піяраў, туды, дзе былі паяднаныя Бог і Навука, дзе любоў да Бога спалучалася з прагаю пазнаць веліч Богам створанага свету. Там, дзе ўпершыню ў нашым краі зацвіў Юндзілаў батанічны сад, дапытліваму юнаку прышчапілі Боскі атожылак тварэння. І ўсё сваё жыццё Ігнат Дамейка з удзячнасцю ўспамінаў сваіх настаўнікаў-піяраў, прыхільна ставіўся да іншых ордэнаў. Ды ўсё ж несувымернай была ягоная любоў да Бога, шчырая ўдзячнасць Богу за той бясцэнны дар творчага, плённага жыцця…

Спадзяемся, што кароткія ўрыўкі Дамейкавых успамінаў далі магчымасць нашым чытачам даведацца пра ягоную любоў да Бога, уявіць духоўны свет нашага славутага земляка і паслужаць добрым прыкладам усім, хто выходзіць на шырокі гасцінец жыцця. .

Пераклаў з польскай мовы
і падрыхтаваў да друку Здзіслаў Сіцька.


  1. Башыбузукі (тур. шалёныя галовы) – нерэгулярнае турэцкае войска. Гэтая назва ўпершыню з’явілася ў 1853 годзе, падчас турэцка-расійскай вайны.
  2. «Лацінскі прытулак».
  3. char a bancs (фр.) – воз з лаўкамі.
  4. parlatorium (лац.) – памяшканне ў кляштары, прызначанае для размоваў з свецкімі асобамі.
  5. Левіты – ізраільскі род, якому былі даручаныя нагляд за святынямі ды служба ў іх.
  6. «Памятай пра мяне».
  7. Галавінскі Ігнат (1807—1855) – ксёндз, арцыбіскуп, мітрапаліт Магілёўскі, пісьменнік і перакладчык (Пятраркі, Шэкспіра). Вучыўся ў Віленскай духоўнай акадэміі, выкладаў тэалогію ў Кіеўскім універсітэце. З 1842 г. прафесар Пецярбургскай акадэміі. Ягоны твор «Пілігрымка ў Святую Зямлю» (СПб., 1854) некалькі разоў перавыдаваўся.
  8. Abaje, aba (арабскае) – назва вопраткі, кашуля з кароткімі рукавамі.
  9. Treviso (лац. Tarvisium) – горад у Італіі, недалёка ад Венецыі, дзе знаходзяцца шматлікія помнікі раманскай эпохі, прыгожая катэдра св. Мікалая.
  10. святая Алена – маці імператара Канстанціна Вялікага, апякунка хрысціянаў, памерла манашкай у васьмідзесяцігадовым узросце.
  11. mensa (лац.) – каменны стол, у які пакладзеныя рэліквіі святых і пры якім служаць Імшу.
  12. Копты – нашчадкі старажытных егіпцянаў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY