|
|
№
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры
Пераклады
Haereditas
Паэзія
Вандроўкі
Нашы святыні
Пераклады
Галерэя
|
Антычны Mediolanum (сёння Мілан) не пакінуў нам помнікаў дахрысціянскай культуры. У гісторыі Еўропы імя горада засталося назаўжды як знак канчатковага трыумфу новай эпохі. Менавіта тут, у сталіцы Заходняй часткі позняй Рымскай імперыі, імператар Канстанцін прыняў у лютым 313 г. знакаміты Міланскі эдыкт, паводле якога хрысціяне атрымалі «кесаравы» дазвол на вызнаванне сваёй веры. Ужо два гады раней, 30 красавіка 311 г., імператар Усходняй часткі імперыі Галеры незадоўга да сваёй смерці выдаў у Нікамедыі эдыкт аб талерантным стаўленні да хрысціянаў. Хрысціянская Царква ў той час была ўжо магутнай сілай, якая вырвалася з катакомбаў і заваёўвала душы сотняў тысяч людзей. Аднак, нельга недаацэньваць гэтыя фармальныя акты паганскіх уладароў. Згадаем, што ў 303—304 гг. на хрысціянаў абрынулася хваля (апошняя ў шэрагу дзяржаўных ганенняў у рымскім свеце) пераследу паводле загаду імператара Дыяклецыяна. Улады канфіскоўвалі касцёльную маёмасць, зачынялі касцёлы, знішчалі кнігі і літургічныя прадметы. Хрысціянаў прадавалі ў рабства, кідалі ў вязніцы, забівалі – пакутнікамі сталі многія тысячы вернікаў, святары і біскупы. Але імперскі гігант ужо не мог згасіць святло новай ісціны. Супраціў дзяржаўнаму тэрору быў такі салідарны, што паганская сістэма мусіла капітуляваць. Ужо ў 305 г. кампанія антыхрысціянскіх ганенняў правалілася на Захадзе. Дыяклецыян адмовіўся ад трона (менавіта ў Медыялане). Імператарам стаў Канстанцін, які прадоўжыў талерантную палітыку свайго бацькі Канстанцыя Хлора, рымскага намесніка ў Галіі, — у заальпійскай Еўропе, Іспаніі і Брытаніі антыхрысціянскія эдыкты не выконваліся. На Усходзе перыяд ганенняў, які гісторыкі Касцёла называюць Эрай Пакутнікаў, працягваўся да самага 311 г. Хаця Канстанцін да канца жыцця вызнаваў паганскі культ сонца (ён прыняў хрост на смяротным ложы), але, паводле хрысціянскіх летапісцаў, быў уважлівы да Боскіх знакаў. Так, перад вырашальнай бітвай каля брамы Рыма яму з’явілася ў небе манаграма імя Хрыста, і гэта было знакам перамогі. Ужо ў 391 г. імператар Феадосі абвясціў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй.
...З хваляваннем уваходзіш праз браму ў базылікальны комплекс. Разбуральны час не пакінуў нам той, найстаражытнейшы храм. Засталіся крыпта, а таксама капліца Сан-Віторэ ін Ч’эль Д’Оро (ІV ст.) з мазаікамі V ст., апсіды ІХ ст., а рэшта пабудавана ў ХІ—ХІІ стст. І ўсё ж касцёл Сант-Амброджо з’яўляецца шэдэўрам раманскай архітэктуры ў Італіі. Будаўнікі захавалі традыцыйны план раннехрысціянскай базылікі. Перад вачыма адкрываецца велічны атрыум – двор, фланкаваны галерэямі. Архітэктурна-пластычны рытм калон і паўцыркульных арак галерэяў знаходзіць водгук у рытмах галоўнага фасада. Двух’ярусная аркада завяршаецца трохкутным франтонам. Агульную кампазіцыю замыкаюць дзве бакавыя квадратныя ў плане вежы рознай вышыні, якія парушаюць статычную сіметрыю. Якая шчырасць архітэктурнага вобраза, якая простая і геніяльная гармонія! А ў інтэр’еры будаўнікі зрабілі смелы крок наперад: высокія крыжовыя скляпенні з нервюрамі – гэта подых готыкі. Алтар доўгай трохнававай базылікі ззяе золатам. Гэта твор майстра Вальвінія (835 г.). Абрамленне ў форме крыжа ўпрыгожана смальтамі і гемамі. На залатых і сярэбраных плакетках – выявы з жыцця Хрыста і св. Амброджо. У апсідзе зіхаціць вечнай свежасцю колераў мазаіка VI—VIII стст., прысвечаная міланскім святым Гервазію і Пратасію. У цэнтры кампазіцыі ўзвышаецца постаць Збаўцы на троне. Анёлы карануюць святых пакутнікаў. Залаты фон – сімвал жыцця вечнага, нябеснага свету, а ніжні ярус бакавых кампазіцый вяртае нас да зямнога існавання святых. Фігурныя групы арганічна ўключаны ў краявід. Пад высокімі пальмамі – выявы тагачаснай архітэктуры, выкладзеныя мазаічыстам з любоўю да дэталі і арнаменту. Базылікальны комплекс Сант-Амброджо – аазіс цішыні. Не верыцца, што вакол віруе сучасны горад, мітраполія рэгіёна Ламбардыі... Імя рэгіёна пакінулі пасля сябе варвары лангабарды (ад лацінскага і італьянскага словазлучэння – доўгабародыя). Германскае племя з берагоў Эльбы ўварвалася на Апенінскі паўвостраў у 568 г. Лангабарды захапілі Медыялан, а ў блізкім ад яго горадзе Павіі ўладкавалі сваю сталіцу. На працягу шасці гадоў яны трымалі ў аблозе Рым. Будучы Папа Грыгор Вялікі, сучаснік падзей, апісваў варварскую навалу: «Як меч, выцягнуты з похвы, так абрынуліся на нас дзікія орды... Гарады абязлюдзелі, замкі разбураны, касцёлы спалены, дашчэнту зруйнаваны мужчынскія і жаночыя кляштары»1. Праз 200 гадоў франкі разграмілі лангабардскае каралеўства, але гэты перыяд міланскай гісторыі сведчыць пра тое, якім складаным арганізмам ёсць Італія – сплаў такіх розных па паходжанні культур і традыцый, сінтэтычны твор старажытных і маладых этнасаў. Нездарма так позна, ажно ў другой палове ХІХ ст., адраджэнцы-рамантыкі пачалі ўтварэнне адзінай італьянскай нацыі і нацыянальнай дзяржавы. Ламбардская школа архітэктуры і мастацтва сцвердзілася як арыгінальная з’ява яшчэ ў рамках раманскага стылю, але яе зорны час настаў у перыяд готыкі.
Тэафіль Гацье, французскі літаратар ХІХ ст., так перадаў свае ўражанні ад міланскага шэдэўра: «Сабор – адзін з нямногіх гатычных касцёлаў у Італіі, але гэта готыка зусім не падобная на нашу. Гэта – готыка, поўная элегантнасці, грацыі і бляску, як у сне з казачнымі палацамі... Далікатнасць усёй агромністай масы, яе бель прыпадабняюць яе да ледавіка з тысячамі вострых вяршыняў, альбо да гіганцкага злепку сталактытаў. Цяжка паверыць, што гэта створана рукамі людзей»2. Мармуровы дождж – кажуць пра гэты цуд усе, хто адчувае прыгажосць архітэктуры. Галавакружная дынаміка ўсёй архітэктурнай кампазіцыі проста захапляе. Пілястры, пінаклі, статуі анёлаў і святых (скульптур толькі ў экстэр’еры 2245) – кожная дэталь імкнецца ўвышыню, а разам атрымліваецца моц тэктанічнай энергіі, якую нельга вымераць. Спірытуальнае памкненне ў нябёсы дасканала ўвасобілася ў вобразе храма. Камень на вачах губляе сваю прыроду. Цвёрдасць і трываласць адступаюць, перараджаючыся ў лёгкую, зменлівую субстанцыю, роднасную паветру і святлаценю. Сінтэз мастацтваў тут адбываецца не на роўных правах. Скульптура цалкам падпарадкавана архітэктуры – пяць высачэзных наваў інтэр’ера з шэрагамі слупоў, каласальнымі пілястрамі і гатычнымі скляпеннямі завяршаюць магутную фугу сабора.
У ХІІІ—XVI стст. сталіца Міланскага княства жыла пад знакам дзвюх магутных арыстакратычных дынастый – Вісконці і Сфорцаў. Мы, зразумела, неабыякавыя да апошніх. Набліжаючыся да Castello Sforzesco (Замка Сфорцаў), беларус, канешне, успамінае Бону Сфорцу, вялікую княгіню ВКЛ. Аднак Жыгімонт Стары пасылаў па яе сватоў не сюды, а ў горад Бары, што ў паўднёвых валадараннях дынастыі ў Пуліі. Бона стала адным з найважнейшых амбасадараў культуры італьянскага Рэнесансу ў Беларусі. Не выпадкова, бо Сфорцы дзейнічалі ў авангардзе тагачасных мастацкіх тэндэнцый. Міланскі замак, які князь Франчэска Сфорца пачаў будаваць на месцы разбуранага сярэднявечнага ансамбля ў 1450 г., стаўся ў Паўночнай Італіі маніфестам рэнесансавай архітэктуры. Круглыя вежы з лускамі рустоўкі замыкаюць агромністы квадрат муроў з унутранымі сценамі і дварамі. Характэрныя квадратныя ў плане вежы ўздымаюцца ў некалькі ярусаў над брамамі фасадаў. У стрэлістых праёмах вокнаў яшчэ гучыць гатычны матыў... У канцы XV ст. быў пабудаваны ў гатычных формах касцёл Санта Марыя дэлле Грацые. Але ўжо ў 1492 г. знакаміты архітэктар Брамантэ пераўвасобіў святыню ў рэнесансавы твор. Былі дабудаваны апсідальная частка, партал і поліганальны цібурый, які каранаваў лёгкай галерэяй усю архітэктурную кампазіцыю. Касцёл упрыгожыла эфектная дэкарацыя з белага мармура: калоны і часткі сценаў. Утварылася яркая гама чырвонага і белага, узбагачаная пластычнымі ўстаўкамі. Але касцёл, які быў часткай дамініканскага кляштара, увайшоў у гісторыю мастацтва перш за ўсё дзякуючы жывапіснаму шэдэўру: у кляштарным рэфлекторыі Леанарда да Вінчы стварыў сваю знакамітую фрэску «Тайная Вячэра» (1495—1497).
Геніяльны Леанарда, эксперыментатар у навуцы і мастацтве, і ў гэтым творы адмовіўся ад традыцыйнага шляху, адпрацоўваючы новую тэхніку стварэння фрэскі. Аднак мастак памыліўся: фарбавы слой пачаў лупіцца і разбурацца амаль адразу пасля сканчэння працы. І ўсё ж шэдэўр перажыў стагоддзі, ацалеў падчас бамбардзіроўкі ў Другую сусветную вайну, калі прамое пападанне бомбы абрынула сцены рэфлекторыя. Зусім нядаўна скончылася шматгадовая рэстаўрацыя фрэскі, якая вярнула кампазіцыі трываласць фарбавага слою і свежасць каларыту. Сустрэча з геніальным творам уражвае на ўсё жыццё. У музейных прыцемках канцэнтраванае асвятленне адкрывае вялікую фрэскавую карціну. Гэта цуд Божы! Бясконцая прастора поўная паветра і святла, далікатныя фарбы ўтвараюць трапяткую гармонію, вобразы жывыя і драматычныя. Езус толькі што прамовіў сваё прароцтва: «Праўду кажу вам, адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне». Усхваляваная рэакцыя апосталаў перадаецца ў дынамічнай кампазіцыі іх фігур, якая распадаецца на групы па тры постаці. Сілуэт фігуры Збаўцы спакойны і велічны, ён падкрэслены светлым праёмам акна на фоне, дзе бачны далёкі краявід – нябёсы і зямля. Гэта сімвал Богачалавечай прыроды Езуса, які гатовы да ахвяры і прымае волю Айца з ціхаю пакораю. Вакол яго разыгрываюцца бурныя жарсці: здзіўленне, пратэст, разгубленасць. Адхінуўся пазначаны ценем Юда Іскарыёт. Апосталы – магутныя індывідуальныя партрэты, кожны – яркі характар! Мастацтва Адраджэння дасягнула ў творчасці Леанарда сваёй вяршыні... Паводле легенды, адна фларэнційская маці паказала свайму малому Дантэ, які ішоў па вуліцы, сказаўшы: «Гэта той, каторы быў у Раі...» І мне здавалася, што міланскія мінакі разумелі – сіваваты мінчук, што разгублена крочыў па іхнім ходніку, толькі што перажыў спатканне з незямной, Боскай прыгажосцю. А я ў думках шчыра казаў ім: дабраславёны ваш горад!
|
|
|