  |   
 
У Свята Свят  |  
Мяне сёння, у Свята Свят 
Зноў хвалюе адна праблема: 
Як дзве тысячы год назад, 
Ззяе Зорка над Бэтлеемам. 
 
Як дзве тысячы год назад, 
Мы аб долі шчаслівай марым, 
Манны просім, а сыпле град 
Белым шротам нябеснай кары. 
 
Год чарговы няўмольна згас 
У спакусе, скрусе, ваганні... 
О, нябеснага войска Князь, 
Зберажы нас у нашым змаганні! 
 
Белы край акрыяе з ран, 
Крыж на крыж перабінтаваных. 
Арханёле Міхале, устань, 
Зрынь у пекла злога шатана. 
 
Будзе дзень — будзе Страшны суд. 
Нашы душы ўратуй ад згубы. 
Прачынайся, гаротны люд, 
Арханёлавы клічуць трубы.
 |   
 
Сляды  |  
Так доўга па снезе бялюткім ішла 
і не аглядалася, 
Ды раптам, як нехта мяне пацягнуў 
азірнуцца. 
Адчула адразу, чаго падсвядома баялася — 
назад па той сцежцы ніколі мне ўжо 
не вярнуцца. 
 
Сляды... не было іх на пухкім бліскучым 
бязлюддзі, 
Хоць цяжка ступала, глыбока ўціскаючы 
снег, 
Хоць поўна зяхала — высока ўздымаліся 
грудзі, 
Хоць зыбаў ілкаты, даўно мне прабачаны 
грэх. 
 
Класічная з’ява — на белым бязмежжы — 
нікога, 
Адзін невыразна-нацягнуты мой 
відарыс. 
Няўжо гэта знак адляцець мне ў надхмар’е да Бога, 
Няўжо ў стан аблогі загнаў мяне ўласны 
капрыз? 
 
Абрушыцца гневам на гэты абшар 
аглушальны? 
Агоўтацца неяк? Вясёлае штосьці 
згадаць? 
Апошняе розум злавіў у пейзажы 
астральным — 
Сляды... не было іх на пухкім бязлюддзі 
відаць.
 |   
 
Дарога  |  
Мы ўсё часцей мяняем «ах» на «ох», 
жыццё, маўляў, у гэтым вінавата, 
мы рассыпаем словы, як гарох, 
забыўшы, што за кожным з іх — расплата. 
 
А на зямлі зялёная вясна 
змянілася даўно гарачым летам, 
а ў нас з-за нейкай дробязі — вайна, 
і мы не заўважаем з’явы гэтай. 
 
Ну, дзе нам да птушыных галасоў, 
адвыклі ад залівістага смеху, 
і Кніга ўсіх народаў і часоў 
забыта намі, як начное рэха. 
 
Ды некалі, ад злосці і трывог 
стамлёныя, мы ахнем ля парога, 
бо, выбраўшы адну са ста дарог, 
мы вернемся па ёй адной да Бога.
 |   
 
Ключы ад Неба  |  
Людзі згубілі ключы ад Неба, 
Таму на зямлі пануе     
		бездухоўнасць. 
  |  
Я шукала ключы ад Неба, 
(Час не можа з зямлі іх сцерці) 
я шукала — было так трэба — 
і знайшла іх за чвэрць да смерці. 
 
Я шукала ключы ў лясочку, 
А знайшла ў гушчары крыніцу, 
Да якой свенціянскай ночкай 
Сходзяць зоркі вады напіцца. 
 
Я шукала ключы на полі — 
Там да Неба рукой падаці — 
А знайшла векавую долю 
Хлебароба ў пустым зярняці. 
 
Я шукала за дальнім морам, 
На шматлюдных і дзікіх сцежках, 
А знайшла... на сваёй разоры, 
Калі грады пайшла пакешкаць. 
 
Я знайшла іх! Барджэй абцёрла — 
Зазвінелі самотным звонам... 
Гэтак птушкі пяюць на цернях 
Перад хуткай сустрэчай з домам.
 |   
 
Вера мая  |  
Вера мая — нібы нітачка кужалю 
З бабулінага куфэрка, 
Яна не зусім яшчэ сталая, дужая, 
Затое светлая, як люстэрка. 
 
Вера мая — як скарбонка каштоўная, 
Інкруставаная існасцю, 
Маё мінулае з Прышлым знітоўвае, 
Узносячы над рэчаіснасцю. 
 
Вера мая — як расінка празрыстая 
На травах, не зрушаных коскай. 
Вера мая — ты слязінка ўрачыстая 
На ліку святым Маткі Боскай.
 |   
 
Народжанаму сёння  |  
Блаславі нас, народжаны сёння, 
Іменем светлым Езуса, 
Блаславі на святое збавенне 
Ад нягод, ад штодзённых спакусаў. 
 
Ад зайздроснага вока, ад злога 
І распуснага стану душы. 
Мы так доўга грашылі, так доўга, 
Што ці зможам ужо не грашыць? 
 
Мы бяссэнсна запальваем свечкі, 
Уваходзім у Храм без крыжа, 
І бляем, нібы тыя авечкі, 
Раптам згледзеўшы водбліск нажа. 
 
Блаславі цудадзейнай рукою, 
Скінь з душы назапашаны бруд. 
Мір пашлі, дай усім нам спакою 
Ад бяздолля, даўгоў і пакут.
  
7.01.2002 г. 
 |   
 
Шлях выратавання  |  
Куды ні пойдзеш — людзі, людзі, людзі... 
Куды ні глянеш — ногі, рукі, спіны... 
Ды рэдка хто на вас свой позірк кіне, 
А калі кіне — доўга не забудзеш. 
 
Узнімеш вочы — можа там дзе існасць? 
Апусціш долу — стос расчараванняў, 
І ўсё часцей зямная рэчаіснасць 
Заглушвае душы патрабаванні. 
 
Мне б вершыкі складаць, пісаць карціны, 
Пад музыку ўзлятаць на грэбень мары... 
А я стаю гадзіну ля вітрыны — 
Чытаю нормы водпуску тавараў. 
 
А я чытаць хачу людскія душы, 
Самотныя, вясёлыя — любыя, 
Бо ёсць там, ёсць агеньчыкі святыя, 
Іх трэба толькі крышку з месца зрушыць. 
 
Каб шуганула полымя кахання, 
Якому свет не знойдзе аналогій, 
У згодзе жыць з Прыродаю і з Богам — 
Вось наш адзіны шлях выратавання. 
 
20.10.1998 г. 
 |   
 
Неба  |  
Неба ніколі на грудзі не цісне, 
Наадварот — 
Ветразі — мроі надзей апырсне, 
Клікне ў палёт. 
Неба будзённым рэдка бывае, 
Наадварот — 
Воблакі — хмары ветрам збірае 
У карагод. 
Неба, калі ад жыццёвых спакусаў 
Сіл не стае, — 
Вечна стамлёнай душы беларусаў 
Веру дае. 
 
4.10.2001 г. 
 |   
 
* * *  |  
Як слёзка, што ўпала з дзіцячага вока, 
прыгожа-прыгожа, высока-высока, 
пад купалам Храма напружана-чыста 
гучаў дзіўны голас мужчыны-саліста. 
 
І душы, і сэрцы, і розум, і целы 
ад светлай мелодыі гэтай чысцелі, 
і капалі ноткі аб вечнасці штосьці, 
аб тым, што мы ўсе на зямлі толькі госці. 
 
18.10.2000 г. 
 |   
 
* * *  |  
Калі мне хочацца пабыць адной, 
Калі на сэрцы творчая адліга, 
Я адкрываю опус песняў Грыга 
І п’ю іх, п’ю, як глеба дождж вясной, — 
Калі мне хочацца пабыць адной. 
 
Або іду ў натоўп людскі на плошчу, 
дзе вецер думкі, як сцягі палошча, 
дзе ты заўжды ў кагосьці за спіной. 
сярод людзей так лёгка быць адной. 
 
Калі мне хочацца пабыць адной, 
я выключаю радыё і тэле, 
і з малітоўнічкам маленькім на пасцелі 
ляжу і трызню аб сабе самой, 
калі мне хочацца пабыць адной. 
 
Яшчэ бывае думаю пра вечнасць — 
запальваю чамусьці дзевяць свечак 
і трапячу аслабленай струной 
за ачышчальнай вогненнай сцяной, 
калі мне хочацца пабыць адной. 
 
25.04.1998 г. 
 |   
Глядзі таксама: 
Выдавецтва PRO CHRISTO :: Кнігі :: Людміла Кебіч. КЛЮЧЫ АД НЕБА
 
	
  
  | 
  |