Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты

ПРАВАСЛАЎЕ І КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры

ПОШУКІ БОГА
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Вандроўкі

ВЕРЫЛІ РАЗАМ
Нашы святыні
Пераклады

КАРНЕЙ ВАСІЛЬЕЎ
Галерэя

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

НАЙПЕРШ ТРЭБА ГНЯЗДО ЗВІЦЬ

З жыццяпісу чыноўніка Вінцэнта Марцінкевіча (1830–1832 гады)

Што можа быць мацней за каханне? Пры тым у маладыя гады! Нават тады, калі навокал палыхае яраснае паўстанне і вогненныя слупы абпальваюць цяжкія хмары над пракаветнымі сялібамі з калматымі шапкамі буслянак, што адвеку суседзілі з фальварковымі саламянымі стрэхамі ля старыц срэбраводных рачулак і стромкіх азёрных берагоў.

Гэткі выпаў на Беларусі год 1830.

Пачынаўся ён, як традыцыйна распачынаецца кожны год, спадзеўна. Мройны спадзеў справакавала палітыка расейскага царызму на Балканах. Важкім вынікам калідорных намаганняў таемных радцаў («действительных тайных советников») з-пад Нявы, скіраваных на антытурэцкую дзейнасць матухны-Расеi на Балканах і ўзнікненне новых праваслаўных дзяржаў, стала ўтварэнне ў 1829 годзе незалежнай грэцкай рэспублікі. Адна з нешматлiкiх станоўчых акцый iмперыi, якая, каб развалiць канкурэнтак (не забывайма пра магутнасць Асманскай Порты напрыканцы XVIII стагоддзя!), магла ўчынiць штось людскае. Шматгадовая вайна ў Грэцыi, распачатая яшчэ ў 1821 годзе паўстаннем грэкаў супраць турэцкага панавання, падтрыманая шматлiкiмi добраахвотнiкамi з iншых краiн (вельмі магчыма, што былі там змагары і з колішняга Вялікага Княства Літоўскага), асабліва некаторымі еўрапейскiмі дзяржавамі, скончылася абвяшчэннем незалежнасцi Грэцыi.

Таму нядзіва, што ў суседняй каталіцкай Італіі Джузэпе Мадзiнi заснаваў тайнае таварыства «Маладая Еўропа» з вядомаю адвечнаю мэтаю: таксама здабыць свабоду Айчыне.

Еўропа прагнула абнаўлення. Сэрцы патрыётаў з-над Віслы і Нёмана, колішняй Рэчы Паспалітай, што так і не паспела ў ХVІІІ стагоддзі пажыць самастойным жыццём, ва ўнісон затрапяталі ў спадзеўным чаканні.

Тым часам абшар прывіслянскі і прынёманскі вярнуўся ў рэчышча ціхмянага жыцця. Жыў навінамі з хронікі пра культурныя падзеі, што працягвалі часта-густа з'яўляцца на старонках перыёдыкі. Увесну 1830 г. афіцыйны «Вестник Европы» друкуе цiкавы пазнавальны артыкул пра Беларусь нейкага татарына Мухлінскага: «Праздники, забавы, предрассудки и суеверные обряды простого народа в Новогрудском уезде Литовско-Гродненской губернии» (1830. № 14-16). Улетку таго ж самага 1830 года ціхмяны настаўнiк Вiленскай гiмназii Iпалiт Клiмашэўскi падрыхтаваў у «Noworocznik Litewski na rok 1831» урыўкi з будучай слыннай, а пакуль цалкам невядомай «Хронiкi Быхаўца»: «… князь вялікі Казімір быў у нязгодзе з вялікім князем маскоўскім. І прыйшлі маскоўцы з татарамі і заваявалі зямлю Вяземскую. Тою ж зімою князь вялікі Казімір у адказ на гэта паслаў сваіх ваяводаў, князёў ды паноў з войскам ваяваць Маскоўскую зямлю, і паваявалі яны Казельск, Вярэю, Калугу, Мажайск ды багата зла зрабілі маскоўцам. І сабралося пяцьсот маскоўцаў, пагналіся за літвою. І дапамог Бог літве, пабілі яны шмат маскоўцаў, а рэшту рукамі палавілі і прывялі іх у Смаленск, да вялікага князя Казіміра, і была тады пашана вялікая ды слава яму і ўсёй зямлі…»

А ў самую глухую восень, 5 лістапада 1830 года, пасля дня Усіх святых і Дзядоў, Варшава прычакала свята: адкрыцця помніка Мікалаю Каперніку. Так, мірнай каляінай - аднаўляючы гістарычную памяць народа, услаўляючы яе лепшых сыноў у прозе, паэзіі, у бронзе, - здавалася, можна будзе выкіравацца на вольны прастор незалежнага жыцця Бацькаўшчыны.

Але ўжо напрыканцы лістапада, 29-га, у Варшаве палыхнуў закалат. Гарачыя цывільныя галовы, натхняючы вайскоўцаў, гатовых удзень і ўначы бараніць паняволеную Бацькаўшчыну, захапілі каралеўскі Бэльвэдэр. На хуткую руку быў сфармаваны Часовы ўрад. Апошні вырашыў склікаць у Варшаве сойм, на 18 снежня. Генерал Хлапіцкі самаўладна аб'явіў сябе дыктатарам. З ухвалы сейма ў Пецярбург накіравалі Любецкага - на перамовы. Паехаў саноўнік дарма: і коней намучыў, і сам накалаціўся марна: імператар адмовiўся гаварыць «с бунтовщиками».

У адказ, 25 студзеня 1831 года, польскi сейм пад нацiскам народа, пераважна варшавякаў, аб'явiў Мiкалая I скiнутым з польскага трона. У гэты ж дзень адбыўся мiтынг «при чествовании памяти павших декабристов». Прысутны на мітынгу Лялявель упершыню кiнуў у натоўп лозунг, якому будзе наканавана жыць не адно стагоддзе: «За нашу i вашу волю!». Польскiя паўстанцы распаўсюджвалi ўлёткi з гэтым лозунгам сярод расейскага войска. На дапамогу апошнім з прасцягаў Сібіры, з-пад Масквы-ракі і Нявы спехам збіраліся адборныя гусарскія эскадроны; тульскія збройнікі адлівалі паходныя гарматы, якія карцеччу спынялі старамодныя раці сялянскіх касінераў і мужыкоў з каламі. А потым прыйшла крывавая расправа за права вярнуць волю. Асабліва вылузваліся са скуры нованасланыя губернатары.

У ліку новапрыбылых прыблудаў вылучаўся нехта Міхаіл Мураўёў, яшчэ нядаўна блiзкi да дзекабрыстаў. У 1826 годзе яго прызначылі віцэ-губернатарам Віцебскай губерні, а з 1828 г. - магілёўскім цывільным губернатарам. Колішні дэмакрат, прыхільнік роўнасці ўсіх народаў і ўсіх станаў, замольваючы «грахі маладосці» вольналюбівай, у 1830 годзе падаў цару рапарт пра адмену Літоўскага Статута і пра абавязковае ўвядзенне расейскай мовы дзеля кіравання на «новадалучаных абшарах», што і было здзейснена для Беларусі законам ад 1 студзеня 1831 года. Абнадзеены царскай ласкай-увагай як верны янычар, каб лішні раз не быць папікнутым у сваяцтве з «Мураўёвымі-сібіракамі», ён у тым самым 1831 годзе жорстка здушыў зародкі паўстанцкіх атрадаў у Віленскай, Віцебскай і Менскай губернях.

Так, не толькі над Нявою, але і ў краіне над Дняпром, Нёманам, Прыпяццю, Гарынню пачало прыжывацца новаўтворанае слова-тэрмін «сібірак». Для кагосьці ганаровае, але пераважна пагарджальнае, якім ставіўся крыж на кар'еры асабістай і тваіх нашчадкаў, на добразабяспечаным маёмасным становішчы ў грамадстве. Гэтаксама як роўна праз паўтары стагоддзя на абшарах, быццам прыналежных да Еўропы (прынамсі, далёкіх ад азіяцкіх), з'явяцца шматпаняццевыя «афганцы», «чачэнцы». Хай сабе і з іншай нагоды, і з іншым адценнем - казённа-патрыятычным. Падтрыманым з высокіх трыбунаў лозунгамі пра «інтэрнацыянальны абавязак», аплочаны зоркамі «герояў», санаторнымі пуцёўкамі, інваліднымі каляскамі, ільготным паступленнем у вышэйшыя навучальныя ўстановы...

А тады, на пачатку 30-х гадоў ХІХ стагоддзя, згаданы Мураўёў рашуча настойваў на закрыцці адзінай вышэйшай навучальнай установы краю - Віленскага універсітэта. Як «рассадника мятежа», а таксама і дзеля «устранения латинского духовенства от участия в образовании и воспитании юношества». Тады ж Беларусь у чарговы раз зазнала карныя экспедыцыі казацкіх, калмыцка-кабардынскіх загонаў, што дратавалі ўраджайныя палеткі, гвалтавалі мясцовы люд быццам нейкіх абарыгенаў на выспах. У адной толькі Ашмяне, звыклым мястэчку над аднайменнай рачулкай, было выразана блізу сотні местачкоўцаў. «Кроў дзіцячая плыла проста, як чалавечая кроў».

Каго не выразалі - тых высылалі. Спаконвеку прывязаная да сваіх фальваркаў-загонаў, шляхта супраціўлялася як магла. І таму для перасялення ўрад выкарыстоўваў вайсковую сілу. Сталінізм ХІХ стагоддзя адбываўся аднолькава жорстка і бесчалавечна, хіба толькі ў трохі меншых памерах. Як падлічыць гісторык Тадэвуш Корзан (сучаснік Францішка Багушэвіча), з 1832 г. на працягу 17 гадоў у «аддаленыя губерніі» імперыі вывезлі 55 тысяч шляхецкіх радзін. Не менш за 100 000 душ. Жывых душ, не чычыкавых.

А каго нельга было аніяк прыцягнуць пад следства ці пакараць капейчынай - абкласці кантрыбуцыяй - тых проста па закону нядаўнаспечаным «Указам Сената» прымушалі «при каждом в государстве рекрутском наборе призывать к личной воинской повинности однодворцев и граждан Западных губерний». Халастых маладзёнаў - найперш.

А тых прыхільнікаў, хто вызначыўся ў задушэнні Лістападаўскай рэвалюцыі - памазаць іхнім жа польскім салам па іх панскай скуры. З той прычыны, што, згодна з рэскрыптам цара Мікалая І Палкіна, «усе афіцэры, падафіцэры і жаўнеры, якія знаходзіліся ў сутычках з бунтаўнікамі-палякамі, маюць права насіць за выказаную імі вайсковую заслугу ганаровыя польскія адзнакі». Апроч таго, усе капеланы, папы-святары, лекары, наглядчыкi за лазарэтамi мелi права начапіць вайсковыя польскія крыжы і нават … медаль Virtuti Militari! Аплёўваліся не толькi незалежнасць палякаў, але аплёўваліся i iх узнагароды. Тым самым плявалi на святыя iдэалы, за якiя перад тым палякi і літвіны змагалiся. Бо гэтыя адзнакі даваліся толькі змагарам за Айчыну. У ліку першых узнагароджаных, да слова, быў і Тадэвуш Касцюшка…

Вось у такіх варунках у апошнія дні трагічнага 1831 года звівалася новае шляхоцкае гняздо. Жывое на выпаленай зямлі, разрабаванай кантрыбуцыямі. Малады 23-гадовы чыноўнік Вінцэнт Марцінкевіч меўся ўзяць шлюб з яшчэ маладзейшай, амаль дзіцянём, бо 16-гадовай, Юзэфай Бараноўскай. Тым самым, нібы падслухаўшы запавет земляка, наваградскага генія, які, распачынаючы на парыжскім бруку паэму «Пан Тадэвуш», сцвярджаў: «Musi tam byc zycie, gdzie moskal tnie siekiera» («Павінна там бруіць жыццё, дзе маскаль высякае сякерай»).

Вялікая розніца ў гадах ніколі не з'яўлялася перашкодай у шлюбным жыцці. «Хлопец на кані едзя, а дзяўчына родзіцца і яму згодзіцца». А Юзэфцы прыйшоўся Вінцэнт па сэрцы сваёй адвагай, рашучасцю, безагляднасцю ў іхнім сардэчным рамансе. Бо «не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, што на справу гож». Намаўлялі зласліўцы і сваякі блізкія, што Вінцэнт мае горб… Ну і што, што горб?! Ведама ж, хлапчына як крышку пякнейшы ад чорта, то i пекны.

Але дамо нарэшце слова дакументам. Калі не архіўным, дык гісторыка-літаратурным: «Незабавам Марцінкевіч пазнаёміўся з дачкой свайго працадаўцы, каторая не дайшла яшчэ поўных 16 гадоў і з пагляду была яшчэ дзіцяткам, Юзэфай, улюбіўся ў яе і, не атрымаўшы ад Бараноўскага згоды на жаніцьбу, уночы 18 снежня 1831 года ўвёз сваю палюбоўніцу і тайна ад бацькі ажаніўся…» (Рамуальд Зямкевіч. Стары Менск у беларускіх успамінах).

Няўжо вось так - «бяз стуку, бяз груку» - усё і адбылося ў Марцінкевіча і Бараноўшчынкі? Без гучнага вяселля? Без шафераў-дружбантаў? Без каравайніцаў і караваю? Без бацькоўскага бласлаўлення? Ясна, што прыказка «жанiцца, як i памiраць, не спяшайся» прыдумана не маладымі. Разважная мудрасць (ва ўсiм) прыходзiць пасля. Толькi схапiўшы маладзенькую жонку, як жарынку з прысаку, прыходзiць час развагаў: а дзе, пад якою страхою, у якiх сценах трымаць-разводзiць тое сямейнае цяпельца? А трэба было наадварот чынiць: найперш трэба гняздо звiць, а тады птушку лавiць. Ды хіба думаецца пра гэта ў цемры начэй, калі пакрыёма сустракаліся-мілаваліся Вінцэнт і Юзэфка? Да таго ж, Вінцэсь ці не быў ужо «самастойным»? Сірацінаю, без бацькоў?

Аднак, паразважаўшы, мусім прызнаць: верагодна, недзе так яно ўсё і здарылася. Адно што выклікае сумненне - дакладны дзень шлюбу. Бо не мог жа каталік у пост браць шлюб? Ды i ксёндз не даў бы. Хiба дата гэтая па праваслаўным календары? Значыць, плюсуючы славутых 12 дзён (розніца для ХІХ стагоддзя), маем акурат 30 снежня 1831 года. Магчыма, нейкі лябус1 злітаваўся над маларослым гарбунком з капной ільняных валасоў, пад якімі анёльскай чысцінёй гарэў блакіт жыццялюбівых вачэй, і ў навагоднюю ноч даў таемны шлюб. Быццам прачытаў у тых незажураных вачах старадаўні шляхецкі кодэкс: жонку бяру не на год, а на век.

І наказаў ім усё дзяліць супольна, гора і радасць, да апошняй расстайнай хвіліны.

Адно што мне цяпер ведама пэўна, роўна праз тыдзень пасля Новага, 1832 году, на свята Трох Каралёў, мусілі наваспечаныя жаніх і нявеста з'явіцца ў фальварак Вязынь Менскай губерні, каб улезці ў пазыкі.

Не, не праз беднасць Бараноўшчынкі дакараў сябе Вінцэнт. На голы кол не паляціць i сакол. Бараноўскія грошы мелі. Але толькі не для непаслухмянай дачкі. А за гонар і непаслухмянасць мусіш расплочвацца. Таму і змушаная была Юзэфка падацца да дзядзькі свайго (цётчынага мужа), Юрыя Гацыскага. «Узяла і пазычыла я 30 рублёў срэбрам у спадара Юрыя Гацыскага, якому абяцаю вярнуць пазыку… Сведкам чаго і муж мой, Вінцэнт Марцінкевіч, тут таксама падпішацца…»

Тыдзень ад шлюбу Марцінкевіч распачаў трыццаццю пазычанымі срэбранiкамi, каб праз паўстагоддзе скончыць свой зямны шлях у слыннай Люцінцы, пакінуўшы дзецям сплочваць не адну сотню рублёвых пазыкаў...


  1. Слоўца такое прыбiлася на Літву ў другой палове XVIII стагоддзя: labus - ксёндз новай моды; з фр. l'abbe; з грэцкага abbas - абат.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY