Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты

ПРАВАСЛАЎЕ І КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры

ПОШУКІ БОГА
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Вандроўкі

ВЕРЫЛІ РАЗАМ
Нашы святыні
Пераклады

КАРНЕЙ ВАСІЛЬЕЎ
Галерэя

Дошка выратаваньня
Jezus Chrystus jest jedyną deską
ratunku dla dzisiejszego świata.   
Ян Павел II
Хай празарлівая воля нябёс
Душам пашле дараваньне.
Ў гневе ўрагану
Ўваскрэслы Хрыстос –
Дошка выратаваньня.

Госпад дазволіў на дошцы плысьці,
Маючы ветразем веру.
Дно не дастаць у прадонным жыцьці
Ломкім шастом намеру.

Сьцежкаю думкі, дарогай хады,
Ветрам дыханьня жывога
Вечныя нашы й зямныя гады
Рушаць да Пана Бога.

Крыжам аслонены сьвеціцца лёс
Радасьцю райскага раньня.
Ў моры адчаю
Сьветлы Хрыстос –
Дошка выратаваньня.

Сьпеў
З польскае
Сьвяцейшая Панна з вушацкай іконы,
Усіх ахінае Твой клопат бяссонны.
Дай моцы нам, Матка, дай, Матка, параду,
Як маем змагчы і падступнасьць, і здраду.
Май ласку Сваёй не пазбавіць апекі,
Заступніцай будзь нам цяпер і навекі.
Ня дай нашым душам убогім загінуць,
Дазволь на зямлі гэтай цені пакінуць.
З малечых гадоў Ты нас грэшных трывала,
І з д’ябальскай пашчы няраз вырывала.
У смутках Цябе мы гукаем, Сьвятую.
Твая мілата бачыць нас і ратуе.
Як дзячыць Табе, мы ня ведаем самі,
І нашчацца нашыя вочы слязамі.
Марыя! Ў Вушачы, дзе Ты цудатворыш,
Ты дорыш сьвятло, цішынёю гаворыш.
Грахі нашы, як незагойная рана.
Маліся за нас, будзь нам Маткаю, Панна!

Касьцёл
Тут сон свой мроіць стомлены анёл,
Сьвітае зрок нястомнае пашаны.
Апора духу, дом Сьвяцейшай Панны –
Нябёсамі асвечаны касьцёл.
Каля яго бажэе ўсё наўкол.
І рабаваны быў, і зруйнаваны.
Ды руньню веры цень укрыжаваны
Скароміў душ зьнявераных падзол.

Ідуць сьмялей і нашае маленьне,
І сьвечкі ў пілігрымку да сьвятла.
І ластаўкамі зоры пад скляпеньне
Лятуць – і адступаецца дакука.
Касьцёл, каб сьвет ня засціла імгла,
Да Бога цягнецца праменнарука.

Наканаваньне
І рукі ўмыў Пілат,
Калі ня змог
Адмыць віну
За свой прысуд крывавы.
Відаць, на тое клапаціўся Бог,
Каб не зьвяліся на зямлі варавы.

Каб выбіраць
Людзкой галдзе было б
Спаміж жыцьцягубцам і Месыяй.
Каб небасьхіл хмурыніў жалем лоб,
Каб дараваньня ўсе вякі прасілі.

І лямант «укрыжуй!» укажанеў.
Нябёсы нылі зорнымі цьвікамі.
Спалохаўся сябе самога гнеў.
І цені ад зьняверцаў уцякалі.

І пугі, як маланкі, абвілі
Хрыстова цела
І шчырэлі люта.
І свой халодны позірк адвялі
І марная гардыня, і пакута.

Вятох падумаў:
Хоць я і вішу,
Ды зьменіць маладзік маё цярпеньне.
А не адмые ад крыві душу
Ніводнае зямное пакаленьне.

Выратаваньне
Старалася чутка ўперадзе бегчы.
Гром зьдзіўлены заікаўся на ўзгрыме.
Абнізіўся долу Сын Чалавечы,
Каб есьці ды піці віно з усімі.

Адзін фарысей папрасіў зь ім пад’есці.
Ісус і ўвайшоў у дом фарысея.
І ўзьлёг Ён,
А чутка бегала дзесьці,
І вочы віны пакаянна раселі.

І ў дом фарысея грэшніцу чутка
Паслала з паўнюткай судзінай міра.
І, стаўшы ў нагах Ісуса ціхутка,
Як хмарка слязьмі пралілася шчыра.

Малілі вочы.
Маўчалі словы.
Бязгрэшныя думкі сьвятло выкрасалі.
Слязьмі яна мыла ногі Хрыстовы,
Выцірала ціхімі валасамі.

А мірам мaсьціла, а цалавала
Яму ступакі ды крыўды глытала.
Глядзеў фарысей, але не ўтрывала
Зьдзіўленьне ягонае й запытала:

«Ці ведаеш, хто да Цябе дакрануцца
Спасьмеў»
А Збаўца спытаў: «Сымоне,
Ты даў хоць вады мне,
Спамог разуцца?
Ці я ў гасьцях у цябе,
Ці ў палоне?..

Яна не пашкадавала нічога,
Грахі свае на ланцугу трымала.
Хто многа любіў, даруецца многа,
Хто мала любіў, даруецца мала.

Яе ўратавала ейная вера», —
Сказаў Ісус.
І ў сэрцы зь Ісусам
Пайшла.
І сталася ў сьвеце няшэра.
І неба рунела зорным абрусам.

Зрачэнец
Сьвет змаладзелы не хацеў старэць.
Губляў з ахапка вецер сьцюжу шчодра.
Хацеў застацца неспазнанцам Пётра.
Цяпельца тлелася сябе сагрэць.

Агонь усхліпваў, ціха стыгнуў дол.
На Пётру паслугачка й паказала:
«Зь Ісусам гэны быў, яго пазнала».
«Ня я!» – і азірнуўся навакол.

«Зь Ім быў», — сказаў нявольнік сьвятара,
Якому Пётраў меч адськепіў вуха.
«Зь Ім быў ня я!» –
Пярэчыў Пётра глуха
І з двору выйшаў,
Як з свайго нутра.

«А ці ня ты ж у садзе зь Ім сядзеў?» –
Другі нявольнік запытаў сувора.
«Ня я!» – ўпіраўся Пётра.
Гэта ўчора
Хацела заўтрашні злагодзіць гнеў.

І запяяў зьнянацку певень тут.
І Пётру ўчуліся Хрыстовы словы:
«Мяне зрачэшся тройчы» й безназовы
Пайшоў зрачэнец сьцежкаю пакут.

Каб новы дзень будзіць
І весьціць скон,
Сьвітальны голас пеўню быў пасланы.
Яшчэ Спадар нябесны ў знак пашаны
Даў права ў хлеве мець высокі трон.

А Юда зьнік,
Каб дух яго ня ўзьнік,
Куды і певень голас не даносіць.
Бог чуе тых,
Хто дараваньня просіць.
І Пётра ўжо вякам губляе лік.

Язэп
Язэп быў сынам старасьці ягонае
І Якаў кволіў меншуна шчасьліва.
Хітон пуляты справіў,
Каб будзённае
Не захлынала шэрасьцю памкліва.

Братам Язэп з наіўнасцю малечаю
Сон распавёў:
«І мы снапы вязалі.
І ўстаў мой сноп,
І вашы моўчкі ўкленчылі
Майму...»
І ўжо браты ня мелі жалю.

І ўзьненавідзілі зь лютосьцю шчыраю
Язэпа сьненьніка,
І замаўчалі.
І ў подумках глыбока яму вырылі,
І чвартавалі сьцятымі вачамі.

...Язэп з братамі
Пасьвіў статак збродлівы.
І кінулі браты Язэпа ў яму.
Прэч падаліся цені безбародыя.
І ява за сябе прымала ўяву.

І селі есьці хлеб.
Ды тут пабачылі,
Што караван спыніўся зь Геліаду.
А верблюды вязуць гасьцінцы смачныя.
І тут прадаць надумаў Юда здраду.

Далі купцы за брата дваццаць срэбнікаў
І да Эгіпту павялі Язэпа.
І дакараў Рувін братоў-бяскрэўнікаў.
Ад сораму, здалося, неба сьлепла.

Братапрадаўцы казьляня зарэзалі
І ў кроў хітон Язэпаў занурылі.
Палілі сьлёзы
Бацьку шчокі чэзлыя.
І вера прымярала смутку крыльле.

Ня думалі,
Што брат адзьдзячыць ласкаю
За гнеў,
Калі Язэпа прадавалі.
Цьвіце на лузе лёсу згода краскаю.
Хапае клопату нябеснай жалі.

Ад першадзён
Пярэчыць зайздрасьць злагадзе.
Вякі глядзяць вачыма недачэпаў,
Ці воблака зьмяркаецца на захадзе,
Ці крывянеецца хітон Язэпаў?..


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY