|
|
№
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры
Пераклады
Haereditas
Паэзія
Вандроўкі
Нашы святыні
Пераклады
Галерэя
|
I
Карнею Васільеву было пяцьдзесят чатыры гады, калі ён апошні раз прыязджаў у вёску. У густых кучаравых валасах у яго не было яшчэ ніводнага сівага воласа, і толькі ў чорнай барадзе каля скулаў праступала сівізна. Твар у яго быў гладкі, румяны, карак шырокі і моцны, і ўсё дужае цела абклалася тлушчам ад уежнага гарадскога жыцця.
Ён дваццаць гадоў таму адбыў вайсковую службу і вярнуўся са службы з грашыма. Спачатку ён адкрыў краму, потым краму пакінуў і пачаў гандляваць жывёлай. Ездзіў у Чаркасы па «тавар» (жывёлу) і прыганяў у Маскву.
У сяле Гаі, у яго накрытай бляхай камяніцы, жылі старая маці, жонка з дваіма дзецьмі (дзяўчынка і хлопчык), яшчэ сірата пляменнік, 15-гадовы падлетак-нямко, і парабак. Карней быў двойчы жанаты. Першая жонка яго была слабая, хворая жанчына і памерла бяздзетнай, і ён ужо немаладым удаўцом ажаніўся другі раз са здаровай, прыгожай дзяўчынай, дачкой беднай удавы з суседняй вёскі. Дзеці былі ад другой жонкі.
Карней так выгадна прадаў апошні «тавар» у Маскве, што ў яго сабралася каля трох тысяч грошай. Даведаўшыся ад земляка, што недалёка ад яго сяла ўшчэнт збяднелы памешчык выгадна прадае добры кавалак лесу, ён захацеў заняцца яшчэ і лесам. Ён ведаў гэтую справу і яшчэ да вайсковай службы жыў памочнікам прыказчыка ў купца ў лесе.
На чыгуначнай станцыі, з якое паваротка ў Гаі, Карней сустрэў земляка, гаеўскага аднавокага Кузьму. Кузьма да кожнага цягніка выязджаў з Гаяў па седакоў на сваёй парцы благенькіх калматых каняжынаў. Кузьма быў бедны і таму не любіў усіх багатых, асабліва ж багацея Васільева, якога ён называў Карнюшкам.
Карней у паўкажушку і крытым сукном кажусе, з чамаданчыкам у руцэ выйшаў на станцыйны ганак і, выпучыўшы жывот, спыніўся, аддзімаючыся і азіраючыся. Была раніца. Надвор'е ціхае, пахмурнае, з лёгкім марозікам.
- Што ж ты не знайшоў седакоў, дзядзька Кузьма? - сказаў ён. - Паедзем, можа?
- А што, давай рублёўку. Завязу.
- Ну, і сем грыўняў хопіць.
- Трыбух наеў, а трыццаць капеек з беднага чалавека хочаш садраць.
- Ну, добра, давай ужо, калі так, - сказаў Карней. І, паклаўшы ў маленькія санкі чамадан і клунак, ён шырока рассеўся на заднім месцы.
Кузьма застаўся на козлах.
- Добра. Паехалі.
Выехалі з ухабаў каля станцыі на добрую дарожку.
- Ну, а што там у вас, не ў нас, а ў вас у вёсцы? - спытаў Карней.
- Ды мала чаго добрага.
- Што ж так? Мая старая жыве?
- Жыве, чаму ж. Надоечы ў царкве была. Старая твая жыве. Жыве і твая маладая гаспадыня. Чаму ёй не жыць. Парабка новага наняла.
І Кузьма засмяяўся неяк дзіўна, як здалося Карнею.
- Якога парабка? А што ж Пётра?
- Пётра захварэў. Узяла Еўсцігнея Белага з Каменкі, - сказаў Кузьма, - са сваёй вёскі, значыцца.
- Вунь як? - сказаў Карней.
Яшчэ калі Карней сватаўся да Марфы, у вёсцы бабы штосьці пагаворвалі пра Еўсцігнея.
- Так яно, Карней Васільіч, - сказаў Кузьма. - Надта ж цяпер бабы волю пачулі.
- Што й казаць! - згадзіўся Карней. - А твой стары ссівеў, - дадаў ён, каб спыніць гаворку.
- Я і сам не маладзён. Па гаспадары, - прамовіў Кузьма ў адказ на Карнеевы словы, пасцёбваючы калматага, крываногага канюка.
У палове дарогі быў пастаялы двор. Карней загадаў спыніцца і ўвайшоў у дом. Кузьма павярнуў каня да пустога карыта і папраўляў шляю, не гледзячы на Карнея і чакаючы, ці ён яго пакліча.
- Заходзь, можа, дзядзька Кузьма, - сказаў Карней, выходзячы на ганак. - Чарку возьмеш.
- Ну што ж, - адказаў Кузьма, робячы выгляд, што не пяшаецца.
Карней заказаў бутэльку гарэлкі і пачаставаў Кузьму. Кузьма, галодны з ранку, адразу ж ахмялеў. І як толькі ахмялеў, пачаў шэптам, згінаючыся да Карнея, расказваць яму, што гаварылі ў вёсцы. А гаварылі, што Марфа, ягоная жонка, наняла парабкам свайго ранейшага палюбоўніка і жыве з ім.
- Мне дык што. Мне цябе шкада, - гаварыў п'яны Кузьма. - Толькі ж нядобра, людзі смяюцца. Так вось яно, браце, Карней Васільіч.
Карней моўчкі слухаў тое, што гаварыў Кузьма, і густыя бровы ўсё ніжэй ды ніжэй апускаліся над бліскучымі, чорнымі, як вугаль, вачыма.
- Ну што ж, паіць будзеш? - сказаў ён толькі, калі бутэлька была выпітая, - а як не, то й паехалі.
Ён заплаціў гаспадару і выйшаў на вуліцу.
Дахаты яны прыехалі на змярканні. Першы сустрэў яго той самы Еўсцігней Белы, пра якога ён не мог не думаць усю дарогу. Карней павітаўся з ім. Убачыўшы хударлявы, белабрысы твар Еўсцігнея, які замітусіўся, Карней толькі з недаўменнем паківаў галавою. «Налгаў, стары саба-
ка, - падумаў ён пра Кузьму. - Але хто іх ведае. Ды ўжо ж я даведаюся».
Кузьма стаяў каля каня і падміргваў сваім адным вокам на Еўсцігнея.
- Значыцца, у нас жывеш? - спытаўся Карней.
- Што ж, трэба ж дзе-небудзь працаваць, - адказаў Еўсцігней.
- У святліцы напалена?
- А як жа? Мацвееўна тамака, - адказаў Еўсцігней.
Карней узышоў на ганак. Марфа, пачуўшы галасы, выйшла з сяней і, убачыўшы мужа, зачырванелася і паспешліва ды асабліва ласкава паздароўкалася з ім.
- А мы з матуляй ужо і чакаць перасталі, - сказала яна і следам за Карнеем увайшла ў святліцу.
- Ну што ж, як вы тут без мяне?
- Жывём сабе па-ранейшаму, - сказала яна і, падхапіўшы на рукі двухгадовую дачку, якая цягнула яе за спадніцу і прасіла малака, рашучай хадой сіганула ў сені.
Карнеева маці, з такімі самымі чорнымі вачыма, як у Карнея, сяк-так цягнучы ногі ў валёнках, увайшла ў святліцу.
- Дзякуй, што наведаўся, - сказала яна, ківаючы дрыготкаю галавою.
Карней расказаў старой, па якой патрэбе заехаў, і, успомніўшы пра Кузьму, пайшоў вынесці яму грошы. Як толькі ён адчыніў дзверы ў сені, адразу ж убачыў перад сабой каля надворных дзвярэй Марфу і Еўсцігнея. Яны стаялі блізка адно ад аднаго, і яна гаварыла штосьці. Убачыўшы Карнея, Еўсцігней шмыгануў на двор, а Марфа падышла да самавара, папраўляючы над ім гудлівую трубу.
Карней моўчкі прайшоў каля яе сагнутай спіны і, узяўшы клунак, паклікаў Кузьму ў большую хату, піць чай. Перад чаем Карней раздаў хатнім маскоўскія падарункі: матцы цёплую хустку, Федзьку кніжку з цацкамі, нямку-пляменніку камзэлю і жонцы паркалю на сукенку.
Пакуль пілі чай, Карней сядзеў надзьмуўшыся і маўчаў. Толькі зрэдку неахвотна ўсміхаўся, гледзячы на нямка, які забаўляў усіх сваёй радасцю. Ён не мог нацешыцца камзэляй. Ён то згортваў, то разгортваў яе, надзяваў яе і цалаваў сваю руку, гледзячы на Карнея, і ўсміхаўся.
Пасля чаю і вячэры Карней адразу ж пайшоў у святліцу, дзе спаў з Марфай і маленькай дачкой. Марфа засталася ў большай хаце, прыбіраць посуд. Карней сядзеў адзін каля стала, падпёршыся локцем, і чакаў. Злосць на жонку ўсё больш ды больш таўклася ў ім. Ён дастаў са сцяны лічыльнікі, выняў з кішэні запісную кніжыцу і, каб развеяць думкі, пачаў лічыць. Ён лічыў, зіркаў на дзверы і прыслухоўваўся да галасоў у вялікай хаце.
Разоў некалькі ён чуў, як адчыняліся дзверы ў хату і хтосьці выходзіў у сені, але гэта была не яна. Нарэшце пачулася яе хада, тузануліся дзверы, адліплі, і яна, румяная, прыгожая, у чырвонай хустцы, увайшла з малою на руках.
- З дарогі, пэўна ж, замарыўся, - сказала яна, усміхаючыся, як быццам не заўважаючы яго панурага выгляду.
Карней зірнуў на яе і стаў лічыць далей, хоць і не было чаго лічыць.
- Не рана ўжо, - сказала яна і, спусціўшы з рук дзяўчынку, пайшла за перагародку.
Ён чуў, як яна слалася і клала спаць дачку.
«Людзі смяюцца, - успомніў ён Кузьмовыя словы. - Пачакай жа ты…» - падумаў ён, цяжка дыхаючы, і павольна ўстаў, паклаў агрызак алоўка ў кішэньку камзэлі, павесіў лічыльнікі на цвіку, зняў пінжак і падышоў да дзвярэй перагародкі. Яна стаяла тварам да іконаў і малілася. Ён спыніўся, чакаючы. Яна доўга хрысцілася, кланялася і шэптам гаварыла пацеры. Яму здавалася, што яна даўно перабрала ўсе малітвы і знарок па некалькі разоў паўтарае іх. Ды вось яна пакланілася да зямлі, выпрасталася, сама сабе прашаптала нейкія малітоўныя словы і павярнулася тварам да яго.
- Агашка, глядзі ты, ужо спіць, - сказала яна, паказваючы на дзяўчынку, і, усміхаючыся, села на ложку, што рыпнуў пад ёю.
- Еўсцігней даўно тут? - сказаў Карней, уваходзячы ў дзверы.
Яна спакойным рухам перакінула адну тоўстую касу цераз плячо на грудзі і пачала быстрымі пальцамі расплятаць яе. Яна напрасткі глядзела на яго, і вочы яе смяяліся.
- Еўсцігней? А хто яго ведае, тыдні ўжо два ці тры.
- Ты жывеш з ім? - вымавіў Карней.
Яна выпусціла з рук касу, але адразу ж злавіла зноў свае жорсткія валасы і зноў стала заплятаць.
- Чаго ні прыдумаюць. Жыву з Еўсцігнеем? - сказала яна, асабліва зычна вымаўляючы слова Еўсцігней. - Трэба ж прыдумаць! Хто табе сказаў?
- Гавары: праўда ці не? - сказаў Карней і заціснуў у кулакі магутныя рукі ў кішэнях.
- Годзе плесці абы-што. Боты зняць?
- Я ў цябе пытаюся? - паўтарыў ён.
- Во шчасце якое. На Еўсцігнея пагналася, - сказала яна. - І хто ж гэта так табе наілгаў?
- Пра што ты з ім у сенях гаварыла?
- Пра што гаварыла. Гаварыла, што трэба абруч на бочку нагнаць. Ды што ты прыстаў да мяне?
- Я табе загадваю: гавары праўду. Заб'ю, сцерва паганая.
Ён схапіў яе за касу.
Яна вытузнула ў яго з рукі касу, твар яе скрывіўся ад болю.
- Адно толькі ў цябе, каб біцца. Што я добрага бачыла ад цябе? Ад такога жыцця немаведама што зробіш.
- Што зробіш? - вымавіў ён, наступаючы на яе.
- За што паўкасы вырваў? Во, так пасмамі і лезуць. Чаго ты прычапіўся. І праўда, што…
Яна не дагаварыла. Ён схапіў яе за руку, сарваў з ложка і пачаў біць па галаве, па баках, па грудзях. Чым больш біў, тым злосць мацней у ім разгаралася. Яна крычала, абаранялася, хацела ўцячы, але ён не пускаў яе. Дзяўчынка прачнулася і кінулася да маці.
- Мамка, - раўла яна.
Карней схапіў дзяўчынку за руку, адарваў ад маці і, нібы кацяня, шпурнуў у куток. Дзяўчынка віскнула, і некалькі хвілінак яе не было чуваць.
- Разбойнік! Малое забіў, - крычала Марфа і хацела падняцца да дачкі.
Але ён зноў схапіў яе і так выцяў у грудзі, што яна ўпала наўзнак і таксама перастала крычаць. Толькі дзяўчынка крычала адчайна, без перадыху.
Старая без хусткі, з разбэрсанымі сівымі валасамі, з дрыготкай галавой, хістаючыся, увайшла ў бакоўку і, не гледзячы ні на Карнея, ні на Марфу, падышла да ўнучкі, што залівалася горкімі слязьмі, і падняла яе.
Карней стаяў, цяжка дыхаючы і азіраючыся, нібы спрасонку, не разумеючы, дзе ён і што тут з ім.
Марфа ўзняла галаву і, стогнучы, выцірала скрываўлены твар кашуляй.
- Кацюга агорклы! - прамовіла яна. - І жыву з Еўсцігнеем, і жыла. На, забівай да смерці. І Агашка не твая дачка, з ім прыжыла, - быстра вымавіла яна і затуліла твар, чакаючы ўдару.
Але Карней як быццам нічога не разумеў і толькі соп ды азіраўся.
- Ты глянь, што дзяўчынцы зрабіў: руку выбіў, - сказала старая, паказваючы яму вывернутую, абвіслую ручку малое, што без перастанку залівалася крыкам. Карней павярнуўся і моўчкі выйшаў у сені і на ганак.
На дварэ было яшчэ ўсё марозна ды хмарна. Сняжынкі шэрані ападалі на яго гарачыя шчокі і лоб. Ён сеў на сходкі і еў жменямі снег, збіраючы яго з парэнчаў. З-за дзвярэй чуваць было, як стагнала Марфа і горка плакала дзяўчынка; пасля адчыніліся дзверы ў сені, і ён чуў, як маці з малою выйшла са святліцы і прайшла праз сені ў вялікую хату. Ён устаў і ўвайшоў у святліцу. Прыкручаная лямпа ледзь-ледзь гарэла на стале. З-за перагародкі чуліся Марфіны стогны, якія ўзмацніліся, як толькі ён увайшоў. Ён моўчкі апрануўся, дастаў з-пад лавы чамадан, паклаў у яго свае рэчы і звязаў вяроўкай.
- За што забіў мяне? За што? Што я табе зрабіла? - загаварыла Марфа жаласлівым голасам. Карней не адказваў, падняў чамадан і панёс да дзвярэй. - Катаржнік. Разбойнік! Пачакай жа ты. Хіба ж на цябе суда няма? - зусім ужо іншым голасам злосна прамовіла яна.
Карней, не адказваючы, штурхануў дзверы нагой і так моцна стукнуў імі, зачыняючы, што задрыжалі сцены.
Увайшоўшы ў вялікую хату, Карней пабудзіў нямка і загадаў яму запрагаць кабылу. Нямко, не адразу прачнуўшыся, здзіўлена-запытальна пазіраў на дзядзьку і аберуч чухаў галаву. Зразумеўшы, нарэшце, што ад яго хочуць, ён усхапіўся, абуў валёнкі, апрануў ірваны паўкажушок, узяў ліхтар і выйшаў на двор.
Ужо зусім развіднела, калі Карней выехаў з нямком у невялічкіх санях-вазку за вароты і паехаў назад па той самай дарозе, па якой пад вечар прыехаў з Кузьмою.
Ён прыехаў на станцыю за пяць хвілін да адыходу цягніка. Нямко бачыў, як ён браў білет, як узяў чамадан і як сеў у вагон, кіўнуўшы яму галавой, і як вагон сышоў з вачэй.
У Марфы, апроч пабояў на твары, былі зламаныя дзве рабрыны і разбітая галава. Аднак дужая, маладая жанчына акрыяла праз паўгода, не засталося ніякіх слядоў катавання. А дзяўчынка на ўсё жыццё засталася напалову калекаю. У яе былі пераламаныя дзве косткі рукі, і рука засталася крывою.
А пра Карнея з той пары, як ён паехаў, ніхто нічога не ведаў. Не ведалі, ці ён жывы, ці памёр.
II
Прайшло семнаццаць гадоў. Была глухая восень. Сонца хадзіла нізка, і ў чатыры гадзіны вечара ўжо змяркалася. Андрэеўскі статак вяртаўся ў вёску. Пастух, адслужыўшы тэрмін, да запускаў пайшоў, і жывёлу пасвілі радоўкай бабы і дзеці.
Статак толькі што выйшаў з аўсянішча на гразкі, папярэшчаны раздвоенна-капытнымі слядамі, чарназёмны, развораны каляінамі, шырокі грунтавы гасцінец і з няспынным муканнем ды бляянннем набліжаўся да вёскі. Гасцінцам перад статкам ішоў у пацямнелым ад дажджу, палапленым каптане, пад вялікай шапкай, са скураным мяшком за ссутуленай спінай стары з сівай барадою і кучаравымі сівымі валасамі; толькі густыя бровы былі ў яго чорныя. Ён ішоў, цяжка пераступаючы па гразі мокрымі, зношанымі гаматнымі хахлацкімі ботамі і цераз крок раўнамерна падпіраючыся дубовай кульбай. Калі статак дагнаў яго, ён, успёршыся на кульбу, спыніўся. Маладзіца, што гнала статак, з галавой накрыўшыся дзяружкай, у падаткнутай спадніцы і мужчынскіх ботах, перабягала быстрымі нагамі то на адзін, то на другі бок дарогі, падганяючы авечак і свіней, якія адставалі. Параўняўшыся са старым, яна спынілася, аглядаючы яго.
- Здароў, дзядуля, - сказала яна зычным, пяшчотным, маладым голасам.
- Здарова, разумніца, - адказаў стары.
- Мусіць, пераначаваць?
- Ды, відаць, так яно. Стаміўся, - хрыпла прамовіў стары.
- А ты, дзед, да дзесятніка не йдзі, - ласкава прамовіла маладзіца. - Ідзі адразу да нас, трэцяя хата з краю. Прахожых людзей свякроў так пускае.
- Трэцяя хата. Значыцца, Зінавеева? - сказаў стары, неяк шматзначна паводзячы чорнымі бровамі.
- Няўжо ж ты ведаеш?
- Бываў.
- Ты чаго, Фядзюшка, заслініўся, кульгавая зусім адстала, - гукнула маладзіца, паказваючы на трыногую авечку, што кульгала за статкам, і, махнуўшы з правай рукі лазінай і неяк дзіўна знізу крывою левай перахапіўшы дзяружаку на галаве, пабегла назад па адсталую кульгавую, мокрую, чорную авечку.
Стары - гэта быў Карней. А маладзіца была тая самая Агашка, якой ён выламаў руку семнаццаць гадоў таму. Яе выдалі ў Андрэеўку, у багатую сям'ю, за чатыры вярсты ад Гаяў.
III
Карней Васільеў з дужага, багатага, гордага чалавека стаў тым, чым ён быў цяпер: старым жабрачынай, у якога нічога не было, апроч зношанай вопраткі на сабе, салдацкага білета і дзвюх кашуляў у торбе. Уся гэтая перамена зрабілася так пакрысе, што ён не мог сказаць, калі гэта пачалося і калі зрабілася. Адно, што ён ведаў, у чым быў цвёрда перакананы, дык гэта тое, што віной яго злыбядаў была нягодніца-жонка. Яму дзіўна і балюча было згадваць пра гэта, ён з нянавісцю ўспамінаў пра тую, каго ён лічыў прычынай усяго таго дрэннага, што ён перажыў за гэтыя семнаццаць гадоў.
У тую ноч, калі ён біў жонку, ён паехаў да памешчыка, дзе прадаваўся лес. Купіць той лес не давялося. Ён ужо быў куплены, і Карней вярнуўся ў Маскву і там пачаў піць. Ён і раней часам выпіваў, але цяпер піў без просыпу два тыдні і, калі ачомаўся, паехаў на поўдзень па жывёлу. Купля атрымалася няўдалая, са стратай. Ён паехаў другі раз. І другая купля не ўдалася. І праз год у яго з трох тысяч засталося дваццаць пяць рублёў, і прыйшлося наймацца да гаспадароў. Ён і раней піў, а цяпер пачаў выпіваць усё часцей ды часцей.
Спачатку ён пражыў прыказчыкам у гандляра жывёлай, але ў дарозе запіў, і купец разлічыў яго. Пасля ён знайшоў па знаёмстве работу гандляра віном, аднак і тут пражыў нядоўга. Заблытаўся ў разліках, і яго адправілі. Дахаты ехаць і сорамна было і злосць брала. «Пражывуць і без мяне. Можа, і хлапчук таксама не мой», - думаў ён.
Ішлося ўсё горш ды горш. Без чаркі ён не мог жыць. Пачаў наймацца ўжо не прыказчыкам, а паганятым жывёлы, пасля і на такую работу не хацелі браць.
Чым горш яму рабілася, тым больш ён абвінавачваў жонку і тым больш разгаралася злосць на яе.
Апошнім разам Карней наняўся паганятым жывёлы да незнаёмага гаспадара. Жывёла захварэла. Карней не быў вінаваты, але гаспадар узлаваўся і разлічыў і прыказчыка і яго. Наймацца не было куды, і Карней вырашыў ісці да прошчы. Зрабіў сабе добрыя боты, сумку, узяў чаю, цукру, грошай восем рублёў і пайшоў у Кіеў. У Кіеве яму не спадабалася, і ён пайшоў на Каўказ, у Новы Афон. Не дайшоў да Новага Афона, захапіла ліхаманка. Ён раптоўна аслабеў. Грошай засталося рубель семдзесят капеек, знаёмых нікога не было, і ён вырашыў ісці дахаты, дзе сын. «Можа, яна і памерла ўжо, нягодніца, - думаў ён. - А калі жывая, то хоць перад смерцю скажу ёй усё; каб ведала яна, мярзотніца, што зрабіла са мною», - думаў ён і пайшоў дахаты.
Ліхаманка трэсла яго цераз дзень. Ён слабеў усё больш ды больш, так што не мог прайсці больш за 10-15 вёрстаў за дзень. Не дайшоў 200 вёрстаў дахаты, як грошы ўсе скончыліся, і ён ішоў ужо жабруючы, і начаваць вадзіў яго дзясятнік. «Радуйся, да чаго мяне давяла!» - думаў ён пра жонку, і па даўняй звычцы старыя і слабыя рукі сціскаліся ў кулакі. Але і біць не было каго, дый сілы ў кулаках ужо не было.
Два тыдні ішоў ён гэтыя дзвесце вёрстаў, і зусім хворы і слабы давалокся да таго месца за чатыры вярсты ад дому, дзе сустрэўся з тою Агашкаю, якую не пазнаў і якая яго не пазнала, якая лічылася, але не была ягонай дачкой і якой ён выламаў руку.
IV
Ён зрабіў, як сказала яму Агаф'я. Дайшоўшы да Зінавеевага двара, ён папрасіўся начаваць. Яго пусцілі.
- Адубеў, дзед! Ідзі, ідзі на печ, - сказала зморшчаная вясёлая бабуля-гаспадыня, што краталася каля стала.
Муж Агаф'і, маладжавы мужчына, сядзеў на лаве каля стала і наладжваў лямпу.
- І мокры ж ты, дзед! - сказаў ён. - Ды што тут зробіш. Сушыся!
Карней распрануўся, разуўся, павесіў перад печчу анучы і залез на печ. У хату зайшла Агаф'я са збанком. Яна паспела ўжо прыгнаць статак і падхадзіцца з жывёлай.
- Ці ж заходзіў стары падарожны? - спыталася яна. - Я сказала яму ісці да нас.
- А вунь ён, - сказаў гаспадар, паказваючы на печ, дзе, паціраючы валасатыя, касцістыя ногі, сядзеў Карней.
Да чаю гаспадары паклікалі і Карнея. Ён злез і сеў на краечку лавы. Яму падалі кубак і кавалак цукру.
Гутарка ішла пра надвор'е, пра заканчэнне палявой работы. Бяда са збожжам. У памешчыкаў папрарасталі копы ў полі. Толькі пачнуць вазіць, зноў дождж. Сяляне пазвозілі. А ў паноў так і гніе ўсё, прэе. А мышэй у копах - процьма.
Карней расказаў, што ён у дарозе бачыў цэлае поле ў копах. Маладзіца наліла яму пяты кубак рэдкага, жаўтлявага чаю і падала.
- Нічога. Пі, дзядуля, на здароўе, - сказала яна, калі ён хацеў адмовіцца.
- А што ж гэта ў цябе рука няспраўная? - спытаўся ён у яе, асцярожна беручы поўны кубак і паварушчаючы бровамі.
- У малое яшчэ зламалі, - сказала гаваркая бабуля-свякроў. - Гэта бацька яе хацеў нашу Агашу забіць.
- Чаму ж гэта? - спытаўся Карней. І, гледзячы на твар маладзіцы, ён раптам успомніў Еўсцігнея Белага з яго блакітнымі вачыма, і рука, што трымала кубак, так задрыжэла, што ён разліў палову чаю, пакуль данёс яго да стала.
- Ды быў такі ў Гаях у нас чалавек, бацька ейны, Карнеем Васільевым называлі. Багацей быў. З такім гонарам узлаваўся на жонку. Яе скатаваў і яе вось скалечыў.
Карней маўчаў, зіркаючы з-пад варухлівых броваў то на гаспадара, то на Агашу.
- А за што? - спытаўся ён, адкусваючы цукар.
- Хто іх ведае. Пра нашу сястру што хочаш ляпнуць, а ты адказвай, - гаварыла старая. - З-за парабка штосьці ў іх атрымалася. Парабак добры быў дзяцюк з нашай вёскі. Ён і памёр у іхняй хаце.
- Памёр? - перапытаў Карней і адкашляўся.
- Даўно памёр… У іх мы і ўзялі нявестачку. Жылі добра. Першыя ў вёсцы былі. Пакуль жыў гаспадар.
- А з ім што? - спытаўся Карней.
- Таксама, відаць, памёр. З таго разу прапаў. Гадоў ужо з пятнаццаць будзе.
- Мусіць, больш, мне матуля гаварыла, што яна мяне толькі ад грудзей адняла.
- Што ж ты на яго не крыўдзішся за тое, што ён руку… - пачаў Карней і раптам захліпаў.
- А ці ж ён чужы - гэта ж бацька. А ты пі з холаду. Наліць яшчэ?
Карней не адказваў і, усхліпваючы, плакаў.
- Чаго ж ты?
- Нічога, так, шчыра вам дзякую.
І Карней дрыжачымі рукамі ўхапіўся за слупок і за палатку ды палез вялікімі худымі нагамі на печ.
- Бачыў? - сказала бабуля сыну, падміргнуўшы на старога.
V
На другі дзень Карней устаў раней за ўсіх. Ён злез з печы, раскамячыў высахлыя анучы; з цяжкасцю абуў закарэлыя боты і надзеў мяшок.
- Што ж, дзед, паснедаў бы? - сказала старая.
- Дзякую. Пайду.
- Ды вось вазьмі хоць ляпёшак учарашніх. Я табе ў мяшок пакладу.
Карней падзякаваў і развітаўся.
- Заходзь, калі назад будзеш ісці. Жывы будзем...
На дварэ быў цяжкі восеньскі туман, што закрываў усё. Але Карней добра ведаў дарогу, усякую далінку і прыгорак, і кожны куст, і ўсе вербы па дарозе, і лес направа і налева, хоць за семнаццаць гадоў што ссеклі і са старых сталі маладымі, а што з маладых сталі старымі.
Вёска Гаі была ўсё такая самая, толькі пабудаваліся з краю новыя дамы, якіх раней не было. І з драўляных дамоў сталі цагляныя. Яго камяніца была тая самая, толькі пастарэла. Дах быў даўно не фарбаваны, і на вугле былі выбіты цагліны, і ганак скрывіўся.
У той час, калі ён падыходзіў да свайго ранейшага дому, са скрыпучай брамы выйшлі кабыла з жарабём, стары конь дэраш і траццячок. Стары дэраш быў спрэс па той матцы, якую Карней за год да свайго адыходу прывёў з кірмашу.
«Відаць, гэта той самы, што ў яе тады ў чэраве быў. Тое самае віслазаддзе і тыя самыя шырокія персі і калматыя ногі», - падумаў ён.
Коней гнаў паіць чарнавокі хлапчук у новых лапціках. «Відаць, унук, Федзькаў сын, значыцца, па ім чарнавокі», - падумаў Карней.
Хлопец паглядзеў на незнаёмага дзеда і пабег за стрыгунком, які разгуляўся па гразі. За хлопцам бег сабака, такі самы чорны, як ранейшы Ваўчок.
«Няўжо Ваўчок?» - падумаў ён. І ўспомніў, што таму было б дваццаць гадоў.
Ён падышоў да ганка і з цяжкасцю ўзышоў на тыя прыступкі, на якіх ён тады сядзеў, глытаючы снег з парэнчаў, і адчыніў дзверы ў сені.
- Чаго лезеш, не спытаўшыся, - пачуўся жаночы голас з хаты. Ён пазнаў яе голас. І вось яна сама, сухая, жылістая, маршчыністая баба, высунулася з-за дзвярэй. Карней чакаў той маладой красуні Марфы, якая зганьбіла яго. Ён ненавідзеў яе і хацеў дакараць, і раптам замест яе была нейкая старая. - Жабруеш, дык пад акном прасі, - пранозлівым, скрыпучым голасам прамовіла яна.
- Я не жабрую, - сказаў Карней.
- Дык чаго ж ты? Чаго?
Яна раптам спынілася. І ён па твары яе ўбачыў, што яна пазнала яго.
- Ці мала вас валочыцца. Пайшоў, пайшоў. З Богам.
Карней аблёг спіной і, абапіраючыся на кульбу, пранікліва глядзеў на яе і са здзіўленнем адчуваў, што ў душы яго не было той нянавісці да яе, якую ён столькі гадоў насіў у сабе, але нейкая расчуленая слабасць раптам авалодала ім.
- Марфа! Паміраць будзем.
- Ідзі, ідзі з Богам, - быстра і злосна гаварыла яна.
- Больш нічога не скажаш?
- Няма мне чаго гаварыць, - сказала яна. - Ідзі з Богам. Пайшоў, пайшоў. Многа вас, чарцей, дармаедаў, валочыцца.
Яна спешна вярнулася ў хату, стукнуўшы за сабой дзвярыма.
- А чаго ж лаяць, - пачуўся мужчынскі голас, і ў дзверы ўвайшоў з сякерай за рэменем чарнявы мужчына, такі самы, якім быў Карней сорак гадоў таму, толькі меншы ды худзейшы, але з такімі самымі чорнымі бліскучымі вачыма.
Гэта быў той самы Федзька, якому ён семнаццаць гадоў таму падараваў кніжку з цацкамі. Гэта ён папракнуў маці за тое, што яна не пашкадавала жабрака. З ім разам выйшаў і таксама з сякерай за рэменем пляменнік-нямко. Цяпер гэта быў дарослы, з рэдкай бародкай, маршчыністы, жылісты чалавек, з доўгай шыяй, рашучым і ўважліва пранізлівым позіркам. Абодва мужчыны толькі што паснедалі і ішлі ў лес.
- Зараз, дзядуля, - сказаў Федзька і паказаў нямку спачатку на старога, а потым на святліцу і паказаў рукою, як крояць хлеб.
Фёдар выйшаў на вуліцу, а нямко вярнуўся ў хату. Карней усё стаяў, апусціўшы галаву, прыпёршыся да сцяны і абапіраючыся на кульбу. Ён адчуваў вялікую слабасць і з цяжкасцю стрымліваў рыданне. Нямко выйшаў з хаты з вялікай духмянай лустай свежага чорнага хлеба і, перахрысціўшыся, падаў Карнею. Калі Карней, узяўшы хлеб, таксама перахрысціўся, нямко павярнуўся да хатніх дзвярэй, правёў аберуч па твары і пачаў рабіць выгляд, што плюе. Так ён паказваў, што незадаволены цёткай. Раптам ён замёр і, разявіўшы рот, уталопіўся на Карнея, нібыта пазнаючы. Карней не змог больш стрымліваць слёзы і, выціраючы вочы, нос і сівую бараду крысом каптана, адвярнуўся ад нямка і выйшаў на ганак. Ён адчуваў нейкае асаблівае, расчуленае, захопленае пачуццё пакоры, паніжэння перад людзьмі, і пачуццё гэтае і радасна, і балюча раздзірала яго душу.
Марфа глядзела праз акно і спакойна ўздыхнула толькі тады, калі ўбачыла, што стары схаваўся за вуглом дома.
Калі Марфа ўпэўнілася, што стары пайшоў далей, яна села за кросны і пачала ткаць. Яна ўдарыла з дзесятак разоў бёрдам, але рукі не слухаліся, яна спынілася і стала думаць і ўспамінаць, якім яна толькі што бачыла Карнея - яна ведала, што гэта быў ён - той самы, што забіваў яе і раней любіў яе, і ёй было страшна ад таго, што яна цяпер зрабіла. Не тое зрабіла яна, што трэба было. А як жа трэба было абысціся з ім? Ён жа не сказаў, што ён Карней і што ён прыйшоў дахаты.
І яна зноў узялася за чаўнок і ткала да самага вечара.
VI
Карней з цяжкасцю давалокся пад вечар у Андрэеўку і зноў папрасіўся начаваць да Зінавеевых. Яго прынялі.
- Што ж, дзед, далей не пайшоў?
- Не пайшоў. Аслабеў. Відаць, назад пайду. Начаваць пусціце?
- Месца не праляжыш. Ідзі сушыся.
Усю ноч Карнея трэсла ліхаманка. Пад раніцу ён прыдрамнуў, а як прачнуўся, хатнія ўсе разышліся, кожны са сваім клопатам, і ў хаце заставалася адна Агаф'я.
Ён ляжаў высока, на сухім каптане, які паслала яму старая. Агаф'я вымала з печы хлеб.
- Разумніца, - паклікаў ён яе слабым голасам, - падыдзі да мяне.
- Зараз, дзед, - адказала яна, вымаючы бохан. - Напіцца хочаш? Кваску?
Ён не адказаў.
Дастаўшы апошні бохан, яна падышла да яго з корчыкам квасу. Ён не павярнуўся да яе і не ўзяў піць, а як ляжаў дагары тварам, так і пачаў гаварыць, не паварочваючыся.
- Гаша, - сказаў ён ціхім голасам, - часіна мая прыйшла. Я паміраць хачу. Дык вось даруй мне, дзеля Бога.
- Хай Бог даруе. Што ж, ты мне благога не рабіў…
Ён памаўчаў.
- А яшчэ вось што: пайдзі ты, разумніца, да мацеры, скажы ёй… падарожны, маўляў, скажы… учарашні падарожны, скажы… - зноў ён спыніўся, каб не зарыдаць, і, нарэшце, сабраўшы сілу, дагаварыў: - памірыцца з ёю прыходзіў, - сказаў ён і пачаў шарыць у сябе каля грудзей.
- Скажу, дзед, скажу. А ты што шукаеш? - сказала Агаф'я.
Стары, не адказваючы, зморшчыўся ад намагання, дастаў сваёй худой валасатай рукой паперу з-за пазухі і падаў ёй.
- А гэта вось аддай, хто спытаецца. Білет мой салдацкі. Дзякуй Богу, разблыталіся ўсе грахі, - і твар ягоны стаў урачысты выглядам. Бровы ўзняліся, вочы ўталопіліся ў столь, і ён заціхнуў.
- Свечку, - прамовіў ён, не варушачы губамі.
Агаф'я зразумела. Дастала ад іконы абгарэлую васковую свечку, запаліла і падала яму. Ён прыхапіў яе вялікім пальцам.
Агаф'я адхілілася, каб схаваць у куфэрак ягоны білет, і калі падышла да яго, свечка валілася ў яго з рукі, і вочы, застыглыя, ужо не бачылі, і грудзі не дыхалі. Агаф'я перахрысцілася, дзьмухнула на свечку, дастала чысты рушнік і закрыла яго твар.
Праз усю гэтую ноч Марфа не магла заснуць і ўсё думала пра Карнея. Уранні яна апранула каптан, накрылася хусткай і пайшла даведацца, дзе ўчарашні стары. Вельмі хутка яна даведалася, што стары ў Андрэеўцы. Марфа ўзяла з частаколу кіёк і пайшла ў Андрэеўку. Чым далей яна ішла, тым ёй страшней ды страшней рабілася. «Памірымся з ім, возьмем дадому, грэх разблытаем. Няхай хоць памрэ пры сыне», - думала яна.
Калі Марфа стала падыходзіць да даччынога двара, яна ўбачыла вялікі натоўп людзей каля хаты. Адны стаялі ў сенях, другія пад вокнамі. Усе ўжо ведалі, што той самы знатны багацей Карней Васільеў, які дваццаць гадоў таму грымеў на ўсё наваколле, бедным падарожнікам памёр у доме дачкі. У хаце таксама было поўна людзей. Бабы перашэптваліся, уздыхалі ды войкалі.
Калі Марфа ўвайшла ў хату і людзі расступіліся, прапускаючы яе, яна ўбачыла пад іконамі памытае, прыбранае, прыкрытае палатном мёртвае цела, над якім грамацей Філіп Конаныч, пераймаючы дзячкоў, распеўна чытаў славянскія словы Псалтыра.
Ні дараваць, ні прасіць прабачэння ўжо нельга было. А па строгім, урачыста прыгожым твары Карнея нельга было пазнаць, ці ён дароўвае, ці яшчэ злуецца.
1905 г.
Пераклад Янкі Брыля
|
|
|