Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты

ПРАВАСЛАЎЕ І КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры

ПОШУКІ БОГА
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Вандроўкі

ВЕРЫЛІ РАЗАМ
Нашы святыні
Пераклады

КАРНЕЙ ВАСІЛЬЕЎ
Галерэя

Дзмітрый МЕРАЖКОЎСКІ

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

ЗБАЎЦА

Пачатак

XXVIII

Езус, калі ўбачыў яе (Марыю), што плача, і юдэяў, якія прыйшлі з ёю і плачуць, сам засмуціўся і ўзрушыўся (...)
І сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Пане! Ідзі і паглядзі.
Езус заплакаў слязьмі
(Ян 11, 33-35).

Ці мог бы ён плакаць, калі б ведаў, што Лазар праз хвіліну ўваскрэсне? Але людзі могуць усумніцца ва ўсім, толькі не ў гэтых слязах. След непазбыўны выпалены імі ў сэрцы чалавецтва: ім паверыла яно і будзе верыць да канца свету. Смяротным смяротную цемру высветлілі слёзы гэтыя, як нязгасныя зоркі.

Часцяком, бывала, ідучы за Ім, шукаў я слядоў Ягоных на зямлі, але не знаходзіў, і мне здавалася, што Ён ідзе, не кранаючыся зямлі.

Прывідна-лёгкім крокам ідзе па зямлі, як бесцялесны цень. Шукаюць людзі слядоў Ягоных - не знаходзяць. Але вось знайшлі: прывідна-лёгкая аблачына плоці Ягонай раптам загусла, стала цяжкой, зрабілася такой жа, як наша плоць, - ужо не «падабізнаю» яе, homoioma, па словах Паўла, а ёю самою. Вось калі ўсім сваім смяротным цяжарам, смяротным страхам, пакутай смяротнаю мы адчуваем плоць Ягоную як сваю. Плача аб братах сваіх Брат чалавечы, Смяротны - аб смяротных; плача, як мы; пакутуе, як мы; любіць, як мы. Вось калі дапакутаваў, далюбіў дарэшты - уратаваў свет.

Ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсці ад свету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы сваіх сутных у свеце, да канца палюбіў іх (Ян 13, 1).

Здаецца, калі б не было гэтых слёз Гасподніх, дык не было б хрысціянства, не было б Хрыста.

XXIX

Езус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй (Ян 11, 38).

Гэты «смутак унутраны» зусім, вядома, не на малаверных юдэяў, як пра тое кажуць тлумачальнікі, - не на людзей наогул, а на апошняга ворага іхняга, «чалавеказабойцу сапраўднага», д'ябла - Смерць, за тое, што так доўга трымае іх у рабстве, знеслаўляе і мучае; гэта гнеў воя, што ідзе на бой за вызваленне чалавецтва.

Дух Гасподні на Мне... бо Ён паслаў Мяне... прапаведаваць палонным збавенне... адпусціць спакутаваных на волю.

Такога яшчэ не было ў свеце: ніколі і ніхто з людзей не паўставаў супроць смерці, не кідаў ёй у твар такога выкліку; толькі адзін чалавек, Езус, ва ўсім чалавецтве пайшоў супроць смерці, як Мацнейшы на моцнага, Свабодны на прыгнятальніка.
Унутраны сэнс усяго цуду тут: перамога над смерцю, законам прыроды -законам «лагічнай тоеснасці», механічнай прычыннасці (а+в+с=а+в+с+х); пераадоленне закону свабодаю - цудам Уваскрэсення. Тут Езус - Цудатворца - Збаўца.

ХХХ

Што ж азначае гэтая нібыта невырашальная для нас у Янавым сведчанні і ўсё большая, як мы паглябляемся ў яе, дваістасць: Гісторыя - Містэрыя; было - не было; уваскрэс - не ўваскрэс? Каб гэта зразумець, згадаем словы св. Аўгустына: «употайкі піў Ян з сэрца Гасподняга...»
Што гэта сапраўды так, мы ўбачым на Апошняй Вячэры, дзе, «прытуліўшыся да сэрца Езусавага», выпіў Ян з яго гаркавую тайну здрады (Ян 13, 23-26). А калі так, дык Ян мог ведаць шмат таго, чаго не ведалі іншыя вучні. Мяркуючы па некаторых прыкметах, ці хаця б намёках у саміх Сіноптыкаў (Язэп Арыматэйскі, чалец Сінедрыёну, даўні тайны сябар Езуса; патаемны начны прытулак Хрыста ў Бэтаніі, здаецца, у доме Лазара; невядомы гаспадар дома ў Ерусаліме, магчыма, таксама даўні сябар Езуса, што падрыхтаваў святліцу для Апошняй Вячэры), мяркуючы па такіх намёках, сувязь, больш глыбокая і даўняя, чым ведаюць, ці лічаць патрэбным пра тое казаць Сіноптыкі, яднае Езуса з Ерусалімам. Такім чынам, паміж двума пунктамі гледжання - Галілейскім у Сіноптыкаў і Ерусалімскім у Чацвёртым Евангеллі - зусім няма той супярэчнасці, пра якую казалі раней, і якую ўжо не згадваюць нават некаторыя левыя крытыкі. Цалкам верагодна, Езус правёў у Ерусаліме, апрача апошняй Пасхі, шмат дзён, а магчыма і тыдняў, калі не месяцаў. Здаецца, з гэтых вось Ерусалімскіх дзён і цячэ ў Яна недаступная Сіноптыкам крыніца гістарычна дакладных успамінаў-паданняў. Да іх, відаць, трэба далучыць і падзею, малую ў знешняй і вялізную ва ўнутраным жыцці Хрыста, у тайным жыцці сэрца Ягонага - смерць Лазара, «сябра» Ягонага, як Ён сам яго называе:

Лазар, сябра наш, заснуў (Ян. 11, 11), -

аднаго з тых адзіных, апроч Яна, людзей, пра якіх сказана, што Езус іх «любіў» (Ян 11, 3, 5, 36). Гістарычная праўдзівасць Янавага сведчання аб любові Езуса да сёстраў Лазара - Марты ды Марыі, пацвярджаецца і Трэцім Евангеллем, якое найбольш блізкае да Чацвёртага.

ХХХІ

У прыцемку Нядзельнае раніцы, гэтак жа, як у прыцемках царкоўнага падання, таямніча зліваюцца для нас тры жаночыя вобразы: Марыі Бэтанскай, сястры Лазара, Марыі Магдаліны, з якой Езус выгнаў сем злых духаў і якая, стаўшы Яго вучаніцай, «служыла Яму маёмасцю сваёю» (Лк 8, 2-3), і той невядомай, якая ўзлівала міра на Цела Хрыста, падрыхтаваўшы Яго да пахавання» (Мк 14, 3-9), - магчыма, той самай грэшніцы, пра якую сказана:

даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа (Лк 7, 36-50).

Дзіўна, страшна і свята зліваюцца для нас гэтыя тры асобы не толькі над магілаю Лазара, але і над магілай самога Хрыста. Першая чалавечая істота, якая ўбачыла ўваскрэслага Хрыста, - не ён, а яна; не Пётра, не Ян, а Марыя. Побач з Езусам - Марыя, побач з Невядомым - Невядомая.
У старажытных дзеях Азірыса ўваскрашае Ізіда, Дыёніса - Дэметра-Персефона: Сына - Брата - Жаніха ўваскрашае Маці - Сястра - Нявеста.

Гэта ёсць цень будучыні, а цела - у Хрысце (Клс 2, 17).

Дзве Марыі - адна на пачатку жыцця, другая - у канцы; тая нарадзіла, гэтая ўваскрэсіць.
Тайну Спрадвечна-Жаноцкага ў Спрадвечна-Мужным мог падслухаць у сэрцы Хрыстовым толькі той, хто ўзляжаў каля гэтага сэрца, - шаснаццацігадовы, паводле старажытнага царкоўнага падання, падлетак Ян, з тварам, па дзіўнай Вінчыеўскай здагадцы, жаноцкім, ці дакладней, страшней, яшчэ больш поўным святасці, - мужажаноцкай вабноты; толькі ён мог выпіць з сэрца Гасподняга, як райская пчала з райскай кветкі, гэты найчысцейшы мёд любові найчысцейшай, якой няма імя ў мове чалавечай.

ХХХІІ

Марныя ўсе спробы адасобіць у Янавым сведчанні, сплаве двух металаў, адзін з іх ад другога - Гісторыю ад Містэрыі.
Лазар памёр; Езус употайкі гаворыць аб смерці гэтай і ўваскрашэнні з Марыяй, сястрой ягонай, - вось гісторыя - тое, што было аднойчы ў часе. Лазар уваскрэс: Марыя бачыць Лазара, што выходзіць з магілы: вось містэрыя - тое, што было, ёсць і будзе ў вечнасці. Дзе той парог з аднаго свету ў другі, дзе памежная рыса, - гэтага мы ніколі не ўведаем з дакладнасцю; але здаецца, яна дзесьці каля слёз Гасподніх. Свет для таго, хто глядзіць на яго скрозь такія слёзы, як гэтыя, дрыжыць, тае, цячэ, як расплаўлены метал; у прызме слёз відарыс свету як быццам скажоны, а насамрэч адноўлены, выпраўлены; толькі скрозь такія слёзы можна ўбачыць свет як належыць: «Мінаецца вобраз гэтага свету», - і скрозь гэты свет праглядае другі; у тым, што мы называем «уяўленнем» альбо «сімвалам», а Ян называе «цудам-азнакаю», адкрываецца новая ява, большая за тую, у якой мы жывем.

ХХХІІІ

«Марта, пачуўшы, што ідзе Езус, пайшла насустрач Яму» і сказала:

Пане! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой (Ян 11, 20-21).

Малюнак Уладзіміра ВІШНЕЎСКАГА.

Гэта ж самае і тымі ж словамі скажа Марыя (Ян 11, 32), таму што тут Марта - Любоў Дзейная і Марыя - Любоў Сузіральная - дзве сястры, адна сутнасць. «Не памёр бы брат мой», - ціхае нараканне ўсяго жывога, што ад пачатку свету аб збавенні енчыць, і дагэтуль збавення не зазнаўшы. «Калі б Ты быў тут», - ціхі дакор любові, як бы адказ на тое, розумам недасяжнае, нечалавечае слова:

Радуюся за вас, што Мяне не было там, каб цяпер паверылі.

Марта-Марыя ўся яшчэ ў свеце тутэйшым, на парозе, што аддзяляе той свет ад гэтага.

Але і цяпер ведаю, што тое, чаго Ты просіш ад Бога, дасць Табе Бог.

Ведае толькі розумам - але яшчэ не сэрцам.

Езус кажа ёй: уваскрэсне брат твой.
...Ведаю, што ўваскрэсне ва ўваскрэсенні, у апошні дзень.

Вось той парог, які яна не пераступіла, і які не можам пераступіць мы - парог паміж часам і вечнасцю. Спынілася на ім і не можа зварухнуцца. Але з дзіўнай сілаю рухае яе Хрыстус:

Я - уваскрэсенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве.
І кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ векавечна. Ці верыш у гэта?
Яна кажа Яму: веру, Пане! Я веру, што Ты Хрыстус, Сын Божы, які прыйшоў у свет
(Ян 11, 21-27).

Вось тая сіла, якая яшчэ не перанесла, але зараз перанясе яе за парог, - вера ў Яго самога, як цуд над цудам.
Верыць, а ўсё ж такі плача.

Езус, калі ўбачыў яе, што плача, -

Марту-Марыю - увасабленне ўсяго жывога, асуджанага на смерць, -

Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся.
І сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Пане! Ідзі і глядзі.
Езус заплакаў слязьмі.

Вось мяжа двух светаў: спрадвечна-жаночыя слёзы - спрадвечна-мужны гнеў. Плача, як усе; як ніхто ўзрушваецца. Слёзы чалавечыя - да мяжы, а за ёю - «засмучэнне», «узрушэнне» Боскае. У гэтых пачуццях усе людзі з Ім - «сыны Божыя», таму што смерць для ўсіх іх недарэчная, абуральная.

А Езус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы, -

і кажа:

адымеце камень.

Гэта сказана ўжо там, за парогам, у вечнасці. Але ўсё яшчэ тут - Марты-Марыі, усяго сяротнага жах смяротны:

Пане! Ужо смярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.

Не было і не будзе больш страшнага слова пра смерць, чым гэтае, сказанае перад тварам самога Жыцця. Вось ён, ва ўсёй сваёй неадольнай, нахабнай сіле закон механічнай прычыннасці, лагічнай тоеснасці: а+в+с=а+в+с; «выйшаў з пылу - у пыл адыдзеш». Здаецца, бачыш, як Сіла на Сілу ідзе, Вораг на Ворага, Жыццё на Смерць; здаецца, чуеш, як вуснамі ўсіх смяротных Смерць кажа самому жыццю: «Ягоных тры дні мінулі, і вось што з ім; мінуць Твае тры дні, і што будзе з Табою?»

Езус кажа ёй -

Марце-Марыі - усяму жывому:

Калі будзеш верыць, убачыш славу Божую (Ян 11, 38-40).

Усё, што будзе потым, і ёсць «сузіранне славы». Але ж ці толькі «ўява», «падман зроку», «галюцынацыя» - гэта тое, чаго няма? Трэба быць у сто разоў большым лёкаем, чым Смердзякоў, каб так думаць і на тым суняцца; не адчуць, што гэтая дзіўная ява ёсць прасвятленнем, прарывам ў іншую прастору, значна большую за тую, у якой мы жывем, так што ў параўнанні з ёю ўсё, што мы ўважаем за «сапраўднасць», можа стацца толькі «падманам зроку», «галюцынацыяй» - тым, чаго няма.

XXXIV

Што ўбачыла Марыя, мы ніколі не даведаемся; мы можам толькі цьмяна здагадвацца пра гэта па словах Хрыстовых, сказаных тою Суботаю, калі ацаленнем Бэтэздскага хворага Езус як быццам парушыў, а насамрэч споўніў - «папоўніў» - закон Божы ў свабодзе Сынавай:

Калі Сын вызваліць вас, дык сапраўды свабодныя будзеце. - Хто следуе слову Майму, той не ўбачыць смерці адвеку (Ян 8, 36, 51).

Мы можам меркаваць пра гэта і па другім слове, сказаным таго самага дня, калі самі фарысеі-законнікі, не наважыўшыся аддаць на смерць блудніцу, як быццам парушаюць, а на яве спаўняюць Божы закон:

Айцец Мой дагэтуль робіць, і я раблю... Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча...
Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць... Бо як Айцец мае жыццё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыццё ў Самім Сабе...
Не здзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага.
І
выйдуць тыя (Ян 5, 17, 21, 25-28).

Пасля гэтага слова ціхага, а ў часе грымотнага - у вечнасці:

Лазар! Выходзь.
І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткаю
(Ян 11, 43-44).

Калі б не ўпала да ног Хрыстовых Марыя, спапялёная гэтай неверагоднай явай-прасвятленнем, дык не пабачыла б і ўваскрэслага Хрыста.
Тут ужо Гісторыя сутыкаецца з Містэрыяй, час - з вечнасцю. У гэтым сэнсе Лазар сапраўды ўваскрэс, і можна сказаць: не было б уваскрашэння Лазара, не было б хрысціянства, не было б Хрыста.

XXXV

Ты адкрыў нам многія таямніцы, а мяне абраў з усіх вучняў сваіх і сказаў мне тры словы, імі ж я палымнею, але іншым сказаць не магу, -

згадвае Тамаш Няверны. Зусім верагодна, што гэтыя тры словы, давераныя таму, хто сказаў:

калі не ўбачу... не паверу (Ян 20, 25) -

тычыцца цуду Унебаўшэсця. Калі для кожнага часу яны - свае, дык для нашага, апанаванага небяспекаю нашэсця «чалавекападобных», «не-людзей», рабоў-прыгнятальнікаў, часу, - запаліліся б на небе вогненнай азнакай Лабаруму: Тым пераможам, - азнакаю Сына чалавечага, гэтыя тры словы: Цуд - Любоў - Свабода.
Магчыма, цяпер, як ніколі, маглі б пачуць людзі, -

што Дух кажа Цэрквам: Пераможцу дам... белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто не ведае, акрамя таго, хто атрымлівае (Адк 2, 17).

Новае імя павядомленае будзе свету Судным Днём трубою Арханёла. Але, магчыма, чуецца яно ўжо і цяпер у шэпце вязняў, якія памятаюць пра Дабравесце:
Дух паслаў Мяне... прапаведаваць вязням вызваленне.
Калі Сын вызваліць вас, дык сапраўды свабодныя будзеце.
Новага імя Ягонага ніхто не ведае; але, магчыма, хутка ўведаем - згадаюць рабы вечныя імя Хрыстовае: Збаўца

XXXVI

Здаецца, не выпадкова, кажучы аб пачатку служэння Хрыстовага, мы загаварылі пра канец гэтага чыну, таму што пачатак звязаны з канчаткам, першы цуд-азнака - з апошнім, Кана Галілейская - з уваскрашэннем Лазара. Гэтая сувязь - яскравы доказ таго, што ў евангельскіх сведчаннях захаваўся сапраўдны парадак падзеяў жыцця Хрыстовага; калі ж мы гэтага парадку не бачым, дык, магчыма, толькі таму, што яшчэ не навучыліся чытаць Евангелле як належыць.
Колькі гадоў альбо месяцаў доўжылася служэнне Хрыстовае? Блізу году - паводле Сіноптыкаў. Блізу двух гадоў - паводле Чацвёртага Евангелля. Калі мы, карыстаючыся евангельскімі сведчаннямі, не можам гэтага вызначыць з дакладнасцю, дык, магчыма, ужо не толькі таму, што не ўмеем чытаць іх належным чынам, але й таму, што ў саміх сведкаў натуральнае для нас ўспрыманне часу парушаецца надта вострым пачуццём Скону - вечнасці, што надыходзіць: іхні час - не наш.
Ёсць у Евангеллі «апярэджванне падзеяў» і «вяртанне» да іх (...), - навучае св. Аўгустын: праўдзівасць Евангелля («гістарычная аўтэнтычнасць», па-нашаму) незалежная ад таго ці іншага «парадку расповеду» (...); парадак гэты можа не адпавядаць «парадку згадак»(...). Гэта і азначае: трэба ўмець чытаць Евангелле належным чынам, каб убачыць у ім гістарычна праўдзівы ланцуг падзеяў; альбо, іншымі словамі: насуперак левым крытыкам, якія сцвярджаюць, нібыта «жыццё Езуса не можа быць напісана»(...), гэта хоць і цяжэй, чым нават ім здаецца, але ўсё ж магчыма: жыццё Хрыста ў Евангеллі ўжо напісанае.
Каб пераканацца ў гэтым, згадаем адноўлены намі ланцуг падзеяў: першы дзень у Капернаўме; Нагорная пропаведзь; спрэчка аб субоце з фарысеямі; першая нарада фарысеяў з Ірадыянамі, каб пагубіць Езуса; адасланне Дванаццаці на пропаведзь; адкрыццё Валадарства Божага.
Валадарства, Шчасце, Цуд: у гэтых трох словах - чынах - усё служэнне Хрыстовае. Проста, ціха, аднастайна, амаль без усялякіх знешніх, адметных падзеяў і з безліччу нябачных, унутраных, - іх больш, чым ува ўсёй астатняй сусветнай гісторыі (жыццё Хрыста - як начное неба: чым больш глядзіш на яго, тым больш бачыш зорак), праходзіць жыццё Езуса. Вандруючы, несучы добрую вестку людзям, ацаляючы хворых, суцяшаючы тых, хто смуткуе, збіраючы вакол Сябе вучняў, ходзіць Ён па гарадах і паселішчах Галілеі. (…)

ХХХVІІ

Паволі-ўрачыста ўзыходзіць над светам нябачнае сонца - вялікае свяціла Скону. Цьмяна адчувае яго ўсё чалавецтва, як сляпы - цеплыню сонечных промняў. Бачыць яго толькі адзін з народаў - Ізраіль; выяўней усяго Ізраілю бачаць галілейскія натоўпы, што ідуць за Езусам; яшчэ больш выяўна - тыя сотні людзей, якія чулі Езуса на гары Табор; і дарэшты выяўна - вучні Ягоныя. Напоўніцу святлом Скону асветлены толькі адзін чалавек на зямлі - сам Езус.
Калі не астыне зямля раней, чым прыспее на ёй Валадарства Божае, дык, магчыма, толькі таму, што сонца году Гасподняга прагрэла яе да самага сэрца.
Дзень памнажэння хлябоў, поўдзень Езусавага жыцця - пункт найбольшага набліжэння вялікага свяціла Скону на зямлі, Валадарства Божага - да чалавецтва. Здаецца, гэтым самым днём адасланыя Езусам на пропаведзь вучні

вярнуліся да Яго з радасцю (Лк 10, 17)... і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі (Мк 6, 30).
У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Езус і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Ойча! Бо такое было Тваё ўпадабанне (Лк 10, 21).
Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас.
Вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым.
Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі
(Мц 11, 28-30).

Колькі б ні забывалася чалавецтва на Таго, Хто гэта сказаў, успомніць калі-небудзь; колькі б яно ні сумнявалася - паверыць калі-небудзь, што Ім збавіцца свет.

Пераклаў з рускай мовы Вінцэсь Мудроў


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY