 |
|
№ 6
РЭЧЫТАТЫЎ
З цокатам коней і грукатам зброі,
З хорамі песняў, па звычаі слаўным,
Рыцары світай ішлі гаманкою
Там, дзе Францішак маліўся нядаўна...
Раптам, увесь забыццём ахінуты,
Ён абудзіўся... Прыўзняўся паслухаць:
Рытм тае песні, знянацку пачутай,
Быў нечужы для ягонага вуха:
Рыцараў ён, як і ўсе даўніною,
За змагароў лічыў Краю й Касцёла,
Ведаў таму і любіў ён душою
Спеў менестрэляў1, самотны й вясёлы.
Жарсць вершавання, па музыцы скруха
Грудзі Францішку часамі паліла,
Бог, Які прыадкрывае свет духу,
Даў юнаку песнятворчыя сілы.
Прагу пачуў ён цяпер да спявання
Пра перамогі, узнятыя чары...
Рукі дрыжаць пачалі ў хваляванні,
Быццам шукаючы струны кіфары.
Ды не было яе там пад рукою —
Засумаваў, як дзіця без забавы.
Сіла ж натхнення нястрымнай ракою
Несла яго ў свет бурлівы, цікавы,
Свет барацьбы, перамог і кахання —
Ніва багатая тут для паэта...
Толькі Францішак здаўна вёў змаганне
Ў сэрцы з пачуццямі гэтага свету.
Сэрца ж ірвалася з сілай мацнейшай
Выказаць жалі зямныя і справы.
Выбраў між спеваў зямных найсвяцейшы —
Спеў пра Айчыну і ейную славу.
І хоць не меў ён з сабою кіфары,
Стаў напяваць, аб чым сэрца прасіла.
Свецкае песні паддаўшыся чарам,
Спеў ён узнёс для зямлі сваёй мілай.
<...>
|
|
№ 9
МАЛІТВА ФРАНЦІШКА
Пане, Пане, Божа мой,
Прабачэння ласку дай:
На зямны спяваў я строй
І любіў замоцна край!
На хвалу яго пасмеў
Я адданы ўзнесці спеў!
Песняў, гімнаў жа ў Табе
Боскі тоіцца выток,
Ведаў гэта, ды ў журбе
Думку вёў я ў іншы бок!
Просіць жа зямны Твой сын
Прабачэння сваіх він!
Прабачэнне, Божа, дай
За той жар на сэрца дне:
Як успомню родны край,
Дык душа да песні мкне!
А як Богу ўзносіў спеў —
Сіл забракла, аслабеў!
Годзе, спеў зямны, служыць
Для зямной хвалы і спраў!
Мог бы сэрца ты спаліць —
Не таму Бог сэрца даў!
О! Мяне ўжо ў ценю дрэў
Не спакусіць зямны спеў!
<...>
|
|
№ 11
Хор анёлаў
Усцешся, сын чалавечы!
Пан рады тваёй ахвяры:
Замест прамінальных рэчаў
Надзеліць вышэйшым дарам:
Мелодыяй палкай нябеснай,
Што сэрца тваё палечыць
Ад жару зямное песні!
Усцешся, сын чалавечы!
Хор салаўёў
Наш спеў птушыны ўбогі
Хвалюе ўвесь гушчар,
Мы молімся да Бога
Праз дадзены нам дар!
Вазьміце ж нас, анёлы,
Да зор вазьміце нас!
Няхай наш спеўны голас
Дасягне неба ўраз.
Каб там... каб там...
Ля неба брам
Хтось даў адказ!..
Францішак
Перад птушкай і анёлам
Марным спеў людскі здаецца.
Можа ўзняцца ў неба з долу,
Толькі як сябе зрачэцца.
Як пакіне згубны цяжар
Зямных мэтаў і трывогаў,
Як пясняр сам крыжам ляжа,
Просіць літасці у Бога!
Спеў пакорны мой, мізэрны,
Толькі гэтак хай зазвоніць:
Слаўся, Божа міласэрны!
Слаўся вечна на Сіёне!
|
Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан
Гл. таксама:
Ганна СЕРЭХАН :: КАНТАТА У. СЫРАКОМЛІ «ФРАНЦІШАК АСІЗСКІ» І ДУХОЎНЫЯ ПОШУКІ ЛІТАРАТУРЫ РАМАНТЫЗМУ ::
- Менестрэль — прыдворны спявак і музыкант у Сярэднявеччы. У куртуазнай лірыцы апяваў рыцарскія подзвігі.
|
 |