Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Пётр РУДКОЎСКІ OP

ВЕРА & SOCIUM

Шаноўныя чытачы!

Пасля трох гадоў вядзення рубрыкі «Вера & Cultura» з’явілася ідэя злёгку рэфармаваць яе, у прыватнасці, зрабіць больш выразным яе тэматычны профіль. З гэтага нумару рубрыка будзе называцца «Вера & Socium», а гэта значыць, што ў фокусе нашай увагі будуць сацыяльныя праблемы, а дакладней, этычнае вымярэнне грамадскага жыцця.

Арыентацыя на грамадскія праблемы прадыктаваная не толькі жаданнем зрабіць рубрыку больш цікавай. У гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў з часу з’яўлення адной з найважнейшых у гісторыі каталіцкага сацыяльнага навучання энцыклік — Mater et Magistra («Маці і Настаўніца»). У гэтым пасланні папа Ян ХХІІІ асабліва адзначае наступнае (пункты 222 і 223):

«Хочам перадусім падкрэсліць, што каталіцкае грамадскае навучанне з’яўляецца інтэгральнай часткай хрысціянскай канцэпцыі жыцця.

У сувязі з гэтым выказваем моцнае прагненне, каб яно вывучалася ўсё больш і больш грунтоўна. Яно павінна выкладацца як абавязковы прадмет у каталіцкіх школах любога тыпу, а асабліва ў духоўных семінарыях <...>. Апроч гэтага, было б вельмі пажадана, каб грамадскае навучанне было ўключана ў праграмы катэхізацыі, якая праводзіцца ў парафіях і ў згуртаваннях свецкага апостальства. Няхай каталіцкае грамадскае навучанне распаўсюджваецца ўсімі сучаснымі сродкамі, якімі мы валодаем: праз штодзённую прэсу, перыёдыку, навуковыя і папулярныя публікацыі, а таксама праз радыё і тэлебачанне».

 

Для сотняў тысяч хрысціянаў з тых 60-х гадоў, якія апынуліся пад уладаю рэпрэсіўных рэжымаў сацыялістычнага блоку, пастырскі зварот благаслаўлёнага Яна ХХІІІ быў як глыток свежага паветра. А заклік вывучаць і распаўсюджваць сацыяльнае навучанне Касцёла ўспрымаўся імі не як абавязак, а як самая што ні ёсць фундаментальная патрэба, бо яна тычылася пытання быць ці не быць свабодным чалавекам, вольным ад хлусні і страху. Варта паставіць самім сабе пытанне: ці адчуваем мы смагу, прагненне евангельскага слова? Ці адчуваем стымул гэтага слова да будавання атмасферы даверу і салідарнасці ў грамадскай прасторы? «Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці...» — кажа Пан Бог (Мц 5, 6).

Бягучы год — гэта таксама час, калі спаўняецца 20-я гадавіна такіх эпахальных падзеяў, як дэмантаж Арганізацыі варшаўскага пакту, абвяшчэнне незалежнасці ўсімі рэспублікамі Савецкага Саюзу і падпісанне віскулёўскіх пагадненняў. Ведаем, што ўсё гэта суправаджалася не толькі складанымі дыпламатычнымі перамовамі, але і трагічным зыходам некаторых падзеяў. Каляндар 1991 года быў афарбаваны крывёю 14-ці гераічных абаронцаў тэлевежы ў Вільні і 8-мі ахоўнікаў літоўскай мяжы ў Медніках, расстраляных савецкім АМАПам, а таксама пазначаны эпізодамі цкавання, пераследу і запалохвання прыхільнікаў свабоды і незалежнасці літаральна ў кожнай саюзнай рэспубліцы.

Нам нельга забываць пра мучанікаў савецкай эпохі. І не толькі таму, што мы маем маральны абавязак перад імі, але таксама па прычыне, на якую ў 1992 годзе пранікнёна ўказаў адзін з найвялікшых каталіцкіх інтэлектуалаў Джордж Вайгель:

«Нацызм і камунізм палі, але гэта зусім не значыць, што нейкі іншы інстытуцыйны носьбіт чалавечай нікчэмнасці не вылезе раптам наверх, кідаючы выклік і пагражаючы магчымасці стварэння гуманітарнага грамадскага парадку. <...> Адносны поспех барацьбы за свабоду ў эпоху Асвенціма і ГУЛАГу не азначае, што перасцярога св. Пятра (1 П 5, 8): “Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці”, — згубіла сваю публічную або палітычную значнасць1».

 

Бягучы год — гэта, урэшце, год беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ, асноватворцы новай канцэпцыі каталіцкага сацыяльнага вучэння, заснаванага на ідэях персаналізму. Гэта ён у першай — «праграмнай» — сваёй энцыкліцы Redemptor hominis асабліва падкрэсліваў, што «чалавек — гэта дарога Касцёла, дарога яго штодзённага жыцця і досведу, яго апостальскай дзейнасці»2.

 

Мабыць, будзе цалкам апраўданым, калі першую тэму рубрыкі «Вера & Socium» мы прысвецім «першаму слову» каталіцкага сацыяльнага навучання: асоба. Прапаную рэфлексію над гэтым паняццем у повязі з двума іншымі – спадарожнымі — паняццямі: «народ» і «ўлада».

Пётр Рудкоўскі OP

Гл. таксама:
Пётр РУДКОЎСКІ OP :: АСОБА, НАРОД, УЛАДА ::

 


  1. George Weigel. Ostateczna rewolucja. Kościół sprzeciwu a upadek komunizmu. — Poznań: «W drodze». 1995. S. 65–66.
  2. Redemptor hominis, 14.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY