|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Пачатак у №3(41) 2007
Частка XLVII У вышэйзгаданым кляштары Саф’яна з даўніх часоў жыў адзін меншы брат такой вялікай святасці і ласкі, што ўвесь ён здаваўся боскім, і часта быў захоплены Богам. Аднойчы, калі гэты брат, маючы асаблівую ласку сузірання, стаяў увесь захоплены і ўзняты Богам, прыляцелі да яго розныя птушкі і, нібы прыручаныя, селі яму на плечы, на галаву, на рукі і дзівосна спявалі. Ён быў вельмі самотны і рэдка гаварыў, але калі яго пыталіся пра што-небудзь, то адказваў так далікатна і мудра, што здаваўся хутчэй Анёлам, чым чалавекам, і валодаў моцнай малітвай і сузіраннем, а браты яго вельмі шанавалі. Калі гэты брат завяршаў шлях свайго дабрадзейнага жыцця, то згодна з воляю Божай смяротна захварэў, так, што не мог нічога есці, а таму адмаўляўся ад усялякага цялеснага лячэння, але ўвесь яго давер быў скіраваны да лекара нябеснага Езуса Хрыста благаслаўлёнага і да Яго благаслаўлёнай Маці, і ад Яе ён атрымаў боскую літасць ласкавага наведвання і суцяшэння. Аднойчы, калі ляжаў ён у ложку і рыхтаваўся да смерці ўсім сваім сэрцам і ўсёй сваёй пабожнасцю, з’явілася яму слаўная і шчасная Маці Хрыстова Панна Марыя з вялікім мноствам анёлаў і святых паннаў у цудоўным ззянні, і наблізілася да яго ложка. І пакуль ён глядзеў на Яе, то ахапілі яго вялікае суцяшэнне і радасць, як душу, так і цела, і пачаў ён пакорліва Яе маліць, каб папрасіла Яна свайго ўлюбёнага Сына сваім апякунствам вызваліць яго з турмы вартага жалю цела. І так працягваў ён маліцца з моцнымі слязьмі, але Панна Марыя, звярнуўшыся да яго па імені, сказала яму: «Не сумнявайся, сын Мой, бо Ён пачуў тваю просьбу, а Я прыйшла для таго, каб крыху суцешыць цябе перад тым, як ты пойдзеш з гэтага жыцця». Стаялі побач з Паннай Марыяй тры святыя панны, якія трымалі ў руках тры кубкі з цудадзейнай ежай неверагодна прыемнага водару. Тады слаўная Панна ўзяла і адкрыла адзін з кубкаў, і ўвесь дом напоўніўся пахам, а калі Яна ўзяла лыжкаю з таго кубка і дала хвораму, то як толькі ён паспрабаваў ежу, адчуў адразу такі супакой і такую пяшчоту, што, здавалася, душа яго не магла болей заставацца ў целе; тады ён пачаў гаварыць: «Хопіць, о найсалодкая Маці і Панна благаслаўлёная, і Збавіцельніца роду чалавечага, хопіць, о благаслаўлёная Лекарка, хопіць, бо я не вытрымаю такой пяшчоты». Але літасцівая і добрая Маці раз за разам працягвала ежу хвораму і давала яму есці, пакуль кубак не стаў пусты. Пасля таго, як апусцеў першы кубак, шчасная Панна ўзяла другі і апусціла ў яго лыжку, каб даць ежы хвораму, а той пяшчотна засмуціўся, кажучы: «О, благаслаўлёная Маці Божая, калі ўжо цяпер душа мая амаль размякчэла ад водару і слодычы першага кубка, то як я вытрываю другі? Я прашу Цябе, благаслаўлёная над усімі святымі і ўсімі анёламі, каб Ты больш мне нічога не давала». Адказала Святая Панна: «Паспрабуй, сын Мой, хоць трошкі з гэтага кубка. Суцешся, сын Мой, паколькі хутка Я прыду па цябе і павяду цябе ў царства Сына Майго, якога ты заўсёды шукаў і жадаў». І пасля гэтых словаў развіталася з ім і пайшла, а ён застаўся настолькі суцешаны і супакоены салодкасцю гэтага гасцінца, што на працягу некалькіх дзён жыў сыты і задаволены без аніякай цялеснай ежы. А праз некалькі дзён, весела размаўляючы з братамі, з вялікай радасцю і весялосцю перайшоў з гэтага беднага жыцця да жыцця шчаснага. Амэн.
Частка XLVIII Брат Якаў з Масы, якому Бог адкрыў дзверы сваіх сакрэтаў і даў дасканалае веданне і разуменне святога Пісання і будучых справаў, быў такой вялікай святасці, што брат Эгідзій з Асізі і брат Марк з Маніна, і брат Джынепро, і брат Люцыд гаварылі пра яго, што не ведаюць нікога ў свеце найвялікшага за яго, акрамя Бога. Я займеў вялікае жаданне пабачыць гэтага брата Якава, бо, калі я прасіў пра гэта брата Яна, паплечніка брата Эгідзія, патлумачыць мне пэўныя духоўныя рэчы, то ён мне сказаў: «Калі ты хочаш быць адукаваным у духоўным жыцці, паспрабуй пагаварыць з братам Якавам з Масы, бо і сам брат Эгідзій жадаў, каб той яго прасвяціў, і да словаў яго не мог нічога ні дадаць, ні адняць, бо яго розум узняўся да нябесных сакрэтаў, і словы яго былі словамі Святога Духа, і няма на зямлі іншага чалавека, якога б я так жадаў бачыць». Гэты брат Якаў на пачатку служэння брата Яна з Пармы, молячыся, аднойчы быў ахоплены Богам і прастаяў тры дні, ахоплены ўзрушэннем, не адчуваючы ніякага цялеснага пачуцця, і так, нічога не адчуваючы, стаяў, што браты пачалі турбавацца, ці не памёр ён. І ў гэтым захапленні было яму адкрыта Богам тое, што павінна было быць і здарыцца з нашым ордэнам, таму, калі я пра гэта пачуў, у мяне ўзнікла жаданне пабачыць яго і пагаварыць з ім. І калі па волі Божай я атрымаў магчымасць пагаварыць з ім, то прасіў яго наступным чынам: «Калі праўда тое, што я чуў пра цябе, я прашу, каб ты ад мяне гэтага не хаваў. Я чуў, што ты на працягу трох дзён быў амаль што мёртвы, і што між іншых рэчаў Бог адкрыў табе тое, што павінна здарыцца ў гэтым нашым ордэне, і пра гэта гаварыў брат Масей, міністр з Маркі, якому ты пра гэта распавёў дзеля паслушэнства». Тады брат Якаў з вялікай пакорлівасцю прызнаўся, што тое, пра што гаварыў брат Масей, было праўдай. І словы яго, гэта значыць словы згаданага брата Масея, міністра з Маркі, былі такія: «Я ведаю брата, якому Бог адкрыў усё, што здарыцца з нашым ордэнам, паколькі брат Якаў з Масы мне паказаў і расказаў, што пасля шматлікіх рэчаў, якія Бог адкрыў яму пра стан вандроўнага Касцёла, ён бачыў у візіі прыгожае, вельмі вялікае дрэва з залатым коранем, а пладамі яго былі людзі, і ўсе яны належалі да братоў мінарытаў. Галоўных галінаў было столькі, колькі правінцый у ордэна, і на кожнай галіне было столькі братоў, колькі іх было ў правінцыі, да якой належала гэтая галіна: і так ён даведаўся пра колькасць усіх братоў у ордэне і ў кожнай правінцыі, а таксама іх імёны, узрост, умовы і званні, ступені і вартасці, міласці і правіны ўсіх і кожнага. І ўбачыў брата Яна з Пармы на самым высокім месцы на галіне пасярод гэтага дрэва, а на вяршалінах тых галінаў, што былі абапал сярэдняй галіны, стаялі міністры ўсіх правінцый. А пасля гэтага пабачыў Хрыста, які сядзеў на вялікім зіхатлівым пасадзе; Хрыстус клікаў святога Францішка і даваў яму келіх, поўны жыццёвага духу, і падаваў яго са словамі: «Ідзі і наведай братоў сваіх, і дай ім выпіць з гэтага келіху, бо дух шатана ўздымецца супраць іх і будзе іх пераследаваць, і многія з іх упадуць і не падымуцца». І даў Хрыстус святому Францішку двух Анёлаў, каб яго правялі. І тады прыйшоў святы Францішак, і прынёс келіх жыцця братам сваім, і пачаў падносіць яго брату Яну, які ўзяў яго і выпіў хутка і пабожна, і адразу пачаў ззяць, нібы сонца. А пасля яго святы Францішак па чарзе падносіў келіх усім астатнім, але мала было тых, хто з адпаведнай пабожнасцю і пашанай бралі яго і ўсё выпівалі. Тыя, што бралі яго з пабожнасцю і выпівалі цалкам, адразу ж пачыналі ззяць, як сонца, тыя, што разлівалі і не бралі з пабожнасцю, рабіліся чорнымі, цёмнымі, жудаснымі і страшнымі з выгляду; тыя, што частку выпівалі, а частку разлівалі, рабіліся часткова цёмнымі, а часткова ззялі, у залежнасці ад таго, колькі выпівалі і колькі разлівалі. Але больш за ўсіх ззяў вышэй згаданы брат Ян, які больш за ўсіх выпіў з келіха жыцця, дзякуючы якому змог ва ўсёй паўнаце ўбачыць бездань бясконцага Божага святла і ў ёй разгледзеў нягоды і буру, што павінна была ўзняцца вакол гэтага дрэва, ускалыхнуць яго і патрэсці яго галіны. Таму згаданы брат Ян сышоў з вяршыні галіны, на якой стаяў, і, спусціўшыся долу па ўсіх галінах, схаваўся ля ўзножжа ствала дрэва і сядзеў там у роздуме. А брат Бонавэнтура, які часткова ўзяў келіх, а часткова разліў, падняўся на тую галіну і на тое месца, дзе раней быў брат Ян. І пакуль ён стаяў у тым месцы, пазногці на яго руках зрабіліся вострымі кіпцямі, заточанымі, нібы брытва, пасля чаго ён рушыў з таго месца, дзе стаяў, і хацеў кінуцца на брата Яна, каб нашкодзіць яму. Але брат Ян, пабачыўшы такое, моцна закрычаў, звяртаючыся да Хрыста, які сядзеў на стальцы, а Хрыстус на гэты крык паклікаў святога Францішка, даў яму востры крэмень і сказаў яму: «Ідзі і гэтым крэмнем абрэж брату Бонавэнтуры кіпці, якімі ён хацеў падрапаць брата Яна, каб ён не змог брату Яну нашкодзіць». Тады святы Францішак пайшоў і зрабіў так, як Хрыстус яму загадаў. І пасля таго, як гэта было зроблена, пачалася бура з ветрам, якая трэсла дрэва так моцна, што браты падалі на зямлю, а найперш падалі тыя, што разлілі ўвесь келіх жыцця, і д’яблы іх панеслі ў цёмныя і пакутлівыя месцы. А брата Яна разам з тымі, хто выпіў увесь келіх, панеслі Анёлы ў тое месца, дзе жыццё і вечнае святло, і шчаснае ззянне. І згаданы брат Якаў, у якога была гэтая візія, разумеў і разбіраў ва ўсіх падрабязнасцях тое, што бачыў, асабліва, што датычылася імёнаў, якасцяў і стану кожнага. І хапіла гэтай буры супраць дрэва, каб яно рухнула, і вецер панёс яго прэч. Адразу пасля таго, як бура скончылася, з залатога кораня гэтага дрэва пачало расці новае дрэва, усё залатое, а на ім выраслі лісце, кветкі і плады, таксама залатыя. Пра гэтае дрэва і пра яго рост, глыбіню і прыгажосць, водар і цноту лепей будзе цяпер маўчаць, чым гаварыць. Слава Хрысту. Амэн.
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык
|
|
|
|