|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі» на працягу апошніх гадоў правёў маштабныя археалагічныя даследаванні на тэрыторыі двара былога бэрнардынскага кляштара ў Мінску. Работы праводзіліся па заказе КУП «Мінская спадчына», якая выступае Заказчыкам работ па рэканструкцыі і рэстаўрацыі помніка архітэктуры XVII–XVIII стст. — комплексу будынкаў № 6, 8 па вул. Кірылы і Мяфодзія з прыстасаваннем пад гасцінічны комплекс і аб’екты гандлёва-бытавога прызначэння. Неабходнасць правядзення археалагічных даследаванняў была абумоўлена дзеяннем Закона Рэспублікі Беларусь ад 09.01.2006 г. «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» і «Палажэння аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ» (Пастанова Савета Міністраў РБ ад 22.05.2002 г., № 651). Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 119,5/25167) комплексу будынкаў былога кляштара бэрнардынаў (XVII–XIX стст.) нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «2», якая пад шыфрам 712Г000081 унесена ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Гісторыя касцёла і кляштара, якія праіснавалі з 1624 па 1864 г., у той ці іншай ступені асветлена ў шэрагу артыкулаў1, аднак спецыялізаванае гістарычнае і архітэктурнае даследаванне комплексу дагэтуль не праведзена. Археалагічнае даследаванне кляштара і яго двара пачалося ў 2007 г. (кіраўнік Ю.У. Каласоўскі) і працягнулася ў 2008, 2010 гг. (кіраўнік А.М. Мядзведзеў). За гэты час было вывучана больш як 1000 кв.м пры магутнасці культурнага слоя 1,0–2,5 м. Па сённяшні дзень праводзіцца археалагічны нагляд за землянымі работамі, якія ажыццяўляюцца вакол будынка кляштара (кіраўнік В.І. Кошман).
У выніку гэтых работ атрымана вялікая калекцыя археалагічных артэфактаў, якую складаюць вырабы з гліны (ганчарнае начынне XII–XVIII стст. (венчыкі, сценкі, донцы гаршкоў, макотры), кафля (зялёнапаліваная і тэракотавая з раслінным і геаметрычным арнаментам XVII–XVIII стст.; паліваная і тэракотавая кафля з гладкай ліцавой пласцінай (XVIII ст.)), люлькі для палення тытуню; жалеза (нажы, праколкі, цвікі, падкоўкі на абцас, прадметы ўзбраення — наканечнікі коп’яў і стрэлаў, шпоры), каляровага металу (свінцовыя гандлёвыя пломбы XII–XIX стст., нумізматычны матэрыял, бранзалеты, пярсцёнкі, гузікі), шкла (фрагменты шкляніц, чарак, стопак, штофаў, ваконнага шкла), камня (асялкі, шыферныя праселкі) і г.д. Выяўленыя археалагічныя артэфакты цалкам укладаюцца ў храналагічны дыяпазон функцыянавання кляштара і, безумоўна, звязаны з побытавай і гаспадарчай дзейнасцю яго насельнікаў. Найбольш важным аказалася выяўленне напластаванняў ХІІ–ХІІІ стст., якія лакалізуюць на гэтай тэрыторыі адзін з пасадаў старажытнага Менска. Удалося зафіксаваць планіроўку шэрагу старажытных сядзібаў з агароджамі, якія фактычна не змянялі свайго месца з XII ст. да першай паловы XVII ст. Падчас даследавання раскопаў 2007, 2008, 2010 гг. было выяўлена мноства археалагічных аб’ектаў XII–XVIІI стст. (рэшткі фундамента будынка з арачнымі скляпеннямі, аснаванні печаў, гаспадарчыя і падпечныя ямы).
У выніку праведзеных работ можна адзначыць наступнае: 1) Культурны слой на дваравой тэрыторыі кляштара характарызуецца пашкоджанасцю напластаванняў з прычыны розначасовых земляных і будаўнічых работ і прадстаўлены цёмна-шэрым і чорным слоем з утрыманнем прапласткаў гліны, жоўтага пяску, спарахнелай драўніны і інш.; 2) Частка фундаментаў і сцены кляштара складзены з чырвонай цэглы-пальчаткі памерамі 28 х 14,5 х 5,7-6 см; 27 х 14,5 х 5,5 см; 32 х 15 х 6-6,5 см; 11,5 х 8,5 х 4,5-5 см на вапнавай рошчыне. У шэрагу месцаў фундаменты складзены ў тэхніцы opus mixtum, калі валуны буйных і сярэдніх памераў чаргуюцца з кладкай з цэглы-пальчаткі; 3) Культурныя напластаванні ўнутры памяшканняў і калідораў кляштара моцна папсаваныя розначасовымі перакопамі (працэсам узвядзення будынка і яго рамонтамі), а таксама правядзеннем камунікацый (вадаправод, ацяпленне, каналізацыя) у савецкі час; 4) Выяўлена паўночная частка прыкасцёльных могілак. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца фіксацыя на глыбінях 0,30–1,0 м (ад узроўню паверхні грунта ў цокальным паверсе кляштара) асобных чалавечых парэшткаў, прадстаўленых косткамі шкілету. Асабліва шмат гэтых парэшткаў выяўлялася ў калідоры і памяшканнях у заходнім крыле кляштара, набліжаным да паўночнага боку касцёла. Чалавечыя парэшткі фіксаваліся як у непасрэднай блізкасці ад фасада касцёла, так і на адлегласці да 20–25 м. У шэрагу выпадкаў разам з косткамі знаходзіліся драўляная труха і цвікі, што сведчыць аб пахаваннях у трунах. Відавочна, што гэта адзіны комплекс могілак, які размяшчаўся вакол касцёла і неаднаразова фіксаваўся пры археалагічных даследаваннях гандлёвых радоў, вывучэння падмуркаў касцёла ў 1980–2000 гады. Адметна, што частка пахаванняў была пашкоджана ўжо пры будаўніцве кляштара, што можа сведчыць як аб пэўным храналагічным разрыве паміж будаўніцтвам касцёла і кляштара, так і аб перабудовах комплексу пасля разбурэнняў сярэдзіны XVII і XVIII ст. Антрапалагічнае вызначэнне паказала, што косткі прадстаўлены шкілетнымі парэшткамі не меней як 51 чалавека, з якіх 32 былі дарослымі і 19 дзецьмі.
Большая частка археалагічнага матэрыялу, атрыманага падчас апошніх даследаванняў, знаходзіцца ў працэссе апрацоўкі, аднак ужо можна з упэўненасцю гаварыць аб тым, што дзякуючы гэтаму вывучэнню прыадкрыта адна з цікавых старонак старажытнай гісторыі Верхняга горада Мінска, хоць асноўныя адкрыцці яшчэ неперадзе. У планах навукоўцаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі падрыхтаваць і выдаць манаграфію па выніках раскопак бэрнардынскага двара ў Мінску.
|
|
|
|