|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
Лёс кантаты Лібрэта кантаты «Францішак Асізскі», напісанае паэтам Уладзіславам Сыракомлем (Людвікам Кандратовічам), не выклікала асаблівай увагі крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Яно было надрукавана ў 1857 г. у першым нумары альманаха «Teka Wileńska» (Вільня), дзе была змешчана таксама частка гістарычнага эсэ У. Сыракомлі пад назваю «Мінск». Польскі даследчык Фелікс Фарнальчык у 1972 г. даў наступную ацэнку апублікаваным у альманаху лібрэта і эсэ: «Гэтыя творы, як і некаторыя іншыя, напісаныя ў той жа перыяд, нечакана закраналі ноты пакорнай рэлігійнасці, у пэўным сэнсе нават згодніцтва і складання зброі ў барацьбе з сарматызмам. Гэтую з’яву можа растлумачыць тагачасны стан жыцця паэта, разбітага і прыгнечанага плёткамі, а таксама блізкае супрацоўніцтва з прыслужлівым рэдактарам „Teki“ Адамам Ганоры Кіркорам, што павінна было пацягнуць за сабою адрачэнне Сыракомлі ад празмерна радыкальных сацыяльных і палітычных акцэнтаў, якія не маглі быць ухваленыя патронам»1. Пры гэтым, пішучы пра тагачасны стан жыцця паэта, даследчык спасылаецца на ліст самога Уладзіслава Сыракомлі да Яна Хэнціньскага ад 15 лістапада 1857 года: «Колькі ж мне цяпер даводзіцца зносіць цяжкасцяў, цярпець болю, сапраўдных пакутаў на гэтай зямлі, — цяжка табе апісаць. У хворым сэрцы, у збалелай галаве такое бязладдзе, што я не магу скарыстацца нават самым дзейсным лекам ад духоўных пакутаў — працаю. Пяро выпадае з рук»2. Як бачым, той этап творчасці У. Сыракомлі, у які было напісана лібрэта «Францішак Асізскі», польскім даследчыкам ацэньваецца як упадніцкі, а сам твор згадваецца як вынік бясплённых духоўных пакутаў аўтара і сведчанне яго адступлення ад сапраўдных эстэтычных прынцыпаў. Такое меркаванне пра кантату бадай адзінае ў літаратуразнаўстве. Пра яго няслушнасць сведчыць найперш суб’ектыўная і неаргументаваная ацэначная характарыстыка, дадзеная даследчыкам і самому У. Сыракомлю, і яго выдаўцу А. Кіркору. Акрамя таго, існуе шэраг фактараў, няўлічаных Ф. Фарнальчыкам, якія дазваляюць абвергнуць гэтае меркаванне і разгледзець твор «лірніка вясковага» ў іншым кантэксце. Па-першае, аб працэсе стварэння «Францішка Асізскага» У. Сыракомля сам коратка піша ў прадмове да лібрэта, выдадзенага асобнаю кніжкаю ў 1859 годзе: «Прадмет натхніў нас у адзін момант. Па сваёй сутнасці ён патрабаваў араторыі, кантаты, адным словам, пэўнага музычнага апявання. У тую ж хвіліну мы паспяшаліся расказаць пра яго нашаму знакамітаму Станіславу Манюшку, а запал, з якім слаўны маэстра прыняў і падзяліў нашую думку, так горача паўплываў на нас, што гэтую кантату мы напісалі на адным дыханні»3. Відавочна, творчы ўздым, у якім прызнаваўся У. Сыракомля, не стасуецца з думкаю Ф. Фарнальчыка адносна «разбітага і прыгнечанага» духоўнага стану паэта ў час працы над кантатаю, нават калі ўлічыць той факт, што ў год яе напісання У. Сыракомля сапраўды перажываў моманты духоўнага і творчага крызісу. Па-другое, працуючы над гэтым творам, У. Сыракомля, як ніхто іншы ў гэты перыяд развіцця літаратуры Беларусі, ішоў у нагу з часам, таму што менавіта ў ХІХ стагоддзі, з росквітам Рамантызму, у еўрапейскай культуры ажыў культ святога Францішка Асізскага. Па-трэцяе, варта ўлічыць, што лібрэта У. Сыракомлі было напісана ў час пераследу Касцёла на землях былой Рэчы Паспалітай і ў перыяд паміж нацыянальна-вызваленчымі паўстаннямі. У гэтым кантэксце можна здзіўляцца рэлігійна-патрыятычнаму зместу твора, пры ўважлівым прачытанні якога кідаюцца ў вочы менавіта тыя «сацыяльныя і палітычныя акцэнты», што адмаўляў Ф. Фарнальчык. Апошнія два аргументы варта разгледзець больш шырока, каб акрэсліць значэнне гэтага твора У. Сыракомлі ў гісторыі літаратуры Беларусі эпохі Рамантызму.
Адраджэнне культу Так, паводле шматлікіх даследаванняў, менавіта дзякуючы асобе святога Францішка Асізскага Італія стала радзімаю еўрапейскага Адраджэння, а само францішканства на працягу стагоддзяў мела істотны ўплыў на развіццё сусветнай культуры. ХІХ стагоддзе асаблівым чынам палюбіла св. Францішка. Прааналізаваўшы шэраг фактараў, мы ўбачым, што цяжка ўявіць сабе развіццё Рамантызму без вяртання да таго віду духоўнасці, якая была сфармавана францішканскім рухам. Да росквіту культу св. Францішка яшчэ на пачатку ХІХ ст., хутчэй за ўсё, спрычыніліся дзве важныя гістарычныя падзеі: адкрыццё астанкаў святога, якое адбылося 12 снежня 1818 г., пасля пяцідзесяці дзвюх начэй сакрэтных раскопак (дазволеных Піем VII)4, а таксама знаходка самых ранніх біяграфічных крыніцаў — «Першага» і «Другога» жыцій Францішка Асізскага, напісаных Фамой Чэланскім адпаведна ў 1229 і 1247 гадах. Абедзве гэтыя біяграфіі, як і некаторыя іншыя крыніцы, былі цалкам знішчаныя ў 1266 г. згодна з рашэннем генеральнага капітула, які зацвердзіў афіцыйны статус «Вялікай легенды» св. Бонавэнтуры з Баньорэджо як адзінага ўвасаблення вобраза св. Францішка. «Першае» жыціе было знойдзена і ўпершыню апублікаванае толькі ў 1768 г., а «Другое» — адкрытае ў канцы XVIII ст. і надрукаванае ў 1806 годзе5. Гэтыя фактары, а таксама пераклад «Кветачкаў святога Францішка» на нацыянальныя еўрапейскія мовы, спрычыніліся да таго, што ў перыяд Рамантызму асоба Асізскага Бедачыны была як бы нанова адкрытая. Да таго ж зразумела, што ў эпоху Асветніцтва, якая папярэднічала Рамантызму, не магла ўзнікнуць моцная зацікаўленасць святым містыкам. Якія ж матывы францішканства выклікалі асаблівую сімпатыю ў рамантыкаў? Па-першае, гэта сам характар францішканскай дзейнасці, якая, паводле італьянскага даследчыка Аўгустына Джэмэллі, выклікала два эфекты: універсальны і прыватны: «Універсальны — гэта распаўсюджанне больш „сыноўняй“, інтымнай і даверлівай рэлігійнасці <...>; прыватны — гэта імпульс развіцця індывідуальнасці ў асобных людзей і народаў. <...> У народаў францішканства <...> спрыяе развіццю рэгіянальных і нацыянальных (калі яны ёсць) рысаў, гаворачы на іх мове, выконваючы іх мелодыі, упарадкоўваючы і асвячаючы іх працу, вывучаючы іх звычаі, звяртаючыся да іх ідэалаў і прывязанасцяў, каб скіраваць іх да Бога»6. Прынцыпы канкрэтнай любові і актыўнай дзейнасці, якія мелі асноўнае значэнне для асізскага святога ў ХІІ ст., былі роднаснымі для культуры эпохі Рамантызму, што звярталася да Сярэднявечча і ідэалізавала яго як «залаты век» еўрапейскай культуры. Па-другое, рамантыкам імпанавала асоба святога Францішка як Божага вандроўніка і паэта прыроды. Ні да яго, ні пасля яго не было святога, які быў бы настолькі моцна пачуццёва звязаны з прыродаю, што мог нават прапаведаваць жывым істотам і ўтаймоўваць стыхіі. Па словах французскага даследчыка літаратуры і прафесара Сарбоны, благаслаўлёнага Антуана Фрэдэрыка Азанама, гэтую моц св. Францішка «можна хіба што прыняць, можна толькі растлумачыць сілаю любові, якая рана ці позна любоў выклікае і заваёўвае»7. А. Ф. Азанам прысвяціў цэлае даследаванне развіццю італьянскай францішканскай паэзіі ў ХІІІ ст., выдаўшы яго асобнаю кнігаю «Studi sulla poesia franceskana nel secolo XIII» (1852; цытаты ў артыкуле падаюцца паводле нямецкамоўнага перакладу гэтага выдання), дзе назваў св. Францішка Арфеем Сярэднявечча. Верагодна, пры напісанні гэтай працы А. Ф. Азанам знаходзіўся пад уплывам брашуры нямецкага рамантыка Ёзафа Гёррэса «Der heilige Franziskus von Assisi. Ein Troubadur» («Cвяты Францішак Асізскі. Трубадур»; 1828) і запазычыў з яе шмат арыгінальных думак. Ё. Гёррэс упершыню звярнуў увагу на рыцарскія і трубадурскія якасці святога, і гэтая навізна ў разуменні яго асобы асабліва важная для нас у тым кантэксце, у якім была напісана кантата У. Сыракомлі «Францішак Асізскі».
Адступленне ад прынцыпаў Адметна, што ў кантаце святы з Асізі паўстае ў дзвюх трубадурскіх іпастасях: як пясняр Бога і як пясняр айчыны. І ў першай, і ў другой іпастасі ён перажывае духоўную барацьбу: спачатку з салаўём, а затым з самім сабою. Паводле прызнання У. Сыракомлі, ідэю для свайго твора і сюжэт спаборніцтва з салаўём ён узяў з даследавання А. Ф. Азанама, а менавіта са складзенага ім жыццяпіса св. Францішка з мэтаю патлумачыць «Боскую камедыю» Дантэ.8 У французскага даследчыка ёсць вельмі сціслая, але сапраўды натхняльная згадка, з якой, па ўсёй верагоднасці, і зыходзіў У. Сыракомля: «У часы юнацтва ён [Францішак. — Г. С.] напаўняў сваімі песнямі завулкі Асізі, а пасля навяртання Францішка яго пабожныя спевы адгукаліся рэхам у пустках. Аднойчы вечарам там яго крануў да слёз спеў салаўя, і Францішак адчуваў, што павінен адказаць на яго. Абодва позняй ноччу пачалі праслаўляць Бога. Легенда распавядае таксама аб тым, што Францішак першы выбіўся з сілаў і ўсхваляў птушку за тое, што яна перамагла яго»9. Сутнасць жа гэтага спаборніцтва, паводле твора У. Сыракомлі, заключалася ў тым, каб даведацца, хто са стварэнняў здольны найлепш праславіць Бога — чалавек, душа якога часам абцяжараная эгаізмам, але здольная любіць, плакаць і раскайвацца, або птушка, якая заўжды спявае шчыра, бескарысліва і проста — так, «як сніць душа», але шчабеча толькі адну песеньку. Паводле знешняга развіцця сюжэта, салавей сапраўды перамагае Францішка. Але У. Сыракомля раскрывае ў сваім творы ўлюбёную рамантыкамі «ўнутраную рэчаіснасць», у якой выяўляецца, што Бог насамрэч неабдымны і ніякі гімн хвалы не здолее выказаць усю Яго славу і веліч. Таму фактычна пераможцы ў гэтым спаборніцтве Божых стварэнняў быць не можа. Акрамя таго, кантата пачынаецца і заканчваецца агульным хорам, які заахвочвае анёлаў, людзей і птушак спяваць «малітву сусвету». Хіба што менавіта гэтая малітва здольная выказаць хвалу Богу, калі яна з’яднае ўвесь свет «адным пачуццём» — нябачнай, але гарманічнай сувяззю, якая ў эстэтыцы Рамантызму адпавядае ідэі correspondances10. Аднак эпізодам спаборніцтва святога Францішка з салаўём Сыракомлева запазычанне з расповеду А. Ф. Азанама заканчваецца. Пасля гэтага паэт уводзіць у канфлікт яшчэ адну ідэю — ідэю апявання і праслаўлення айчыны. Яе ўвасабляе грамада менестрэляў, якія разам з войскам рыцараў праходзяць праз тыя мясціны, дзе Францішак размаўляў з прыродаю і аддаваўся забыццю ў малітоўным экстазе, што, зрэшты, было вынікам усведамлення яго бяссілля ў спробе праславіць Бога. У той час як рэха песні менестрэляў «свавольна змешваецца з урачыстым гімнам прыроды», Францішак сутыкаецца з новаю «спакусаю», здавалася б, самаю высакароднаю — паддацца запалу, якім ён гарэў у маладосці, марачы стаць рыцарам, і скласці спеў на хвалу айчыны. На гэты раз Францішак таксама застаецца пераможаным — жаданнем уласнага сэрца. Пазнейшае раскаянне святога ў тым, што ён звярнуўся душою да свецкае песні, запалаў зямною жарсцю, зусім не азначае, што ў творы сцвярджаецца пагарда да зямных, прамінальных рэчаў (магчыма, у гэтым даследчык Ф. Фарнальчык і бачыў уцёкі У. Сыракомлі ад сацыяльных і палітычных акцэнтаў), дый такая пазіцыя зусім не адпавядае францішканскай духоўнасці11. У гэтым павароце сюжэта выяўляецца іншая ідэя — свабода сэрца. Яна дазваляе горача любіць айчыну, але не заклікае «спяваць пры двары яе ўладароў». Такім чынам у створаным У. Сыракомлем вобразе Францішка Азіскага трубадур, пясняр Бога, выцясняе трубадура рыцарскай дружыны, які ўжо паводле самога значэння слова «знаходзіцца на службе» і, як не раз падкрэслена У. Сыракомлем, спявае па загадзе. У гэтым сэнсе паэт узнімаў праблему мастацтва і яго ўзаемаадносінаў з зямным валадарствам. А тое, што У. Сыракомля напісаў твор пра святога Францішка ў час пераследу Касцёла ў сваёй айчыне, яшчэ раз выяўляе яго асабістае стаўленне да гэтай праблемы. Выснову з усіх разважанняў хацелася б угрунтаваць на яшчэ адным выказванні А. Ф. Азанама, якое, па ўсёй верагоднасці, мог ведаць і У. Сыракомля: «Рэлігійным і палітычным ідэям <...>, нібы зброя, павінна быць падпарадкаванае слова. Перш чым яны запануюць над душамі, яны павінны быць абвешчаныя не на мове вучоных, а на мове ўсіх, і перш чым яны ўтвораць народ, яны павінны стварыць літаратуру»12. Калі аднесці гэтае выказванне да кантаты «Францішак Асізскі», то можна яшчэ раз пераканацца ў тым, што з дапамогаю вобраза вялікага святога У. Сыракомля падпарадкоўвае патрыятычную ідэю духоўнай і абедзве разглядае ў дачыненні да мастацтва слова. Важна таксама, што ўся творчасць У. Сыракомлі прыпала на перыяд нацыятворчага працэсу сярод этнасаў былой Рэчы Паспалітай, і ў фармаванні беларускага народа яго двухмоўная паэзія, несумненна, была той зброяй, пра якую пісаў французскі даследчык. Не выключана і тое, што праз вобраз Францішка Асізскага У. Сыракомля прапаноўваў беларускаму мастацтву слова патэнцыяльны шлях развіцця, а творцам рабіць свой выбар — ісці па слядах «святога вызнаўцы» ці «ляснога спевака» (салаўя) і «пасланніка забавы» (менестрэля), што, зрэшты, было актуальным пытаннем ва ўсе часы.
Гл. таксама:
|
|
|
|