Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Тамаш КЭМПІЙСКІ

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ

Пачатак у №2(40)/2007

Разьдзел LIV
Аб розных праявах прыроды і ласкі

1. Сыне, уважай старанна на праявы прыроды і ласкі, бо хоць зусім розныя яны між сабою, аднак часта выглядаюць надта падобныя, а таму толькі духовы і ўнутрана асьвечаны чалавек адрозьніць іх ад сябе.

Усе людзі хочуць дабра і імкнуцца да яго пры кожнай гутарцы ці рабоце, і вось чаму абманваюцца многія ў тым, што завуць дабром.

Прырода хітрая і шмат каго маніць, апутвае ды зводзіць, а сябе самую заўсёды за мэту мае.

Ласка ж простымі сьцежкамі ходзіць, уцякае ад усенькага благацьця, ня хоча быць хітраю, усё дзеля Бога робіць і ў Ім як у канчаткавай мэце супачывае.

2. Прырода ня хоча ўміраць дзеля сябе, ня хоча ведаць ніякага прымусу, ня хоча, каб за яе быў нехта вышэйшы, ня хоча падпарадкавацца ды самахоць браць на сябе ярмо.

Ласка ахвотна прыстае на ўмярцьвеньне сябе, змагаецца з пачуцьцёвасьцю, шукае ярма, хоча быць пераможанаю і ня імкнецца быць свабоднаю, любіць падпарадкавацца, не жадае нікім валодаць, а хоча заўсёды жыць, існаваць і трываць пад уладай Бога для Бога і ўсякаму стварэньню людзкому гатова падацца.

Прырода працуе сабе на карысьць ды ахвотна карысьці глядзіць сабе такжа і ад іншых.

Ласка ж мяркуе не аб тым, што ей карыснае ды спагаднае, а больш зважае на тое, што карысна іншым.

Прырода ахвотна прымае пашану і чэсьць.

А ласка верна аддае ўсенькі гонар ды славу Богу.

3. Прырода палохаецца сораму ды пагарды.

Ласка весяліцца, церпячы зьдзек дзеля Імя Езуса (Дз 5, 41).

Прырода любіць гультайства і адпачынак цела.

Ласка ня можа аставацца бяздзейнаю і надта любіць працу.

Прырода глядзіць толькі цікаўнага ды прыгожага, а брыдзіцца звычайным і скромным.

Ласка любіць усё простае і ўбогае, ня палохаецца яна шорсткага і прыкрага, ліхою вопраткаю адзецца гатова.

Прырода аглядаецца на дачаснае, цешыцца карысьцю зямною, сумуе, калі згубіць нешта з маёмасьці, ды злуе на самае нязначнае слова абразы.

А ласка зважае толькі на вечнае, ня імкнецца да дачаснага, не шкадуецца, калі што і згубіць, ды ня злуе на самыя дрэнныя словы, бо скарб свой і радасьць у небе злажыла, дзе нічагусенька не прападае.

4. Прырода скупая і ахватней бярэ, чымся дае, і любіць уласнае ды асабістае.

А ласка міласэрная, яна на іншых прадусім зважае, сама здавольваецца самым маленькім ды думае, што лепш даваць, чымся браць (Дз 20, 35) ад каго.

Прырода мае нахіл да стварэньняў і ўласнага цела, да марнасьцяў ды пустых разрываў.

А ласка падымаецца да Бога і да цнотаў, зракаецца зусім стварэньняў, уцякае ад сьвету, ненавідзіць пажаданьняў цела, спыньвае лішнія гульні і сароміцца на сьвет паказвацца.

Прырода ахвотна аглядаецца на вонкавыя пацехі, дзе бачыць спадобу пачуцьцям.

А ласка толькі ў Богу адным шукае палёгкі і бачыць радасьць у дабры Найвышэйшым і вялікшым за ўсё відомае.

5. Прырода ўсё робіць дзеля ўласнае карысьці і выгоды, ня хоча нічога рабіць дарма, а калі што добрае і зробіць — дык заўсёды спадзяецца за гэта нечага роўнага або лепшага, спадзяецца пахвалы ці асабістай увагі і заўсёды жадае, каб многа гаварылі аб яе падзеях і дарах.

Ласка ж не аглядаецца зусім на дачаснае, ня хоча іншае нагароды, як толькі Бога самога; і ўсяго столькі глядзіць на дачаснае, сколькі трэба, каб памагло яно дзеля здабыцьця спраў вечных.

6. Прырода весяліцца з шматлікіх прыяцеляў і блізкіх, пышніцца знатным месцам ды шляхотным родам, падлізваецца да магутных, прыміляецца да багатых, хваліць такіх, як сама.

А ласка любіць на’т ворагаў ды ня пышніцца вялікім лікам прыяцеляў; не глядзіць на тое, якога хто роду або якога месца, а глядзіць толькі, хто мае цноту вялікшую.

Спагадае больш беднаму, чымся багачу, больш нявіннаму, чымся магутнаму, больш шчыраму, чымся крывадушнаму.

Добрых заахвочвае заўсёды, каб імкнуліся яшчэ да лепшага ды каб цнотамі сваімі насьледавалі Сына Божага.

Прырода хутка наракае на нястачы ды беды.

Ласка цярпліва трывае ўсенькія нястачы.

7. Прырода толькі аб сабе думае, дзеля сябе толькі змагаецца, горне ўсё да сябе.

А ласка ўсё датасоўвае да Бога, які ўсяго ёсьць пачаткам; ласка сабе нічога добрага не прыпісвае ды не спадзяецца на сябе самапэўна; не спрачаецца з іншымі, свае думкі ня лічыць важнейшымі за іншых, але ў кожнай сваёй думцы і разуменьні мяркуецца паводле вечнае мудрасьці ды Божага суду.

Прырода хоча ведаць усе таёмнасьці і чуць аб усіх навінах, хоча, каб яе ўсюды бачылі і каб чым найбольш дазнаць змысламі, хоча, каб быць прызнанай і каб усё рабіць дзеля сваёй славы і значэньня.

А ласка не ганяецца за навінамі і за цікавасьцямі, бо ўсё гэта плод старой папсаванасьці, бо нічога новага і трывалкага няма на зямлі.

Вучыць яна яшчэ стрымліваць пачуцьці, сьцерагчыся марнае самапэўнасьці і пакорнасьці, хавацца з усім, што варта хвальбы ды з чаго можна падзівіцца, у кожнай рэчы, у кожнай ведзе шукаць карысьці для душы, а такжа чэсьці і славы Божае.

Ня хоча яна ніякае пахвалы для сябе, але пажадае, каб за ўсе дары быў бласлаўлёны Бог, каторы ўсё шчодра дае з чыстае міласьці.

8. Ласка — гэта сьвятло надпрыроднае і адумысловы дар Божы, гэта пэўная прыкмета выбраных Богам і задатак вечнага збаўленьня; ласка адрывае чалавека ад зямлі і падносіць аж да міласьці неба, а такжа чалавека змысловага перайначвае на духовага.

Дык вось, чым больш чалавек прыроду агранічае і перамагае, тым вялікшая на яго ласка зыходзіць і штодзённымі адведзінамі сваімі вырабляе яго ўнутрана паводле падабенства Божага.

 

Разьдзел LV
Аб сапсуцьці прыроды і аб дзейнасьці ласкі Божае

1. Пане Божа мой, які стварыў мяне паводле вобразу ды падобнасьці сваёй, дай мне сваю ласку, якая, як паказаў Ты мне, гэтак вялікая і неабходная дзеля збаўленьня, каб перамог я найгоршую сваю прыроду, якая валачэ мяне ў грахі і на загубу.

Бо чую я ў целе сваім закон грэху, які пярэчыць закону розуму майго (Рым 7, 23) ды які шмат у чым цягне мяне, быццам бы палоненага, да паслухмянасьці цялеснасьці; дык не магу я бароццца з дрэнным, са сваімі нахіламі без падмогі ласкі Тваёй, якая напаўняе і разагравае сэрца маё.

2. Трэба мне ласкі і вялікай ласкі Тваёй, каб перамагчы прыроду, якая ад маленькасьці мае нахіл да благацьця.

Бо праз упадак першага чалавека Адама пляма грэху пала на ўвесь род чалавечы, а прырода чалавека, якую Ты стварыў добрай і праўдзівай, так многа аказалася сапсутай, што самая назова прыроды ўважаецца за назову заганаў, дзеля таго, што пакінутая сама сабе, да злога і да нізкіх спраў яна цягне.

А тая невялічкая сіла, якая нам асталася, гэта быццам іскрачка, што тлее яшчэ ў попеле.

Гэная сіла і ёсьць розум прыродны, акружаны густою імглою; яшчэ ён патрапіць адрожніць добрае ад благога, праўду ад няпраўды, аднак нядужы ён зрабіць тое, што здаецца яму добрым, ды не валодае ён ужо поўным сьвятлом праўды ды даўнейшаю чыстатою нахілаў сваіх.

3. Вось скуль яно, Божа мой, што люблю я закон Твой паводле таго, як гэта робіць чалавек унутраны (Рым 7, 22), бо ведаю, што загады Твае добрыя, справядлівыя і сьвятыя, бо паказваюць яны, што сьцерагчыся трэба ўсялякага благацьця ды ўцякаць ад грахоў.

Цела ж маё слухаецца закону грэху, таму і больш я паслухмяны пачуцьцёвасьці, чымся розуму.

Дзеля гэтага хоць ахвоту да добрага я маю, ня здолею, аднак, яго зьдзейсьніць (Рым 7, 18).

Дзеля гэтага часта маю я добрыя намеры, а таму, аднак, што ласкі Тваёй не хапае падмагчы нядужасьць маю, пры маленькай супраціўнасьці ўпадаю і назад адступаю.

Дзеля гэтага трапляецца, што бачу я шлях дасканальнасьці ды на’т даволі ясна бачу, што мне рабіць трэба, аднак пад цяжарам уласнае папсаванасьці падняцца да дасканальнасьці ніяк не магу.

4. О, як надта патрэбна мне ласка Твая, Пане, каб пачаць нешта добрае, каб паступаць у добрым штораз далей ды вытрымаць гэтак да канчатку!

Бо без яе нічога не патраплю зрабіць, а ўсё здолею з Табою, з дапамогаю ласкі Тваёй.

О, сапраўды нябесная ласка, без якой нямашака ніякай уласнай заслугі, без якой нічогасьць усе дары прыроды!

Мастацтва, багацьце, хараство, магутнасьць, розум, красамоўнасьць — усё гэта нічогасьць перад Табою, Пане, калі ласкі не хапае.

Бо дары прыроды супольныя добрым і благім, а ласка — гэта адумысловы дар дзеля выбраных Богам, ласка — гэта ёсьць дар любові Тваёй, якой карыстаюцца годныя вечнага жыцьця.

Ласка настолькі вялікшая за ўсё, што і дар прароцтва, і дар магчымасьці робіць цуды, ці нейкія самыя глыбокія разважаньні без яе былі б нічым.

Бо ані вера, ані надзея, ані іншыя цноты — ня мілыя Табе бяз любові ды ласкі.

5. О, найбольш бласлаўлёная ласка, якая ўбогага духам багатым робіць цнотамі, а багатага вялікаю маёмасьцю робіць спакораным у сэрцы!

Зыдзі, прыдзі да мяне, напоўні мяне ад самае раніцы тваёй пацехаю, каб не аслабла душа мая ад нядужасьці ды сухасьці.

Малю Цябе, Пане, дай найсьці ласку ў вачох Тваіх, бо хопіць мне ласкі Тваёй, хоць бы не атрымаў я таго, чаго пажадае прырода.

Калі нападуць на мяне пакусы ды будуць мучыць розныя турботы — не спалохаюся, калі ласка Твая будзе са мною.

Яна ж сіла мая, рада і падмога.

Магутнейшая яна за ўсіх ворагаў, а мудрасьці ў ёй больш за ўсіх мудрых з усяго сьвету.

6. Яна вучыцелька праўды, настаўніца паслухмянасьці законам, яна сьвятлом сэрцу, пацехаю ў турботах, яна праганяе сумаваньне, забірае спалох, корміць пабожнасьць дый яна крыніцаю сьлёзаў салодкіх.

Што ж я без яе, калі ня дрэва ссохлае, камень бескарысны, які кінуць толькі ў вагонь?

Няхай жа Твая ласка, Пане, заўсёды мяне і папярэджвае і сьледуе за мною, ды няхай яна кіруе мяне да дабрадзейнасьці — праз Езуса Хрыста, Сына Твайго. Амэн.

 

Разьдзел LVI
Трэба зрачыся нам сябе самых,
а несучы крыж, Езуса насьледаваць

1. Сыне, насколькі кінеш сябе, настолькі злучышся са Мною.

Як той, хто нічога ня хоча ад сьвету — у супакоі жыве, таксама хто зрачэцца ўнутрана самога сябе — злучыцца з Богам.

Я хачу навучыць цябе дасканальнага самазрачэньня, падпарадкавацца волі Маёй бяз ніякага пярэчаньня ды нараканьня.

Насьледуй Мяне, бо ж Я шлях, праўда і жыцьцё (Ян 14, 6). Бяз шляху ісьці немагчыма, бяз праўды ня можна ведаць, а бяз жыцьця — жыць немагчыма. І таму Я шлях, якім ісьці табе трэба, Я праўда, якой верыць табе трэба, Я жыцьцё, якога павінен ты спадзявацца.

Я шлях просты, праўда, якая ніколі ня мыляецца, жыцьцё безканечнае.

Я шлях найпрасьцейшы, праўда найвышэйшая, жыцьцё сапраўднае, жыцьцё бласлаўлёнае, жыцьцё нястворанае.

Калі не пакінеш шляху Майго, пазнаеш праўду, а праўда асвабодзіць цябе, і гэтак атрымаеш жыцьцё вечнае.

2. Калі хочаш трапіць да жыцьця — спаўняй загады Мае (Мц 19, 17).

Калі хочаш праўду спазнаць — вер ты Мне.

Калі хочаш быць дасканалым — прадай усё (Мц 19, 21).

Калі хочаш быць вучнем Маім — зрачыся самога сябе (Лк 9, 23).

Калі хочаш валодаць жыцьцём бласлаўлёным — пагарджай сучасным.

Калі хочаш быць вышэйшым у небе — спакарайся на зямлі.

Калі хочаш валадарыць са Мною — нясі крыж са Мною.

Бо адны толькі слугі крыжа бачаць шлях бласлаўлёнасьці ды праўдзівага сьвятла.

3. Пане Езу, затым, што цяжкім было жыцьцё Тваё ды ў пагардзе ў сьвету, дай і мне насьледаваць Цябе ды гардзіць сьветам.

Бо не вялікшы слуга за Пана свайго, а вучань за вучыцеля (Мц 10, 24).

Дык няхай практыкуецца слуга Твой у жыцьці Тваім, бо там збаўленьне маё і сьвятасьць сапраўдная.

І ўсё, што іншае чытаю або чую недзе — ані дае мне аддышкі, ані поўнага збаўленьня.

4. Сыне, калі ўсё гэта ведаеш ды прачытаў ты ўжо ўсё, бласлаўлёным будзеш, калі пачнеш гэтак рабіць.

Хто помніць загады Мае і слухае іх — той любіць Мяне, і Я таго любіць буду і аб’яўлюся яму (Ян 14, 21), і пасаджу яго з сабою ў Валадарстве Айца Майго.

5. Няхай будзе гэтак, як казаў Ты і абяцаў, і каб жа здолеў я заслужыць на тое!

Узяў, узяў я крыж з рукі Тваёй і панясу яго, панясу аж да сьмерці, паводле таго, як казаў Ты мне.

Сапраўды, жыцьцё добрага законьніка ёсьць крыжам, але крыжам, які вядзе нас у рай.

Пачаў ужо я яго — назад варочацца нягожа мне і кідаць не належыцца.

6. А ну, браты, кранемся разам: Езус будзе з намі!

Дзеля Езуса ўзяліся мы за гэны крыж, дзеля Езуса трэба вытрываць у крыжы.

Памагальнікам будзе ён нашым, начальнікам ды правадніком.

І вось перад намі Кароль наш, які будзе змагацца за нас.

Дык сьмела ўсе за Ім! Няхай ніхто не палохаецца, будзем гатовыя мужна памерці ў змаганьні і высьцерагацца спляміць славу сваю, уцякаючы ад крыжа.

 

Разьдзел LVII
Ня трэба чалавеку надта палохацца,
калі ён у нечым памыліцца

1. Больш мне падабаецца цярплівасьць і пакорнасьць у няшчасьцях, чымся вялікая радасьць ды пабожнасьць у шчасьці.

Чаму ж ты сумуеш, калі хоць крыху цябе зганіць?

Хаця б на’т гэтага і больш было, дык не глядзі зусім на гэта.

Няхай само яно міне: гэта не ўпяршыню, гэта ж нічога новага ды і не апошні раз, калі доўга жыць будзеш.

Ты мужны датуль, пакуль ня сустрэнеш чагосьці супроцьнага.

Добра тады раіш іншым ды заахвочваеш іх словамі, а калі заглянуць табе неспадзеўкі ў дзьверы нейкія турботы — прападае і твая сіла, і рада.

Разваж вялікую нядужасьць сваю, якая перамагае цябе на’т і ў маленькіх зусім справах, аднак жа ўсё, што трапляецца табе, карысна дзеля збаўленьня твайго.

2. Праганяй як найлепш усякія трывогі з сэрца, а калі нешта новае і пачне табе дакучаць, няхай цябе доўга не трывожыць і не перамагае.

Прынамсі цярпліва трывай, калі ня здоляеш трываць вясельлем.

А калі слухаеш чаго неахвотна і нездаволенасьць з’яўляецца ў табе, стрывай і ня дай, каб вышла з вуснаў тваіх неасьцярожнае слова, якое згоршыла б меншых.

Хутка супакоіцца злоснасьць твая, вернецца ласка і асалодзіць унутраны боль.

Яшчэ жыву Я — кажа Пан — гатоў памагчы табе ды больш, чымся заўсёды, пацешыць цябе, калі стрываеш у веры Маёй ды будзеш клікаць Мяне пабожна.

3. Будзь больш зраўнаважаным ды прыгатаўляйся стрываць яшчэ большае нешта.

Ня ўсё прапала, калі адведваюць цябе турботы ды мучаць пакусы.

Чалавек жа ж ты, а не Бог, цела, а не анёл.

Якім чынам здоляеш ты заўсёды ў аднолькавай цноце стрываць, калі не патрапілі гэтага і анёлы ў небе ды першы чалавек у раі?

Я абнядужаўшых падтрымліваю і тых, якія прызнаюцца да нядужасьці сваёй, падымаю да Боскасьці сваёй.

4. Няхай будзе, Пане, бласлаўлёнае слова Тваё, салодшае за мёд вуснам маім (Пс 118, 103).

Што ж патрапіў бы я сярод гэткіх турботаў і бедаў сваіх, калі б не падтрымліваў Ты мяне сваім словам сьвятым?

Калі б я трапіў да дзьвярэй збаўленьня, дык якая ж там бяда, што гэтулькі і такіх бедаў стрываў?

Дай добры канчатак, дай мне сьмерць шчасьлівую!

Памятуй аба мне, Божа мой, ды вядзі мяне простым шляхам да Валадарства Твайго. Амэн.

З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч

Працяг будзе


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY