Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Уладзімір КОНАН

КАЛЯ ВЫТОКАЎ
БЕЛАРУСКАЙ ТЭАЛОГІІ:
КІРЫЛА ТУРАЎСКІ

Помнік Кірылу Тураўскаму
ў яго родным горадзе.
Скульптар Міхась Інькоў.

Продкі беларусаў далі хрысціянскаму свету трох выдатных тэолагаў і асветнікаў. Смаленскія крывічы выхавалі першага на Русі мітрапаліта славянскага роду Клімента Смаляціча. Крывічоў-палачанаў праславіў князь-чарадзей Усяслаў Брачыславіч. За сваё доўгае княжанне ў Полацку (1044–1101) ён стварыў вялікую дзяржаву — правобраз будучай Беларусі. Ягоная ўнучка княжна Прадслава праславілася пад імем ігуменні і асветніцы Еўфрасінні Полацкай (каля 1110–1173). Урэшце, беларускае Палессе, старадаўняе Тураўскае княства, зямля дрыгавічоў, дала хрысціянскаму свету царкоўнага паэта, тэолага і філосафа, паводле словаў летапісца, «паче всех воссиявшего нам на Руси», Кірыла, епіскапа Тураўскага.

Ці выпадкова Беларусь у ХІІ ст. стала калыскаю трох выдатных асветнікаў, паэтаў, багасловаў і прамоўцаў? Відавочна, што не выпадкова. Для беларускай культуры полацкага і турава-пінскага перыядаў (ХІ–ХІІ стст.) характэрныя прыкметы паскоранага развіцця дзяржаўнай, прававой і рэлігійнай свядомасці, высокі ўзровень ужытковага і архітэктурнага мастацтва (полацкая і гарадзенская школы дойлідства), літаратуры (Тураўскае Евангелле ХІ ст). Гэта быў пачатак раннехрысціянскага адраджэння, народжанага сінтэзам творчых парываў маладога напаўязычніцкага этнасу, аскетычнага хрысціянскага падзвіжніцтва і прыўнесенай з Візантыі складанай эліністычнай культуры.

Сучасны Тураў, які толькі нядаўна вярнуў сабе статус горада, у эпоху ранняга Сярэднявечча быў сталіцай княства з канца Х стагоддзя. Летапісец упершыню называе яго пад 980 г. у кантэксце аповесці пра няўдалае, трагічнае для палачанаў сватанне кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча да Рагнеды, дачкі полацкага князя Рагвалода. «Бе бо Рогволъд перешел из заморья, имяше волость свою в Полотьске, а Тур в Турове, от него же и туровци прозвашася». І гэтая версія цалкам верагодная, бо на Русі існавала даўняя традыцыя называць гарады імёнамі іх заснавальнікаў.

Пасля прыняцця хрысціянства кіеўскі князь Уладзімір, якому ўдалося на пэўны час падпарадкаваць апорныя гарады на шляху «з варагаў у грэкі» (Ноўгарад, Полацк, Тураў, Кіеў), паставіў князем у Тураве свайго сына. Паводле версіі А. Грушэўскага, гэта мог быць сын забітага Уладзімірам Яраполка, былы кіеўскі князь Святаполк (каля 1013 г.), жанаты з дачкою польскага караля Баляслава. Разам з яго жонкаю-полькаю ў Тураў прыехаў яе духоўнік біскуп Рэйнберг. Ён, нібыта з ведама Баляслава, пачаў падбухторваць тураўскага князя прыняць каталіцтва і вызваліцца з-пад улады Кіева. Уладзімір даведаўся пра гэта і пасадзіў Святаполка ў астрог разам з жонкаю і Рэйнбергам. Далейшы іх лёс невядомы — мабыць, па хадайніцтве Баляслава іх вызвалілі. Пасля кароткага князявання Святаполка ў Тураве гэтым горадам амаль да смерці Яраслава Мудрага (1054 г.) кіравалі прысланыя з Кіева намеснікі, улада якіх, на думку М. Ермаловіча, не была абсалютнай і датычылася галоўным чынам шляхоў камунікацыі і штогадовай дані. Верагодна, з 1042 г. тураўскім князем быў Ізяслаў, малодшы сын Яраслава Мудрага, жанаты з сястрой польскага караля Казіміра. Пазней гэты Ізяслаў стаў вялікім князем кіеўскім, але згубіў свой пасад у вераснёўскім паўстанні кіяўлянаў (1068 г.), калі гараджане абвясцілі вялікім князем вызваленага з «порубу» полацкага Усяслава Чарадзея. Гэты мудры палкаводзец, пабыўшы сем месяцаў вялікім князем кіеўскім, не захацеў удзельнічаць у міжусобнай вайне кіеўскіх Яраславічаў і вярнуўся ў родны Полацк, каб абараняць сваю айчыну.

Першая старонка «Слова на ўзнясенне Гасподняе»
Кірылы Тураўскага.

Тураўскае княства стала разменнай манетай у ваенна-дыпламатычнай гульні кіеўскіх князёў. Гаспадарылі тут Уладзімір Манамах і ягоныя нашчадкі, выкарыстоўваючы прыпяцка-дрыгавіцкі плацдарм для паходаў на Полаччыну. І ўсё ж у такіх цяжкіх умовах Тураўская зямля захавала сваю самабытнасць і аўтаномію. Яе адраджэнне пачалося ў другой палове ХІІ ст., калі там умацаваўся князь Юрый Яраславіч, праўнук Манамаха. Палітычны і вайсковы вопыт гэты князь набыў у 1149–1154 гг., калі быў дарадцам князя Юрыя Даўгарукага. Раней ён парадніўся з Усеваладам Гарадзенскім, ажаніўшыся з яго дачкою. І вось у 1157 г. ён заняў Тураў, верагодна, пры падтрымцы тураўскіх баяраў і сялянаў. Вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч арганізаваў два паходы (у 1158 і 1160 гг.) з мэтай вярнуць Тураў. У першым паходзе апрача кіяўлянаў удзельнічалі чарнігаўскія, валынскія, смаленскія, галіцкія і інш. дружыны, нават стэпавыя берандзеі. Мужна баранілі тураўцы свой умацаваны горад, рабілі смелыя вылазкі, прасілі міру і дружбы, каб не праліваць братнюю кроў. Але не атрымалі згоды ад кіеўскага князя. Аблога працягвалася 10 тыдняў і закончылася адступленнем войска кааліцыі.

Перамога 1158 г. для Турава азначала пачатак незалежнасці. Няўдачай закончыўся і паход кіеўскіх ды валынскіх князёў зімой 1160 года. Гэты поспех тураўцаў, падобны да цудоўнага Боскага выратавання, высока ўзняў аўтарытэт Юрыя Яраславіча, якому, урэшце, удалося заключыць мір з Кіевам (1162 г.). У гэтага заснавальніка тураўскай дынастыі было пяць сыноў і дзве дачкі. Пры яго сынах шматпакутная тураўская зямля залячыла свае раны, аднавіла гарады і вёскі. Тут пачалося самабытнае паўднёвабеларускае культурнае адраджэнне. Рэлігійным і паэтычным сведчаннем гэтага культурнага руху была творчасць Кірылы Тураўскага.

Звестак пра жыццё асветніка захавалася няшмат. Нарадзіўся ён, як мяркуюць даследчыкі, каля 1130 года. У рукапісных пралогах яго «Жыццё» — толькі кароткае царкоўнае праслаўленне: «Гэты шчасны Кірыла, — гаворыцца ў ім, — нарадзіўся і ўзгадаваўся ў месце Тураве». Сын заможных бацькоў, ён не любіў багацця і тленнай славы гэтага свету, найперш хацеў спасцігнуць вучэнне Боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў Святых Пісаннях. Пісьменнік па-майстэрску валодаў народнаю вобразнаю і царкоўнаславянскаю мовамі, ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства, што дае падставы думаць пра яго добрае хатняе выхаванне. Пазней ён спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. «Пасля ж, прагнучы подзвігаў большых, увайшоў шчасны ў слуп (манастырскую вежу. — У. К.) і жыў нейкі час пустэльнікам, яшчэ болей працуючы ў поце і малітвах. І выклаў ён шмат Божых Пісанняў, і набыў славу вялікую па ўсім тым краі».

Наш асветнік быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам»: ён зачыніўся ў манастырскай вежы, каб цалкам аддацца роздуму і малітвам. Аднак і тут яскрава выявілася яго натура пісьменніка, філосафа і багаслова: у «стаўпе» ён не толькі сузіраў свет Божы і маліўся. У сваё затачэнне паслушнік перанёс багатую па тых часах бібліятэку і напісаў там свае першыя творы1.

Недзе каля 1169 г. князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі манаха Кірыла прыняць епіскапства. Як засведчылі летапісцы, у самастойных княствах быць епіскапу таму, «его же восхощетъ Бог и Святая Богородица, изберутъ князь и людіе». Сваю пасаду Кірыла разглядаў як нялёгкі абавязак хрысціяніна і асветніка, бо яго ўзнёсла-паэтычная натура не была схільнай да іерархічнай кар’еры. У першы ж год свайго служэння тураўскі епіскап набыў вядомасць удзелам у так званай «справе Фядорца». Нейкі Фёдар з Уладзіміра-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбівыя планы князя Андрэя Багалюбскага, пры дапамозе інтрыгаў і подкупу дабіўся ад Канстанцінопаля стварэння незалежнай ад Кіева аб’яднанай Растова-Суздальскай і Уладзімірскай кафедры. Стаўшы на чале гэтай кафедры і не будучы па сваіх духоўных якасцях вартым яе, ён пачаў раскол да гэтага часу адзінай Праваслаўнай Царквы на Русі, жорстка распраўляючыся са сваімі праціўнікамі.

Кірыла Тураўскі дасціпна выкрываў ерась Фядорца і пракляў яго, а Андрэю Багалюбскаму напісаў пасланні па гэтай справе (яны не захаваліся). Урэшце, гэты Фядорац быў асуджаны кіеўскім Мітрапалітам і прыгавораны княскім судом да смяротнага пакарання. На думку даследчыка спадчыны Кірылы епіскапа Яўгенія, сваімі пасланнямі да Андрэя Багалюбскага, які двойчы рабаваў Кіеў (у 1169 і 1171 гг.), наш асветнік імкнуўся па-хрысціянску паўплываць на князя цэнтральнай Русі, дзе ствараўся цэнтр будучай Расіі. Зусім верагодна, што адзін з самых глыбокіх твораў Кірылы, «Прытча пра душу і цела (пра сляпога і кульгавага)», меў канкрэтнага адрасата — уладзіміра-суздальскага князя, хоць, зразумела, выходзіў за рамкі канкрэтных гістарычных падзеяў2.

Творы Кірылы Тураўскага набылі вялікую папулярнасць па ўсёй Русі і распаўсюджваліся ў спісах ХІІІ–XVII стагоддзяў. Яго малітвы друкаваліся на Беларусі ў «Евангелии учительном» (Заблудаў, 1569) І. Фёдарава і П. Мсціслаўца, у «Малитвах повседневных» (Еўе, 1615; Вільня, 1635).

Казанні, альбо «словы» Кірылы ахопліваюць велікодны цыкл нядзельных і святочных дзён ад Вербніцы да Унебаўшэсця. Кожнае з іх, з’яўляючыся класічным творам красамоўніцкага мастацтва, адлюстроўвае пэўную грань багаслоўска-філасофскіх і грамадска-этычных поглядаў пісьменніка. Пры гэтым, калі тэалагічныя погляды Кірылы выяўлены яўна і не заўсёды ўзгадняюцца з артадаксальным багаслоўем, сацыяльна-філасофскае вучэнне прысутнічае ў яго творах у скрытых формах прыпавесцяў, у мастацкіх вобразах і сімвалах. Кірыла Тураўскі нідзе не сцвярджае, што Бог стварыў свет з «нічога», з нейкай пустаты, як гэта часам гаворыцца даследчыкамі хрысціянскай філасофскай анталогіі. Услед за ўсходнімі айцамі Царквы ён упадабняе Бога-Дэміурга да мастака і дойліда, які пабудаваў дасканалы твор — космас, зямлю і неба, стварыў расліны і жывёлаў, урэшце, чалавека — вянец гэтага тварэння. Распавядаючы пра цэнтральную падзею вербнага тыдня — трыумфальны ўезд Хрыста на асліцы з асляткам у Ерузалем за тыдзень да сваіх смяротных пакутаў і ўваскрасення — пісьменнік усклікае: «Ныне шествует в Иерусалим измеривай небо пядію и землю дланію». Таму і паслядоўнікаў Хрыста, духоўных кіраўнікоў хрысціянства — патрыярхаў, архіерэяў, ігуменаў, іярэяў «і ўсіх царкоўных настаўнікаў» — ён называе ўмелымі будаўнікамі «слаўнага і вельмі чэснага дому» («Слова ў нядзелю вербную»).

Старонкі з кнігі «Штодзённыя малітвы»
з малітваю Кірылы Тураўскага. Вільня.
Пачатак XVII ст.

У «Слове на антыпасху» пісьменнік смелымі жывапіснымі метафарамі малюе вясновае абнаўленне прыроды як урачысты гімн прыгожага тварэння свайму Творцу: «Ныне солнце красуяся к высоте восходить и, радуяся, землю ограваетъ: взиде бо нам от гроба праведное солнце Хрыстос и вся верующая Ему спасаеть. <...> Днесь весна красуеться, оживляющи земное естество и бурніи ветри, тихо повевающе, плоды гобозуют [спеюць] и земля, семена питеюще, зелёную траву рождаеть. Весна убо красная вера есть Христосова, якоже крещеніем поражаеть человеческое поки естьство; бурніи же ветри — грехотворніи помыслы, иже покояніем претворишеся на добродетель — душеполезныя плоды гобозують. Земля же естьства нашаго, акы семя Слова Божіе пріимши <...>, дух спасенія рождаеть»3. У «Слове пра спаралізаванага» аўтар словамі гэтага пакутніка сцвярджае думку пра асноўную прыкмету Боскай прыроды Хрыста: Ён не чарадзей, нават не анёл, але сам Бог, таму што «слова Яго сталася справай». Бог жа адносна «твари», створанай Ім прыроды, выступае яе вярхоўным Заканадаўцам, які ўтрымлівае быццё ў стане дынамічнай, рухомай гармоніі («Слова пра сляпога»). Вось чаму ўваскрасенню Хрыстоваму радуецца ўся зямля, неба ўпрыгожваецца светачамі-зоркамі, і ўся прырода красуецца, прасветленая Збаўцам-Хрыстом, які, уцелавіўшыся, перайшоў з таго, трансцэндэнтнага, свету ў свет зямнога жыцця, каб абнавіць яго, прасвятліць Боскім святлом. У пакаяльных малітвах паэт Кірыла бачыць прамудрасць, дабро і красу Бога-Стваральніка паводле дасканаласці яго твору — сусвету, падпарадкаванага законам Боскай гармоніі: Божаю воляю зямля трымаецца ні на чым, мора абмежаванае пяском, Божаю воляю праведзеныя рэчышчы вялікіх і малых рэкаў, вада хмараў трымаецца ў паветры, сонца гарыць няспынна, месяц свеціць са страхам, і зоркі здзяйсняюць свой мудры рух.

Законы прыроды, паводле Кірылы Тураўскага, ёсць тое, што на метафарычнай мове багаслоўя называецца страхам Божым: ім «движется земля, расседается каменіе, животныя трепещють, горы куряться, светила раболепно служать, облаци и водушная тварь повеленіа творять» («Прыпавесць пра чалавечую душу і цела»). Філасофскія погляды Кірылы Тураўскага — гэта тэацэнтрызм, які толькі па аналогіі можна было б назваць ідэалізмам, бо закончаная сістэма аб’ектыўнага ідэалізму Гегеля грунтуецца на канцэпцыі абсалютнай ідэі як асновы быцця. Гэтая ідэя трансцэндэнтная адносна нашага сусвету і рэалізуецца паводле сваіх унутраных дыялектычных законаў: развіваючыся, пераходзіць у сваю процілегласць — іманентную прыроду (першае самаадмаўленне), якая ў сваю чаргу ў ходзе дыялектычнага руху самаадмаўляецца («адмаўленне адмаўлення»), праходзіць стадыі суб’ектыўнага духу (фенаменалогія самасвядомасці), аб’ектыўнага духу (грамадства і дзяржава, права і мараль), урэшце, на ўзроўні абсалютнага духу (мастацтва, рэлігія і філасофія) раскрываецца ва ўсёй сваёй паўнаце.

У адрозненне ад гегелеўскай навукова-філасофскай канцэпцыі быцця, Кірыла Тураўскі развіваў багаслоўскую традыцыю айцоў хрысціянскай Царквы, паводле якой Бог непазнавальны ў паняццях трансцэндэнтнага (па-за межамі людскога вопыту). Дух існуе як абсалютны суб’ект, які сімвалічна пазнаецца праз пазнанне і ўмілаванне створанага Ім дасканалага сусвету, праз веру і любоў да Яго, да адзінароднага і адзінасутнага з Ім Сына Езуса Хрыста, праз якога адбылася таямніца спалучэння Духа і цела, Бога і чалавека, трансцэндэнтнага і іманентнага сусветаў. А праз гэтую таямніцу сталася магчымым выратаванне чалавека і ўсёй прыроды, іх далучэнне да трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы — да Святога Духа. Сталася рэальнасцю перамога жыцця над смерцю, святасці над грахом.

Багаслоўская канцэпцыя Кірылы Тураўскага грунтуецца на гэтых асноўных пастулатах хрысціянскага светапогляду. У сваёй «Прыпавесці пра чалавечую душу і цела» ён абвяргае наіўны антрапацэнтрызм «бытавой» веры, папярэджваючы ад спакусы літаральнага тлумачэння сімволікі біблійных кніг, асабліва вядомых Божых словаў: «Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства» (Быц 1, 26). Падабенства гэтае, на думку Кірылы, існуе «не вобразам, а прытчаю», гэта значыць, іншасказальна і сімвалічна. Ён назваў ерассю погляды тых, хто насуперак здароваму сэнсу ўяўляе бясплотнага Бога цялесным.

Тут наш асветнік не мог не заўважыць супярэчнасці сваёй рэлігійнай антрапалогіі, бо сам прыкладаў да чалавека толькі цялесную і душэўную меркі, забыўшыся на трэці яго Божы дар — дух. Толькі сваёй духоўнасцю чалавек апраўдае біблійныя словы пра сваю богападобнасць і свой вобраз Божы. Гэтае духоўнае адзінства Бога і чалавека ўвасобілася ў богачалавечай постаці Хрыста — другой Асобы Найсвяцейшай Тройцы. Дарэчы, у творах самога асветніка Кірылы ёсць шмат красамоўных і вобразных думак пра ўцелаўленне Сына Божага, які нарадзіўся, жыў з людзьмі і самаахвяраваўся для іх духоўнага абнаўлення. У «Слове на святы Вялікдзень» ён красамоўна пацвярджае богачалавечнасць Хрыста евангельскімі сведчаннямі: «Пред вчерашним днем Господь наш Исус Христос яко человек распинаем бе, и яко Бог и солнце помрачи и луну в кровь преложи; и тма бысть по всей земли; яко человек, воспив, испусти дух, но яко Бог землю потрясе, и каменье распадеся...» Як чалавек — памёр, а як Бог уваскрос на трэці дзень, перамог пекла смерці.

Хрысталагічная праблема, а больш дакладна, паэтычна-малітоўная апалогія Хрыста, надае разнастайным жанрам спадчыны беларускага асветніка цэласнасць, аб’ядноўвае яго філасофскія, эстэтычныя погляды, злучае яго аксіялогію з хрысціянскай тэалогіяй. Ён жыў у эпоху, калі хрысціянства на Русі яшчэ сутыкалася з жывой язычніцкай плынню ў народнай культуры, а сусветная Царква яшчэ не закончыла барацьбу з праціўнікамі Хрыста — «старазапаветнікамі», з разнастайнымі філасофскімі школамі гнастыцызму, прыхільнікі якога спалучалі хрысціянскія догматы з эліністычнымі філасофскімі сістэмамі.

У царкоўным асяроддзі сярэднявечнай Русі склалася негатывісцкая канцэпцыя язычніцкай культуры, паводле якой паганскія багі ёсць «бесы» альбо іх слугі, якіх неабходна выкрываць і па магчымасці не ўпамінаць іх імёны. На гэткім ідэалагічным фоне асветніцтва Кірылы Тураўскага вызначаецца сваёй памяркоўнасцю, цярпімасцю да народнай культуры. Паганская міфалогія ўяўлялася яму верай у Божы твор, а не ў самога Творцу. Праславіўшы сваім паэтычным красамоўствам Вялікдзень, асветнік зазначыў: «Обновися тварь: уже бо не нарекуться Богом стихія, ни солнце, ни огнь, ни источници, ни древеса <...>. Преста бо идолослуженіе, и погубися бесовьское насилье крестным таинством; и не токмо съпасеся человечь род, но и освятися Христовою верою <...>. Ныне зима греховная покаяніем престала есть и лед неверія богоразуменіем растаяся; зима убо язычьскаго кумирослуженія апостолскимь ученіем и Христовою верою престала есть»6.

Верагодна, што наш асветнік не бачыў у язычніцтве сур’ёзнага праціўніка пасля таго, як свет язычнікаў прыняў Хрыста, абнавіўся ў купелі хрышчэння і стварыў сусветную Царкву паводле апостальскіх запаветаў. Затое крытыцы арыянства, прыхільнікі якога адмаўлялі самую найглыбейшую існасць хрысціянства — Боскую прыроду Хрыста і яго богачалавечую місію на зямлі, Кірыла Тураўскі прысвяціў асобны твор — «Слова на пахвалу 318-ці айцоў Нікейскага Сабору» (Візантыя, 325 г.).

Як вядома, гэты Сабор асудзіў антытрынітарызм арыянства і прыняў асновы хрысціянскага Сімвалу веры — трыадзінства Бога, адзінасутнасць Сына з Айцом і Святым Духам. Асветнік дакладна вызначыў сутнасць вучэння «папы Александрыйскай царквы» Арыя: не толькі Хрыстус, але і ўсё створанае Богам — людзі і прырода — іншасказальна могуць называцца «сынамі Божымі»; адмаўленне прадвечнасці Хрыста. Наш асветнік рэдка карыстаўся лагічнымі довадамі ці спасылкамі на аўтарытэты. Ён спадзяваўся на сугестыўнасць (пераканальнасць) вытанчаных сродкаў паэзіі і прамоўніцкага мастацтва. Паводле яго думкі, «храбрыя і вялікія ваяводы Божыя» на Нікейскім Саборы заслугоўваюць большай пахвалы ад «летописьцев и песнотворцев», чым гераічныя справы цароў і палкаводцаў. Сам аўтар гэтага «Слова» не паскупіўся на вытанчаныя красамоўніцкія тропы-вобразы, каб узвысіць святых айцоў: «Вы есте рекы разумьнаго Рая, напоеше мир весь спасенага ученія и греховную скверну струями вашего наказанія омывающе. Замніи ангели, Божіему престолу присно предъстояще!» — і прынізіць Арыя, яго тагачасных і будучых паслядоўнікаў: «Новый Каине, вторый Іюдо, плътяный демоне..., церковьный всеми ведомый тать, необратьный разбойниче...».

Істотная прыкмета багаслоўскіх поглядаў Кірылы Тураўскага, пафас яго творчасці — не так барацьба супраць ерасяў, а хутчэй апафеоз евангельскай міласэрнасці, вастрыня адчування духоўнага нараджэння ў Хрысце. З абвяшчэннем Новага Запавету закон Майсееў страціў сваю выратавальную сілу, стаў фактам гісторыі рэлігіі, а ўсе старазапаветныя кнігі Бібліі, яе шматлікія сюжэты, вобразы і прароцтвы захавалі сваю каштоўнасць як сімвалічная прэлюдыя да выратавальнай містэрыі Уваскрасення Сына Божага і духоўнага абнаўлення чалавека і сусвету.

У светлую велікодную нядзелю, узнёсла пісаў асветнік, збяднеў Стары Закон і парабацілася субота, — узбагацілася ж Царква Хрыстова, настала царства дня Яго ўваскрасення. Дарэмная надзея на ранейшы Закон, які ўжо не выратуе тых, хто спадзяецца на яго: «Птенець» (Хрыстус) ужо адляцеў, а «безумнии» сядзяць у пустым гняздзе. Асабліва ўразілі пісьменніка парадоксы ўзнікнення і пашырэння хрысціянства: сярод габрэяў Хрыстус стварыў цуды, а язычнікам даў ласку выратавання; юдэі явілі Хрыста, а язычнікі прынялі Яго; Ізраіль выракся Таго, Хто заклікаў яго да жыцця вечнага, і Хрыстус прывёў у валадарства нябеснае язычнікаў; і быў Ён юдэям на спакусу і падзенне, а язычнікам на славу і веру.

Кніжнікі і фарысеі пакляліся забіць апостала Паўла толькі за тое, што гэты прапаведнік хрысціянства развіваў тэалагічную дыялектыку, паводле якой Хрыстова ласка ўзнялася над старазапаветнымі законамі, адмяніла рода-племянныя імператывы Старога Запавету. Кірыла Тураўскі паслядоўна і ўмела развіваў гэты маральна-філасофскі матыў Апостала: «Миноваше бо уже ветъхый закон с требами козьих жертв и с предании старьческих заповедий, немогый исцелити человечьских недуг; ничтоже бо закон Моисеев соверьши, но всех предасть под грех. Сам же Творец твари и Законудавец приде обновить твари и спасти человека...» Сваё «Слова пра сляпога» тураўскі асветнік заканчвае апалогіяй гэтага першага хрысціяніна: «Но мы ныня, оставльше июдейскае злобесованіе, похвалим помилованнаго Богомь человека. Сій бо не токмо телесьныма прозре очима, но и душевьныма просветися зроком: на земли проповедьник бысть Сыну Божію и на небесех апостальскаго сподобися венца». У адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй уздыму Хрыстовай ласкі і заняпаду Старога Закону пісьменнік стварае складаную іерархію паэтычных вобразаў і рэлігійных сімвалаў. У ёй, напрыклад, Елеонская гара, на якой прапаведаваў Хрыстус, узвысілася над Сінайскай гарою, дзе, паводле Бібліі, нябачны Бог даў Майсею асновы старазапаветных маралі і права.

Эпіграфам да антрапалагічнай канцэпцыі Кірылы Тураўскага маглі б стаць ягоныя ж словы з паэтычнай малітвы ў нядзелю пасля ранішняй літургіі: «Ведаю, што Ты прывёў мяне з нябыту ў быццё і ўпрыгожыў падобнасцю да вобразу Свайго, надзяліў мяне словам і розумам. Ты ўзнёс мяне вышэй усяго жывога і паставіў мяне валадаром усяго тварэння». З найвялікшай паэтычнай экспрэсіяй хрысціянскую думку пра супярэчлівасць чалавека, яго высокую духоўную місію на зямлі і ягонае ж падзенне праз грахі і спакусы зямныя пісьменнік выявіў у «Слове пра спаралізаванага», драматызаваўшы вядомы евангельскі эпізод. Як паэт, Кірыла дапоўніў эпічна спакойны і лаканічны расповед евангеліста пра чалавекалюбца Хрыста і безнадзейна хворага пакутніка, які трыццаць восем гадоў чакаў цуду збаўлення ад сваёй немачы. Паралізаваны пачынае з любімай паэтам споведзі ў сваіх грахах: «Усё цела маё расслаблена грахамі, а душа ўкушана ганебнымі страсцямі, і няма чалавека, які пашкадаваў бы мяне». У адказ чуе ад Хрыста: што ты кажаш — чалавека няма? Я дзеля цябе пакінуў скіпетр нябеснага валадарства, прыйшоў на зямлю, каб выратаваць людзей. Бог стварыў свет для цябе, чалавек: «Тебе ради солнце светом и теплотою служить, и луна съ звездами нощь обеляеть. Тебе для облаци дождемь землю напаяють, и земля всяку траву семениту и древи плодовитая на твою служьбу израстають. Тебе ради рекы рыбы носять, и пустыни звери питаеть»4.

Спавядальныя малітвы Кірылы Тураўскага — гэта шчырае лірычнае самараскрыццё душы чалавека перад сваімі нябеснымі бацькамі — Богам Айцом, Сынам Божым, Маці Божай і заступнікамі людзей перад Богам, яго святымі: «Знаю, — кажа той, хто спавядаецца, словамі паэта, — што Ты прывёў мяне з небыцця ў быццё і ўпрыгожыў падабенствам Свайго вобразу; даўшы ў дар мне слова і розум, Ты ўзнёс мяне вышэй за жывёлаў і паставіў валадаром усяго тварэння. І вось я, як дзіця, падмануты ворагам маім, падпаў ва ўладу крайняй пагібелі <...>. Хоць я ўвесь нячысты і апаганены, але спадзяюся на Тваю літасцівасць. Бо Ты не адхіліў дзве лепты ўдавы, але пахваліў яе пераважна перад іншымі, а таксама і мытара, што маліўся са скрухаю, апраўдаў» (пераклад мой. — У. К.)5.

Бог, кажа паэт у сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху і нячысціку, зацямніўшы сваю першаствораную красу. І вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела яго страхам Божым, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца перад нябесным Валадаром. Цыкл малітваў завяршае «Канон малітоўны» — своеасаблівы паэтычны «магістрал», які падсумоўвае палымяны самааналіз чалавека, самавыкрыццё яго неспакойнай душы, якая імкнецца да неба, але крылы яе абцяжараныя зямнымі жарсцямі — самалюбствам, зайздрасцю, злосцю, варожасцю, непрымірымасцю ды іншымі грахамі душы і цела.

Праблему чалавека ў яго грамадскім быцці Кірыла Тураўскі сімвалічна выявіў у двух выслоўях (кароткім і падрабязным) пра сляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Як і ў іншых сваіх творах, пісьменнік выкарыстаў тут у якасці сюжэтнай асновы вядомае евангельскае апавяданне пра «дамавітага» гаспадара, які насадзіў вінаград і паставіў варту каля яго варотаў, але развіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты гаспадар тут сімвалізуе Бога, Стваральніка сусвету. Сад-вінаград (вертаград) — гэта зямля і «свет гэты»; кульгавы — цела чалавека, а сляпы — ягоная душа; агароджа вакол саду — законы і запаведзі Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, — шлях да пазнання Творцы і створанага Ім сусвету. Сляпы і кульгавы, аб’яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў яму дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненыя плады. Гэты «сімбіёз» «сляпой» душы і «кульгавага» цела сімвалізуе недасканаласць чалавечага грамадства, якое «кантрабандай» авалодала тайнамі Божага тварэння, не будучы гатовым (па сваёй грахоўнасці і маральнай недасканаласці) выкарыстаць іх для дабра.

У апошніх сваіх творах красамоўніцкага жанру (пасланнях да ігумена Кіева-Пячорскага манастыра Васіля) Кірыла Тураўскі ў шэрагу арыгінальных прыпавесцяў раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцця, ускосна крытыкаваў недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць хутчэй грахоўнай прыродзе чалавека, чым яго духоўнаму ўдасканаленню. Вось тут, сярод чалавечай улады, выяўляецца духоўная місія «манаскага чыну»: яго мэта — даць чалавеку і грамадству ўзоры быцця з Богам і для Божага Провіду, жыцця паводле вядомай малітвы — ціхага і мірнага, у чысціні і адпаведнасці з Божай праўдай.

Найбольш поўны збор твораў Кірыла Тураўскага і нарыс яго багаслоўскіх поглядаў належыць беларускаму філолагу Аляксею Мельнікаву. На жаль, А. Мельнікаў рана развітаўся з жыццём, не паспеўшы дапрацаваць рукапіс сваёй манаграфіі разам з пашыраным зборнікам твораў хрысціянскага асветніка. У адпаведнасці з савецкай гісторыяграфіяй ён не акцэнтаваў беларускі аспект яго творчасці, разглядаў яго эпоху не як ранняе беларускае Сярэднявечча, а як створаную савецкімі ідэолагамі гіпатэтычную мадэль Старажытнай Русі.

Акрамя таго, у манаграфіі А. Мельнікава засталіся асобныя супярэчнасці. Характарызуючы літаратурны тып твораў Кірылы Тураўскага, ён спачатку адмаўляў іх арыгінальнасць і эстэтычную вартасць, акцэнтуючы іх адпаведнасць аскетычнай антыяхійскай багаслоўскай традыцыі, паводле якой багаслоўскі тэкст — гэта «свайго роду амплікацыя з цытатаў» Святога Пісання і айцоў Царквы. А ў канкрэтным аналізе тэкстаў нашага асветніка А. Мельнікаў дакладна фіксуе ўсю разнастайнасць іх паэтычных тропаў і мастацкай сімволікі: сінтаксічны паралелізм, прыём анафары, рытарычную ампліфікацыю, антытэзу, алегорыю, шырокае выкарыстанне эстэтыка-кампазіцыйных элементаў, прыём паралельных кампазіцыяў, таўталогію, аксюмаран, метанімію, арэчаўленне6.

Ёсць усе падставы для даследавання паэтыкі і эстэтыкі творчасці пачынальніка беларускай экзегетыкі. У эстэтычным кантэксце ён быў пачынальнікам паэтычнай тэалогіі і экзегетыкі духоўнага перамянення чалавека і космасу. Ён жа ўпершыню закрануў праблему пераадолення язычніцкага і старазапаветнага ўяўлення пра вечнае быццё з Богам па аналогіі з грэшным зямным жыццём. І ў гэтым — актуальнасць яго хрысціянскай экзегетыкі ў гістарычнай рэтраспектыве і ў сучаснай цывілізацыі.

Для маладой нашай хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская, паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць Кірылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднае мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэтую багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа.

 


  1. Кніга жыцій і хаджэнняў. Пераклад са старажытнарускай, старабеларускай і польскай / Уклад., прадм. і каментарыі А. Мельнікава. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 1994. — С. 62.
  2. Творения святаго отца нашего Кирилла епископа Туровскаго. Издание преосвященнаго Евгения епископа Туравскаго... Киев, в типографии Киево-Печерской Лавры, 1880. С. ХХІ.
  3. Еремин И. П. Литературное наследие Кирилла Туровского // Труды отдела древнерусской литературы. Т. 13. — Москва–Ленинград, 1957. С. 416.
  4. Тамсама. С. 415–416.
  5. Творения святаго отца нашего Кирилла епископа Туровскаго... С. 122.
  6. Мельнікаў, А. А. Кірыл, епіскап Тураўскі. Жыццё, спадчына, светапогляд. — Мінск: «Беларуская навука», 2-е выданне, 2006.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY