|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК
|
|
|
«Раздзелы хрысціянскага Катэхізіса», Кракаў, 1561. |
Філалагічная культура Еўропы канца XV–XVI ст. зрабіла вялікі ўплыў на развіццё эстэтычных і маральна-дыдактычных поглядаў. Вынаходніцтва кнігадруку ў сярэдзіне XV ст. было ўспрынята гуманістамі як сігнал да новага прачытання традыцыйных, спрадвечных (у першую чаргу хрысціянскіх) тэкстаў. Інструментамі для іх абнаўлення і інтэрпрэтацыі сталі паэтыка і рыторыка: гуманісты надалі гэтым фундаментальным тэарэтычным дысцыплінам антычнасці новую вагу1. У гэты час ізноў, пасля вопыту раннехрысціянскіх паэтаў Лактанцыя, Прудэнцыя, Клаўдзіяна, становіцца актуальнай задача паэтычнага перастварэння Бібліі, бо дзякуючы гэтаму бліжэй станавілася думка, што паэзія можа быць свяшчэннай»2. Асабліва моцна гэтая тэндэнцыя праявілася ў літаратурнай творчасці нямецкіх гуманістаў. Так, Эразм Ратэрдамскі стварыў новы падручнік па рыторыцы, ужыўшы для яго назвы біблейскае найменне прапаведніка — Ecclesiastes. На пачатку свайго трактата «Ecclesiastes, sive de ratione concionandi» («Эклезіяст, або правілы красамоўства», 1535) Эразм Ратэрдамскі разважае пра тое, якім павінен быць менавіта хрысціянскі прамоўца. Пры гэтым ён шырока выкарыстоўвае тэксты раннехрысціянскіх аўтараў — Арыгена, Тэртуліяна, Гіераніма, Хрызастома (Яна Златавуснага). Апроч таго, у творах гуманістаў Ульрыха фон Гутэна, Ёгана Ройхліна і іншых адлюстравана спецыфічнае, рэнесанснае разуменне ідэі herois perfecti (дасканалага героя) і гераічнай тэматыкі ў паэзіі наогул. Нямецкія аўтары дэкларуюць, што studia humaniora (вывучэнне гуманітарных дысцыплін) — настолькі ж арыстакратычны і высакародны від дзейнасці, як і ратныя подзвігі на полі бітвы, свайго кшталту подзвіг. Адпаведна, усё, што звязана з паэтычнымі заняткамі, вартае таго, каб апісвацца «гераічным» памерам — гекзаметрам, якім былі напісаныя эпапеі Гамера і Вергілія. Мовай для падобных паэтычных інтэрпрэтацый служыла агульназразумелая ў Еўропе лаціна.
У 1511 г. Ульрых фон Гутэн напісаў і выдаў у Вітэнберзе падручнік па паэтычным майстэрстве на лацінскай мове «De arte versificandi» («Пра мастацтва вершаскладання») з падзагалоўкам carmen heroicum (гераічная песня). Ёган Ройхлін быў аўтарам трактатаў «De verbo mirifico» («Пра чарадзейнае слова», 1514), «De arte cabbalistica» («Пра кабалістычнае мастацтва», 1517) і іншых. У іх, адраджаючы асноўныя пастулаты старажытнагабрэйскай кабалы, нямецкі гуманіст сцвярджае Боскую прыроду вытанчанага слова, яго цудадзейную моц. Дзякуючы Ройхліну сфармавалася цікавасць да ўсіх трох «свяшчэнных» моваў — старажытнагабрэйскай, старажытнагрэчаскай і лацінскай. Такім чынам, паэты эпохі Рэнесанса значна пашырылі дыяпазон паняцця гераічнасці, адступіўшы ад прадпісанай Гарацыем тэматыкі carmen heroicum: res gestae regumque ducumque et tristia belli (гераічныя дзяянні каралёў і правадыроў, а таксама журботы вайны). Гэта вызначыла новыя арыенціры хрысціянскага асветніцтва: Святое Пісанне вельмі пажадана было прапагандаваць у форме вытанчанай паэзіі. На думку нямецкіх паэтаў XVI ст., праз паэтычную форму сіла маральнага і эстэтычнага ўздзеяння кананічных тэкстаў хрысціянства намнога ўзмацнялася.
|
|
«Элегія на Аб’яўленне Пана», Кракаў, 1560. |
Асаблівую папулярнасць набылі ў гэты час паэтычныя перастварэнні Псалтыра. З даўніх часоў Псалтыр лічыўся найважнейшым помнікам габрэйскай лірыкі і найпрыгажэйшай кнігай Старога Запавету. У 1531 г. выйшла першае выданне кнігі «Psalterium Davidis carmine redditum» («Псалтыр Давідавы ў вершаваным пералажэнні»). Яго аўтарам быў выдатны нямецкі філолаг-класік Эабан Гес, якога сучаснікі называлі «хрысціянскім Авідзіем»3. Паказальна, што прадмовы да гэтага выдання напісалі самыя вядомыя дзеячы нямецкага рэфармацыйнага руху — Марцін Лютэр і Філіп Меланхтон. Марцін Лютэр, падкрэсліўшы сваю асаблівую прыхільнасць менавіта да гэтай кнігі Бібліі («я з найвялікшай ахвотай чытаў, чытаю і заўсёды буду чытаць [Псалтыр]»), вельмі высока ацаніў задуму Эабана Геса: «... ты першы і, магчыма, адзіны ва ўсёй лацінскай славеснасці, хто пачаў гэтую Боскую паэзію ўзнаўляць у лацінскіх вершах»4. Не ў апошнюю чаргу менавіта ў такой устаноўцы нямецкіх гуманістаў на неабходнасць стварэння паэтычных біблейскіх тэкстаў трэба бачыць карані літаратурнага наватарства Францыска Скарыны, які яшчэ ў пражскіх выданнях сваёй Бібліі змясціў некалькі вершаў дыдактычнай накіраванасці, у тым ліку і паэтычнае перастварэнне Дэкалогу. Скарына, праўда, не зрабіў паэтычнага перастварэння Псалтыра, але затое яго Псалтыр, у парушэнне біблейскага канону, выйшаў першым з кніг Старога Запавету ў 1517 годзе.
Падобнага кірунку ў сваёй паэтычнай творчасці прытрымліваўся Ёган Мюліус (? — 1585), нараджэнец мястэчка Лібенродэ ў Цюрынгіі. Яго прыезд у Польскую Карону, а потым і ў Вялікае Княства Літоўскае ў сярэдзіне XVI ст. быў звязаны не толькі з пашырэннем рэфармацыйнага руху, але і з умовамі палітычнага жыцця ў нашай дзяржаве. Калі стала зразумела, што нават з трэцяй жонкай, Кацярынай фон Габсбург, кароль Жыгімонт Аўгуст не будзе мець нашчадкаў, абедзве нямецкія дынастыі — Габсбургі і Гогенцолерны — пачалі рыхтаваць грунт для таго, каб хтосьці з іх прадстаўнікоў атрымаў каралеўскі сталец у Кракаве і велікакняжацкі сталец у Вільні5. У такіх спрыяльных для сябе абставінах Ёган Мюліус змог знайсці падтрымку буйных польскіх і беларускіх магнатаў: сандамірскага кашталяна Станіслава Мацяёўскага, маршалка і найвышэйшага канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага (які, дарэчы, намагаўся заключыць шлюб з дачкой кайзера Фердынанда), а таксама віленскага кашталяна Грыгорыя Хадкевіча. У 1560 г. у Кракаве выйшаў з друку зборнік вершаў Ёгана Мюліуса на лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах «Praecipua christianae pietatis capita, in quibus summatim veteris ac novi Testamenti doctrina compraehenditur, variis carminum generibus reddita» (Найважнейшыя палажэнні хрысціянскай набожнасці, у якіх коратка раскрываецца вучэнне Старога і Новага Тэстамэнтаў, выкладзенае ў вершах разнастайных жанраў), а таксама элегічны верш «In nativitatem et circumcisionem Jesu Christi Salvatoris» (Нараджэнне і Абразанне Збаўцы Езуса Хрыста). У 1561 г., таксама ў Кракаве, з’явіліся зборнікі вершаў Ёгана Мюліуса: «Precationes haud inelegantes, quibus et mane et vesperi iuvenes sua studia Deo Opt. Max. commendare, felicemque in literis progressum orare poterunt» (Вытанчаныя малітвы, у якіх і раніцай, і вечарам маладыя людзі могуць выказаць сваю прыхільнасць да Найвышэйшага Бога, а таксама прасіць у звароце [да Яго] шчасця і поспеху) на лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах. Гэты маленькі (4 друкаваныя аркушы) зборнік прысвечаны сыну Станіслава Мацяёўскага Гаспару. Вершы, уключаныя ў кнігу, напісаныя ў форме паэтычных малітваў: «Ранішняя малітва таго, хто ідзе ў школу» і «Вячэрняя малітва таго, хто вяртаецца з заняткаў». Спачатку Ёган Мюліус прапануе варыянт на старажытнагрэчаскай мове, потым — на лаціне. Зразумела, што такім спосабам адукаваны немец імкнуўся прывабіць свайго вучня Гаспара да заняткаў класічнымі мовамі.
|
|
«Грэка-лацінскі Катон», Лейпцыг, 1568. |
У тым жа 1561 г. у Кракаве выйшаў зборнік вершаў Ёгана Мюліуса на старажытнагрэчаскай мове «TA THs CRISTIANWN KATHCHSEWS merh kafalaiWdWs metroij ellhuikoij suggegrammeua PARA LOUKA, KEF:IB » (Раздзелы хрысціянскага Катэхізіса, выкладзеныя ў асноўных рысах грэчаскімі вершамі паводле 12-га раздзела [Евангелля] ад Лукі). У ім нямецкі філолаг-класік змясціў свае паэтычныя перастварэнні Дэкалогу, Апостальскага сімвала веры, Казання на гары і некаторых іншых кананічных хрысціянскіх тэкстаў на старажытнагрэчаскай мове. Цікава, што гэтае выданне Ёган Мюліус прысвяціў князю ў Нясвіжы і Алыцы Мікалаю Радзівілу (Чорнаму). Аднак трэба думаць, што гэтым і папярэднімі выданнямі паэт звярнуў на сябе ўвагу не Радзівіла, а іншага вядомага магната — віленскага кашталяна Грыгорыя Хадкевіча. Ён прапанаваў Ёгану Мюліусу месца прыдворнага паэта і настаўніка для сваіх сыноў — Аляксандра і Андрэя. Такім чынам, з 1562 па 1564 г. Ёган Мюліус займаўся педагагічнай дзейнасцю і літаратурнай творчасцю пры двары Грыгорыя Хадкевіча, а з 1564 па 1567 г. апекаваўся Аляксандрам і Андрэем Хадкевічамі падчас іх навучання за мяжой.
У 1568 г., калі Ёган Мюліус атрымаў ад імператара Максіміліяна тытул паэта-лаўрэата, выйшлі з друку адразу два зборнікі яго твораў: «Cato graecolatinus» («Грэка-лацінскі Катон»6), надрукаваны ў Лейпцыгу, а таксама «Poemata Ioannis Mylii Libenrodensis, poetae Laureati, ex dioecesi generosum Comitum de Hoenstein» (Паэтычныя творы Ёгана Мюліуса з Лібенродэ, паэта-лаўрэата, з дыяцэзіі вяльможных графаў дэ Гогенштайн); (месца выдання не пазначана). У прадмове да «Грэка-лацінскага Катона», звернутай да Альберта Фрыдэрыка, сына прускага герцага Альберта Мархіёна Брандэнбургскага, паэт гаворыць, што ідэя перакласці маральныя сентэнцыі Катона з лаціны на старажытнагрэчаскую мову прыйшла да яго ў той час, калі ён жыў «пры двары, у сыноў пана Грыгорыя Хадкевіча, адважнага сярод літвінаў шляхціца, а таксама найзнакаміцейшага ў польскага караля сенатара». «Кніга гэтая, — дадае паэт, — нарадзілася ў іх маёнтку, суседнім з тваёй Прусіяй»7. З гэтых словаў вынікае, што, праўдападобна, Ёган Мюліус у 1562–1564 гг. жыў у Заблудаве, маёнтку Хадкевічаў, які знаходзіўся ў Беластоцкім ваяводстве, і гэта, насамрэч, было непадалёку ад межаў тагачаснага герцагства Прускага.
|
|
Кніга Ёгана Мюліуса «Найважнейшыя палажэнні хрысціянскай набожнасці», Кракаў, 1560. |
Найбольш поўным зборам вершаваных твораў нямецкага паэта з’яўляецца выданне «Паэтычныя творы Ёгана Мюліуса»8. У ім чытач знойдзе шмат вершаў, прысвечаных вядомым беларускім арыстакратам: Мікалаю Радзівілу, Грыгорыю Хадкевічу, Філону Кміту, Яўстахію Валовічу і іншым. Аднак, як справядліва заўважыў польскі літаратуразнаўца Ю. Новак-Длужэўскі, «не столькі панегірычныя вершы, адрасаваныя каралю, колькі лірычныя вершы, адрасаваныя гетману Хадкевічу, а таксама іншым палітыкам і правадырам перыяду войнаў з Масковіяй, вызначаюць культурна-гістарычнае значэнне яго літаратурнай творчасці»9. Думаю, што не меншае значэнне ў гісторыі еўрапейскай славеснай культуры маюць таксама выкананыя Ёганам Мюліусам паэтычныя перастварэнні кананічных хрысціянскіх тэкстаў. У зборніку «Паэтычныя творы...» гэтыя тэксты сабраныя пад агульным загалоўкам «Carmina sacra» («Свяшчэнныя вершы»). У першай кнізе «Свяшчэнных вершаў» змешчаны паэтычныя перастварэнні Дэкалогу, Апостальскага сімвала веры і малітвы Панскай (з Казання на гары) па-старагрэчаску. Паэт дэманструе сваё віртуознае мастацтва валодання памерамі антычнай паэзіі: Дэкалог ён перастварае гекзаметрам, Апостальскі сімвал веры — гліканэем, малітву Панскую — фалекейскім адзінаццаціскладовікам. Апроч таго, у зборніку «Паэтычныя творы...» прадстаўлены шматлікія паэтычныя перастварэнні псальмаў.
Агульная інтанацыя гэтых твораў сведчыць пра тое, што яны мелі найперш дыдактычную скіраванасць і адукацыйнае прызначэнне. Сапраўды, гэтыя перастварэнні, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваліся паэтам на занятках па лацінскай і старажытнагрэчаскай славеснасці з Аляксандрам і Андрэем Хадкевічамі. Адметна і тое, што паэтычныя перастварэнні псальмаў Ёгана Мюліуса з’явіліся на дзесяць гадоў раней за «Psałterz Dawidów» (1579) Яна Каханоўскага і больш чым на сто гадоў раней за «Псалтирь рифмотворную» (1680) Сімяона Полацкага. Ён жа, у сваю чаргу, стаў прамым прадаўжальнікам творчага эксперымента Эабана Геса.
|
|
|
|
«Ода пра злучэнне вернікаў са Збаўцам Езусам Хрыстом», Кракаў, 1561. |
«Элегія на Нараджэнне і Ахвяраванне Пана», Кракаў, 1561. |
Зборнік «Паэтычныя творы Ёгана Мюліуса» (1568) завяршаецца двума раздзеламі: «D. Andreae Chodcievitii equitis Lithuani MELETAI» («Практыкаванні пана Андрэя Хадкевіча, літоўскага арыстакрата») і «D. Alexandri Chodcievitii equitis Lithuani MELETAI» («Практыкаванні пана Аляксандра Хадкевіча, літоўскага арыстакрата»). Адпаведна, перад намі нішто іншае, як плён паэтычных практыкаванняў на лацінскай мове «літвінскіх афіцэраў» Андрэя і Аляксандра Хадкевічаў. Тут змешчаны пераважна кароценькія двухрадкоўі, напісаныя элегічным двувершам на розныя тэмы. Магчыма, у гэтым раздзеле Ёган Мюліус сабраў лепшыя вынікі хатніх заданняў, выкананых яго яснавяльможнымі вучнямі. Няма сумнення, што Аляксандр і Андрэй Хадкевічы разам са сваім настаўнікам практыкаваліся ў паэтычным майстэрстве. Пацверджанне гэтаму — дзве чатырохрадковыя эпітафіі, напісаныя на смерць Соф’і Хадкевіч і падпісаныя, адпаведна, яе братамі — Андрэем і Аляксандрам (яны таксама ўключаны ў зборнік «Паэтычныя творы...»).
Характар вершаваных твораў, напісаных Ёганам Мюліусам, сведчыць пра тое, што ён зрабіў паэтычную культуру неад’емнай часткай паўсядзённага прыдворнага жыцця (падобны феномен у культуры Беларусі будзе ярка прадстаўлены пазней, у XVIII ст., у творчасці княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл). У паэтычным зборніку Ё. Мюліуса мы знойдзем не толькі вершы на шлюб, на пахаванне, «на шчаслівае вяртанне», але нават на самыя, здавалася б, нязначныя выпадкі. Напрыклад, у зборніку 1568 г. змешчаны твор пад назваю «Пану Андрэю Хадкевічу, які хварэе на кашаль», а непасрэдна за ім — «Да пана Андрэя Хадкевіча, які пазбыўся хваробы». Як для сапраўднага творцы, для Ёгана Мюліуса паэзіяй было напоўнена само жыццё, і яго ўласнае жыццё не магло існаваць без паэзіі.
Але найперш паэзія адукаванага філолага Ёгана Мюліуса была прызначаная для выхавання сапраўднага шчырага хрысціяніна і мудрага цнатлівага грамадзяніна. Так, сярод практыкаванняў маладых Хадкевічаў знаходзім двухрадкоўі з характэрнымі назвамі: Андрэй напісаў вершы «Пастыр над людзьмі Хрыстос», «Хрысціянам трэба несці крыж», «Слова Божае трывае», а таксама «Шануй урача», «На скупога чалавека», «Нельга смяяцца з бедных», «Фартуна»; Аляксандр напісаў — «Бога нельга падмануць», «Вячэрнія развагі таго, хто кладзецца спаць», «Пра багатага і Лазара» і многія іншыя. Ёган Мюліус прапаноўваў таксама маладым княжычам своеасаблівае паэтычнае спаборніцтва. Сведчанне таму — наяўнасць у адным і другім раздзелах «Практыкаванняў» вершаў з аднолькавымі назвамі: «Хрыстос — крыніца жывой вады», «Шлюб у Кане», «Баяцца Бога — найвышэйшая мудрасць», «Апостальскі сімвал веры», «Малітва Панская».
|
|
|
|
«Вытанчаныя малітвы...», Кракаў, 1561. |
«Вершаваныя творы» Ёгана Мюліуса, Лейпцыг, 1568. |
Ёган Мюліус з Лібенродэ быў глыбока перакананы ў тым, што любоў да мастацтва, прынамсі вытанчанай паэзіі, можа даць вельмі добры і значны плён у справе выхавання будучага дзяржаўнага дзеяча. Пра гэта ён гаворыць у прадмове да «Практыкаванняў...»: «О благаслаўлёны чытач, калі зборнік маіх вершаў быў падрыхтаваны ўжо напалову, я знайшоў разнастайныя практыкаванні маіх былых вучняў, Андрэя і Аляксандра, літоўскіх арыстакратаў з славутага роду Хадкевічаў. Я падумаў, што карысна будзе выбраць з іх ліку некаторыя вершыкі і выдаць іх разам з маімі, бо на гэтай падставе лёгка можна зразумець, што можна спадзявацца атрымаць ад такіх талентаў. Больш за тое, я спадзяюся, што першыя вопыты такога кшталту будуць стымулам для іншых, у першую чаргу для дзяцей паноў, каб у свой вольны час яны больш цесна зносіліся з Музамі і сачынялі штосьці падобнае ці нават яшчэ больш значнае»10. У гэтых словах сфармуляваны той новы падыход да вырашэння пытання пра духоўнае выхаванне арыстакрата, які праз дзесяць гадоў — з адкрыццём у Вільні езуіцкай акадэміі (1579) — будзе практычна ўвасоблены ў грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага.
Няўмольны лёс адмераў вельмі кароткі жыццёвы век і Андрэю, і Аляксандру Хадкевічам, не даўшы ім пакінуць пасля сябе нашчадкаў. Аднак асветніцкія ідэі і паэтычныя дасягненні Ёгана Мюліуса з Лібенродэ, сугучныя духоўным памкненням і маральным арыенцірам нашых суайчыннікаў, былі акцэптаваныя і далей развітыя ў творчасці айчынных паэтаў — Іллі Пельгрымоўскага, Яна Радвана, Яна Крайкоўскага.
Прапаную чытачам «Нашай веры» пераклады некаторых вершаў са зборніка «Паэтычныя творы Ёгана Мюліуса».
Збор матэрыялаў для артыкула ажыццяўляўся
пры падтрымцы Фонда імя Аляксандра фон Гумбальдта
(Alexander von Humboldt Stiftung).
Гл. таксама:
Ёган МЮЛІУС :: ВЕРШЫ ::
|
|
|