 |
|
* * *
Трымаюся за ўспаміны,
як за парэнчы на хісткім мосце,
як за саломінку на глыбокай вадзе,
як за сяброў у раптоўнай бядзе,
як за промень сонца на дальнім пагосце,
што прабіўся праз верхавіну
адзінокай высокай яліны.
|
|
* * *
Раніцою прыйдзеш да мяне
з далікатнаю просьбаю сябра
аб малітве ў цяжкую хвіліну.
Нагадаеш: клопат пра бліжніх —
на першым месцы, а потым ужо
нараканні, уздыханні — уся тая марнасць,
якою так часта замяняем
найважнейшыя рэчы на свеце,
забываючы словы Апостала:
tempus breve est*.
|
|
* * *
Грому парожняю калясніцай
разбудзіць мяне навальніца
сярэдначы ўстаць і маліцца.
|
|
* * *
Навучыў Ты мяне
казаць сабе «не»
нават у сне.
|
|
* * *
Калі б з Табою гаварыць не ўмела,
то анямела б...
|
|
* * *
Партыта Баха «О Божа, святы Божа», —
парывістая і светлая,
неўтаймоўная і высокая,
як хвалі на акіяне
ў ветраны сонечны дзень,
як ад скалаў няўлоўны цень
у той наш першы дзень у Порто.
Партыта Баха... Віртуозна й натхнёна
іграе Ігар Алоўнікаў.
|
|
* * *
Сястра Нікіфора
з вачыма, як мора,
калі яно сіняе-сіняе;
сястра Нікіфора —
слабенькая, кволая,
з такою святою пакораю,
з такою ўнутранай сілаю...
|
|
* * *
А ў Порто — зімой, як летам:
семнаццаць цяпла і сонца.
Асветлена і сагрэта
усё тым сонцам да донца.
А ў Порто — высокія хвалі
і цёмная графіка скалаў:
яны надзейна хавалі
нас ад дзевятага валу.
А ў Порто — сівое барока,
і вулкі — не размінуцца...
Там мост — ажно пад аблокі,
і можна па ім вярнуцца
у светлыя даўнія мроі,
да цёмнай графікі скалаў,
дзе хвіліна побач з табою
прыгожай бясконцасцю стала.
|
|
* * *
Ды гэта ўсё ён, акіян вінаваты,
і вецер на ім —
весялун блазнаваты,
што зблытаў думкі мае і намеры,
уздымаючы хвалі-хімеры...
Няўжо гэта ён, акіян вінаваты,
што забыла я там пра вяртанне
дахаты,
і што хваля ягоная ўсё яшчэ
б’ецца
такая салёна-пякучая
ў сэрцы?
|
|
* * *
Навошта знаходзіць, калі ведаеш,
што ўсё роўна згубіш? —
Дзеля кароткае радасці,
якая пакіне ў душы яшчэ больш суму?
Дзеля таго, каб зразумець нечакана,
што самыя светлыя мары паміраюць
без рамантыкі старых вулак,
без напорыстых свежых вятроў,
без ласкавага сонца,
якое штодня ўзыходзіць
над бязмежнасцю акіяна,
над высокімі пікамі скалаў,
каб саграваць іх шурпата-салёныя спіны,
за якімі можна схавацца
ад непазбежнае страты?..
Навошта знаходзіць, калі ведаеш,
што побач няма такіх скалаў?..
|
|
* * *
A. С.
У нататніку з ліловымі матылямі
чытаю табой не напісаныя словы.
У нататніку з ліловымі матылямі
знаходжу табою пакінутыя высновы.
У нататніку з ліловымі матылямі,
на чыстым нерушы поля
адчую раптам кропелькі болю,
як церпкіх ягадаў прысмак —
пачуццяў нечых тужлівы прысмерк,
якіх ніхто не зразумее ніколі.
|
|
* * *
Сёння ты ў мяне ёсць:
як вандроўнік, як мілы госць,
з душою ўзлётнаю птаха —
ратуеш мяне ад страху.
Сядзіш за сталом і маўчыш,
маўчанне — каштоўны чынш?
Зайшоў нечакана ў хату,
глядзіш на мяне вінавата...
З тваёй і з сваёю віною —
паміж небам я і зямлёю.
|
|
* * *
Як вецер у чыстым полі,
праніжа думка міжволі:
я ведаю, чаго не будзе ніколі.
Як камень на сэрца ляжа,
і штосьці яму падкажа:
жыццё ўсё само развяжа.
Не спяшы запрагаць і ехаць, —
нічога не зробіш спехам
і жаль не заслоніш смехам.
Хай выльюцца чыстыя слёзы,
заменяцца вершы прозай...
Вострыя ў лёсу лёзы.
|
|
* * *
Трэба ж камусьці адвесці вочы, —
як выхапіць сэрца з агню,
як на самым краёчку ночы
ўстаць і паехаць насустрач дню.
|
|
* * *
Пры сустрэчы спыняецца час,
ды ўсё роўна прыходзіць расстанне,
непазбежнае, як світанне,
і ўсё вырашае за нас.
|
|
* * *
Нікім не заменіш тых,
што адышлі ў вечнасць.
Чапляцца за прывіды — недарэчна,
прыдумваць, мроіць, ствараць такіх,
па якіх сумуеш і плачаш,
якіх любіла і якія любілі цябе...
Жыцьме цяпер у светлай журбе:
нічога не вернеш, не перайначыш.
|
* 1 Кар 7, 29.
|
 |