|
|
|
№
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ
Новая евангелізацыя
Постаці
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Асобы
Наталля ТРАЎБЕРГЗдзіслаў СІЦЬКА Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
НЯМЕЦКІ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКІХ МАГНАТАЎ: МАРАЛЬНА-ДЫДАКТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ ЁГАНА МЮЛІУСА З ЛІБЕНРОДЭ Паэзія
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
|
У метро як нідзе хораша слухаць старажытныя грыгарыянскія харалы. У перапоўненым вагоне адразу становіцца ціха, пуста і гулка, паўкруглая столь выцягваецца, вастрэе і знікае недзе ў цёмнай вышыні. Сцены раўнеюць, пачынаюць выпіраць тонкімі рабрынамі. На парэнчах перамінаюцца з лапы на лапу маленькія жаўтавокія гаргульі, а пранізліва зялёныя цмокі, летучы над галавою, злёгку закранаюць валасы пергаментнымі крыламі... Я сядаю на самы край халоднай каменнай лавы і ўслухоўваюся ў глыбокія, празрыстыя галасы. Яны коцяцца на мяне магутнымі хвалямі, высока ўздымаюцца і падаюць у самую бездань, і, адбіваючыся ад сценаў, зноў коцяцца, вяртаюцца ў сваю халаднаватую цёмна-сінюю вышыню. Падхопленая імі, баючыся захлынуцца ад немагчымасці змясціць у сабе ўсю паўнату гуку, я лячу кудысьці ўглыб. Ці ўвышкі? Вітражы кідаюць зверху і з левага боку выпрастаныя сухія промні: спелы жоўты, травяніста-зялёны, пяшчотна блакітны, сіні, ад якога аж рэжа ўваччу, такі густы чырвоны, быццам гранатавыя зярняткі, рассыпаныя па падлозе. Промні пачынаюць змяіцца па выцертых каменных плітах, складваючыся калейдаскопам у вытанчаныя сярэднявечныя трыпціхі. На іх ажываюць і пачынаюць кранаць тонкімі пальцамі струны ліраў і лютняў высакалобыя сумнавокія анёлы з вузкімі ластаўчынымі крыламі. Ледзь чутна, лёгка-лёгка, каб не абудзілася Дзіцятка на руках у Дзевы. Нябёсы кропяць расою, і яе пацеркі звіняць па камені. Я сяджу так доўга, покуль рукі не пачынаюць нямець і налівацца халадэчаю, а ўсё, навокал і ўнутры, становіцца крохкім і празрыста-ільдзяным, нібы карункавы чэшскі крышталь у вітрыне той самай крамы, каля якой я праходжу амаль штодня і амаль кожны раз затрымліваюся, гледзячыся ў выгнутыя пералівы. Тады я ціха-ціха ўстаю з лавы, каб выпадкова не крануць, не патрывожыць цішыню, белую пухнатую котку, якая паспела ўжо ўлегчыся побач, саграваючы сваім целам халодны камень. Я выходжу на поўную людзей платформу, атрасаю шэрань, ступаю ў плынь патрэбнага мне кірунку. А на кончыках валасоў, на вейках і на пальцах яшчэ дыхае марознай празрыстасцю музыка. А з кішэні выглядае і падміргвае мне бурштынавым вокам маленькі малахітавы цмок, які паспеў угняздзіцца бліжэй да нотнага скрутку. Дзіўна, я ніколі не кладу ноты ў кішэні. Юлія Шэдзько
|
|
|
|