Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(55)/2011
Да беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ

СВЯТАСЦЬ У НАВУЧАННІ
ЯНА ПАЎЛА II
Новая евангелізацыя
Постаці

СВЯТАЯ АД ЦЕМРЫ
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Асобы


Літаратуразнаўства
ВЕРА & SOCIUM

ВЕРА & SOCIUM
Проза
Асветнікі
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАЛАНЭЗ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

МОСТ У КРАІНУ НЕМАНІНУ
З архіваў часу

Папраўка

Не ўсё мяняецца ў жыцці
І ставіцца на карту.
Аднак жа — што ў жыцці спасціг,
Зрэдчас паправіць варта.

Гадоў з гадамі глухне медзь,
Шырэюць сэнсу дзверы:
Людзей вучуся разумець,
А Богу — верыць.

 

Пайшлі...

З усіх блуканняў, з расстайных дарог,
Як роднага брата,
Заўсёды сустрэне родны парог
Матчынай хаты.

Я пакідаў іх — аднюткіх-адных —
І хату, і маці.
Пайшоў — ад родных, яшчэ жывых,
Пайшоў — як страціў...

Чакала хата, пакуль на знос
Пайсці давялося.
Чакала мама — гукала свой лёс
У сынавым лёсе...

Не прыгукала — пайшла сама
Спытацца ў Бога...
Даўно парога ў мяне няма —
Адны дарогі...

 

* * *

Коласам зязюля папярхнулася —
На паўслове — шорсткай кропляй — «ку...»
І чарніц шматкроп’е сыпанулася:
Лета летапіс ужо ў чарнавіку.

Засталося, што не дагаворана,
Што не даспявана ў час было,
За шматкроп’ем... Чорнаю разораю
Гром заводзіць чорнае крыло.

Наступаюць ночы навальнічныя —
Аж да вераб’інай, напрасткі.
Дзень цяпер мой кожны — як пазычаны, —
У вякоў і, пэўна, на вякі.

Бо аддаць не маю чым... А трапіцца
Лішняя хвіліна, — Божа мой,
Падзяліся — вечнасць не растраціцца! —
Ты са мной хвілінай той зямной...

 

* * *

Былыя сябры — як маўклівыя ночы.
І хто так няўмольна разводзіць нас?..
Камусьці гадзіннікам пясочным
Магіла зямны адлічыла час...

А хтосьці — жывы — абраў адзіноту,
Думы самотна закратаваў,
Ці, у шынку дабіраючы квоту,
Восьмы дзесятак адкаркаваў...

Свет нахіляецца Шляхам Млечным,
Мядзведзіцы зорны пытальнік маўчыць.
Зямля на плечы цяжар чалавечы
Ўзяла, ды не можа грахі падлічыць...

Імгліста і вусцішна залачае.
Ці гэта сон мой ці сам я знік?..
І над магілай часу — маўчанне
Гучыць, нібы развітальны крык...

 

8 лістапада — 2004

Лістотай жоўтай сцежкі замяло,
І толькі вербы светла зелянеюць.
Аб чым ты шэпчаш, вечнасці крыло,
Грудкам пясчаным — сельскім маўзалеям?

Адзін між іх, магчыма б, і адкрыў
Мне хоць здалёк краёчак таямніцы.
Але маўчыць... Не можаш без пары
Ты перайсці бацькоўскія граніцы...

І час — маўчком адлічвае гады:
Паўвека раздзяляе нас маўчанне.
І як яно ўсё збудзецца тады —
Я ў гэты дзень асенні прыкмячаю.

Без ветразя, без плыткага вясла
Сплывае аблачынка ў шлях сусветны.
Як вестку ад цябе — мне Бог паслаў, —
Як тайны знак: дзень сонечны і светлы...

 

* * *

Не гукай, не пытайся: «Дзе вы?» —
У грахах, як багне, стаім.
Уратуй, Прачыстая Дзева,
Ахіні Пакровам сваім.

Літасцівае сэрца маці
Даў табе Усявышні для нас:
Мамай роднай у роднай хаце
Вобраз Твой з намі ў чорны час.

 

* * *

Ці мне крыўдаваць на зямлю,
Якую я сам неаднойчы
Пакрыўдзіў?

Якую люблю, —
О зямля, зямелька, —
Малю, —
Не шапчы мне: «Даруй, Васілёчак,
Што схавала маміны вочы...»

Не шапчы — не твая віна.
О зямля, зямелька, зямліца,
Паяднала вас з мамай труна, —
Ты адна, і мама адна —
І не дадзена вам паўтарыцца...

Не адолець долю — і збыцца
Ўсё павінна, што змушана быць...
Я дарую табе, зямліца...
Я гатовы табе пакланіцца —
Толькі ты абяцай мне адкрыцца:
Як там маме з табою жыць?
І чаму гэтак сэрца баліць?..

 

Дарога да нябёс...

Нарэшце, здаўся студзень:
Пачуў ён гнеў, відаць, —
Смяецца: «Больш не будзеш
Бясснежжам папікаць?!
А то й яшчэ падкіну:
У лютага ўварву...»
Сумёты — вышай тыну,
А мне — па галаву.
Ніяк не разбяруся:
Тут лётаць ці хадзіць?..
І я ў адказ — смяюся,
Каб студзеню ўгадзіць:

— О, дзякуй і на гэтым,
І так праз берагі!..

На край зямлі і свету —
Снягі, снягі, снягі...

І санная дарога:
Дзве палазні — як лёс, —
Няхай і не да Бога,
Ды, пэўна, да нябёс...

 

Трыванне

Народ узыходзіць са слова.
Так: слова было напачатку.
Слова — народа аснова,
Падмурак, у глебу зярнятка.

Слова — душа народа,
З’яднаная з роднай зямлёю.
Слова — сказанне свабоды,
Напісанае крывёю.

Слова — імгненне і вечнасць,
Вырваныя з маўчання.
Слова ратуе і лечыць
Ад роспачы і адчаю.

Слова — шляхоў і сцежак
Наканаванні няпростыя,
Зла і дабра межы,
І чалавек на ростанях.

Слова — Боскі апостал
І д’ябальская загадка.
Слова — гісторыі поступ
І запавет нашчадкам.

Будучыні зарука,
Памяць народа жывая,
Слова — стагоддзяў навука, —
Словам народ трывае.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY