|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Я хацела б укленчыць перад Ім на споведзі… Прыняць з яго благаслаўлёных рук святую Камунію… Не давялося ні першага, ні другога... Бачыла блізка Кардынала падчас ягонай сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй Мінска. Падчас той сустрэчы ўразіла яго аблічча, найперш — вочы, у якіх адбіваліся глыбіня і праўда Хрыстовай веры. Ён гаварыў з намі проста, сардэчна пра рэчы, якія мы і самі нібыта разумелі і адчувалі, але ў той жа час у яго словах чулася вялікая сіла духу, якая нанава адкрывала нам тое, што здавалася ўжо засвоеным і ясным. Мы прыходзім у гэты мітуслівы, грэшны свет ужо ад пачатку рознавялікімі грэшнікамі… Дзе, па якіх гасцінцах пралягае шлях да святасці?.. Кардынал паказваў гэты шлях, мужна ім крочыў у любых, нават самых жорсткіх, лагерных выпрабаваннях. Шлях святасці… Думаю аб тым, што ён ёсць?.. Яго прамералі сваімі лёсамі Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая. Ім крочыў свецкі чалавек Францыск Скарына. Постаць Кардынала лучыцца ў маім уяўленні менавіта з гэтымі вялікімі абліччамі асветнікаў. Хто зможа паўтарыць падобны шлях, калі ён непаўторны па сваёй сутнасці і вымагае ад кожнага найвялікшага напружання жыццятворчых сілаў, строга-аскетычнага самазахавання ў зямным быцці?.. І служэння… Не наймання дзеля заробку, выгодаў, славы, а менавіта служэння… Выканання дзвюх простых запаведзяў любові, якія ў кожным паспалітым чалавеку закладзеныя Провідам Божым, але чалавек бывае альбо чуйным, альбо глухім. Любоў да Бога і любоў да бліжняга маюць канкрэтныя вымярэнні і патрабуюць штодзённай ахвяры, і гэта не дэкларацыі. Гэта рэальныя, буднямі перамераныя самаахвярныя ўчынкі. Здаецца, што гэта вельмі проста. Але толькі здаецца. Хто здольны на такую «простасць», ахвяруючы амбіцыямі, зямным дабрабытам, а найперш монстрам уласнага эгаізму?... Служэнне — гэта і ёсць добраахвотная ахвяра, той апостальскі шлях, які па сілах толькі цярпліўцам у Духу. Кардынал у маім уяўленні быў менавіта такім. Ён выконваў сваю апостальскую місію для Беларусі і быў пасланы Богам у наш край дзеля адраджэння Яго Касцёла. Быў пакліканы і адгукнуўся, узышоў на гэты шлях і зрабіў усё, што мог, і нават тое, што здавалася немагчымым, каб Сталец Божы ў Беларусі не быў пустым… Ёсць у кожнага, пэўна, комплекс прыроджанай дасканаласці, які ўклаў у чалавека ад нараджэння сам Пан Бог. Але, вядома, нехта іншы папсаваў і спартачыў гэты Провід Божы, і мы мучаемся ў палоне сваіх грахоў. Ратаваць людства прыходзяць у гэты свет святары, як апосталы на покліч Хрыста. Кардынал Казімір Свёнтэк быў святаром між святароў. Ён лёсам сваім сцвердзіў вышыню і праўдзівасць веры і глыбока разумеў тайны душы чалавечай, павернутай да Бога і ад Бога. Гэтыя праўды чуліся мне, калі я слухала яго гаворку падчас той памятнай сустрэчы. Калі я думаю і разважаю ў сённяшнім маім дні пра святасць, я думаю пра Кардынала. Выстаяць, выжыць у нялюдскіх умовах… Сцвердзіць вышыню і праўду веры. Веру несці людзям, якія прагнуць яе, гатовыя ці нават і не гатовыя прыняць яе гаючы ў Духу пасыл… Ён узводзіў Храм — Святыню — рэальную, як гожая камяніца-катэдра ў старым горадзе, і нябачную, але чутую сэрцам у людскіх душах. І гэтыя абедзве Святыні — яго, Кардынала Свёнтка, учыннасць, яго выкананне Боскіх запаведзяў Любові, яго жывое апостальства. Дай і нам, Божа, належна захоўваць такую спадчыну веры.
Ірына Багдановіч,
Гл. таксама:
|
|
|
|