|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Ксёндз кардынал Свёнтэк — гэта вялікі сведка веры. Першы раз мы сустрэліся з ім у цягніку, едучы з Варшавы ў Брэст. Гэта не было выпадкова. Я накіроўваўся ў Беларусь, дзе мы як вербісты распачыналі сваю дзейнасць і хацелі купіць дзеля гэтага дом. Трэба было ўзгадніць нашыя планы з Казімірам Свёнткам: я акурат даведаўся ў той час, што ён стаў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Спачатку я збіраўся ехаць іншым цягніком, а потым вырашыў адправіцца ў дарогу пазней. Зайшоўшы ў цягнік, я падумаў: «Вось зайду ў гэтае купэ...» Бачу — там сядзіць ксёндз і хтосьці яго праводзіць у дарогу... Я адразу пазнаў новапрызначанага арцыбіскупа, якога раней бачыў на фотаздымку. У дарозе мы мелі шмат часу для таго, каб добра пазнаёміцца. Я сказаў што збіраўся наведаць яго ў Пінску, але паколькі мы былі разам у гэтым падарожжы, то прадставіў яму інтэнцыю, з якой ехаў у Беларусь. Пасля той першай сустрэчы я заўсёды ўспамінаў ксяндза кардынала як чалавека, вельмі моцна заклапочанага справамі Касцёла. Пасля мы шмат супрацоўнічалі. Я быў у Баранавічах, дзе мы распачыналі сваю дзейнасць, і ксёндз кардынал стараўся шмат дапамагаць нам як духоўны айцец. Прынамсі двойчы ў месяц мы разам выязджалі ў розныя парафіі, дзе арганізоўвалі сустрэчы з вернікамі. Я меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з ксяндзом кардыналам, калі ён падрабязна распавядаў пра свае жыццёвыя выпрабаванні. Магу сказаць, што ён вельмі любіў Бога і Касцёл, любіў людзей, якім служыў, і часта гаварыў: «За Божае Валадарства трэба маліцца, дзеля яго трэба працаваць і цярпець...» Думаю, усё гэта спраўдзілася ў яго жыцці. Ён трываў у малітве не толькі тады, калі знаходзіўся ў касцёле, але і тады, калі выязджаў на любімую рачулку, дзе часам праводзіў цэлую ноч. Ён таксама шмат працаваў дзеля Божага Валадарства, і мы заўсёды дзівіліся яго запалу і энтузіязму, што праяўлялася і падчас сустрэчаў са святарамі, і падчас яго ўдзелу ў розных урачыстасцях, і падчас працы Сіноду. Ён заўсёды быў тытанам працы і даваў прыклад іншым. Ён шмат цярпеў дзеля Божага Валадарства, цярпеў з самага пачатку свайго святарскага шляху: на яго долю выпалі ваенныя гады, арышт, смяротны прысуд і 10 гадоў высылкі... Ды яшчэ хлопчыкам ён разам з маці і братам знаходзіўся ў дэпартацыі ў Сібіры... Не забуду пра тыя выпадкі з яго жыцця, якія былі звязаны з гэтымі цярпеннямі. Калі яго прыходзілі арыштоўваць, ён ведаў, што гэта несправядліва, але прыняў несправядлівасць... Праз дзесяць гадоў яго прабывання ў Варкуце савецкі афіцэр, паглядзеўшы ў дакументы, паводле якіх ксёндз Казімір павінен быў даўно загінуць, зірнуў ксяндзу ў вочы і спытаў: «Кто Вам помогал?» Адказ вымавіўся нібы сам сабой: «Пан Бог». Тады ксёндз падумаў: «Усё, мне канец...», бо гэтых словаў прадстаўнікі ўлады не хацелі чуць. Зноў вочы ксяндза і афіцэра сустрэліся... І ксёндз Казімір Свёнтэк пачуў: «Вы свободны». Гэтыя словы значылі яшчэ і тое, што яго малітва, яго праца і цярпенні ўжо прынеслі свой плён: людзі ўнутрана навярталіся. Ён працаваў як сведка веры і сведка Езуса Хрыста. У тыя часы Касцёлу ў Беларусі быў патрэбны менавіта такі чалавек, і за гэта Пан Бог адарыў яго доўгім жыцём. У тым узросце, калі біскупы звычайна сыходзяць на пенсію, ён стаў ардынарыем, правёў Касцёл у Беларусі праз парог адраджэння і ўвёў яго ў трэцяе тысячагоддзе.
Ежы Мазур,
Гл. таксама:
|
|
|
|