Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка


ГЛЫБОКАЯ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ


СЛОВА СТАЛА ЖЫЦЦЁМ


СВЁНТЭК


НА БОЖУЮ ХВАЛУ


ЛІСТ У ВЕЧНАСЦЬ


ЁН БЫЎ НЕЗВЫЧАЙНЫ


ЯГО ЖЫВОЕ АПОСТАЛЬСТВА

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Постаці
Пераклады


ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ

Вачыма візітатара

Габрыэля ПУЗЫНЯ

ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ

З дзяцінства, як мне памятаецца, у марах пра будучыню я заўсёды больш ахвотна паглядала ўніз, чым угару; спрычынялася да гэтага, на жаль, адсутнасць высокіх памкненняў і разам з тым немудрагелістасць жаданняў. Ніколі таксама, ці то седзячы на саламяным табурэце, ці то на лаве або (як здараецца на вёсцы) на бервяне ці на камені, — ніколі не прыйшло мне ў галаву пазайздросціць тым, хто сядзіць на троне. А колькі разоў, едучы шпацырам за горад у зручным шпаркім вазку, хацелася мне быць на месцы тых, хто ішоў пехатою!.. Было ў тым жаданні крыху дзіцячай прагі да вольнасці і сваволі, але апроч таго, ішоўшыя пешшу здаваліся мне больш свабоднымі і даступнымі, чым мы. Да іх далучаліся спатканыя па дарозе знаёмыя, тады як нам ледзьве даставаўся іх мімалётны паклон. Бачыла іх таксама стомленымі, калі яны сядзелі на ўзгорку на траве і пазіралі на прыгожую Вілію, якая для нас паспявала толькі бліснуць! Для нас шпацыр заканчваўся перад заходам сонца, каб рэшту вечара правесці ў замкнёным салоне. Яны ж вярталіся позна ў змроку, пры месяцы, з ахапкамі бэзу і чаромхі, фіялак і пралесак, не лічачы пры гэтым не заўважных для вока свежых і ніколі не ўвядальных букетаў — з успамінаў і ўражанняў!..

Ці ж дзіўна, што гледзячы на тое толькі з акна, шкадавала я вазок і карэту, успрымаючы іх як сімвал жыцця багатых і моцных? Бо хіба не гэтак яны праводзяць сваё жыццё, не даючы сабе часу на пачуцці і ўражанні? І я пачала марыць аб умеркаванасці, давяла сабе, што шчасце не ўмее хадзіць па лесвіцах, што ў занадта вялікіх палацах яно заблудзіцца, у занадта пышных сукенках не пазнае нас, а тых, хто едзе занадта шпарка, не дагоніць…

Заўсёды пры гэтым я стварала нейкія праекты дамоў, у якіх магла б жыць… І з кожным годам той дом станавіўся меншы, патульнейшы, аж пакуль не абярнуўся ў домік, дамочак такі маленькі, што ў ім, на першы погляд, і змясціцца цяжка, аднак можна; бо ён, як бюро Мюллера, увесь у кампартыментах, уборных, неспадзяванках, здольны пашырацца на покліч гасціннасці... Дамок мой у летнюю пару меўся быць увітым і ўкрытым плюшчом, бярозкай ды дзікім вінаградам. У вокны заглядае бэз, недалёка салавей, а вясна пахне і спявае ад рання да ночы! І зімою, хоць бы ніхто не адведаў пустэльніцы, не пуста мне і не нудна; бо досыць каміна і лямпы для таго, каб увесь дамок развесяліўся. На дзядзінцы — разложыстая старапольская ліпа з лаўкамі, за дамком — квяцісты сад, за садам — зарослы дубамі яр, а ў яры — рака (вялікая ці малая, абы літоўская); а навокал — касцёл, вёска, лясы, неба і адусюль вольны падыход. Сціпла для цела, прасторна для вока і для ўяўлення; вось гэта мой ідэал жыцця і жыхарства ў такой ступені, што не будзь я хрысціянкай, услед за Піфагорам верыла б, што душа мая, пакуль не ўвайшла ў цяперашняе цела, ужо даўней жыла на свеце устрыцай у акіяне! Чаму лепей не жамчужнай ракавінай, — запытаеце? Ах, бо для гэтага трэба ў сцішанасці і глыбіні свайго сэрца тварыць пярліны; а я не выліла такіх слёз у жыцці, якія б мелі вартасць перлаў у вачах Бога.

Няхай вас не смяшыць ні мой дамок, ні маё параўнанне; я ў сваім жыцці бачыла столькі прасторных палацаў, у якіх было цесна, столькі схаванага недастатку пры гучных дастатках, столькі нуды пры забавах, столькі няладу пры раскошы; і наадварот, так часта мне было выгодна ў цеснаце, так весела без прыгатаванняў, так пышна пры ашчаднасці! Столькі разоў я чула з вуснаў багатых, што ўбогія не ўмеюць быць убогімі, і столькі разоў я магла пераканацца, што раптам разбагацелы не ўмее быць багатым. Таму мне прыйшло ў галаву паспытаць хоць у марах, а ці зможа багаты быць бедным? Пастарайцеся толькі мяне зразумець: я не багаццем пагарджаю, толькі жыццём багатых, такім незалежным на выгляд, але такім нявольніцкім па сутнасці! О! Я ў сваіх марах аб дамку, вёсцы і садзіку не забылася на дастаткі; і маю дзе-якія сумы ў банку ці скарбы на выспе Монтэ-Хрысто; толькі што багацце маё не абцяжарвае майго штодзённага жыцця, але, як чулы і разумны апякун і дабрачынца, чувае нада мной здалёку, баронячы ад нястачы і выконваючы толькі самыя пачцівыя мае пажаданні. Але ці такое шчасце магчымае? Ці няма ў ім граху? Кожны стан з волі Бога мае сваю горыч, а праз тое свае заслугі і пацяшэнне. Не варта таму збіраць з іх ружы, а калючкі пакінуць! Хто ведае, ці ў асляпленні столькіх багатых не крыецца мудрасць Божая, якая жадае выклікаць у нас пагарду да зямных дастаткаў? Ведаем жа мы і нясмак, і адказнасць, і няволю прывязанасці да дастаткаў, калі нам хочацца багаццяў, і мы не зайздросцім ніякім пацехам, дазволеным умеркаванасцю! Альбо прымаем умеркаванасць ахвотна, з усімі яе добрымі і датклівымі бакамі, з яе паніжэннем, з яе спадзяваннем на будучыню, з яе дробязнасцю, з яе прозай; але адначасова з яе прастатой, чалавечнасцю, даступнасцю і тым, што яна ёсць пробным каменем людскіх сэрцаў!

Шчасце не ёсць больш лёгкім у адным ці другім стане, але ёсць у разуменні жыцця, у карыснасці жыцця, у святасці жыцця, у прыстасаванні таго жыцця да нашага характару, становішча і патрэбаў. А таму цяжка мець поўнае, асалоднае, спадчыннае шчасце, з якім бы чалавек нарадзіўся; трэба, каб да гэтага спрычынілася шмат асобаў, шмат рэчаў, шмат гадоў, як да збору ахвяраванняў для сіраты або выгнанца; заўсёды недастаткова, калі іх уласная праца не падвоіцца…

Калі пішу гэтае, блытаючыся ў параўнаннях і домыслах, атрымліваю ліст ад маёй пляменніцы — чатырнаццацігадовай дзяўчынкі, якая ва ўзрушэнні маладога сэрца дзякуе за нязначны падарунак… Тая ўдзячнасць яе, такая шчырая, заліла маю душу невымоўнай слодыччу! А паколькі па малым каліве можна меркаваць аб вялікім, то хто ж ведае, ці не найпраўдзівейшым, адзіным, можа, на гэтай зямлі нашым шчасцем ёсць радасць іншых, да якой мы спрычыніліся?..

Напісана ў 1850 годзе.

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч.

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ :: «МАЛЫЯ ДЫ ПРАЎДЗІВЫЯ АПАВЯДАННІ» ГРАФІНІ ГАБРЫЭЛІ ::
Габрыэля ПУЗЫНЯ :: ХРОСНЫ БАЦЬКА ::
Габрыэля ПУЗЫНЯ :: НЕЗАБЫЎНАЯ ДРАБНІЦА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY