Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка


ГЛЫБОКАЯ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ


СЛОВА СТАЛА ЖЫЦЦЁМ


СВЁНТЭК


НА БОЖУЮ ХВАЛУ


ЛІСТ У ВЕЧНАСЦЬ


ЁН БЫЎ НЕЗВЫЧАЙНЫ


ЯГО ЖЫВОЕ АПОСТАЛЬСТВА

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Постаці
Пераклады


ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ

Вачыма візітатара

Юры ГАРУЛЁЎ

ЁН БЫЎ НЕЗВЫЧАЙНЫ

Кардынал Казімір Свёнтэк
уручае галоўныя прызы
першага фестывалю
«Magnificat». 2004 г.

У асобе ксяндза кардынала я страціў чалавека, які для мяне стаў родным у прамым сэнсе гэтага слова. Першыя два гады, калі я здымаў кіно, кардынал... проста не заўважаў мяне. Я хоць і не крыўдаваў, але не мог зразумець, чаму ён так ставіцца да маёй працы. Праз некаторы час зразумеў, што кардынал, прайшоўшы праз жыццёвыя цяжкасці, магчыма, несвядома выпрацаваў у сабе звычку давяраць толькі тым людзям, якія былі ўжо «выпрабаваныя» ў адносінах з ім. Іншых людзей ён мог проста не заўважаць. І толькі праз два гады, калі мы з Аркадзем Шпунтам і Святланай Адамовіч знялі прысвечаную кардыналу кінастужку «Mater Misericordia» («Маці Міласэрнасці»), ён пачаў прыглядацца да мяне. Падчас працы над гэтым фільмам увогуле стварылася цікавая сітуацыя: калі ксёндз Казімір Свёнтэк стаў кардыналам, яму ўжо было больш за семдзесят гадоў, і калі Святлана з Аркадзем прыйшлі да яго з прапановаю здымаць стужку, кардынал адказаў: «Навошта гэта рабіць цяпер? Пачакайце крыху, можа мне ўжо няшмат засталося, і тады ўжо будзеце здымаць...» Але яны ўсё ж угаварылі Яго Эмінэнцыю на здымкі.

Калі пэўны чалавек ужо быў «выпрабаваны» кардыналам, то ў стасунках з ім ён станавіўся вельмі мяккім і душэўным, умеў праявіць свой гумар і распавесці якую-небудзь цікавую гісторыю. У такім выпадку перад табой нібы адкрываўся зусім іншы чалавек. І я зразумеў, што сталінскія лагеры, праз якія мусіў прайсці ксёндз кардынал, вельмі моцна змянялі людзей, можна нават сказаць выпрацоўвалі своеасаблівы тып людзей, якія маглі зрабіць усё для тых, каму давяралі, а іншых маглі проста ігнараваць.

Пасля быў зняты фільм «Вяртанне» пра гісторыю мінскага архікатэдральнага касцёла. А калі мы ўжо працавалі над стужкаю «Канікулы кардынала», Яго Эмінэнцыя размаўляў з намі вельмі раскавана і адкрыта. Нават святары падыходзілі да мяне і са здзіўленнем пыталі: «Як табе ўдалося зняць такі фільм пра кардынала? Як гэта ён расказаў табе пра свае дзіцячыя і юнацкія гады?». Нават яны ніколі не чулі ад Казіміра Свёнтка падобных аповедаў.

 
У капліцы Маці Божай
Вастрабрамскай
у Пінскай катэдры.
  У капліцы Маці Божай
Вастрабрамскай
у Пінскай катэдры.

Я ведаў кардынала таксама як простага чалавека, які меў свае слабасці, свае захапленні і зацікаўленні. Напрыклад, у маладосці ён вельмі сур’ёзна захапляўся кіно. Аднойчы распавядаў мне, як сам рабіў здымкі. Гэта было вельмі складана з тэхнічнага боку: асобна выява і асобна гук... У гэтым сэнсе кардынал праводзіў вялізную эксперыментальную працу і ствараў далёка не аматарскае кіно. Напрыклад, цяпер я працую над фільмам пра вельмі вядомага польскага фатографа Зоф’ю Хаментоўскую, якая ў маладосці таксама здымала Палессе. Яе цікавілі мясцовая этнаграфія і самі палешукі. Але кардынал зазняў гэтую інфармацыю нашмат раней! Я бачыў яго фільмы пра жыхароў Палесся, пра палескія расліны і кветкі. Нават сучасныя беларускія этнаграфічныя музеі не маюць такога матэрыялу, які меў кардынал ужо ў тыя часы. Ён спецыяльна падбіраў музыку да сваіх фільмаў! Ён распавядаў мне, чаму для той ці іншай сцэны падыходзіць, напрыклад, музыка Шапэна альбо Грыга. Было відаць, што ксёндз кардынал цудоўна разбіраўся ў класічнай музыцы. У якасці дыктарскага тэксту ён чытаў вершы: для кветак падбіраў адны радкі, для здымкаў лесу — іншыя... Мантажныя лісты ў яго распісаныя па кадрах. Гэта была сапраўдная рэжысёрская праца! І, дзякуй Богу, гэтыя матэрыялы захаваліся. Праўда, Яго Эмінэнцыя не дазваляў паказваць свае стужкі. Мне каштавала вялікіх намаганняў угаварыць кардынала паказаць яго фільм «Polesia czar» на фестывалі. Ён згадзіўся, але з умоваю, каб гэтая стужка потым нідзе не распаўсюджвалася.

Мне хацелася зняць пра Яго Эмінэнцыю чатыры карціны. Гэта ж быў адзіны кардынал у Беларусі, іерарх, які прайшоў такі складаны шлях! Таму, збіраючыся здымаць наступную стужку, я прапанаваў: «Ваша Эмінэнцыя, давайце зробім фільм пра Вас як пра простага чалавека». Спачатку ён нібы не пачуў маёй прапановы, прапусціў міма вушэй. Але праз некаторы час кажа: «Вось збіраюся з’ездзіць у Будслаў...» Сказаў нібы проста так, але ж я зразумеў, чаму ён мне пра гэта гаворыць, і спытаўся, ці можна будзе паехаць разам з ім. Кардынал згадзіўся. У Будслаў ён прыехаў з пані Барбарай, якая шмат дапамагала яму ў жыцці. Разам з кусташам Будслаўскага санктуарыя айцом Віктарам Бурлакам OFM ён цэлебраваў Імшу, на якой у касцёле прысутнічалі толькі тры вернікі. Затым ксёндз кардынал паехаў у Мосар, пахадзіў сярод кветак, пастаяў на мастку, разам з ксяндзом Юзафам Булькам схадзіў да крыніцы, і відаць было, што ён проста радуецца навакольнай прыгажосці... На наступны дзень ён запрасіў мяне ў свой пінскі дамок на вуліцы Шаўчэнкі. Там мы запісалі інтэрв’ю, у якім размаўлялі пра яго маму. Я яшчэ ніколі не чуў, каб дарослы мужчына гаварыў пра сваю маці так, як малое дзіця. Ён распавёў усё так, што я ўбачыў у ім зусім іншага чалавека! Гэты чацвёрты мой фільм пра кардынала атрымаў назву «Fidei testis». Цяпер я збіраюся здымаць яшчэ адну стужку, якая будзе прысвечана кардыналу і над сцэнарыем якой працуе вельмі таленавіты чалавек і рэстаўратар Аркадзь Шпунт.

Адыход кардынала сапраўды стаў для Касцёла вялікаю стратаю. Цяжка нават параўнаць кардынала Казіміра Свёнтка з якой-небудзь іншай асобай ХХ стагоддзя, якая адыграла б такую важную ролю ў духоўным жыцці Беларусі.

Юры Гарулёў, рэжысёр,
старшыня Асацыяцыі SIGNIS-Беларусь,
дырэктар студыі «СТОП-КАДР».

Гл. таксама:
ROGITO КАРДЫНАЛА КАЗІМІРА СВЁНТКА ::
ГАМІЛІЯ МІТРАПАЛІТА ТАДЭВУША КАНДРУСЕВІЧА ПАДЧАС ПАХАВАЛЬНАЙ СВЯТОЙ ІМШЫ ЗА ПАМЕРЛАГА КАРДЫНАЛА КАЗІМІРА СВЁНТКА ::
Біскуп Ежы МАЗУР :: ПЛЁН ЯГО ПРАЦЫ, МАЛІТВЫ І ЦЯРПЕННЯЎ ::
Кс. Аляксей РАМАНЧУК :: ГЛЫБОКАЯ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ ::
Кс. Юры БЫКАЎ :: СЛОВА СТАЛА ЖЫЦЦЁМ ::
Аркадзь ШПУНТ :: СВЁНТЭК ::
Марцін БЮШЭРМЁЛЕ :: НА БОЖУЮ ХВАЛУ ::
Крыстына ЛЯЛЬКО :: ЛІСТ У ВЕЧНАСЦЬ ::
Ірына БАГДАНОВІЧ :: ЯГО ЖЫВОЕ АПОСТАЛЬСТВА ::
ВЕРШЫ ::
Алесь ЖЛУТКА :: НА СВЯТУЮ ПАМЯЦЬ КАРДЫНАЛА КАЗІМІРА СВЁНТКА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY