 |
Алесь ЧОБАТ
|
Чалавек
Памяці кардынала
Казіміра Свёнтка
Смерць пускалі за ім след у след
гітлеравец і савет
і хам паўсюдны і прайдзісвет
і цэлы шалёны свет —
а ён ішоў перад імі сам
у Пінск ішоў у свой Храм
быў час калючы горай за дрот
камень плакаў адзін —
бо людзі не людзі народ не народ
скрыгат вострых ільдзін
а трэба неяк кнігу на стол
і Слова ў ноч паўтараць
прайсці руіны падняць Касцёл
з людзей людзей назбіраць
а дзе іх узяць? адкуль і каго?!
кругом — як прайшла чума
і душыць Пінск яго аднаго
як вераб’я зіма
пакуль у дзеда вырасце ўнук
пакуль той пройдзе амок
жыві і слухай той стук і грук
і на дзвярах замок
цяпер тут кожны плача інакш
няма таго што было
цяпер тут кожны хто свой той наш —
начальства дало дабро! —
пагода светлая на двары
як рай — ні даць ані ўзяць
і ў першай лаўцы гаспадары
на Божае Цела сядзяць
а Чалавек памірае сам
з ім толькі боль — як той нож
вось стала сэрца — і душа ў Храм
зляцела пад летні дождж
і хоць займела свой Вечны Дом
а страшна да нематы
і пуста кругом — як нейкі пагром
прайшоў гэты Край пусты
і што цяпер і куды пісаць
і слёзы ноччу страсаць
каму і навошта што гаварыць?!
магу адно паўтарыць:
«Божа прабач мне зло якое рабіў не я
бо я быў тут — дзе было тое зло
і цэлы Край быў тут і ўвесь просты люд
і цяпер сорамна плакаць —
усім простым людам
над Адным Чалавекам»
27.07. 2011 г.
|
Крыстына ЛЯЛЬКО
|
Сведку веры
Кардыналу Казіміру Свёнтку
Наш кардынал, наш пастыр дарагі,
якога лёсу выпаў Вам ладунак:
турма у Брэсце — смерці пацалунак,
суровай Поўначы глыбокія снягі.
Праз дзесяць год цягнуўся шлях крыжовы,
з адной пакутнай стацыяй: Гулаг,
з сабранай воляй у адзін кулак,
каб вытрываць нялюдскія умовы.
І толькі ў снах кароткіх вулкі Пінска
прыходзілі не раз з гадоў юнацтва —
семінарыйнае святое брацтва,
якое біскуп блаславіў Лазінскі...
Бог даў вярнуцца Вам на бераг Піны,
каб Божую святыню ратаваць,
каб праўды веры людзям адкрываць,
нягледзячы на пострахі і кпіны.
Вас хараство Палесся захапляла —
рака і лес, і кожнае стварэнне,
ў хвіліны адзіноты і сумненняў
прыродамаці сілы Вам давала.
За ўсмешкаю, за гумарам і жартам
Вы боль у сэрцы часта так хавалі...
Касцёл з руінаў мужна уздымалі
з апостальскім нязломным гартам.
Святар ад Бога, мужны сведка веры,
Хрыстовы воін і слуга адданы,
нястомны рыцар Беззаганнай Панны,
Вы столькім душам адчынілі дзверы
у Валадарства Божае. Прыгожы
Вы шлях прайшлі служэння і пакуты.
Любоўю да крыжа прыкуты,
былі Вы чалавекам Божым.
Укрыжаваны за Касцёл цярпеннем,
Вы крыж з Хрыстом пакорна падзялялі
і болем Бога моўчкі праслаўлялі
да гэтага апошняга імгнення, —
наш кардынал, наш пастыр дарагі...
21.07.2011
|
Данута БІЧЭЛЬ
|
На развітанне
Яго няволілі
далёка адвозілі
потым сам ён па свеце
нахадзіўся наездзіўся
З сабою меў крыж
крышэнь хлеба кроплю віна
і Прачыстую Ружу
якая ў неба вяртае душы
Хадзіў праз мора людское
заўсёды з любоўю
крыж ўздымаў высока над галавою
над людскімі галовамі
хлебам дзяліўся з галоднымі
каму хлеб удзяляў — меў такі «пароль»
— Цела Хрыста...
Найцяжэйшы крыж моцны боль
цярпеў — невыносны...
згарэў
гарыць промень Гостыі
калі мы пры Ім —
то і мы моцна стаім
|
Пераклад прысвячаецца
памяці кардынала Казіміра Свёнтка
Джозуэ КАРДУЧЫ1
|
Базыліка
Святой Марыі Анёльскай
у Асізі
Браце Францішак, колькі прасторы аблашчыў
Гэты цудоўны купал Віньёлы2,
Дзе ты распрануты ляжаў, скрыжаваўшы
Рукі ў агоніі, на зямельцы голай!
Ліпень спякотны, над працавітым долам
Поўніцца спеў любоўю. О, дай мне шчасце
У спевах Умбрыі3 слова пачуць тваё здолець,
У небе Умбрыі воблік твой светлы пабачыць!
Ля велічнай брамы далёкага раю
У высокім, самотным і сцішаным ззянні,
Над даляглядам горных крыніцаў,
Гляджу, як стаіш і рукі ўзнімаеш,
Усхваляючы Бога: «Дзякую табе, Пане,
За нашую цялесную смерць-сястрыцу!»
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык.
|
- Джозуэ Кардучы (1835–1907) — лаўрэат Нобелеўскай прэміі за 1906 г.
- Джакамо да Віньёла, або проста Віньёла (Il Vignola; сапр. Якапо дэ Бароцы; 1507–1573) — італьянскі архітэктар.
- Вобласць Італіі, дзе знаходзіцца Асізі.
Юлія ШЭДЗЬКО
|
* * *
Кардыналу Казіміру Свёнтку
На крылах сваіх панясу цябе,
закалыхаю, укрыю, злагоджу,
і волас з тваёй галавы не ўпадзе,
і горыч тугі цябе не патрывожыць.
На крылах сваіх панясу цябе
праз сцятае сцюжаю мёртвае поле,
праз строй сутарэнняў пракураных, дзе,
забраўшы свабоду, не знішчылі волю.
На крылах сваіх панясу цябе
праз шэраг эпох будаванняў і стратаў,
дзе ў войнах за дух, што вядзе чалавек,
цень лобнага месца згушчаўся праз краты.
На крылах сваіх панясу цябе,
дзе млын прамінання гісторыю чыніць —
хлеб тых, хто ідзе за табой. Ты ж ідзеш,
пакінуўшы край, каб вярнуцца ў Айчыну.
На крылах сваіх цябе панясу.
Ўзыходзіць світанак твайго прагнення.
Сустрэну цябе на парозе, скажу:
Добрай раніцы, сынку, з днём нараджэння...
|
|
 |