|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Пачатак у №2(40)/2007
КНІЖКА ЧАЦЬВЁРТАЯ
Голас Хрыста
1. Хадзеце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, а Я дам вам палягчэньне (Мц 11, 28), — кажа Пан. А хлеб, які Я дам, — гэта цела Маё за жыцьцё сьвету (Ян 6, 52). Бярыце і ешце: гэта ёсьць цела Маё, якое за вас будзе выданае, гэта рабіце на Маю памяць (Мц 26, 26; Лк 22, 19; 1 Кар 11, 24). Хто спажывае Маё цела і п’е Маю кроў — ува Мне жыве, а Я ў ім (Ян 6, 57). Словы, якія Я вам казаў, — ёсьць духам і жыцьцём (Ян 6, 64). Разьдзел І
Зь якой пашанай трэба прымаць Хрыста 1. О Езу, праўда спрадвечная, вось словы Твае, хоць не ў адным часе сказаныя і не ў адным месцы. Але таму, што яны Твае, таму што яны праўдзівыя, трэба прымаць іх з падзякаю і зь вераю. Твае гэныя словы, Ты іх казаў, але і мае яны, бо ж дзеля збаўленьня майго яны сказаныя. З радасьцю падхопліваю іх з вуснаў Тваіх, каб глыбей пранялі яны сэрца маё. Узрушаюць мяне словы так вялікае пабожнасьці, поўныя гэткае дабраты і салодкасьці ды любові, але палохаюць грахі мяне ўласныя, а нячыстае сумленьне з жахам глядзіць на гэныя вялікія таёмнасьці. Салодкасьць слоў Тваіх парывае мяне, але стрымлівае велічыня грэшных нахілаў маіх. 2. Прыказваеш, каб я зь вераю падыходзіў да Цябе, калі хачу часьцінку мець з Табою, і каб прыняў я пажыву несьмяротнасьці, калі хачу атрымаць жыцьцё і хвалу вечную. Хадзеце, — кажа, — да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, а Я дам вам палягчэньне (Мц 11, 28). Слова гэта салодкае і мілае вушам грэшніка, слова, якім заклікаеш Ты, Пане Божа мой, кожнага патрабуючага і ўбогага да спажывы найсьвяцейшага цела Твайго. Хто ж я такі, Пане, каб сьмеў прыступіцца да Цябе? Вось неба небаў ня здолее Цябе агарнуць (1 Вал 8, 27), а Ты кажаш: «Хадзеце ўсе да Мяне». 3. Скуль і што гэта такое — гэная найміласэрнейшая ласка? Ды гэткія прыяцельскія запросіны? Ці ж пасьмею я прыступіцца, калі нічога добрага ня бачу ў сабе, што магло б мяне асьмеліць? Ці ж пасьмею ўпусьціць Цябе ў хату сваю я, які гэтак часта абражаў найласкавейшы Твой воблік? Анёлы і арханёлы падаюць перад Табою, палохаюцца Цябе сьвятыя ды справядлівыя, а Ты кажаш: «Хадзеце ўсе да Мяне». Калі б ня сам Ты, Пане, гэта казаў, хто ж даў бы веры? А калі б ня сам Ты прыказваў — хто ж пасьмеў бы прыступіцца? 4. Вось Ной — чалавек справядлівы, ладзячы Арку сваю, сто гадоў працаваў, каб выратавацца мала з кім зь людзей, а я, якім чынам здолеў падгатавацца за адну толькі гадзіну, каб прыняць як трэба Тварца сьвету? Майсей, вялікі Твой слуга ды адмыслова ўлюбёны, з дрэва, якое ніколі не парахнее, зрабіў Арку і самым чыстым золатам абклаў яе ў сярэдзіне, каб пакласьці там табліцы Закону Твайго, а я, што некалі на парашок расьцярушуся, пасьмею гэтак лёгка да Цябе, Даўцы законаў і жыцьця, прыступіцца? Салямон, наймудрэйшы з усіх каралёў ізраэльскіх, цераз сем гадоў ставіў сьвятыню цудоўную Табе, на чэсьць Іменьня Твайго. А восем дзён сьвяткаваў урачыстасьць асьвячэньня яе; тысячу ахвяраў, каб вымаліць згоду, ён паклаў, ды пры гуках трубаў і радасным гомане людзей — на месца належнае Арку ўмовы урачыста паставіў. А я няшчасны і самы мізэрны зь людзей — якім чынам буду клікаць Цябе ў хату сваю, я, які ледзь паўгадзіны мог вытрываць на пабожных малітвах? Ды каб на’т гэную хвілінку хоць раз стрываў я, як трэба! 5. О Божа мой, яны гэтак стараліся ўсё рабіць успадобу Табе! Бяда ж ты мая — я гэтак мала раблю! Як мала часу пасьвячаю на тое, каб падгатавацца, як трэба, да сьв. Камуніі. Мала калі думка мая не расьцярушаная і вольная ад пастаронніх думак. А сапраўды ў Тваёй збаўленнай прысутнасьці не павінна ўва мне быць ніякая грэшная думка, і не павінен зважаць я на ніякае стварэньне на зямлі, бо ж манюся прыняць я ў госьці не Анёла, а самога Пана Анёлаў у хаце сваёй. 6. Бо ж вялікая розьніца паміж Аркаю ўмовы зь яе сьвятасьцямі і найчысьцейшым целам Тваім з усенькай моцай яго; паміж ахвярамі Старога Закону, вобразамі толькі будучых ахвяраў ды сапраўднаю ахвяраю цела Твайго, якая дапаўняе ўсе тыя папярэднія. Чаму ж тады сэрца маё не гарыць агнём вялікшым да сьвятое Твае тутака прысутнасьці? 7. Чаму ж з вялікшай увагай не падгатаўляюся, каб прыняць сьвятасьць Тваю, калі тыя старадаўнія сьвятыя патрыярхі ды прарокі, каралі ўсе ды князі з усенькім народам выказвалі гэтулькі пабожнасьці ды ўчуцьця каля службы Богу? 8. Найпабажнейшы кароль Давід, успамінаючы дабрадзействы, дадзеныя некалі Айцом, скакаў Пану прад Аркай з усіх сіл сваіх; парабіў ён розныя прыладзіны да музыкі, складаў псальмы ды загадаў, каб пяялі іх з радасьцяй; і сам часта іграў на цытры, пяючы адначасна, натхнёны ласкаю Духа Сьвятога; вучыў, каб народ ізраэльскі з усенькага сэрца Бога славіў ды штодзень згоднымі галасамі благаславіў і маліўся. Дык калі тады было гэткае вялікае набажэнства, калі Арка ўмовы колішняя заахвочвала памятаваць на Божыя ласкі і хвалу, — якую ж пашану мне ды ўсяму народу хрысьціянскаму трэба мець у прысутнасьці Сакрамэнту, ды з якой пабожнасьцю трэба нам прыняць Найсьвяцейшае Цела Хрыста! 9. Шмат ёсьць такіх людзей, што ходзяць з месца на месца, адведваючы рэліквіі сьвятых; захопліваюцца, чуючы іхныя дзеі, бачаць вялізарныя будыніны сьвятыняў ды цалуюць сьвятыя косьці, зложаныя ў шоўку ды золаце. А вось тутака, на алтары, Ты прысутны перада мною, Божа мой, сьвяты з найсьвяцейшых, Тварэц людзей і Пан над анёламі. Тамака часта адна толькі цікаўнасьць вядзе людзей ды ахвота паглядзець на новае, і таму малы плод іхні з гэтае паправы, асабліва калі адведваюць яны лёгкадумна і бяз жалю за грахі свае. А тутака вось, у Сакрамэнце алтара, Ты ўсенькі прысутны, Божа мой, Бог-Чалавек, Езус Хрыстус: тутака шчодры плод вечнага збаўленьня можам дастаць, калі толькі будзем прымаць Цябе годна і пабожна. Сюды нас ня маняць ані лёгкадумнасьць, ані цікаўнасьць, ані пачуцьцёвасьць, а толькі цьвёрдая вера, пабожная надзея ды шчырая любоў. 10. О невядомы Тварэц сьвету, Божа, як цудоўна Ты дзеіш з намі! Як салодка і ласкава дарыш Ты выбраных сваіх, якім самога сябе аддаеш, каб прымалі ў Сакрамэнце! Ніякі розум ня здоляе гэтага ўцяміць: і гэта асабліва зварочвае сэрцы пабожныя да Цябе і павялічвае любоў. Бо тыя сапраўдныя верныя Твае, якія імкнуцца на працягу ўсяго свайго жыцьця, каб паправіцца з грэшнага жыцьця, — у гэным найсьвяцейшым Сакрамэнце атрымоўваюць і ласку пабожнасьці, і любоў да цноты. 11. О дзіўная, таёмная ласка Сакрамэнту, якую ведаюць толькі верныя Хрыста! Няверныя ж ды тыя, што служаць грахом, ня здолеюць ніколі спазнаць яе! Праз гэты Сакрамэнт зыходзіць ласка Духа Сьвятога, і душа здабывае цноту і красу, якую праз грэх страціла. Магутнасьць ласкі гэнае падчас так вялікая, а пабожнасьць, што на ёй узгадавалася , так грунтоўная, што ня толькі розум слабы, а на’т і цела мляўкае ў ёй новыя сілы знаходзіць. 12. А таму плакаць трэба надта і шкадавацца, гледзячы на сваю нядбайласьць і халоднасьць ды ў канцы і гультайства, тады калі прымаем мы Хрыста, у якім уся надзея і заслуга тых, якія хочуць збавіцца. Бо ж Ён толькі сам нас усьвяціць і адкупіць: Ён пацеха ўсіх вандроўнікаў і вечнае шчасьце сьвятых. Такжа дужа жалець трэба, што шмат ёсьць такіх, якія мала зважаюць на гэную таёмнасьць збаўленьня, якой і неба весяліцца, і сьвет якой трымаецца. О якая ж гэта сьляпата і цьвёрдасьць сэрца чалавечага! Яно ня толькі што не захопліваецца штораз больш гэтым цудоўным дарам, але на’т наадварот — штораз менш зьвяртае на яго ўвагу, таму што можа ім карыстацца кожнага дня. 13. Бо калі б гэты Найсьвяцейшы Сакрамэнт быў у адным толькі месцы, ды каб адзін толькі духоўнік мог яго ахвяраваць, зь якім імкненьнем беглі б тады людзі да таго духоўніка, каб толькі ўбачыць, як адпраўляецца гэная Божая таёмнасьць! Маем, аднак, шмат духоўнікаў і шмат дзе ахвяроўваецца Хрыстус, каб тым больш была выяўлена ласка ды любоў Бога да чалавека, чым шырэй распаўсюджваецца сьвятая Камунія на сьвеце. Дзякуй вялікі Табе, добры Езу, вечны наш Пастыру, што нас, марных згнаньнікаў, схацеў пасіліць сваім Целам бязцэнным і Крывёю сваёю схацеў нас напаіць, ды яшчэ заклікаеш сам нас да гэнае таёмнасьці сваімі вуснамі, кажучы: Хадзеце да Мяне ўсе, спрацаваныя і абцяжараныя, а Я дам вам палягчэньне (Мц 11, 28). Разьдзел ІІ
Вялікая дабрата і любоў Бога да чалавека аб’яўляюцца ў Найсьвяцейшым Сакрамэнце 1. Спадзеючыся на вялікую дабрату ды на міласэрнасьць Тваю, Пане, прыходзіць хворы да Збаўцы, галодны ды з смагаю вялікаю — да крыніцы жыцьця, бедны — да Валадара неба, слуга — да Пана, стварэньне — да Тварца свайго, пакінуты — да свайго міласэрнага пацяшыцеля. Дзеля чаго ж, аднак, Ты прыйшоў бы да мяне?.. Хто я такі, каб даваў Ты мне самога сябе? Ці ж пасьмее грэшнік паказацца перад Табою? А як гэта Ты, Пане, зволіш прыйсьці да грэшніка? Ты добра ведаеш слугу свайго, дык ведаеш, што нічога добрага ў сабе ён ня мае, каб рабіць яму гэную ласку. Вось жа прызнаюся да благоцьця майго, бачу Тваю дабрату, праслаўляю Тваю міласэрнасьць ды дзякую за вялікую любоў. Дзеля самога сябе Ты гэта робіш, а ня дзеля заслугаў маіх; каб паказаць мне больш сваю дабрату, каб больш прышчапіць яшчэ любові ў сэрца маё ды каб яшчэ больш навучыць мяне пакорнасьці. Таму, калі гэтак Табе ўспадобу ды гэтак Ты загадаў, у захопленасьці прымаю я ласку Тваю; каб жа толькі не перапыньвала мяне грэшнасьць мая! 2. О найлепшы, найласкавейшы Езу! Зь якою пашанаю, зь якою падзякаю ды заўсёднаю хвальбою нам трэба зьвяртацца да Цябе за тое, што даў Ты нам Найсьвяцейшае Цела Тваё, годнасьці якога ня здоляе выказаць ніводзін з людзей! Але што ж я падумаю, прымаючы гэнае Цела, прыступаючы да Пана майго, якога, як трэба, і славіць не патраплю, а якога, аднак, пабожна прыняць імкнуся? Што ж падумаю лепшае ды карысьнейшае, калі ня тое, каб цалкам спакарыцца перад Табою ды выхваляць Тваю бязконцую дабрату адносна мяне? 3. Хвалю Цябе, мой Божа, ды выхваляю на векі. Пагарджаю сабою, а схіляюся перад Табою аж да глыбіні благоцьця свайго. Вось Ты, Найсьвяцейшы з Сьвятых, а я самы благі з усіх грэшнікаў. І вось Ты схіляешся да мяне, а я нягодны глянуць на Цябе. Вось Ты прыходзіш да мяне, Ты хочаш быць са мною, Ты заклікаеш мяне да свайго стала. Хочаш мне даць стравы нябеснае і хлеб анёлаў, каб я еў, як нішто іншае, як Ты сам: хлеб Божы, што з неба прыйшоў, — і дае жыцьцё сьвету (Ян 6, 33). 4. Вось крыніца любові, скуль плыве гэная дабрата, якою Ты зіхаціш! Як жа трэба за гэта Табе дзякаваць ды як выхваляць Цябе! О які карысны ды збаўленны быў Твой прысуд, калі ўстанавіў Ты гэны сьвяты Сакрамэнт! Якая салодкая ды радасная вячэра, дзе самога сябе на страву Ты даеш нам! О якія ж дзіўныя дзеі Твае, Пане! Якая ж вялікая магутнасьць Твая! Якая нявыказаная праўда Твая! Бо сказаў Ты толькі, і ўсё сталася, і сталася так, як Ты загадаў. 5. Цудоўная справа, якую вераю агарнуць толькі магчыма, бо вялікшае гэта за сілы розуму чалавечага, што Ты, Пане Божа мой, сапраўды Бог і Чалавек, пад самаю маленькаю часьцінкаю хлеба ды віна хаваешся ўсенькі, а той, хто спажыве Цябе, нічым не парушае суцэльнасьці асобы Тваёй. О, Ты, Пан сьвету ўсенькага, які нічога ніколі не патрабуеш, Ты хацеў праз Сакрамэнт Твой жыць у нас; ня дай, каб сэрца і цела маё спляміліся, каб зь вясёлым ды чыстым сумленьнем часьцей я патрапіў сьвяткаваць ды дзеля майго збаўленьня вечнага прымаць таёмнасьці, якія Ты дзеля хвалы сваёй ды на вечную памятку сваю — усьвяціў і ўстанавіў. 6. Весяліся, душа мая, ды дзякуй Богу за гэткі знатны дар, за гэную асаблівую ды шматцэнную пацеху, пакінуў Ён якую на гэтай сьлёзаў даліне. Бо калі толькі спамянеш на гэную таёмнасьць ды прымеш Цела Хрыста, заўсёды тады дзеіш на карысьць свайго збаўленьня і становішся ўчасьнікам усіх заслугаў Хрыста. Бо любоў Хрыста ніколі ня меншае, а крыніца міласэрнасьці Ягонае ніколі не высыхае. І дзеля таго, каб прыняць гэты Сакрамэнт, трэба табе кожны раз падгатавацца, заўсёды аднаўляючы духа свайго і ўсьцяж глыбей разважаючы гэту вялікую тайніцу збаўленьня людзкога. Калі Імшу адпраўляеш ці бываеш прысутным на ёй, няхай здаецца табе гэная таёмнасьць гэткаю вялікаю, новаю, гэткаю радаснаю, як быццам Хрыстус у гэную хвіліну зыходзячы ў лона Маці-Дзевы, ставаўся чалавекам, або ў гэную самую хвіліну прыбіты на крыжы, церпіць ды ўмірае, каб збавіць род чалавечы. Разьдзел ІІІ
Карысным ёсьць часта прыступаць да сьв. Камуніі 1. Вось прыходжу да Цябе, Пане, каб абдарыў Ты мяне дарам сваім і каб узьвесяліўся я на Тваім банкеце сьвятым, які ўбогаму наладзіў Ты, Божа, у салодкасьці сваёй (Пс 17, 11). Вось у Табе ўсё, чаго я толькі жадаць магу і мушу; Ты збаўленьне маё і адкупленьне, надзея і дужасьць, прыгожасьць і слава. Разьвесялі душу слугі свайго, бо да Цябе, Пане, падняў душу я сваю (Пс 85, 4). Хачу я цяпер пабожна ды з пашанаю прыняць Цябе; хачу ўвясьці Цябе ў хатку сваю, каб, як Захэй, заслужыць на бласлаўленьне ад Цябе ды трапіць у лік сыноў Абрагама. Душа мая жадае Цела Твайго, сэрца ж маё імкнецца з Табою злучыцца. 2. Дай Ты мне самога сябе, і хопіць мне гэтага. Бо апроч Цябе — няма для мяне пацехі. Без Цябе не магу існаваць і жыць не патраплю без наведзінаў Тваіх. І дзеля гэтага часта мне трэба прыступацца да Цябе ды прымаць Цябе дзеля бясьпекі збаўленьня майго, каб часам без нябеснае стравы не прапаў я на сваім шляху. Бо ж сам Ты, найміласэрнейшы Езу, калісь вучачы народы ды лечачы ўсялякія немачы хворых, так сказаў: Не хачу пусьціць іх галоднымі да хаты, каб не прысталі ў дарозе (Мц 15, 32). Дык паступай гэтак і са мною, бо ж Ты пакінуў сябе ў Сакрамэнце для верных на пацеху. Бо Ты — салодкая страва для душы, і хто табою, як трэба, будзе карыстацца, учасьнікам будзе ды спадкавічам хвалы вечнае. А дзеля таго, што гэтак часта ўпадаю ды грашу, гэтак хутка млею ды нядужэю, трэба, каб частымі малітвамі, споведзямі ды прыманьнем сьвятога Цела Твайго сябе я абнаўляў, абчышчаў ды запальваў агонь любові, каб доўга не адкладваючы сваіх намераў, не адступіцца мне ад іх зусім. 3. Бо маюць нахіл пачуцьці чалавецкія да благоцьця ад маленства свайго, а калі не пасьпеюць лекі нябесныя, горш яшчэ будзе з чалавекам. Сьвятая Камунія адцягвае ад благоцьця ды ўзмацоўвае ў дабры. Дык калі гэтак часта цяпер я нядбалы ды халодны, камунікуючы ці Імшу адпраўляючы, што ж было б, калі б зусім я кінуў гэны лек цудоўны ды не прымаў гэнае падмогі вялікае? І хаця не заўсёды, не на кожны дзень я, як трэба, настроены ды падгатаваны адпраўляць гэную таёмнасьць, усё ж такі буду імкнуцца, каб прынамся ў дні ўрачыстыя прымаць добра Цела і Кроў Пана, а цераз гэта зьяўляцца ўчасьнікам гэткае вялікае ласкі. Бо ж гэта самая вялікая пацеха душы, пакуль вандруем у целе сьмяротным, каб, часта памятаючы на Бога, душа гэта ўлюблёнага свайго пабожна прымала. 4. О цудоўны плод дабраты Тваёй! Ты Пан і Бог мой, Ты Тварэц і Ажывіцель усіх духаў, Ты схацеў прыйсьці да беднае душы з усёю Боскасьцю ды чалавецкасьцю сваёю, каб голад прагнаць, каб накарміць яе. О шчасьлівая ды бласлаўлёная тая душа, якая патрапіць пабожна прыняць Цябе, Пана Бога свайго, а прыняўшы Цябе, напоўніцца вясельлем духу! О якога ж вялікага Пана прымае яна, якога госьця дарагога вітае, якога мілага сябру находзіць яна, якога вернага прыяцеля, якога прыгожага ды шляхотнага ўлюбенца, які варты найвялікшае любові, ды якога трэба больш за ўсіх любіць. Няхай змоўкнуць перад воблікам Тваім — найслодшы ды наймілейшы Божа мой — неба і зямля, і ўсенькае іх хараство, бо што толькі ў іх ёсьць, чым могуць пахваліцца, усё гэта Ты ім падарыў, і нішто не зраўняецца з хараством і хвалаю Імя Твайго, мудрасьці якога няма ліку (Пс 146, 5). Разьдзел IV
Вялікім дабром карыстаюцца тыя, што пабожна камунікуюцца 1. Пане Божа мой, паперадзі слугу свайго бласлаўленьнямі салодкасьці Тваёй (Пс 20, 4), каб патрапіў прыступіцца да Твайго велічэзнага Сакрамэнту дастойна ды пабожна. Зварухні сэрца маё да сябе і з цяжкой нячуласьці вырві мяне. Адведай мяне збаўленьнем сваім (Пс 105, 4), каб здолеў я скаштаваць салодкасьці Тваёй, якая ў гэным Сакрамэнце, казаў бы ў крыніцы, знаходзіцца ўпоўні. Дай сьвятло вачам маім, каб патрапілі глядзець яны на так вялікую таёмнасьць, і дай мне сілы, каб я верыў у яе верай непарушнай. Гэта ж усё Твая справа, а ня плод чалавецкае дужасьці, гэта Твая сьвятая ўстанова, а ня выдумка чалавека. Затым ніхто сам цераз сябе ня будзе гэткім разумным, каб агарнуць і сьцяміць тое, што перавышае на’т і здольнасьць анёлаў. Дык якім чынам я, грэшнік нягодны, зямля і попел, здолею нешта дасьледзіць ды сьцяміць у так вялікай таёмнасьці? 2. Пане, у прастаце сэрца майго, з добраю ды цьвёрдаю вераю, паводле загаду Твайго, прыступаюся да Цябе з надзеяй ды пашанай і веру шчыра, што Ты прысутны тутака ў Сакрамэнце як Бог і чалавек. Хочаш, каб я прыняў Цябе і злучыўся з Табою ў любові? Дзеля гэтага зьвяртаюся да міласэрнасьці Тваёй і прашу адумысловай ласкі, каб усенькі расстаяў я ў Табе, а сэрца маё стала поўнае любові да Цябе, ды каб ужо ніякае іншае пацехі нідзе я не шукаў. Бо ж гэты Найвялікшы і Найсьвяцейшы Сакрамэнт зьяўляецца збаўленьнем душы і цела, ды адначасна гэта лек на ўсе немачы духа, у ім спраўляюцца нястачы мае, стрымліваюцца грэшныя нахілы, перамагаюцца ды паменшваюцца спакусы, даецца вялікшая ласка, пабольшвае цнота, дужэе вера, падкрапляецца надзея, і запальваецца ды пашыраецца любоў. 3. Шмат якімі дарамі Ты надзяліў улюблёных сваіх, якія пабожна камунікуюцца, ды яшчэ штораз больш іх надзяляеш; о Божа мой, Збаўца душы маёй, Лекар нядужасьці чалавецкае ды Даўца ўсякае пацехі ўнутранае! Бо вялікую даеш пацеху сярод розных турботаў і з чорнае роспачы падымаеш да надзеі на помач Тваю, ды апроч таго, нейкаю новаю ласкаю так ажыўляеш і асьвячаеш, што людзі, якія прад Камуніяй палохаліся і былі зімнымі, пасіліўшыся Целам Тваім, шмат пераінакшыліся на лепшае. А ўсё гэта дзеля таго даеш сваім выбраным, каб сапраўды спазналі ды ўбачылі, насколькі яны нядужыя самыя ў сабе, а сколькі дабраты і ласкі дастаюць яны ад Цябе. Бо самыя праз сябе халодныя, цьвёрдыя ды мала пабожныя — праз Цябе ж яны робяцца гарачымі, ахвотнымі і пабожнымі. Бо хто толькі спакораны прыступаецца да крыніцы ласкавасьці, ці ж хоць крыху ня возьме стуль яе? Або хто ж, стоячы каля вялікага агню, ня возьме зь яго хоць крышку цяпла? А Ты — крыніца заўсёды поўная і перапоўненая, Ты — агонь, заўсёды гарачы і ніколі ня гаснучы. 4. Вось жа, калі нявольна мне чэрпаць з паўнаты крыніцы і піць зь яе дасыта, прытулю, аднак, губы свае хоць да беражку пратоку нябеснага і хаця адну маленькую каплечку вазьму стуль, каб смагу паменшыць, каб ня высахнуць зусім. І калі яшчэ я не зусім патраплю быць нябесным ды гэткім гарачым, як хэрубімы і сэрафімы, буду, аднак, імкнуцца трываць у пабожнасьці і падгатаваць сэрца сваё, каб, пакорна прымаючы аджыўчы Сакрамэнт, мог я атрымаць хаця адну іскрачку з агню Божага. А калі чагосьці мне не хапае, Ты, Езу добры, Збаўца найвялікшы, дапоўні мне цераз ласку сваю і міласэрнасьць, Ты, які клікнуў да сябе ўсіх, кажучы: Хадзеце да Мяне ўсе, спрацаваныя ды абцяжараныя, а Я дам вам палягчэнне (Мц 11, 28). 5. Я ж працую так, што пот зрасіў мне чало, болі разьдзіраюць сэрца маё, грахі цягнуць мяне да зямлі, спакусы турзаюць на ўсе бакі, а розныя благія, грэшныя нахілы блытаюць ды путаюць мяне — і няма нікога, хто памог бы мне; няма нікога, хто асвабадзіў бы ды схаваў бы мяне, апроч Цябе, Божа, Збаўца мой, якому ўсё дарую сваё і самога сябе, каб сьцярог Ты мяне ды давёў да жыцьця вечнага. Прымі мяне для чэсьці і славы Імя свайго, Ты, што на страву і піцьцё аддаў мне Цела сваё і Кроў сваю. Дай, Пане Божа, Збаўца мой, каб з кожным разам, калі я прыступаю да таёмнасьці Тваёй, — павялічвалася пабожнасьць мая.
З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч
|
|
|
|