Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка


ГЛЫБОКАЯ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ


СЛОВА СТАЛА ЖЫЦЦЁМ


СВЁНТЭК


НА БОЖУЮ ХВАЛУ


ЛІСТ У ВЕЧНАСЦЬ


ЁН БЫЎ НЕЗВЫЧАЙНЫ


ЯГО ЖЫВОЕ АПОСТАЛЬСТВА

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Постаці
Пераклады


ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ

Вачыма візітатара

Алесь ЖЛУТКА

ЗАЛАТОЕ СЯРЭДНЯВЕЧЧА —
НАШАМУ ЧАСУ:
СВЯТЫ ТАМАШ
І ЯГО ІНТЭРПРЭТАТАР
СТЭФАН СВЯЖАЎСКІ

Стэфан Свяжаўскі.

Тамаш Аквінскі, адзін з найвялікшых хрысціянскіх мысляроў і тэолагаў, нарадзіўся ў канцы 1224 ці на пачатку 1225 года ў Роккасэкка каля Неапаля ў сям’і Ландульфа графа Аквінскага. Пачатковую адукацыю з пяці да чатырнаццаці гадоў атрымліваў у бэнэдыктынскім кляштары Монтэ-Касіно, абатам якога быў ягоны дзядзька, а ўжо з 1239 і да 1243 г. навучаўся вызваленым навукам ва ўніверсітэце Неапаля. У 1244 г. Тамаш паступіў у ордэн дамініканаў, што было супраць волі бацькоў, якія сілай забралі яго і некалькі месяцаў трымалі пад вартаю.

Магчыма, што неўзабаве пасля гэтага зняволення, у 1245 г., юнак пераехаў у Парыж, дзе, верагодна, слухаў лекцыі знакамітага Альбэрта Вялікага, якога за рознабаковыя энцыклапедычныя веды тытулавалі «Універсальным Доктарам» (Doctor Universalis). Дакладна вядома, што трыма гадамі пазней, з 1248 да 1252 г., Тамаш быў сярод вучняў Альбэрта ў дамініканскай школе ў Кёльне аж да свайго пераезду ў Парыж, дзе ў славутым універсітэце стаў бакалаўрам, а затым з 1257 г. — прафесарам тэалогіі. Тут ён піша некалькі тэалагічна-філасофскіх трактатаў, а каля 1260 г. выпраўляецца ў Італію, дзе выкладае ў Рыме, Фларэнцыі, Арв’ето і Вітэрбо ды распачынае працу над сваім самым вядомым творам — «Сума тэалогіі» (Summa theologiae). На пачатку 1269 г., будучы ўжо дасведчаным выкладчыкам і тэолагам, ён зноў вяртаецца ў Парыжскі ўніверсітэт і працягвае пісаць «Суму...» і іншыя творы. У 1272 г. ён зноў у Італіі, у Неапалі, каб заснаваць пры мясцовым універсітэце дамініканскую вышэйшую школу (Studium generale). На бацькаўшчыне ішла праца над трэцяю часткаю «Сумы...». У канцы 1273 г. Тамаш перажыў моцнае містычнае ўражанне, і разам з гэтым пагоршылася яго здароўе. У 1274 г. на запрашэнне Папы ён выправіўся ў Ліён, каб узяць удзел у Саборы, хаця быў ужо моцна хворы, і 7 сакавіка 1274 г. адышоў да вечнасці ў цыстэрцыянскім кляштары Фоссануова паміж Неапалем і Рымам.

Адразу пасля смерці некаторыя з палажэнняў яго філасофскай канцэпцыі былі паддадзеныя асуджэнню кансерватыўнымі багасловамі і нават аб’яўленыя ерэтычнымі. Толькі пасля кананізацыі ў 1323 г. гэтыя нападкі паступова спыніліся. Святы здабыў вялікую славу і аўтарытэт. Яго параўноўвалі са св. Паўлам і св. Аўгустынам, называючы «Анёльскім Доктарам» (Doctor Angelicus), а Дантэ ў «Боскай камедыі» змясціў душу святога ў найвышэйшых сферах Раю сярод настаўнікаў Боскай мудрасці. Яго пачалі ўшаноўваць як апекуна дамініканаў, тэолагаў і студэнтаў, абаронцу падчас бураў.

І ўсё ж у сярэднія вякі св. Тамаш не атрымаў такога высокага статусу ў Касцёле, якога заслугоўваў сваёй творчасцю. Толькі пасля энцыклікі папы Льва ХІІІ «Aeterni Patris» з 1879 г. яго вучэнне стала разглядацца як афіцыйная дактрына Каталіцкага Касцёла.

У ХХ ст. адбылося новае адкрыццё філасофска-тэалагічнай думкі св. Тамаша як філасофіі праўды і навукі мудрасці. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі прадстаўнікі так званага экзістэнцыйнага тамізму Эцьен Жыльсон (Etienne Gilson)1, Жак Марытэн2 і Стэфан Свяжаўскі, кніга якога «Святы Тамаш, прачытаны нанава» (Święty Tomasz na nowo odczytany) у даходлівай і яснай форме раскрывае погляды св. Тамаша Аквінскага. Каб бліжэй пазнаёміць шаноўных чытачоў з гэтым аўтарам і зрабіць больш зразумелымі некаторыя месцы ў ягонай кнізе, пачатак якой у нашым перакладзе мы прадстаўляем ніжэй, падаем кароткія звесткі пра яго.

Стэфан Свяжаўскі (Stefan Swieżawski), у асобе ягога спалучыліся вялікі навуковы талент і глыбокая вера, з поўным правам можа быць залічаны да самых выдатных філосафаў нашага часу.

Нарадзіўся ён 10 лютага 1907 г. у вёсцы з украінскаю назваю Голуб каля Грубешава (сёння Голэмбе Грубешаўскага павета Люблінскага ваяводства) на самым памежжы з Украінай, а памёр 18 траўня 2004 г. у Канстанціне-Езёрне, недалёка ад Варшавы, не дажыўшы трох гадоў да ста. Меў жыццё доўгае, плённае і багатае на падзеі і асягненні. Перажыў дзве вайны, акупацыю, камуністычны рэжым і яго крах, адраджэнне новай Польшчы.

У 1921 г. сям’я Свяжаўскіх пасля Першай сусветнай вайны і вандраванняў пераехала у Львоў, дзе юнак скончыў гімназію і праз чатыры гады паступіў у Львоўскі ўніверсітэт, які тады насіў імя Яна Казіміра, на гістарычна-філасофскі аддзел філасофскага факультэта. Яшчэ да паступлення браў чынны ўдзел у Таварыстве школьнай каталіцкай моладзі «Адраджэнне» і нават стаў яго кіраўніком. У Таварыства ўваходзіла шмат людзей, якія пазней сталі вядомымі асобамі ў Польшчы, у тым ліку ягоны сябар Тадэвуш Федаровіч, які потым будзе даверанай асобай і спаведнікам папы Яна Паўла ІІ. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1929 г. Стэфан выехаў на далейшае навучанне ў Парыж, а ўжо праз год быў на службе ў войску. Вярнуўшыся пасля гэтага ў Львоў, працаваў ва ўніверсітэце асістэнтам праф. Казіміра Айдукевіча і пад яго кіраваннем пісаў доктарскую працу, якую абараніў у 1932 годзе. Выкладаў у тым жа ўніверсітэце, а падчас вайны ў 1944 г. у таемным універсітэце ў Варшаве абараніў працу габілітацыйную, якая была афіцыйна зацверджаная ў Пазнанскім універсітэце у 1946 годзе. У тым жа годзе пачаў выкладаць у Люблінскім каталіцкім універсітэце на катэдры гісторыі філасофіі, дзе працаваў 30 гадоў, 18 гадоў даязджаючы да Любліна з Кракава, у якім жыў раней, і потым 12 гадоў — з Варшавы. Апрача таго, ён быў заняты ў Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук у Варшаве, а яшчэ быў чынным удзельнікам розных навуковых, рэлігійных і грамадскіх ініцыятываў, у тым ліку выкладаў вучэнне св. Тамаша Аквінскага для Супольнасці ў Лясках пад Варшаваю.

Ён адзіны з свету «за жалезнаю заслонаю» браў удзел у працы Другога Ватыканскага Сабору ў якасці свецкага эксперта (аўдытара), супрацоўнічаў з філосафамі Эцьенам Жыльсонам і Жакам Марытэнам і быў асабістым сябрам папы Яна Паўла ІІ.

Пяру Стэфана Свяжаўскага належыць больш за 250 навуковых працаў. У свеце ён найбольш вядомы сваімі творамі ў галіне гісторыі сярэднявечнай філасофіі. Варта ўзгадаць хаця б ягоную грандыёзную васьмітамовую «Гісторыю еўрапейскай філасофіі ў XV стагоддзі» (Dzieje filozofii europejskiej w XV wieku) альбо вельмі папулярную «Гісторыю еўрапейскай класічнай філасофіі» (Dzieje europejskiej filozofii klasycznej).

Але сапраўдным бестселерам сталася ягоная кніжка «Святы Тамаш, прачытаны нанава», якая выйшла ў 1983 г., вытрымала шэраг новых выданняў і перакладалася на многія еўрапейскія мовы. Дзякуючы ёй шмат хто адкрыў для сябе велічны і прыгожы свет філасофіі праўды св. Тамаша. У сваім перакладзе з польскае падаем пачатак кнігі разам з аўтарскай прадмовай, дзе апавядаецца пра гісторыю яе стварэння.

Алесь Жлутка

Гл. таксама:
Стэфан СВЯЖАЎСКІ: СВЯТЫ ТАМАШ, ПРАЧЫТАНЫ НАНАВА ::


  1. Эцьен Жыльсон (1884–1978) — французскі хрысціянскі філосаф, якога лічаць неатамістам, прадстаўніком экзістэнцыйнага тамізму, даследчык Сярэднявечча. Даказаў уплыў схаластыкі і ў прыватнасці св. Тамаша Аквінскага на філасофскую канцэпцыю Дэкарта.
  2. Жак Марытэн (1882–1973) — французскі хрысціянскі філосаф і тэолаг, які лічыцца заснавальнікам неатамізму, прадстаўніком экзістэнцыйнага тамізму. Прапанаваў канцэпцыю інтэгральнага гуманізму, тры асноўныя прынцыпы якога — сцвярджэнне каштоўнасцяў асобы, суіснаванне людзей з імкненнем да грамадскага дабра, лучнасць з Богам.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY