|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
Маё знаёмства з Яго Эмінэнцыяй ксяндзом кардыналам Свёнткам распачалося, калі я быў клерыкам. Сам я паходжу з парафіі Удзела, што на Віцебшчыне. Там вельмі часта адбываліся святарскія рэкалекцыі. У той час Віцебскай дыяцэзіі яшчэ не было — гэтая вобласць уваходзіла ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. У духоўных сустрэчах са святарамі браў удзел і ксёндз кардынал. Калі на працягу гэтых дзён духоўных сустрэчаў ён быў сярод сваіх братоў у святарстве і маліўся супольна з іншымі святарамі і на адзіноце (памятаю, у такія моманты ён прыкрываў далонямі свой твар і, заўважна было, вельмі шчыра размаўляў з Панам Богам), ён заўсёды станавіўся вельмі спакойным. Для многіх святароў кардынал быў сапраўдным духоўным пастырам, настаўнікам і нават духоўным айцом, з якім можна было шчыра паразмаўляць, падзяліцца сваімі радасцямі і цяжкасцямі. Безумоўна, не абыходзілася і без ушчування... Але ж які добры бацька не пакарае сваіх дзяцей за штосьці дрэннае! Калі я стаў дыяканам і пачаў працаваць у Мінску, то яшчэ бліжэй пазнаёміўся з гэтым цудоўным святаром, убачыў, што акрамя глыбокай духоўнасці, ксёндз кардынал мае глыбокую чалавечнасць. Ён быў простым чалавекам, які не пагарджаў таварыствам такіх жа простых людзей і меў прыгожае пачуццё гумару. Мяне ўразіў у ім незвычайны шарм, які ёсць у нямногіх старэйшых людзей, а таксама тактоўнасць, памяркоўнасць, уменне з глыбінёй і праніклівасцю падысці да кожнай справы. У многіх рэчах я стараўся вучыцца ад ксяндза кардынала, браў прыклад з яго паводзінаў, дыпламатыі, стараўся пераймаць яго пастырскія якасці. Пінская духоўная семінарыя была плёнам яго асаблівых намаганняў. На яе ён ускладаў сваю надзею. Для семінарыстаў кардынал заўсёды быў вялікім аўтарытэтам. На жаль, з-за шматлікіх пастырскіх абавязкаў ён не мог наведваць гэтую навучальную ўстанову так часта, як хацелася б. Але калі гэта здаралася, студэнты і выкладчыкі з вялікай радасцю сустракалі яго. Раз на год кожны клерык меў размову з кардыналам сам-насам і падчас яе мог падзяліцца сваімі перажываннямі, выказаць свае жаданні адносна вучобы ў семінарыі. Кардынал заўсёды з ахвотаю прымаў запрашэнні на розныя семінарыйныя ўрачыстасці і, удзельнічаючы ў іх, сваімі эмоцыямі, усмешкаю, воплескамі ці нават слязьмі выяўляў вялікую радасць з нагоды новых аблучынаў ці прыняцця новых паслугаў (акалітата або лектарата), пасвячэння ў дыяканы або ў святарства. Ён заўсёды радаваўся, калі з’яўляліся новыя людзі, якія хацелі несці слова Божае ў свет. Гады майго святарства і непасрэдная лучнасць з гэтым чалавекам дапамаглі мне адкрыць у яго постаці іншыя прыгожыя рысы. Кардынал умеў дзяліцца сваім жыццёвым досведам: распавядаў пра сваё прабыванне ў лагерах, пра пераследаванні і перажыванні, звязаныя з тым часам. Ён усведамляў, што на працягу гэтых цяжкіх гадоў менавіта Бог ратаваў яго душу праз цярпенні і боль, ачышчаючы яго і рыхтуючы, як апостала Пятра, да таго, каб зрабіць яго ў будучыні скалою — спачатку для паствы ў Пінску, а пасля — ва ўсёй Беларусі і за яе межамі. Праз яго я адкрыў для сябе тую праўду, што Бог можа скарыстацца рознымі жыццёвымі сітуацыямі, каб весці чалавека па правільным шляху. Часам Божая воля настолькі не зразумелая нам, часам настолькі цяжка яе прыняць, што мы пачынаем наракаць... Але праходзяць дні, праходзяць гады — і мы бачым, што ўсё тое цяжкае і незразумелае, з чым мы не згаджаліся, было сапраўдным Божым благаслаўленнем. Поўнае цярпенняў жыццё кардынала Свёнтка навучыла і вучыць мяне надалей пакорна прымаць Божую волю, цешыцца ўсім, што Бог дае дзеля нашага ўдасканалення. Кардынал застаўся ў маёй памяці як светлая, поўная чалавечнасці асоба, якая мела глыбокую духоўнасць і вельмі моцную веру.
Кс. Аляксей Раманчук,
Гл. таксама:
|
|
|
|