|
|
|
№
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка
На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Ad Fontes
Пераклады
Постаці
Пераклады
Вачыма візітатара
|
У справе даследавання сваёй мінуўшчыны дамінікане нашага рэгіёну мелі істотную перавагу перад іншымі законамі, бо ўжо ў ХVІІ ст. яны выгадавалі ў сваіх шэрагах ўласнага гісторыка — ім стаў адзін з правінцыялаў ордэну Шымон Акольскі. І хаця гэтага аўтара часам крытыкуюць за памылкі генеалагічнага характару1, аднак пададзеным ім фактам, асабліва па гісторыі ордэну, можна давяраць, бо ён чэрпаў іх непасрэдна з дакументаў, многія з якіх пазней загінулі. Пасля Акольскага да вывучэння гісторыі дамініканскага касцёла і кляштара ў Менску звярталіся Сыракомля2, Валыняк3, Шчакаціхін4, а з сучасных даследчыкаў — Уладзімір Дзянісаў5 . Чытаючы акты праведзенай у 1796 г. ксяндзом Язэпам Камінскім візітацыі менскага дамініканскага кляштара6, мы не аднойчы будзем зазіраць у працы гэтых аўтараў, каб лепш зразумець або дапоўніць змешчаныя ў дакументах звесткі.
З’яўленне дамініканаў у Менску Дамінікане першымі з лацінскіх ордэнаў прыйшлі ў Менск, стварыўшы тут свой асяродак ужо на пачатку ХVІІ ст. Першапачатковая фундацыя на кляштар, зробленая жонкай вендынскага ваяводы Крыштапа Служкі Соф’яй, была зацверджана ордэнам дамініканаў на генеральнай капітуле ў Рыме ў 1605 г., дзе было пастаноўлена заснаваць у Менску канвент пад тытулам святога Тамаша з Аквіна7. Пачаткова была пабудавана драўляная каплічка, у якой служылі набажэнства некалькі запрошаных з Вільні дамініканаў. Ці менавіта тады і былі закладзеныя мураваныя касцёл ды канвент, як лічыць У. Сыракомля і некаторыя аўтары, што пісалі пасля яго? Сыракомля, абапіраючыся на нібыта пачутае ім паданне (пра якое, аднак, нічога не ведаў Акольскі), распавядае, што, вяртаючыся з маскоўскай выправы, шляхта, убачыўшы распачатую будову кляштара, пастанавіла падтрымаць яе матэрыяльна, дзеля чаго сабрала т. зв. «капытковае» — складку з кожнага вершніка. У пацвярджэнне праўдзівасці гэтае легенды ён адзначаў, што нават у яго час пад гзымсамі святыні знаходзіліся гербы правадыроў выправы, такія як «Мурын», «Радван», «Ліс», «Цялок», «Трубы» і інш.8 Думаецца, аднак, што, нягледзячы на папулярнасць гэтага падання сярод нашых даследчыкаў, яно з’яўляецца, хутчэй, творам фантазіі славутага паэта. Што да гербаў, дык яны, несумненна, належалі фундатарам, пра некаторых з якіх мы будзем згадваць: у прыватнасці, гербам «Радван» карысталіся Ракоўскія,9 а гербам «Трубы» — род Воўкаў10 . Пачатак муравання святыні і кляштара трэба звязваць з фундушам Пятра Тышкевіча, які ў 1615 г. даў дамініканам пляц і распачаў будаўніцтва. Неўзабаве, аднак, адбыўся пажар, які знішчыў ужо ўзнесеныя муры. Далейшы працяг будаўніцтва патрабаваў новых сродкаў, якія шчодра даваліся пазнейшымі спрыяльнікамі дамініканаў — Марцэлай Карэцкай (па другім мужы — Ракоўскай), Якубам Пацэвічам, Андрэем Завішам. Ян Воўк зрабіў фундуш на пабудову дамініканскага кляштара і касцёла ў 1640 г., што, на думку Міколы Шчакаціхіна, можа сведчыць пра незавершанасць будаўніцтва яшчэ нават у гэты час11. Больш за тое, даследчык выказвае меркаванне, што з увагі на неспрыяльныя ўмовы ваеннага часу комплекс дамініканскіх будынкаў мог быць скончаны толькі ў 2-й пал. ХVІІ ст.12 Меркаванне гэта, аднак, пабудавана толькі на лагічных разважаннях і ані архіўнымі матэрыяламі, ані дадзенымі археалагічных раскопак не пацвярджаецца. Імперскія ж паслы Маёрберг і Кальвуччы, якія ў 1661 г. наведвалі Маскоўшчыну, вярталіся назад праз Менск і адзначалі ў сваіх нататках, што «далучаныя (уніяты)-базыліяне, дамінікане, бэрнардыны, пачалі ўжо там папраўляць свае зруйнаваныя св. кляштары і касцёлы пры дапамозе ахвяраў пабожных людзей»13. Такім чынам, можна мяркаваць, што дамініканскія касцёл і кляштар на гэты час ужо былі збудаваныя і аднаўляліся пасля ваеннага разбурэння. Аднак паколькі гэтае пытанне не з’яўляецца мэтаю нашага даследавання, мы не будзем на ім спыняцца і, «пераскочыўшы» праз стагоддзе, апынемся ў 1796 годзе.
Кляштар У гэты час пляц, што належаў дамініканам у Менску, займаў тэрыторыю ў 2 моргі пяцьдзясят прутоў і пятнаццаць малых прутоў («pręcików»); ён быў агароджаны звыклым парканам14. Комплекс дамініканскіх будынкаў складаўся з касцёла і прыбудаванага да яго жылога корпуса. Паколькі да нашага часу гэтыя камяніцы не захаваліся, спецыялісты, апісваючы іх, разыходзяцца ў дэталях — напрыклад, яны спрачаюцца, ці быў будынак канвента двух-15 або трохпавярховым16. На фотаздымках 1920-х гг. жылы корпус сапраўды мае два паверхі, але ў той жа візітацыі 1796 г. адзначана, што ён «часткова драўляны»17. Што тут маецца на ўвазе: зробленая з дрэва прыбудова-флігель ці сапраўды трэці паверх, які выраўніваў дах канвента да вышыні галоўнай навы касцёла?18 Калі гэты паверх сапраўды існаваў, дык ён мог быць знесены ў 1840-я гг. падчас пераробкі кляштара пад семінарыю — тады выгляд комплексу змяніўся досыць радыкальна. Хутчэй за ўсё, супярэчнасць тлумачыцца значна прасцей: кляштар быў размешчаны на пагорку і цалкам магчыма, што ён, падобна да бэрнардынскага, меў з боку адхону тры паверхі, а з боку верхавіны — два. Сама святыня ўяўляла з сябе прастакутную ў плане трохнававую шасціслуповую базыліку без трансепта; фасад меў выгляд шмат’яруснага крывалінейнага шчыта, аздобленага пілястрамі, нішамі і фігурным баракальным франтонам19. Паабапал фасаду знаходзіліся дзве круглыя капліцы, над якімі ўзвышаліся невялікія вежы20. Яны згадваюцца ў матэрыялах візітацыі 1796 г., але на здымках канца ХІХ — пачатку ХХ ст. мы іх, на жаль, ужо не бачым: падчас перабудовы 1840-х гг. гэтыя вежачкі і брама-званіца былі знесеныя21. Напрыканцы ХVІІІ ст. касцёл меў ужо гонтавы дах22, аднак паколькі дамініканскі комплекс быў узведзены на лініі гарадскіх валаў і адыгрываў ролю аднаго з фарпостаў Менска, яго будынкі мелі выразныя абарончыя рысы — муры таўшчынёй 3-5 метраў, мушкетавыя ды гарматныя бойніцы і да т.п.23 Таму трэба думаць, што першапачаткова і яны былі крытыя дахоўкай, як, напрыклад, збудаваныя не на шмат пазней касцёл і кляштар бэрнардынак. Гэтае меркаванне пацвярджаецца і тым фактам, што пры раскопках была знойдзена24 жоўта-зялёная і чырвона-карычневая дахоўка, якая ў свой час, відаць, маляўніча расквечвала знешні выгляд кляштара. Апрача касцёла і канвента на кляштарнай тэрыторыі знаходзіліся іншыя пабудовы — галоўным чынам гаспадарчага характару: там былі два пастаўленыя з дрэва флігелі, аднаярусны «немалы, добры і гонтам крыты» свіран, лядоўня, крыты драніцай бровар, а таксама стайня і вазоўня25. Ахоўваў кляштарную маёмасць вартаўнік Мікалай Арасовіч26. Пра адзін з гэтых флігеляў напісана толькі тое, што ён меў два пакоі. Не выключана, што ў адным з іх жыў арганіст — шляхціц Язэп Янкоўскі27; флігель мог таксама выкарыстоўвацца і як гасцявы домік — для таго ж візітатара, які мусіў недзе спыняцца падчас інспектавання кляштара. Другі флігель непасрэдна прымыкаў да мураванага жылога корпуса, у якім знаходзіліся кухня і сталоўка, дзе гаспадарыў кухар Канстанцін Казарэвіч з дапамогай Рыгора Лышкоўскага. Таксама было ў ім і памяшканне для службы. Стайняй і вазоўняй апекаваўся фурман Тодар Ласкевіч28. За кухонным флігелем пачынаўся гарод, у якім дамінікане вырошчвалі зеляніну да свайго стала, а магчыма, і лекавыя зёлкі, паколькі мелі ў сваёй бібліятэцы сярод іншых кніг і «Compendium Medicum»29. Побач са святыняй, як гэта зазвычай і бывала, знаходзіліся могілкі, бо візітатар гаворыць пра браму цвінтара, на якой віселі тры званы, «немалыя і бяспечна ўмацаваныя»30 (у сучаснай літаратуры гэтая брама традыцыйна разглядаецца як уяздная)31. «Кастніца», дзе хаваліся парэшткі саміх дамініканаў, знаходзілася ў крыпце пад касцёлам. Той, хто праводзіў раскопкі святыні, пісаў пра «два завалы чалавечых касцей і асабліва чарапоў» ХVІІ і ХVІІІ стст., выказваючы здзіўленне з тае прычыны, што яны «маглі аказацца пад падвальнай падлогай існуючага храма»32. Насамрэч, гэты факт цалкам нармальны паводле прынятай у заходнееўрапейскіх кляштарах традыцыі складаць чарапы памерлых законнікаў у адмысловых памяшканнях — асарыях (лац. ossarium). Дзіўна, хутчэй, тое, што паведамленні пра падобныя знаходкі пры раскопках святыняў на Беларусі ў літаратуры з’яўляюцца не вельмі часта.
Касцёл Перад тым як зайсці ў касцёл, кс. Язэп Камінскі агледзеў яго звонку і пераканаўся, што будынак знаходзіцца ў належным стане, а «ўсе сцены добрыя і без пашкоджанняў». Дзверы ў касцёл былі абабітыя пабеленай бляхай і замыкаліся на ўнутраны замок33. Унутры бажніца таксама была дагледжаная: на скляпеннях не было расколінаў, а з 25-ці размешчаных у два шэрагі вокнаў ніводнае не патрабавала рамонту. Капліцы, якія знаходзіліся налева і направа ад галоўнага ўваходу, мелі круглую форму і былі прывабна ўпрыгожаныя ляпнінай (левая) і маляўнічым сценным роспісам (правая)34. У апсідзе галоўнай навы размяшчаўся вялікі алтар з разьбяным табэрнакулюмам, дзе знаходзіўся срэбны пазалочаны цыборый для захавання Найсвяцейшага Сакрамэнту з 20 асвячонымі гостыямі, прыкрыты чыстым карпаралам. Апрача галоўнага ў касцёле мелася яшчэ 13 бочных алтароў; некаторыя з іх былі драўляныя, іншыя — з імітаванага мармуру, які ў той час выраблялі на аснове гіпсу. Усе алтары былі прыгожа маляваныя або пазалочаныя; на кожным — апячатаныя Portatilia cum reliquios Sanctorum (пераносныя рэліквіярыі з рэліквіямі святых), а таксама — круцыфіксы. Менсы (пліты алтарных сталоў, на якіх цэлебравалася Эўхарыстыя) былі накрытыя трыма асвячонымі абрусамі з ухваленым кіраўніцтвам пекным узорам35. Асаблівую ўвагу кс. Камінскага прыцягнулі арганы. Новыя, на дваццаць чатыры галасы, з чатырма мяхамі і дзвюма клавіятурамі, яны былі пекна вырабленыя і ўпрыгожаныя каштоўнай разьбою36. На жаль, айцец Язэп не паведамляе, дзе яны знаходзіліся, — хутчэй за ўсё, на хорах, над уваходам. Няшмат інфармацыі ён дае і пра размяшчэнне канфесіяналаў — вядома толькі тое, што яны стаялі ў «адпаведных» месцах ды, згодна з прадпісаннямі, мелі драўляныя краткі37. Відаць, гэтыя краткі ў спавядніцах на той час былі яшчэ новаўвядзеннем, калі адносна іх касцёльныя ўлады выдалі адмысловы загад, праверка выканання якога ўваходзіла ў абавязкі візітатара. Падлога ў касцёле яшчэ ў ХVІІ ст. была выкладзеная цэглай-пальчаткай, а таксама непаліванай керамічнай пліткай тэракотавага (то бо, таксама «цаглянага») колеру38; кс. Камінскі і адзначае ў акце візітацыі, што «падлога цагляная, досыць добрая»39. Паасобныя плітачкі самай рознай формы — квадратныя, прастакутныя, шасцікутныя, трапецыявідныя40 — укладаліся ў разнастайныя ўзоры. Зрэшты падчас раскопак была знойдзена і плітка паліваная, блакітнага або зялёнага колеру41; яна, верагодна, аздабляла падлогу ў цэнтральнай частцы касцёла або ў прэзбітэрыі. Сакрыстыя, хутчэй за ўсё, знаходзілася ва ўсходнім канцы правай навы — там, дзе касцёл злучаўся з жылым корпусам, побач з пераходам з канвента ў святыню. Парадак ва ўсёй бажніцы падтрымліваў касцёльны слуга Язэп Русецкі, а за належным захаваннем літургічных рэчаў сачыў сакрыстыян Станіслаў Цеханоўскі42. Трэба думаць, што апошні крыху недаацэньваў неабходнасць рэгулярнага прання, бо ў адной з рэкамендацый візітатара заўважалася, што «касцёльная бялізна павінна быць чатыры разы на год перамываная»43. У сакрыстыі стаялі дыхтоўныя шафы з замкамі. У гэтых шафах і знаходзіліся «апараты» (богаслужбовыя строі рознага колеру — на розныя перыяды літургічнага года), касцёльная бялізна і патрэбнае для багаслужэння начынне. Пералічым услед за візітатарам названыя ім прадметы і коратка паяснім іх прызначэнне. Там былі: даразахоўніца (цыборый), манстранцыя, лаватар, ампулкі з тацамі, сорак цыновых наалтарных падсвечнікаў, кадзільніца з лодкай, 14 алтарных падушак, а таксама срэбны пацыфікал з рэліквіямі св. Тадэвуша. Цыборый, прызначаны для асвячоных гостый — Хрыстова Цела (часцей за ўсё меў форму келіха). У манстранцыі змяшчаўся Найсвяцейшы Сакрамэнт для выстаўлення з мэтаю адарацыі (ушанавання) падчас найбольш значных святаў. Над лаватарам ксёндз рабіў рытуальнае абмыванне рук перад Эўхарыстыяй. У ампулках, якія ставіліся на тацы, прыносіліся віно і вада. У лодцы складалася кадзіла для каджэння, а на падушку клалася Евангелле пры яго чытанні. Ну і нарэшце, пацыфікал — гэта ўкрыжаванне, якое выкарыстоўвалася для благаслаўлення люду на святой Імшы; пра той, які знаходзіўся ў менскіх дамініканаў, візітатар адзначае, што яго (відаць, з увагі на наяўнасць святых рэліквіяў) давалі людзям для цалавання падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту са святлом. Захоўваліся ў сакрыстыі і патрэбныя для набажэнства кнігі. Хоць у дадзеным акце візітатар пра іх нічога не гаворыць, але з дакументаў мы ведаем, што літургічныя кнігі ў сакрыстыі былі44.
Законнікі Як ужо адзначалася, першыя дамінікане былі запрошаныя ў Менск з Вільні. Паколькі падчас вырашэння пытання пра размежаванне тэрыторый польскай і рускай правінцый на праведзенай у 1622 г. капітуле ў г. Буску было прынята рашэнне далучыць менскі канвент да Рускай правінцыі45, дамінікане, якія аселі ў Менску, мусілі вяртацца ў Вільню, а на іх месца былі прысланыя дамінікане «рускія», якія паходзілі з Галіцыі, Валыні і іншых украінскіх земляў. Менавіта гэтай акалічнасцю і тлумачыцца пераважная большасць выхадцаў з Украіны ў складзе менскага канвенту. Так, падчас візітацыі 1796 г. на чале менскага канвенту стаяў 59-гадовы а. Эмерык Агановіч, «родам з Чырвонай Русі». Быў ён шляхецкага паходжання, у ордэне знаходзіўся ўжо чатыры дзясяткі гадоў. Дзесяць з іх ён выкладаў філасофію і тэалогію, але канвентам кіраваў толькі першы год. Візітатар характарызуе яго як узорнага святара, «нястомнага ў служэнні Богу» і «здольнага да падтрымання парадку кляштарнага, касцёльнага і эканамічнага»46 . Апрача Агановіча ў канвенце было яшчэ 6 святароў ва ўзросце ад 26 да 63 гадоў: Рэмігій Цыбульскі, родам са Львоўшчыны; Андрэй Яблонскі — з Хелмінскага ваяводства; Тамаш Тышэцкі — з Крэмянецкага павета; Яўзэбі Курачыцкі — з Наваградскага ваяводства, а таксама — Яцэк Ялтухоўскі і Чэслаў Шчука, які былі клерыкамі і абодва паходзілі з Падольскага ваяводства. Клерыкі вывучалі філасофію, якую выкладаў прафесар Андрэй Яблонскі47. Амаль усе дамінікане належалі да шляхты (толькі ў звестках пра кс. Яблонскага адсутнічае інфармацыя пра яго сацыяльны стан — зрэшты, яна магла быць прапушчаная выпадкова). Дзеля таго, каб мець магчымасць легальна пражываць у кляштары на тэрыторыі Расейскай імперыі, законнікі мусілі афіцыйна засведчыць сваю лаяльнасць трону. Публічная прысяга на вернасць і падданства імператару Паўлу І і ягонаму наследніку святлейшаму князю Аляксандру была складзена менскімі дамініканамі ў прысутнасці губернатара Няплюева 16 лістапада 1796 года ў менскім па-езуіцкім касцёле48. Яшчэ адзін момант, які строга кантраляваўся візітатарам, — гэта грунтоўнае веданне законнікамі вучэння Каталіцкага Касцёла. Ад часу заснавання дамініканскага ордэну адным з асноўных кірункаў яго дзейнасці было абвяшчэнне слова Божага, што ажыццяўлася ў форме казанняў, дыспутаў і г.д. Таму ад дамініканаў заўсёды патрабавалася глыбокая абазнанасць у біблеістыцы, патрыстыцы, тэалогіі, і менавіта таму кс. Язэп Камінскі пасля праверкі ў кляштары дакументацыі пазнаёміўся з законнікамі, каб правесці экзамен «з навукі кожнага». Ад іспыту, як ужо атэставаныя, вызваляліся толькі прафесары і дактары49.
Душпастырская і асветная праца Святая Імша ў касцёле дамініканаў адбывалася не толькі па нядзелях, але і штодня, а месцічы актыўна ўдзельнічалі ў набажэнствах. Затое публічныя працэсіі cum Sanctissimo (з Найсвяцейшым Сакрамэнтам) адбываліся толькі тады, калі збіралася шмат народу і выключна з дазволу афіцыяла. З увагі на тое, што канвент не быў парафіяльным, адной з асноўных душпастырскіх паслугаў, якую аказвалі дамінікане, было спаведніцтва50. Пры канвентуальным касцёле дзейнічалі і два брацтвы — св. Ружанца і св. Тадэвуша, якія, адзначае візітатар, «паводле звычаю даўняга, асабліва ў [іх мосцяў] ксяндзоў дамініканаў утрымліваюцца», прычым без адмысловага фундушу на гэтую працу51. Адсутнасць фундушу азначае, што дамінікане стварылі гэтыя брацтвы і апекаваліся імі з патрэбы сэрца, а не па абавязку. На жаль, не знайшлося спрыяльнікаў, якія надзялілі б менскі канвент і фундушам на вядзенне дабрачыннай ці асветнай працы. Тым не менш дамінікане са сваіх даходаў утрымлівалі трох жабракоў. Таксама пры кляштары жылі і наведвалі школку шасцёра дзяцей дробнай шляхты, якія не мелі сродкаў для аплаты свайго ўтрымання: Ян Пятух, Вінцэнт Качаноўскі, Язэп Васілеўскі, Міхал Заянкоўскі, Вінцэнт Гурскі і Міхал Коўдра. З імі займаліся ці сам настаяцель, ці хтосьці з клерыкаў — вучылі чытанню, пісьму, арыфметыцы, геаграфіі, а таксама хрысціянскае этыцы і асновам веры52. Для патрабаванага ордэнскімі статутамі бесперапыннага самаўдасканалення і развіцця ў канвенце захоўвалася багатая бібліятэка, пра якую мы пагаворым у наступным артыкуле.
На ілюстрацыях прадстаўлены прадметы са збораў
|
|
|
|