Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(57)/2011
Святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка


ГЛЫБОКАЯ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ


СЛОВА СТАЛА ЖЫЦЦЁМ


СВЁНТЭК


НА БОЖУЮ ХВАЛУ


ЛІСТ У ВЕЧНАСЦЬ


ЁН БЫЎ НЕЗВЫЧАЙНЫ


ЯГО ЖЫВОЕ АПОСТАЛЬСТВА

На кніжнай паліцы

Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Постаці
Пераклады


ЯК БЫ Я ХАЦЕЛА ЖЫЦЬ

Вачыма візітатара

КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА

У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Хвала Езусу Хрысту.
Амэн.

Пачатак у №3(41) 2007

Частка LIII
Як, цэлебруючы Імшу, брат Ян з Верны зваліўся, быццам мёртвы

Згодна з тым, што расказвалі браты, якія пры гэтым прысутнічалі, з братам Янам у згаданым кляштары Мальяна здарыўся адзін раз такі цудоўны выпадак: у першую ноч пасля тыдня святога Ларэнца і ў тыдзень Унебаўзяцця Маці Божай, пасля таго, як ён адслужыў Ютрань разам з іншымі братамі, сышла на яго міласць Божай ласкі, і пайшоў ён у сад дзеля сузірання цярпенняў Хрыста і каб падрыхтаваць сябе ўсёй сваёй пабожнасцю да цэлебрацыі Імшы, на якой раніцай ён павінен быў спяваць. І, стоячы ў сузіранні словаў кансэкрацыі Цела Хрыстова, а менавіта: Hoc est Corpus meum1 , разважаў аб бясконцай міласэрнасці, дзеля якой Ён не толькі захацеў адкупіць нас сваёй бясцэннай Крывёю, але найперш пакінуць нам як ежу для нашых душаў свае высакародныя Цела і Кроў; у яго душы пачалі расці такі жар і такая салодкасць любові да пяшчотнага Езуса, што не мог ён болей трываць у душы сваёй, а пачаў моцна крычаць і, быццам ап’янелы духам, не спыняючыся, гаварыў пра сябе: «Hoc est Corpus meum». Калі ён прамаўляў гэтыя словы, яму здавалася, што ён бачыў Хрыста благаслаўлёнага з Паннай Марыяй і з мноствам анёлаў, і ў гэтых сваіх словах ён быў прасветлены Духам Святым ва ўсіх глыбокіх і высокіх цудах гэтага высокага Сакрамэнту.

І калі настаў світанак, ён у гэтым полымі духу і з гэтай прагай, і з гэтымі словамі зайшоў у касцёл, думаючы, што ніхто яго не чуе і не бачыць, але на хорах маліўся нейкі брат, які ўсё бачыў і чуў. І, не могучы ў гэтай сваёй палымянасці ўстрымацца з-за раскошы Божай ласкі, крычаў на поўны голас, і так ён прабыў, аж пакуль не надышоў час цэлебраваць Імшу, таму ён пайшоў рыхтавацца і падышоў да алтара.

Калі ён распачаў Імшу, то чым далей, тым больш расла ў ім любоў да Хрыста і тая палымянасць пабожнасці, з якой яму было дадзена невыказнае пачуццё Бога, якое ён сам не ўмеў і не мог перадаць мовай. Таму, баючыся, як бы гэтая палымянасць і пачуццё Бога не ўзраслі настолькі, што яму давядзецца пакінуць Імшу, быў ён у вялікім сумненні і не ведаў, што рабіць: або працягваць Імшу або пачакаць. Але паколькі ўжо з ім здарылася падобная рэч, і Пан суцішыў гэты імпэт, яму не спатрэбілася перапыняць Імшу; спадзеючыся, што так адбудзецца і на гэты раз, з вялікай перасцярогай ён пачаў далей цэлебраваць Імшу. І калі ён ужо дайшоў да малітвы Мадонны, у ім настолькі пачала ўзрастаць Боская прасветленасць і ласкавая салодкасць Божай любові, што калі ён дайшоў да Qui pridie2 , то ледзь мог трываць такую салодкасць і пяшчоту. Нарэшце ён дайшоў да таямніцы кансэкрацыі і, прамаўляючы над аплаткай словы кансэкрацыі, сказаў толькі палову словаў, а менавіта: Hoc est, і ніякім чынам не мог рухацца далей, але працягваў паўтараць тыя самыя словы Hoc est, а прычына, па якой ён не мог ісці далей была ў тым, што ён бачыў і адчуваў прысутнасць Бога з мноствам анёлаў, чыю велічнасць ён не мог вытрываць, і бачыў, што Хрыстус не заходзіў у аплатку або, інакш кажучы, што аплатка не ператваралася ў Цела Хрыста, калі ён не скажа другую частку словаў, а менавіта «Сorpus meum». Таму, знаходзячыся ў такой трывозе і не рухаючыся далей, вартаўнік ды іншыя браты, а яшчэ шмат свецкіх, што былі ў касцёле і слухалі Імшу, падышлі да алтара і стаялі спалоханыя, назіраючы і разважаючы над дзеяннямі брата Яна, і многія з іх плакалі ад пабожнасці.

Але нарэшце, пасля доўгага часу, па волі Божай, брат Ян вымавіў «Сorpus meum» моцным голасам, і адразу хлеб змяніў сваю форму, і ў Гостыі ўзнік Езус Хрыстус Благаслаўлёны, уцелаўлёны і пахвалёны, і паказаў яму пакорлівасць і ласку, дзеля якіх адбылося Яго ўцелаўленне ад Панны Марыі і якое адбываецца кожны дзень у руках святара, калі ён кансэкруе аплатку. А таму ён яшчэ больш узняўся ў пяшчоце сузірання. Тады, узняўшы Гостыю і асвячоны келіх, ён быў захоплены і апынуўся па-за сабою, а паколькі душа яго вызвалілася ад цялесных адчуванняў, цела яго звалілася назад, і калі б яго не падтрымаў вартаўнік, які стаяў за ім, ён бы зваліўся спінаю на зямлю. Таму падбеглі браты і свецкія, якія былі ў касцёле, мужчыны і жанчыны, і занеслі яго ў рызніцу, быццам мёртвага, бо цела яго стала халодным, быццам цела мёртвага чалавека, а пальцы на руках задзервянелі так моцна, што амаль зусім не маглі выпрастацца або рухацца. І ў такім выглядзе ён ляжаў змярцвелым ці захопленым да трэцяй гадзіны, і было гэта летам.

І паколькі я там прысутнічаў, то вельмі жадаў ведаць, дзеля чаго Бог вырашыў так дзейнічаць праз яго, і адразу, як толькі ён апрытомнеў, пайшоў да яго і прасіў яго дзеля любові да Бога ўсё мне расказаць. Тады Ян, моцна мне давяраючы, расказаў усё па парадку і між іншым сказаў мне, што калі ён здзяйсняў кансэкрацыю і нават раней, сэрца яго было вадкім, быццам расплаўлены воск, а цела — быццам без касцей, так што ён амаль не мог узняць рук і далоняў, каб зрабіць знак крыжа над Гостыяй і над келіхам. Яшчэ ён мне сказаў, што перш чым стаць святаром, яму было адкрыта Богам, што ён павінен будзе страціць прытомнасць падчас Імшы, але паколькі ён адслужыў ужо не адну Імшу і ні разу нічога з ім не здарылася, ён падумаў, што адкрыццё было не ад Бога. І яшчэ за пяць гадоў да Унебаўзяцця Маці Божай, у якое здарыўся гэты выпадак, таксама яму было адкрыта Богам, што гэты выпадак павінен быў з ім здарыцца на свята Унебаўзяцця; але потым ён забыўся пра гэтае адкрыццё.

Слава Хрысту. Амэн.

Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык


  1. Гэта ёсць Цела Маё.
  2. Напярэдадні сваіх цярпенняў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY