 |
|
* * *
Чары-хмары і дарога...
Будзь ласкавы, Бог,
Да кавалачку зямнога
Раю ўсіх трывог.
Усіх сумных, усіх кволых
На маёй зямлі
Захіні і ветрам волі
Наталі палі.
Вечар. Хмары, як кудзеля.
Рай мой, пачакай,
Пакуль я ступлю з надзеяй
На сівы прычал.
І пякучы, і балючы,
Болем дарагі,
Кожнай кветкай ён навучыць
Як скарыць снягі.
|
|
* * *
Вугал ночы — край малітвы,
Кроў дажджу, спакой самотных.
У далонь зары наліта
Сто грахоў маіх смяротных.
Сто спакус маіх адчайных
Паяднаць душу і цела…
Там, дзе кнігаўка крычала,
Толькі свечачка ўцалела…
|
|
* * *
Гара, а ў гары — пячора,
Там пчолы жывуць залатыя,
Там ты і я, нібы ўчора,
Шчаслівыя і маладыя.
Гара, а ў гары — пячора,
Чорная, як смала.
Ластаўка там жыла ўчора,
Сёння ляцець не змагла.
Шчасце-гара, гара-гора, —
Вечнасць гартае радкі...
Сёння і заўтра, і ўчора —
Хвалі адной ракі.
|
|
* * *
Душу бяссонную маю
Ратуюць дрэвы.
На сёмым небе, на краю,
Іх родны бераг.
На сёмым небе іх спакой.
Не б’е пад сэрца
Калянай вогненнай рукой
Шалёны вецер.
Не разрывае на шматкі
Галінкі-лёсы.
Там за хвілінамі вякі
Цякуць у восень.
Там карані, як паясы, —
Не страшна ўмерці.
Мяне завуць мае лясы
На мове сэрца.
|
|
* * *
Вершы — ад слова «верыць».
Вера ў далоні Бога.
Будзе да веку вернай
Маці мая, дарога.
Будзе да веку першай,
Лепшай, сунічнай будзе.
Сэрца сагрэе вершам,
Калі ўжо й мяне не будзе.
|
|
* * *
Гэты дзень — спелы, як яблык.
Далоў трывогу, віват спакой!
На снезе танцуюць анёлы радасці,
Бачу іх побач з сабой.
Хто сказаў, што людзі не ўмеюць лётаць?
Я адваротнае дакажу —
Надзену на шыю каралі з лотаці,
Ступлю на мяжу.
Гэты дзень — крышталёвая звонкая ваза.
Мне анёлак падасць руку...
І неба, роднае для адважных,
Пацалуе ў шчаку.
|
|
* * *
Як многа ўжо родных лягло
Пад поўні тугое крыло.
Плывуць яны хмарамі, дымам,
Гаротным маім успамінам
Па небе глыбокім,
Песняй далёкаю,
Слязой па шчацэ,
Свячой па рацэ.
|
|
Дарозе
Сівее нітка стомленых дарог.
Мне дарагая кожная. Да сэрца
Дарогаю нам дакрануўся Бог,
Ля вогнішча прысеўшы, каб сагрэцца.
Душу сваю ратую, як магу:
Малітвай, вершам, жытнім спелым словам.
Дарогаю брыду, іду, бягу
І зноў вастру жыцця свайго аловак.
|
|
* * *
Мы сустрэнемся ўсе калі-небудзь
На скрыжалях вятроў і дарог,
У далонях сунічнага неба,
На шляху каралёў і нябог.
За ракой, за абшарам сусвету
Чарадзейныя ёсць астравы,
Там і вечар рыфмуецца з верай,
Там і сосны — сёстры травы.
Мы сустрэнемся ўсе нечакана —
Па крыві, па сумленні радня...
І рукі не падыме Каін,
І прыме яго зямля.
|
|
 |