|
|
|
№
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі
Пераклады
У святле Бібліі
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Прэзентацыя
Кіно
Асобы
На кніжнай паліцы
Роздум
|
Анатоль БРУСЕВІЧ
ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Пра «Выбраныя творы» Дануты Бічэль |
|
Восемдзясят восьмы том кніжнага праекту «Беларускі кнігазбор» асабліва парадаваў гарадзенцаў — пад яго вокладкай выйшлі «Выбраныя творы» Дануты Бічэль, паэткі, чыя творчасць сёння найбольш дасканала адлюстроўвае эстэтычную і духоўную сутнасць наднёманскай часткі беларускай вербальнай прасторы. Зрэшты, не адной толькі паэзіяй заваёўваліся сэрцы землякоў: дзякуючы Д. Бічэль ажывіліся і іншыя сферы культуры. Чаго варты толькі музей Максіма Багдановіча ў Гародні! Дарэчы, пра яго стварэнне шаноўны чытач зможа даведацца ад самой стваральніцы ў трэцяй частцы «Выбраных твораў», дзе змешчаны эсэ, успаміны ды розныя замалёўкі пераважна з жыцця літаратурнай Гарадзеншчыны. Я ж згадаў пра музей М. Багдановіча, каб акрэсліць эстэтычныя арыенціры Д. Бічэль, паказаць эвалюцыю пісьменніцы, правесці чытача па звілістых сцежках яе матываў і вобразаў. Таму музей М. Багдановіча для нас — своеасаблівы маяк альбо знак, што дапаможа ў «вандроўцы» па старонках творчасці Д. Бічэль, раздзяляючы яе шлях на ўмоўныя перыяды (бо любая перыядызацыя — рэч вельмі няпэўная): «дамузейны», «музейны» і «постмузейны».
Вершы «дамузейнага» перыяду (з кніг 60-х і 70-х гг.) запрашаюць чытача ў вельмі светлы, крыху наіўны, наскрозь рамантычны свет цнатлівага хараства — у чароўную казку, дзе «Пад казачным дубам, над Нёманам сінім // хлапец прызнаваўся ў каханні дзяўчыне». Каханне і любоў — відаць, тыя галоўныя апоры, на якіх ад самага пачатку трымаецца паэзія Д. Бічэль. Трохі пазней матыў кахання знікне, але затое матыў любові вырасце да ўзроўню творчага канцэпту. Гэтак з любові да бацькоўскай хаты вырастае любоў да цэлага Краю, а з любові да роднай прыроды вырастае любоў да добрага Творцы Сусвету. Згадаем: «Нехта добры, хто пануе цішай, // Нехта дужы, гэты свет калыша»...
Шлях ад маленькай любові да вялікай не бывае лёгкім. Ён пакручасты, нібы Нёман, які «цячэ праз сэрца» паэткі і становіцца нечым большым, чым проста вобраз, трапна адлюстроўваючы самыя розныя адценні думак і пачуццяў. У вершах Дануты Бічэль, як і ў паэзіі Адама Міцкевіча, гэта важны складнік мастацкага свету, бо выконвае мноства функцый: ад стварэння прасторава-часавых мадэляў да вырашэння эстэтычных задач. Нёман робіцца ўвасабленнем спагады, мудрасці, радасці, сяброўства, кахання, часам — тугі і заўсёды сімвалам свайго, роднага, блізкага, беларускага:
|
Далеч азвецца громам — |
Звяртаючы ўвагу на падабенства мастацкай манеры Д. Бічэль і А. Міцкевіча, нельга не згадаць адзін вельмі запамінальны матыў: ратуючы сваіх гераіняў, аўтар знакамітай балады «Свіцязь» ператварае іх у кветкі. Ёсць не менш цікавыя пераўтварэнні і ў Д. Бічэль: «Я са сцежкі ў гушчэчы збілася, // сінім ценем на травы ўпала // ды крынічкай на золку стала». А яшчэ, як і А. Міцкевіч, Д. Бічэль нярэдка ўводзіць у сваю паэзію рэаліі з жыцця беларусаў, нават стварае ўласныя фальклорныя мадэлі:
|
— Хопіць мне дакукі. |
Нехта сее жыта, нехта знаходзіць іншыя спосабы ратаваць, абуджаць свой Край. Паэтка робіць гэта звонкім вершам, шчырай песняй. І Край абуджаецца, прыслухоўваецца, як расце слова «…у дубоў на вачах, // на ціхіх дажджах». Словы, якія шчодра сее Д. Бічэль, падаюць на ўрадлівую глебу спрадвечнай народнай мудрасці: няма нічога мілейшага за Радзіму. З тых простых словаў вырастаюць прыгожыя вершы, у якіх родны Край быццам райскі куток, дзе думкі людзей чыстыя, а добрыя справы робяцца затак («Я кашулю затак хлопцу мыла…»). Магчыма, камусьці падасца, што ў сваіх вершах, асабліва ранніх, Данута Бічэль ідэалізуе гэты Край і яго людзей, але гэта хутчэй не ідэалізацыя, а рамантызацыя ўсяго беларускага. Дзеля гэтага паэтка не шкадуе вобразна-выяўленчых сродкаў, часам нават змяняе ўстойлівыя слоўныя адзінкі: «Беларусь, белы вывадак белых варон, // вылятае пад сонца са стрэх, навакол…». Дарэчы, разбурэнне фразеалагізмаў, гульня са словам — яскравая прыкмета мадэрнісцкай стылістыкі, наяўнасць якой не дзівіць у вершах Д. Бічэль, бо яе паэзія, узгадаваная на традыцыях А. Міцкевіча, увесь час імкнецца да крыху іншай паэтыкі і эстэтыкі, той, якую абжываў Максім Багдановіч — адзін з нашых першых мадэрністаў.
Мадэрністы — хіба найлепшыя майстры ўрбаністычных пейзажаў. Запамінальная гарадская лірыка пачынае адваёўваць сабе прастору і ў творчасці Д. Бічэль. І не проста гарадская, а гарадзенская:
|
Вежы касцёлаў, дрэвы і неба |
З вялікім замілаваннем гаворыць Д. Бічэль пра свой родны горад. Так, яна палюбіла яго светлай любоўю, у якой Гародня паўстае ў такім мілым і нечаканым вобразе: «На досвітку ад холаду дрыжыць, // бы кацянятка, горад мой любы». Зрэшты, гараджанкай лірычная гераіня Д. Бічэль так і не зрабілася — як толькі выдараецца нагода, яна вяртаецца туды, адкуль родам — у сваё вясковае анёльскае дзяцінства, дзе можна нізаць каралі з жалудоў, у юнацтва, дзе «Звязалі апошні снапок на дажынкі, // і вочы яшчэ не замглілі дажджынкі», дзе не шэры асфальт пад нагамі, а сцежка, абапал якой растуць вершы-кветкі: «Купальнік», «Варвялі», «Бальсан», «Пралескі», «Верас», «Галадок», «Барадульнік», «Цвінтарэй», «Зязюліны зёлкі». Паэтызацыя роднай прыроды — таксама адна з яскравых рысаў творчасці Д. Бічэль. І тут гаворка ідзе не пра апяванне пейзажаў: прырода роднага Краю для Дануты Бічэль не толькі крыніца эстэтычнага захаплення, але і прадмет філасофскага роздуму:
|
Маўклівае лона Радзімы — |
Вершы Д. Бічэль, створаныя ў 1980–1990-я гады, належаць да «музейнага» перыяду яе творчасці. Гэта быў час пошукаў і для паэткі, і для яе лірычнай гераіні. Пошукаў не новых, а старых адвечных ісцінаў, якія сцерліся ў штодзённай мітусні. Таму заканамерны зварот паэткі да гістарычных вобразаў (вершы «Барбара», «Рагнеда», «Баторава горка» і інш.). Здаралася, што некаторыя крытыкі папракалі паэтку за скажэнне гісторыі, аднак сёння мы выдатна разумеем, што гэта таленавітая інтэрпрэтацыя мінуўшчыны, паэтызацыя старажытнасці, стварэнне своеасаблівага гістарычнага фону, на якім чытач можа выразней убачыць праблемы сучаснасці. Гэтак у свой час рабілі рамантыкі.
Яшчэ адна заўважная змена, якая адбылася ў паэзіі Д. Бічэль у гэты перыяд — паступовае пашырэнне творчай прасторы за кошт геаграфіі. Побач з дамінантным вобразам малой радзімы з’явіўся не менш яркі вобраз радзімы вялікай. Так, поруч з вобразам Нёмана, які па-ранейшаму застаецца «бацькам» (цэнтральным гідронімам у мастацкай карціне свету), праз вершы паплылі не толькі яго «сваякі» («Бацька Нёман з прытокамі Моўчадзь, // Гаўя, Вілія, Ведзьма, Дзітва…»), але і іншыя беларускія рэкі — Дняпро (вершы «Дняпро ў Ляўках», «Дняпро»), Бярэзіна, Сож, Прыпяць. А побач з галоўным горадам — Гародняй, павырасталі іншыя гарады, мястэчкі ды вёскі: Вільня, Крычаў, Гярвяты, Гальшаны, Гудагай, Глінішчы… Між тым, цэнтр паэтычнага свету Д. Бічэль нязменны: наднёманскі край, дзе плывуць хатнія рэкі, дзе і самой можна стацца рэчкаю (міжволі згадваецца Ганна Лівія — гераіня рамана Джэймса Джойса «Памінкі па Фінегану», жанчына-рака):
|
Нёман-братка і вучыць, і няньчыць — |
Край — гэта яшчэ і людзі. Якраз у «музейны» перыяд Д. Бічэль стварае цэлую галерэю цікавых вобразаў-партрэтаў: Францішка Багушэвіча і Элізы Ажэшкі, Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, Ядвігіна Ш. і Гальяша Леўчыка, Ларысы Геніюш і Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава. Вядома, партрэты тых, каго любіла і ведала асабіста, выканала больш цёплымі фарбамі, мусіць тымі самымі, якімі малявала тату і маму, дзетак, а потым унукаў.
Яшчэ адной адметнай рысай, якая вельмі яскрава праявілася ў «музейны» перыяд, становіцца паэтычная міфатворчасць — адна з дамінантных прыкметаў усёй сусветнай літаратуры ХХ ст. і пачатку ХХІ ст. Аднак заўважым, што міфатворчы аспект паэзіі Д. Бічэль звязаны не столькі з язычніцкімі архетыповымі канстантамі, як у многіх беларускіх аўтараў, але перш за ўсё з культурнымі кодамі хрысціянскага канону.
«Постмузейны» перыяд творчасці Д. Бічэль, які распачынаецца на мяжы стагоддзяў, адрозніваецца ад двух папярэдніх магутным хрысціянскім пафасам. Хрысціянская паэзія Д. Бічэль вельмі рэдка апранае бліскучыя святочныя «арнаты», аддаючы перавагу суровым строям манахаў францішканаў. Аднак пад гэтай простай вопраткай-формай заўсёды крыецца глыбокі змест хрысціянскага светасузірання, ад якога чытач адчувае радасць і лёгкасць:
|
У тым блакіце, дзе анёлаў крылы |
Кожны такі верш, як споведзь — ні хітрасці, ні падманнай гульні там няма — ёсць спакой і святло. Кожны верш Д. Бічэль мае і сваю таямніцу, і сваё дакладнае прызначэнне. Кожны верш, як добры настаўнік, цярпліва тлумачыць хрысціянскае веравучэнне, каб яго вучань-чытач усё зразумеў правільна, а калі не зразумеў, то адчуў праўду сваім добрым сэрцам. Кожны верш, як малітва, у якой яднаюцца любоў з верай быць пачутаю:
|
Ружанец — канат у нябёсы. |
Лірыка як род літаратуры і так мае шмат агульнага з малітвай, але калі паэты робяць малітву лірычным жанрам, іх паэзія становіцца ўзнёслай. Шчырыя вершы-малітвы гучаць і з вуснаў Дануты Бічэль («Малітва за Антоніка», «Малітва да святога Антонія», «Малітва да апостала Андрэя», «Малітва душаў да святога Андрэя Баболі» «Малітва за Яначку, які пабыў тут некалькі гадзін, і за ўсіх ненароджаных» і інш.). Нельга не згадаць і прыгожы вершаваны цыкл «Крыжовы шлях Збаўцы нашага Езуса Хрыста», які можна назваць вяршыняй не толькі творчасці Д. Бічэль, але і ўсёй усходнеславянскай хрысціянскай паэзіі. Апроч несумненных мастацка-эстэтычных вартасцяў, адметнасць гэтага цыклу ў магчымасці яго выкарыстання на практыцы — у традыцыйным каталіцкім набажэнстве, якое ўзнаўляе ў памяці вернікаў асноўныя моманты пакутаў Хрыста. Нагадаем, што набажэнства складаецца з 14-ці стацый, кожная з якіх звяртае ўвагу на трагічнасць апошніх гадзін зямнога жыцця Езуса. Усе гэтыя моманты знаходзяць годнае ўвасабленне ў паэтычным цыкле, які Д. Бічэль завяршае «Малітвай на заканчэнне Крыжовага шляху». У ёй паэтка-плачка падводзіць чытача да тонкай мяжы паміж святлом веры ў выратаванне і праўдай пазнання Боскай мэты:
|
Езуса Кроў па кроплі праз часу імжу |
Крочыць да Бога можна рознымі сцяжынамі. Просты чалавек ідзе шляхам малітвы, пакаяння, веры. Паэт ідзе тым самым шляхам, але глядзіць не ў дол, а ўверх, таму коле босыя ногі апалымі зорамі вершаў. Сцяжына Д. Бічэль шчодра ўсыпаная вершамі рознай формы з розным напаўненнем. Чужыя вершы паэтка таксама ўмее зрабіць сваімі, асцярожна пераклаўшы іх, як часам перакладаюць з аднаго месца ў іншае каштоўныя рэчы.
Паэтычны пераклад паэзіі — самы складаны з усіх відаў перакладу. Складанасць крыецца перш за ўсё ў мове як спосабе адмысловага светасузірання: перакладаючы верш з адной мовы на іншую, перакладчык насамрэч падмяняе чужое светабачанне сваім. І калі светабачанне паэта і перакладчыка блізкія, то падмену можна і не заўважыць, таму найлепш перакладаць блізкіх па духу творцаў. Для Д. Бічэль такімі творцамі сталі найперш Караль Вайтыла (Папа Рымскі Ян Павел ІІ), Ян Твардоўскі, Мацей Юзаф Канановіч, Міраслаў Качмарэк. Іх паэзія вельмі складаная, бо яна апелюе і да душы, і да розуму, насычаная мноствам няпростых тропаў і сімвалаў, звязаных з хрысціянскім светаўспрыманнем. Між тым, пераклады гэтых няпростых твораў атрымаліся ў Д. Бічэль бліскучымі, а беларуская літаратура ўзбагацілася прыгожымі, глыбокімі вершамі, значна пашырыла сваю эстэтычную прастору.
У трэцюю частку «Выбраных твораў» Д. Бічэль увайшлі празаічныя тэксты — успаміны і эсэ. Упершыню з прозаю паэткі чытач пазнаёміўся ў кнігах «Хадзі на мой голас» (Гродна-Вроцлаў, 2008), «Мост святога Францішка» (Мінск, 2010) і «Правінцыя святога Францішка» (Гродна, 2013). Вось як адрэагаваў на першую кнігу прозы Д. Бічэль народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: «Ваша кніга — самае выдатнае, што я ў гэтым жанры за апошнія гады прачытаў. І я зразумеў, чаму. Вы пішаце пра дарагіх і блізкіх Вам людзей не атрамантам, а слязой — такой цёплай, такой горкай і такой магічнай, што з ёю захоча зліцца і сляза чытача (маю і сябе на ўвазе). <...> У кнізе Вы робіце высновы — вельмі слушныя. І выносіце прысуды — суворыя, нават жорсткія, але — і балючыя, і гэта галоўнае, што яны балючыя. Гэта было, ёсць і будзе адзнакай таленту…» (з ліста да Д. Бічэль ад 5. 12. 2008 г.).
Большасць празаічных тэкстаў Д. Бічэль — паэзія, запісаная не ў слупок. І гэта адбываецца не таму, што празаічны талент пісьменніцы нейкі не такі. Прычына тут у неверагодна магутнай паэтычнай стыхіі, якую немагчыма кантраляваць. Гэтай стыхіі цесна ў фарватары празаічных жанраў, нават у такім шырокім і глыбокім, як эсэ. І яна выплёсківаецца далёка «за берагі», заглушаючы празаічны пачатак. Проза Д. Бічэль — гэта суцэльная плынь свядомасці: чытаючы яе, міжволі згадваеш творы Марсэля Пруста — амаль тыя ж мастацкія прыёмы (асабліва часта — прыём рэтраспекцыі), такое ж шырокае кантэкстуальнае поле, напоўненае гістарычнымі постацямі, асобамі пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў і звыклых людзей. Але М. Пруст занадта расцягвае час і прастору ў сваіх творах, а Д. Бічэль, наадварот — сціскае часава-прасторавыя межы. Асобныя празаічныя тэксты пісьменніцы вельмі блізкія да літаратуры магічнага рэалізму. Вось што пісаў у 1931 г. аўтар тэрміна «магічны рэалізм», французскі крытык Эдмон Джалу: «Роля магічнага рэалізму заключаецца ў тым, каб знайсці ў рэальнасці дзіўнае, лірычнае і нават фантастычнае — тыя элементы, дзякуючы якім штодзённае жыццё становіцца даступным для паэтычнага, сюррэалістычнага і нават сімвалічнага пераасэнсавання». Гэтыя словы трапна адлюстроўваюць сутнасць творчасці Д. Бічэль — і яе прозы, і паэзіі, і (часткова) мастацкіх перакладаў. І прыводзім мы гэтае выказванне не так проста, а каб навесці шаноўнага чытача на думку, што сістэма айчыннага вербальнага мастацтва працуе гэтак жа добра, як і ў нашых суседзяў — блізкіх і далёкіх, што не трэба шукаць цудаў недзе за даляглядам, калі цуды тут, побач, у тым ліку і ў кнізе «Выбраных твораў» Дануты Бічэль.
|
|
|