|
|
|
№
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі
Пераклады
У святле Бібліі
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Прэзентацыя
Кіно
Асобы
На кніжнай паліцы
Роздум
|
Лідзія КАМІНСКАЯ
«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»
Да 135-годдзя з дня нараджэння |
|
У красавіку 1986 года, калі я працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, нас сабралі на сход, дзе абвясцілі, што Міністэрства культуры Беларусі лічыць мэтазгодным аб’яднаць у адну арганізацыю ўсе літаратурныя музеі, — так узнікла Аб’яднанне дзяржаўных літаратурных музеяў г. Мінска, адною з мэтаў якога было стварэнне музея беларускай літаратуры, а група для новага музея набіралася з супрацоўнікаў існуючых музеяў. Нам абяцалі больш цікавую новую працу і большыя перспектывы. Для новай цікавай працы нас сабралі ў невялікім, гулка-пустым памяшканні на Старавіленскай, 14 — у Гасцёўні Уладзіслава Галубка, і было ў гэтым нешта весела-сімвалічнае: мы ведалі, што трупа Галубка ад пачатку была вандроўнаю і часам працавала ў не вельмі прыдатных для культуры месцах — у свірнах і амбарах, хуценька намаляваўшы на сцяне ці на палатне пейзаж з лесам, полем ці рэчкаю (палатно пасля спектакля не забіралі, пакідаючы надпіс: «Тут быў Галубок з галубянятамі!»). А яшчэ мы ведалі, што ў літаратуры галоўнае жывое слова і дух — менавіта на іх трымаўся сам Уладзіслаў Галубок і ўся трупа пад яго загадам (так яна ад пачатку, з 1920 года, і называлася — Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка).
...Ён быў равеснікам Янкі Купалы — нарадзіўся 15 мая 1882 года на чыгуначнай станцыі Лясная, за 25 кіламетраў ад Баранавічаў. Мяркуючы па поўным імені — Ігнат Уладзіслаў — ён паходзіў з каталіцкай сям’і: яго маці звалі Алінаю (Рэвут), а бацьку, які працаваў на чыгунцы, — Іосіфам (Голуб). Дзед Уладзіслава Галубка Тамаш разам з братамі ўдзельнічаў у паўстанні 1863–1864 гадоў...
Пасля нараджэння Уладзіслава, які быў у сям’і першынцам, яго бацькі пераехалі ў Мінск, дзе Уладзіслаў скончыў царкоўнапрыходскую школу і два класы гарадской вучэльні. Па сутнасці ў асноўных сваіх будучых занятках — празаік, паэт, драматург, мастак, рэжысёр, акцёр, музыкант — ён быў самавукам, самародкам (праўда, яму пашчасціла браць урокі жывапісу ў мінскіх мастакоў). Ён выдатна граў на трамбоне і гармоніку і доўгі час удзельнічаў у аркестры добраахвотнага Таварыства пажарных у Мінску. Так здарылася, што, калі загінуў яго бацька, актыўны ўдзельнік забастовак і рэвалюцыйных выступленняў, Уладзіслаў Галубок, цалкам творчы чалавек, 20 гадоў (!) працаваў слесарам у дэпо, бо на руках у маці было шасцёра дзяцей, а бясплатны праезд па чыгунцы ён выкарыстоўваў для наведвання мастацкіх выставаў у Маскве і Пецярбургу.
Тым часам ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі працаваў канторшчыкам, а потым бухгалтарам вядомы паэт-гумарыст Альберт Паўловіч (1875–1951), які напісаў знакамітае «з ранку росна, у поўдзень млосна, а пад вечар камары, і ніяк сабе для працы не магу дабраць пары», — ён і абудзіў у Галубку любоў да жывога роднага слова. Альберт Паўловіч жыў у Мінску ў драўляным доме на Нова-Раманаўскай вуліцы (цяпер — Рэспубліканская). Ён быў вельмі таварыскім, гасцінным чалавекам. Любіў маляваць, музыцыраваць з дзецьмі (меў іх пяцёра), добра спяваў, гуляў у шашкі і шахматы, а па начах складаў беларуска-польскі слоўнік і пісаў падручнік «Бухгалтэрыя». Яго дачка, Тамара Паўловіч-Кліменка, ва ўспамінах пра бацьку (А. Паўловіч, «Выбранае», Мінск, 1975) піша, што ў іх дома часта бываў Янка Купала, які любіў маленькую дачку Паўловічаў Янінку і прысвяціў ёй вершык «Для Янінкі, для цёзкі...»; заходзілі Якуб Колас, Цішка Гартны, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок, прыязджаў з Пецярбурга Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла і нават Цётка (Алаіза Пашкевіч) аднойчы ўлетку выязджала з Паўловічамі за горад на маёўку. «Увесь перыяд ад дзевяностага года і да пачатку першай імперыялістычнай вайны быў перыядам выяўлення і збірання новай беларускай інтэлігенцыі, — піша Тамара Паўловіч-Кліменка. — Сярод людзей гэтага кола мой бацька быў самы старэйшы, відаць, таму да яго і цягнулася моладзь. Ды ў нас была даволі прасторная хата, дзе можна было сабрацца гуртам». «Дом А. Паўловіча, — піша Алег Лойка, — сапраўды стаў як бы першым клубам беларускай літаратуры ў Мінску, які спрыяў гуртаванню сіл беларускай літаратуры, і ўжо ў гэтым ёсць заслуга Паўловіча» (Гісторыя беларускай літаратуры, Мінск, 1989).
Для Уладзіслава Галубка гэты асяродак быў вельмі важным, бо, як вядома, часам менавіта асяродак больш істотна, лёсавызначальна ўплывае на фармаванне асобы, чым фармальна атрыманая адукацыя, і пацвярджэнняў гэтаму нямала.
Ужо ў 1906 г. у газеце «Наша Ніва» з’явіўся верш У. Галубка «Доля мужыка», сама назва якога блізкая да зместу першых вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У 1913 г. у Пецярбургу выйшла кніга прозы У. Галубка пад простаю назваю «Апавяданні», і адразу ж Максім Багдановіч адзначыў, што Уладзіслаў Галубок піша «бойкія і вясёлыя апавяданні, да чаго мае праўдзівую здольнасць...»
Адметна, што многія апавяданні У. Галубка блізкія да алегарычных казак жыцця Якуба Коласа, у якіх увасоблена нямала біблейскай мудрасці: «Лепш быць няшчасным, але відушчым, чымся шчаслівым, ды сляпым», — сцвярджае ў Якуба Коласа дуб; «Уцешцеся, калі знайшлі вінаватага!» — гаворыць у Якуба Коласа сойка.
У творах У. Галубка сэнсава значныя вобразы старцаў, вандроўнікаў, якія, нібы Апосталы, нясуць сваю шчымліва-горкую праўду па зямлі, а тэма блуднага сына па-свойму асэнсаваная пісьменнікам у апавяданні «Сын вёскі», герой якога, Янук Качарга, высмейваецца з-за яго прэтэнзій на нібыта вышэйшасць, а вёсцы ён даўно ўжо не сын, як, зрэшты, і гораду...
У апавяданні «Навальніца» У. Галубок стварае алегарычны вобраз-малюнак рэвалюцыі, а ў апавяданні «Бор» высмейвае пыху старога баравіка, які прэтэндуе на першынство ў грыбным царстве, а сам увесь паточаны чарвякамі. Працытую ўрывак з апавядання «Навальніца», дзе рэвалюцыя-бура паваліла стары магутны дуб, які «замінаў» маладым дрэўцам, забіраючы ад іх «пажыву з зямлі».
«...Ударыла маланка, задыміўся і зваліўся апалены дуб. І без ліку пахаваў пад сабой маленькіх дрэўцаў.
Навальніца, як цёмны аграмадны птах, уцякала далей. Дождж сціхаў, і дзе-нідзе з-за хмар паказвалася яснае неба. Шмат палягчэла тым дрэўцам, што асталіся ў старане; з прывычкі яшчэ пудліва паглядалі яны на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер не гінуў ад вечнай засені, і ўсім стала прасторна. Пачарнеўшы пень старога дуба дзіка глядзеў увысь і адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла...»
«Дзіка глядзеў увысь...» — хіба ж гэта не вечнае пытанне ў Неба з надзеяй атрымаць адказ, зразумець, за што і навошта была прынесеная ахвяра...
У апавяданнях У. Галубка асабліва кранальны матыў пазнавання, бо няма ў жыцці чалавека, які б не зведаў горыч стратаў і шчымлівае разуменне іх сэнсу, што прыходзіць (раней ці пазней) праз Божыя знакі. Вось як гэта апісваецца У. Галубком у апавяданні «Парабкі»:
«Адна памятка ў мяне ёсць, крыжык выцінаны, надта даўні, гэта яшчэ бацька, як нас благаславіў, то абодвум на шыі панадзяваў, мой-то вось дзе, а братні пэўна разам у магіле...
...У старой затрэсліся рукі і слёзы пасыпаліся з вачэй. Нічога не кажучы, яна павяла рукой па грудзях, дастала адтуль крыжык і кажа:
— Не гэты?
Барадач глянуў і заплакаў:
— Гэты самы. Гэты, значыць, тут мой брат жыў і памёр во дзе яго кроў.
Хапіў Прануся на рукі і пачаў моцна цалаваць...»
Такое пазнанне часам змяняе чалавечы лёс, і тады мы называем яго Божым Провідам, нарэшце разумеючы, для чаго былі дадзены выпрабаванні...
Героі дарэвалюцыйных твораў У. Галубка (пераважна сяляне) жывуць у разуменні штодзённай, натуральнай прысутнасці Бога, неаспрэчнасці Яго існавання, Яго волі, і гэта проста, звыкла выяўляецца ў іх размовах і развагах («Бог святы ведае»; «ну дык з Богам»; «дай Божа ёй здароўе»; «сцеражы нас, Божа»; «калі Бог пазволіць»; «Богу толькі ведама» і да т. п.) Стары сляпы дзед (апав. «Смерць старца») і яго павадыр хлопчык (у Галубка — правадыр) у зімовы дзень жабруючы па вёсках, не проста адпачываюць, убачыўшы, што дарога наперадзе разыходзіцца накрыж, — яны моляцца.
«— Крыжовая дарога, — адазваўся хлапец.
— А то добра, дзеткі: крыху спачнем ды памалюся, бо нейкі цяжар на сэрцы чую, — сказаў дзед.
Хлопчык ведаў, як маліўся дзед. Зараз дастаў кантычку з торбы і пачаў голасна вымаўляць слова за словам, пазіраючы то на крыж, то на дзеда: дзед, апёршыся пасінеўшымі пальцамі на плячо правадыра, сціх. Шаптаў сляпы малітву»...
Дзед усё ж змерзне да смерці, пакуль хлопчык пабяжыць па дапамогу ў вёску, але яго развітальны зямны рух будзе напоўнены дабрынёю і ласкаю: «цяжка паднялася дрыжачая рука яго і апошні раз пагладзіла галоўку малога Васілька»...
|
| Трупа беларускіх артыстаў з У. Галубком. 1926 г. |
Безумоўна, на ўсіх творах У. Галубка ляжыць адбітак часу, але яны і сёння кранаюць душу, выклікаючы суперажыванне і нават слёзы, бо напісаныя добрым майстрам з адметнаю жывою моваю. «У. Галубок, — піша літаратуразнаўца Сцяпан Лаўшук, — ведаў безліч фальклорных сюжэтаў, якія патрабавалі мінімальнай апрацоўкі, каб ператварыцца ў творы аўтарскай мастацкай прозы, але такая творчая метода зусім не імпанавала пісьменніку. Нават у апавяданнях, заснаваных на калізіях побытавых анекдотаў, вусных дыдактычных гісторый <...> яму ўдалося ўзняцца над простым бытапісальніцтвам, раскрыць глыбінны сацыяльны падтэкст падзей» (У. Галубок, «Апошняе спатканне», Мінск, 2007).
Чытаючы ўспаміны пра У. Галубка, разглядаючы тэатральныя фотаздымкі, раптам з радасным здзіўленнем разумееш, што ён быў вельмі шчаслівым: ён меў сапраўды яркія, унікальныя таленты і напоўніцу, лёгка іх рэалізоўваў; ён спазнаў радасць ад сяброўства з такімі ж яркімі, таленавітымі людзьмі; у яго была вялікая, моцная, дружная сям’я — у трупу У. Галубка ўваходзілі ў 1920-я гады яго жонка Ядвіга, дочкі Багуслава, Вільгельміна і маленькая Людміла (будучая жонка мастака Яўгена Ціхановіча); сын Эдуард, пазней літаратуразнаўца і фалькларыст, які займаўся ў трупе бацькі адміністрацыйнаю працаю. Слава пра Галубка і «галубянятаў» грымела па ўсёй Беларусі, бо ён даязджаў са сваімі выступленнямі да ўсіх яе куточкаў і можа таму ў 1920-я гады быў больш папулярны, вядомы, любімы, чым першыя народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас. У 1928 годзе Уладзіслаў Галубок атрымаў званне народнага артыста Беларусі, але не вельмі гэтым усцешыўся, бо, як ён казаў, усё ж вакол народнае — лепей бы далі заслужанага (ён нават хадзіў у СНК БССР, каб «перарабілі званне»). У. Галубок быў шчаслівым яшчэ і таму, што частка яго жыцця прыпала на залатое дзесяцігоддзе беларусізацыі, калі ўсё нацыянальнае сапраўды шанавалася, а карыстанне беларускаю моваю было прыкметаю інтэлігентнасці, адукаванасці.
У 1926–1931 гг. акцёрам і хормайстрам тэатра У. Галубка быў Нестар Сакалоўскі, вядомы як аўтар Дзяржаўнага гімна БССР; з Галубком выступаў яркі, самабытны скрыпач Міхась Лучанок (бацька Ігара Лучанка), нейкі час у трупе працавалі Міхась Чарот і Алесь Дудар, Васіль Сташэўскі і Іларыён Барашка; будучая знакамітая народная артыстка Беларусі Стэфанія Станюта (1905–2000) у 16 гадоў сыграла сваю першую ролю ў п’есе У. Галубка «Ганка». Цікавыя ўспаміны пра У. Галубка і яго трупу напісаў наш вядомы перакладчык Язэп Семяжон (1914–1990), якому таксама пашчасціла быць партнёрам У. Галубка у спектаклях: «Сцеражыся, акцёр, — пісаў Язэп Семяжон, — калі ты на сцэне, іграючы тую ці іншую ролю, па неахайнасці або трафарэту нешта такое прамямліў альбо дазволіў сабе „адсябяціну“. На мастацкім савеце калектыву тэатра гэта расцэньвалася як незвычайнае здарэнне...»
Уладзіслаў Галубок быў любімы народам настолькі, што «...сярод беларускай інтэлігенцыі, — піша С. Лаўшук у прадмове да кнігі „Апошняе спатканне“, — доўгі час хадзіла легенда (і ў гэта так хацелася верыць), што сустракалі землякі на гулагаўскіх пуцявінах славутага У. Галубка, нібыта арганізаваў ён новую, „зэкаўскую“ трупу і зноў пачаў вандраваць ад лагера да лагера, каб словам мастацтва палегчыць долю зняволеных». Аднак гэта была толькі легенда, і цалкам натуральна, што яна склалася пра чалавека, жыццё якога людзям хацелася доўжыць, бо ў ім была дзівосная бязмежнасць і радасць жыцця.
...Уладзіслава Галубка арыштавалі ў канцы жніўня 1937 года і 28 верасня расстралялі за «нацыяналізм» — усё, што зрабіла яго першым народным артыстам БССР, раптам сталася празмерным. Міжволі прыходзяць на памяць радкі з верша Янкі Купалы «Маё цярпенне»:
|
Маё цярпенне, мой крывавы боль —
Хоць дух мой ўзносіцца пад неба столь,—
Але як мал мой гэты ўздых шалёны... І веру я, што я нішто ў быцці... |
Ад творчай спадчыны У. Галубка захавалася ўсяго шэсць вершаў (хоць напісана было шмат), кніжка апавяданняў і 39 невялікіх п’есаў. «Падчас арышту У. Галубка і вобыску ў яго кватэры быў канфіскаваны і куфар з рукапісамі, — піша Анатоль Валахановіч у кніжцы „Уладзіслаў Галубок“ (Мінск, 2013). — У ім захоўваліся тэксты новых камедый і меладрам, вершаў і апавяданняў, малюнкі і карціны. А ці ж не ўсплылі пазней яго літаратурныя творы, ужо крыху перапрацаваныя, скарочаныя ці пашыраныя і выдадзеныя за свае людзьмі, якія мелі непасрэдны доступ да гэтага куфра і там няблага пажывіліся, падпісаўшы іх сваім прозвішчам?» Пра тое, што сапраўды «пажывіліся», расказваў і зяць У. Галубка мастак Я. Ціхановіч, але будзем спадзявацца, што праз гады побач з прозвішчам таго, хто такім чынам «ратаваў» спадчыну У. Галубка, з’явіцца нарэшце і яго імя — Бог усіх рассудзіць...
З пейзажных палотнаў У. Галубка ў нашых дзяржаўных музеях няма ніводнага — толькі ў Старадарожскім музеі (прыватным), заснаваным Анатолем Белым, экспануецца карціна У. Галубка «Рака Цнянка», напісаная ім у 1927 годзе.
Рыхтуючы гэты артыкул, я зайшла ў Гасцёўню Уладзіслава Галубка ў Траецкім прадмесці — тое, што я ўбачыла, мяне не здзівіла: экспазіцыя, прысвечаная першаму народнаму артысту Беларусі, месціцца ў доўгім вузкім калідорчыку, які вядзе ў асноўнае памяшканне — гасцёўню, а там месца займаецца рознымі выставамі, ніяк не звязанымі з Галубком: у мой прыход была выстава «Нефть как искусство». У анатацыі да экспазіцыі пра жыццё і дзейнасць У. Галубка я знайшла чатыры арфаграфічныя памылкі і адну фактычную: там чамусьці напісана, што гасцёўня адчынілася ў 1990 г., а яна адчынілася ў 1982 г., да 100-годдзя з дня нараджэння У. Галубка. Дарэчы, і экспазіцыя Музея гісторыі беларускай літаратуры за 30 гадоў (!) існавання музея таксама чамусьці не створаная, хоць мы і стварылі частковы правобраз музея — выставу «Покліч», якая карысталася вялікім попытам, але праз гады была дэмантаваная як «састарэлая». Дзіўныя мы, беларусы: нібыта і патрыётаў сярод нас нямала, і працаваць умеем, а ўсё роўна неяк не напоўніцу — попел ахвяраў не грукае ў сэрцы... Таму мне захацелася назваць свой артыкул радком з верша У. Галубка «Будучыня» (1912) «Працуйма, брацця!», бо ёсць яшчэ што будаваць у нашым вялікім агульным доме, які завецца Беларуссю.
|
Настане дзень, надойдзе час,
Працуйма, брацця! Хай хутчэй |
Гл. таксама:
Уладзіслаў ГАЛУБОК :: АБРАЗОК ::
|
|
|