Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Данута БІЧЭЛЬ

УСЁ Ў СЛОВЕ…

«…Словы маюць цень, празрыстасць, вагу, апярэнне, валасы, словы маюць усё, што да іх прыліпала, пакуль яны так доўга каціліся па рэках, вандравалі ад радзімы да радзімы, так укараняліся… Яны такія старадаўнія і зусім яшчэ немаўляты, яны жывыя ў навечна забітай труне і ў песціку толькі што расцвіўшай кветкі... Якая цудоўная ў мяне мова, якую дзівосную мову атрымалі мы ад змрочных канкістадораў!.. Заваёўнікі каталіся па дзікіх гарах, па ўздыбленай Амерыцы ў пошуках бульбы, кілбасаў, фасолі, чорнага тытуню, золата, маіса, яек, яны наляталі на ўсё з апетытам, якога не бачыў свет… Яны праглыналі ўсё падрад — рэлігіі, піраміды, плямёны, дзікунства — усё знікала ў вялізных кайстрах, якія яны цягалі за сабою… Яны наступалі, раўняючы з зямлёю ўсё, што траплялася ім на шляху, а варварам на хаду кідалі з ботаў, з бародаў, са шлемаў, з падковаў, кідалі, як каменне, светлыя словы, якія заставаліся ў нас і ззялі… Мова… Мы прайгралі… Мы аказаліся ў выйгрышы… Яны забралі ў нас золата і пакінулі нам золата… Яны забралі ў нас усё і пакінулі нам усё… Яны пакінулі нам словы…»

Гэта думкі чылійскага паэта, палітыка Пабла Неруды (1904–1973), які за жыццё атрымаў усё, пра што нават не мараць многія паэты свету, — каханне, прызнанне, славу і няславу, прэміі ўласнай краіны, прэміі міру і Нобеля. Ён быў дыпламатам і аб’ездзіў свет як пасланец ад Чылі, ён быў палітычным уцекачом з чужым пашпартам, і яго ратавалі, заступаліся за яго вялікія яго сучаснікі, Пабла Пікаса, напрыклад… Камуніст, грамадзянін свету, ён называў адпаведна свае кнігі: «Месца жыхарства — Зямля». Я чытала і перачытвала яго вершы і кнігу ўспамінаў «Признаюсь, я жил» (1978).

Пабла нарадзіўся ў невялікім горадзе Парраль. Яго бацька Хасэ дэль Кармэн Рэйес Міралес працаваў на чыгунцы рабочым, а маці Роза Нефталі Басаальта Апаса была школьнай настаўніцай (рана памерла ад сухотаў). Імя Рыкарда Эліэсэр Нефталі Рэйес Басаальта паэт замяніў на Пабла Неруда і зрабіў яго ўласным іменем.

Ці можна знайсці апраўданне захапленню паэта іспанскаю моваю, якая прышчапілася да карэнных насельнікаў Чылі? Чылі цягнецца ўздоўж пабярэжжа Ціхага акіяна. Чылі засялялі індзейскія плямёны, каля мільёна чалавек. На пабярэжжы лавілі рыбу плямёны чанга, ці уру, плямёны атакаменьё засялялі пустыню Атакама, займаліся земляробствам і жывёлагадоўляю. Найбольш развітыя плямёны манучэ і араўканы засялялі цэнтральную частку Чылі, яны разводзілі авечак, вырошчвалі бульбу і маіс. Патагонію і Вогненную Зямлю засялялі паляўнічыя і рыбаловы з племя чон. Да XV ст. там быў родавы лад. Індзейцы змагаліся за незалежнасць з плямёнамі інкаў, якія перамаглі на поўначы, утварылі некалькі калоній і абклалі пераможаных данінаю. Але на поўдзень ад ракі Маўле інкаў спынілі. У XVI ст. прыйшлі канкістадоры….

Усіх перамаглі і заваявалі. І навошта вам размаўляць на мовах індзейскіх плямёнаў, калі іспанская мова прыгожая, удасканаленая, мае свае ўзаконеныя правілы?…

Шмат чаго адбывалася ў Чылі. І быў выбраны ў 1970 го­дзе ад блоку Народнага адзінства прэзідэнт Сальвадор Альенда. Але 11 верасня 1973 года адбыўся ваенны пераварот, які ўзначаліў Аўгуст Піначэт. Прэзідэнт Альенда загінуў, стадыён «Чылі» ператварылі ў канцлагер. На стадыёне быў забіты спявак Віктар Хара. Калі ў 1990 г. зрабілі эксгумацыю яго цела, убачылі, што ў яго былі патрушчаныя пальцы і ўсе косці, вынялі 44 кулі… Галоўны кат уцёк у Амерыку...

Паэт Пабла Неруда памёр у шпіталі 23 верасня 1973 года...

 

Гэтак і да нас прыйшлі браты, якія амаль усё загрэблі ў свае мяхі, а нас «навучылі» размаў­ляць «правільна»… Падаравалі нават тыя «моцныя» словы, якія некалі пакінулі ім татара-манголы.

Каб заблытаць саміх сябе, нашы спрытныя людцы гэтыя матныя д’яблавы словы замянілі больш свойскімі, у тым ліку словам «блін», якое сёння ведаюць дзеткі ў садку.

Працэс пачынаўся даўно. Каму зручна нічога не памятаць і не ведаць гісторыі, той не ведае. Чыесьці праўнукі нават не чулі, што за мову некалі забівалі і садзілі ў турмы, а самыя смелыя праўнучкі пачалі наведваць вечарынкі, якія называюцца «Мова нанова». Там збіраюцца і хлопцы. Хлопцы з гітарамі, у вышыванках прыязджаюць са сталіцы, «прывозяць мову» і цацкі для гульні. Самі іх прыдумваюць і самі майструюць.

Мова — гэта наш родавы знак. Мова — гэта душа. Мова адрознівае нас ад усіх іншых. Без мовы мы нямкі, без мовы нас няма, мы знікаем.

Гуляць у нацыянальныя пры­к­меты — у вышыванкі, маляванкі, у мову — гэта вясёлае самагубства...

Калі Папа Рымскі Францішак, аргенцінец Хорхе Марыя Берголіа, родам з Буэнас-Айрэса, маліўся на стадыёнах і на аэрадроме ў Мексіцы, нягледзячы на сонечную спякоту, усе часткі святой Эўхарыстыі паўтараліся па некалькі разоў на розных прыгожых мовах мексіканскіх абарыгенаў. Чаму?

Калі Папа Рымскі Францішак прыехаў у Кракаў на сустрэчу з моладдзю свету, польскія вернікі, якія размаўляюць з Маці Божай і з Езусам на польскай мове і напісалі на ёй свае лепшыя малітвы і песні, з павагі да Папы Рымскага і да свету, саступілі моладзі галоўнае месца перад Святым Айцом. На малітоўных сустрэчах гучала італьянская, іспанская, ангельская, нямецкая, а зрэдку нават і беларуская мова.

Цікава, колькі беларусаў жыве на Беларусі? Тая статыстыка, якую даюць розныя перапісы, не адпавядае рэальнасці.

Хто ў Беларусі будзе тым паэтам, які скажа так, як Пабла Неруда, што канкістадоры падаравалі нам золата — прыгожую мову, знішчыўшы нашу родную? Магчыма, ёсць такі паэт, і не адзін. Чую па радыё — нейкі гродзенскі гурт крычыць пра «дурную» мову…

Нашы продкі жылі пад Каронаю, але па Канстытуцыі Вялікага Княства. Кароль Рэчы Паспалітай выбіраўся і вялікім князем. Але нашы палітыкі перад тым, як ехаць на сойм, збіраліся ў Слоніме ці Вільні і вырашалі палітычныя пытанні Вялікага Княства Літоўскага. Канцлер Леў Сапега выдаў у 1588 г. у Вільні «Статут Вялікага Княства»… Мы мелі мову, на якой Францішак Скарына выдаваў святыя кнігі «Бібліі». Мы мелі мову, на якой Кастусь Каліноўскі выдаваў «Мужыцкую праўду».

У 1918 годзе Браніслаў Тарашкевіч прывёў у сістэму беларускую мову, якая спазнала росквіт і дала нашаму народу сваіх абаронцаў — Францішка Багушэвіча і Цётку, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

У 1933 годзе Савет народных камісараў без вучоных лінгвістаў, без абмеркавання правёў рэформу беларускага правапісу з мэтаю наблізіць беларускую мову да рускай, каб паступова яе знявечыць і знішчыць. Маё пакаленне, і пасля майго — наступныя пакаленні, вывучылі гэтыя правілы і карысталіся імі. Што чалавек у школе вывучыць, тое ён усё жыццё і ведае. Але мы больш размаўлялі на мове сваіх вёсак і мястэчкаў. Бераглі і шанавалі мову продкаў. Наступная рэформа адбывалася ў 1958-м…

А калі прыйшла воля 90-х, мову раздваілі на «тарашкевіцу» і «наркамаўку», бо амаль кожны лічыў сябе надта разумным. На жаль, здарылася і рэформа 2008 года. Нельга было ў такі небяспечны для мовы час яе рэфармаваць…

Але, з правіламі і без правілаў, беларуская мова ўсё яшчэ жывая, на ёй добра размаўляць з Богам...

Да нашага Рымскага Папы Францішка на 31-ю сустрэчу з моладдзю свету ў Кракаў прыехала і моладзь з Беларусі. Іх, як родных, разабралі польскія сем’і. Я слухала па радыё галасы польскіх людзей, якія разумеюць беларускую мову, бо знаходзяць у ёй шмат архаічных словаў, што некалі былі і ў польскай мове, але цяпер пагубляліся. Я ведаю адно такое слова — «вельмі».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY