|
|
|
№
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі
Пераклады
У святле Бібліі
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Прэзентацыя
Кіно
Асобы
На кніжнай паліцы
Роздум
|
Энох, або Гэнох (габр. חֲנוֹךּ [ḥănôḵ], гр. Ενωχ) – гэта імя трох згаданых у Старым Запавеце постацяў. Паводле генеалогіі, у якой Каін з’яўляецца старэйшым сынам Адама (Быц 4, 17–18), гаворка ідзе пра Эноха, які быў сынам Каіна і айцом Ірада. Яго імем Каін назваў горад, які сам заснаваў1. Паводле іншай генеалогіі, у якой першым сынам Адама быў Сэт, гаворыцца пра сёмага патрыярха, патомка Адама і Евы ў 7-м пакаленні, a менавіта — пра нашчадка Сэта, сына Ерэда і айца Мэтушэляха, прадзеда Ноя (Быц 5, 18-24; 1 Кр 1, 3; Лк 3, 37)2. У іншых фрагментах (Быц 46, 9; Ліч 26, 5; Зых 6, 14; 1 Кр 5, 3) Энох згадваецца як сын Рубэна, першынца Ізраэля. З імем героя з Кнігі Быцця (5, 18–24) звязана багатая традыцыя, якая ўзнікла ў юдаізме на мяжы эпохаў i шырока распаўсюдзілася ў хрысціянстве. Імя Энох паходзіць ад паўночна-семіцкага кораня ḥnk, што азначае ‘распачаць, пачаць, увесці’, а таксама звязана з назоўнікам ḥēn ‘паднябенне’. Згадваюць таксама і іншае значэнне імя – ‘заснавальнік’, бо з Энохам звязана заснаванне першага горада (Быц 4, 17). Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што імя паходзіць ад габр. ḥānak ‘асвячаны, утаямнічаны’3, што пацвярджае апакрыфічную традыцыю пра Эноха, які пазнаў таямніцы сусвету. Энох быў чалавекам богабаязным і справядлівым, які «жыў у сяброўстве з Богам» (Быц 5, 22), а калі перакласці даслоўна – ‘хадзіў з Богам4, прагульваўся з Богам’ (וַיִּתְהַלֵּךְ חֲנוֹךְ אֶת־הָאֱלֹהִֹים), што сведчыць пра асаблівыя адносіны, якія існавалі паміж Богам і Энохам5, пра яго пабожнае і святое жыццё і яго вялікую любоў да Бога6. Старазапаветнае апавяданне пра Эноха вельмі кароткае і таямнічае. Ён жыў у такім вялікім сяброўстве з Богам, што не спазнаў смерці і быў забраны ў неба (Быц 5, 22; Гбр 11, 5), маючы 365 гадоў. Яго жыццё значна карацейшае за жыццё яго продкаў па лініі Сэта, але ў лічбе пражытых гадоў Эноха лёгка заўважыць сімвалічнае аднясенне да колькасці дзён сонечнага году – 365. Нічога не вядома пра смерць Эноха, пра яго апошнія дні на зямлі, сказана толькі, што ён «знік [або: не стала яго], бо забраў (габр. lāqaḥ) яго Бог» (Быц 5, 24). Гэта значыць, што Энох быў выключаны з агульнага лёсу тых, хто падлягаў смерці, а менавіта з целам быў забраны ў неба7, i «не было іншага, такога як Энох, сярод створаных на зямлі, бо ён быў узняты з зямлі» (Сір 49, 14). Кніга Сіраха не шкадуе слоў пахвалы: «Энох падабаўся Богу і быў перанесены (забраны ў рай) як прыклад навяртання для пакаленняў» (Сір 44, 16). Богабаязнае жыццё Эноха супрацьпастаўляецца жыццю 7-га пакалення нашчадкаў Каіна, якое зграшыла праліццём крыві (Быц 4, 23-24). Яго постаць асабліва вылучаецца сярод справядлівых асобаў Старога Запавету як прыклад старазапаветнай святасці. Кніга Мудрасці, хоць і не называе імя Эноха, аднак вельмі ўзнёсла кажа пра тое, што ён атрымаў ва ўзнагароду несмяротнасць, якую Бог абяцае справядлівым: «Паколькі спадабаўся Богу, знайшоў Яго любоў i, жывучы сярод грэшнікаў, быў перанесены» (Мдр 4, 10)8. Постаць Эноха з прычыны сваёй таямнічасці захапляла не толькі юдэяў і хрысціянаў, але таксама мусульманаў, якія лічылі Эноха адным са святых прарокаў ісламу. Пра яго няма падрабязнай інфармацыі на старонках Старога Запавету, толькі кароткія згадкі, і гэта абуджае вялікую зацікаўленасць, спробы што-небудзь дасказаць. Папулярнасць яго постаці прычынілася да ўзнікнення многіх апокрыфаў, названых яго іменем. Паколькі ён быў сябрам Бога, лічылася, што ён ведаў шмат Ягоных таямніцаў, а таму мог быць аўтарам апакрыфічных кніг. У апакаліптычна-апакрыфічнай літаратуры Энох паказаны як справядлівы, вучоны, мудры муж, які пазнаў таямніцы стварэння і будовы сусвету, яго мінулае і будучыню, а таксама як той, хто мае анёльскія рысы. З іменем Эноха звязаныя астралагічныя і астранамічныя адкрыцці, а свае веды, атрыманыя ад анёлаў, ён перадаў свайму сыну Мэтушэляху. Сярод апокрыфаў, якія носяць яго імя, ёсць тры Кнігі Эноха. Найбольш папулярнай і найчасцей цытаванай з’яўляецца I Кніга Эноха з ІІ ст. да Н. Х. (вядомая таксама як эфіопская Кніга Эноха)9. Яна з’яўляецца кампіляцыяй шэрагу больш старажытных тэкстаў, прадстаўленых у Кнізе ў 5-ці частках: Кніга Чуваючых, Кніга Прыпавесцяў, Астранамічная Кніга, Кніга Сноў Эноха, Ліст Эноха. II Кніга Эноха, што паходзіць прыблізна з I ст. пасля Н. Х. (вядомая як славянская Кніга Эноха, або Кніга справядлівага Эноха), захавалася да нашых дзён толькі ў стараславянскіх манускрыптах з XIV ст. пасля Н. Х.10 III Кніга Эноха паходзіць ад рабінаў, датуецца V–VI стст. пасля Н. Х. Яна больш вядомая як габрэйская Кніга Эноха. Наступная — гэта Кніга Гігантаў (або Маніхейская Кніга Эноха), фрагменты якой былі знойдзены ў Кумране і якая была дапаўненнем да Кнігі Чуваючых.
I Кніга Эноха (або інакш эфіопская ці проста Кніга Эноха) расказвае пра тое, як прарок Энох падарожнічае ў свеце і ў часе з істотамі «з іншага свету», якіх ён лічыць анёламі ці іншымі найвышэйшымі істотамі. Ва ўступе да Кнігі Энох названы благаслаўлёным і справядлівым, якому Пан адкрыў вочы і адарыў святым нябесным бачаннем (ЭнЭф 1, 2). У IV частцы Кнігі, у Кнізе Сноў, апісаныя дзве візіі Эноха пра будучую гісторыю свету і Ізраэля, а ў V частцы, у гэтак званым Лісце Эноха, патрыярх прадказвае благаслаўленне для справядлівых і пакаранне для грэшнікаў. II Кніга Эноха (або інакш славянская ці гэтак званая Кніга таямніцаў Эноха) пачынаецца Кнігай таямніцаў пра забранне справядлівага Эноха, якога аўтар адорвае рознымі хвалебнымі эпітэтамі: мудрэц, вялікі вучоны, якога Пан забраў у неба ва ўзросце 365 гадоў (ЭнСлав 1; 1, 8). З вуснаў справядлівага Эноха мы чуем незвычайныя для язычніка развітальныя словы, скіраваныя да сыноў: «...Не адварочвайцеся ад Пана і не аддавайце пашаны несапраўдным багам, якія не стварылі ні неба, ні зямлі» (ЭнСлав 2, 2). Кніга расказвае пра забранне на неба Эноха і апісвае яго падарожжа ў таварыстве анёлаў праз сем нябёсаў, а ў сёмым небе анёлы паказваюць яму здалёк Пана, які сядзіць на троне і запрашае Эноха стаць перад Яго абліччам навекі (пар. ЭнСлав 20, 3; 22, 5; 67, 2), а таксама адкрывае яму свае адвечныя таямніцы (ЭнСлав 24, 3). Пасля гэтага Энох вяртаецца на зямлю, каб даць настаўленні сваім нашчадкам, і зноў вяртаецца на неба. А калі Пан аб’яўляецца ў сне сыну Эноха, Мэтушэляху, Ён кажа словы, якія ставяць Эноха ў адзін шэраг з Абрагамам, Ісаакам і Якубам: «Я – Пан, Бог твайго айца Эноха» (ЭнСлав 68, 4; 69, 4). У другой частцы III Кнігі Эноха (габрэйскай Кнігі Эноха) таямнічы кабалістычны Метатрон11, найвышэйшы ў анёльскай іерархіі, кажа рабіну Ішмаэлю, што ён – Энох, сын Ерэда (ЭнГбр 4, 2), якога Бог перад патопам перанёс у неба, гэта значыць узвысіў яго ў вачах людзей па-над усімі анёламі на вышынях, каб ён стаў сведчаннем супраць людзей, і прызначыў яго «князем і валадаром анёлаў, якія служаць» (ЭнГбр 4, 5). Калі анёлы пачынаюць пратэставаць супраць забрання Эноха на вышыні, аўтар Кнігі ўкладвае ў вусны Пана Бога такія словы: «Я прагну яго больш за вас усіх, хачу, каб ён быў князем і валадаром над вамі...» (ЭнГбр 4, 8). Энох пазбыўся матэрыяльнага цела – яго цела было пераменена ў агонь (ЭнГбр 15, 1-2). Ён стаў анёлам12, які служыць «Трону хвалы» (ЭнГбр 7, 1; 15, 1). Анёлы ж пакланяюцца яму, кажучы: «Благаслаўлёны ты і благаслаўлёныя твае бацькі, бо знайшоў у табе ўпадабанне Той, хто стварыў цябе» (ЭнГбр 4, 9). Энох згадваецца таксама ў іншых апакрыфічных кнігах. Напрыклад, у Кнізе Юбілеяў (168–150 гг. да Н. Х.) Энох параўноўваецца з прарокам Майсеем i выступае як яго папярэднік. Ён «першы сярод сыноў чалавечых.., які пазнаў пісанне, здабыў веды і мудрасць. <...> Ён убачыў у сне тое, што было, і тое, што будзе... Ён убачыў і пазнаў усё...» (Юб 4, 17-19). Энох ажаніўся, калі яму было 60–64 гады, з Адні, дачкой Данэля, i нарадзіўся ў яго сын Мэтушэлях (пар. Юб 4, 20–21)13. Затым Энох быў з Божымі анёламі 6-ці юбілеяў (294 гады), а яны «паказалі яму ўсё, што ёсць на зямлі і ў небе...» (Юб 4, 21–22). Энох сведчыў супраць Чуваючых, а пасля быў забраны «ад сыноў чалавечых». Анёлы завялі яго ў сад Эдэн, каб там ён спазнаў вялікую пашану (Юб 4, 23). У Эдэне Энох выконвае анёльскія функцыі — запісвае суд над светам і прысуды (Юб 4, 23–24), а таксама прыносіць ахвяру з кадзіла, якую прымае Бог (Юб 4, 25). Такі ж вобраз Эноха мы бачым у ІІ Кнізе Эноха i ў Запавеце Абрагама (карацейшая версія), у якой выразна падкрэсліваецца ўніверсальнасць збаўлення, без адрознення юдэяў і язычнікаў14. У гэтай апошняй кнізе Энох прадслаўлены як «настаўнік неба i зямлі i пісар справядлівасці» (ЗапАбр 11, 3), а яго заданнем, паводле загаду Пана Бога, з’яўляецца запісванне «грахоў душы» (ЗапАбр 11, 7.9). У чацвёртай Кумранскай пячоры было знойдзена шмат фрагментаў з І Кнігі Эноха i звязанай з ёю Кнігі Гігантаў, якія датуюцца II ст. да Н. Х. i пачаткам I ст. пасля Н. Х. Гэта сведчыць пра тое, што Энохава традыцыя была важнаю для кумранскай супольнасці, якая чытала і захоўвала гэтыя творы. Шматразова згадваецца Энох у Запавеце Дванаццаці Патрыярхаў, дзе ён названы справядлівым (Зап. XII Пат. III 10.5; VII 5.6; XII 9. 1), напрыклад, у Запавеце Сімяона і Левія (II 5.4). У Запавеце Левія ад імя Эноха прамаўляецца прароцтва пра адступніцтва i знеслаўленне ерузалемскай святыні (III 14.1; 16.1). Пра злачынства Юды, Дана, Нэфталія i Беньяміна, абвешчаных Энохам, гаворыцца ў адпаведных раздзелах Запаветаў (IV 18.1; VII 5.6; VIII 4.1; XII 9, 1). У заканчэнні Запаветаў Энох згадваецца разам з Ноем, Сэмам, Абрагамам, Ісаакам і Якубам у ліку тых, хто «ўстане» (або ўваскрэсне) у радасці напрыканцы часоў і будзе сядзець па правіцы Бога (XII 10.6). У кнігах Новага Запавету i ў хрысціянскай традыцыі Энох увасоблены як прататып Езуса Хрыста. Магчыма таму Копцкі Касцёл залічыў да кананічных Кнігу Эноха і нават стварыў некалькі новых твораў пра Эноха, як, напрыклад, «Іншыя апавяданні пра нараджэнне Эноха», якія ўвайшлі ў «Кнігу таямніцаў неба і зямлі», i ў кнігу «Візій Эноха». У Новым жа Запавеце пра Эноха, як пра героя веры15, гаворыцца ў Пасланні да Габрэяў, дзе падкрэсліваецца ў першую чаргу яго вера: «Вераю Энох быў перанесены (грэц. μετατίθημι), каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу» (Гбр 11, 5). Слова μετατίθημι ‘пераносіць на іншае месца’, адпаведнік габрэйскага לקח [lāqaḥ], выкарыстоўваецца таксама ў Сэптуагінце ў кантэксце забрання Эноха i Іллі, у аналагічных творах грэцкіх і лацінскіх класікаў гэты выраз азначае, што чалавек увайшоў у кола багоў16. У творах некаторых Айцоў Касцёла і на падставе Сір 44, 16 рабіліся высновы, што Бог забраў Эноха ў рай, адкуль выгнаў Адама і Еву. Аднак сёння гаворыцца, што выраз lāqaḥ (грэц. μετατίθημι) азначае заўчасны адыход Эноха, якога Бог адарыў такой прыхільнасцю, каб уратаваць яго ад водаў патопу i аддзяліць яго ад сапсаванага свету17. У кнігах Новага Запавету таксама цытуюцца апакрыфічныя творы пра Эноха. Так, напрыклад, у Пасланні Юды пададзена цытата з І Эн 1, 918: «Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: “Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых, каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі”» (Юд 14-15). Натхнёныя аўтары новазапаветных кніг лічаць Эноха чалавекам гераічнай веры, дзякуючы якой ён падабаўся Богу, а таксама прапаведнікам, які заклікае грэшнікаў да пакаяння19. У раннехрысціянскай інтэрпрэтацыі словаў з Апакаліпсіса св. Яна пра неназваных па імені двух сведкаў Пана, якія будуць прарочыць у канцы часоў, агульнапрынятае, што імі з’яўляюцца прарок Ілля i Энох20: «Дам двум сваім сведкам, апранутым у мешкавіну, прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзясят дзён. Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга. <...> І калі скончаць яны сведчанне сваё, звер, які выходзіць з бездані, пачне вайну з імі, і пераможа іх, і заб’е іх. І трупы іхнія пакіне на плошчы вялікага горада...» (Aп 11, 3. 6-8). І хоць Энох, як кажа св. Ірэнэй Ліёнскі, быў чалавекам без абразання, язычнікам, ён спадабаўся Богу i дагэтуль з’яўляецца сведкам справядлівага Божага суду (пар. Iren. Adv. Haer. IV 16.2), а таксама належыць да тых справядлівых, «якія дасягнулі дасканаласці» (Гбр 12, 23).
|
|
|
|