Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Зоя РАМАНОЎСКІ

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ

Інтэрв’ю Зоі Раманоўскі з галівудскім сцэнарыстам
і прадзюсарам, каталічкаю Барбараю Нікалозі

«Некалі даўно ў адной тэалагічнай кнізе я прачытала, што сэнс каталіцкай літургіі ў тым, каб прышчапіць людзям пачуццё велічы і магутнасці Божай, а таксама пачуццё нашай уласнай немачы і ўбоства. Першае пачуццё без другога зробіць вас пыхлівымі, а другое без першага выкліча ў вас жаданне забіць сябе і зробіць непрыдатным для евангелізацыі. Але калі ў вас жывуць абодва, вы можаце быць вучнямі Хрыста. Мне здаецца, тое самае датычыць і гісторый, якія мы мусім распавядаць».

Барбара Нікалозі

Барбара Нікалозі ўжо больш за 20 гадоў жыве ў Лос-Анджэлесе і вельмі добра ведае, якое месца займаюць хрысціяне ў Галівудзе. Яна заснавальніца і ганаровы старшыня некамерцыйнай арганізацыі Act One, Inc., якая праводзіць падрыхтоўку і навучанне хрысціянаў для працы сцэнарыстамі і выканаўчымі прадзюсарамі ў Галівудзе. Нікалозі — сцэнарны аналітык, выканаўчы прадзюсар, кансультант, удзельніца праектаў «Мукі Хрыстовыя» (The Passion of the Christ), «Новая Жанна д’Арк» (Joan of Arcadia), «Ратуйце Грэйс» (Saving Grace). Яна — чалец Гільдыі пісьменнікаў Заходняй Амерыкі, піша кінасцэнарыі не толькі для галівудскіх, але і для іншых кінакампаній. Апошні яе праект — паўнаметражная экранізацыя мемуараў «Суровая міласэрнасць» (Severe Mercy) для кампаніі Origin Entertainment. У Рыме праходзяць здымкі фільма «Фаціма» па яе сцэнары. Барбара Нікалозі — ад’юнкт-прафесар ва ўніверсітэце Азусы ў Каліфорніі і рыхтуецца атрымаць ступень доктара філасофіі ў галіне творчага пісьменніцтва ў брытанскім універсітэце Bath Spa University.

У 1998 г., калі аўтар артыкула, Зоі Раманоўскі, пазнаёмілася з Барбараю Нікалозі, яна належала да сакрэтнага таварыства хрысціянаў у Галівудзе InterMission, куды ўваходзілі людзі, якія працавалі ў індустрыі відовішчаў. «Сакрэтнае таварыства» — гэта не жарт: сустрэчы адбываліся патаемна, імёны чальцоў таварыства не публікаваліся і не абмяркоўваліся на публіцы. Пазней узнікла арганізацыя Act One, і праз восем гадоў InterMission перастала існаваць у тым ліку і з той прычыны, што Act One і іншыя хрысціянскія групы здолелі паспяхова прадставіць у Галівудзе хрысціянаў як кемлівых мысляроў і цудоўных апавядальнікаў.

У гэтай размове Барбара Нікалозі распавядае пра цяперашняе становішча хрысціянаў у Галівудзе, іх уплыў на індустрыю відовішчаў і магчымыя перспектывы развіцця.

— Барбара, распавядзіце, калі ласка, якое месца хрысціяне займаюць у Галівудзе.

— Калі я ўпершыню сюды прыехала, ніхто з тых, хто быў у мэйнстрыме індустрыі, не браўся за праекты, адкрыта звязаныя з духоўнасцю або рэлігіяй. Бог у Галівудзе «сапраўды памёр». <...> Існавала меркаванне, што рэлігія — найстрашнейшы забойца кінафільмаў. <...> Усё змянілася са з’яўленнем фенаменальна папулярных стужак «Мукі Хрыстовыя», «Хронікі Нарніі», «Уладар пярсцёнкаў». Яны на працягу пяці гадоў білі рэкорды па касавых зборах, і тады ўсе нібы «захварэлі на рэлігію». Паўсюль можна было пачуць: «Гледачам “Мукаў” гэта мусіць спадабацца». Узнік вал рэальна дрэннага кіно, якое здымалі галівудскія студыі без ніякай павагі і сапраўднага разумення таго, што такое фільм, напоўнены духоўнасцю і вераю. Я маю на ўвазе стужкі «Валадарства Нябеснае», «Кніга Ілая», «Ной», «Зыход: багі і каралі», і апошнюю катастрофу — «Бэн Гур». Я памятаю, як прыйшла на прэзентацыю «Канстанціна» і знаёмы журналіст сказаў мне: «Барбара, табе гэта спадабаецца, там ёсць усе твае штукі». Я падумала: «Усе мае штукі? Што гэта значыць?» Гэта аказалася кіно з Кіану Рыўзам, там былі і дэманы, і дошкі для выклікання духаў, і асвячоная вада, і крыжы, і ладан, і спірытызм… у стужку напхалі ўсяго, што мела хоць якія-небудзь адносіны да хоць якой рэлігіі. Усе падобныя фільмы праваліліся ў пракаце, і галівудскія кінакампаніі палічылі, што поспех рэлігійнай кінастужкі — шчаслівая выпадковасць і феномен Мэла Гібсана. А пасля сталі ўзнікаць кінапраекты евангельскіх хрысціянаў.

Яны распачалі «партызанскую вайну», здымаючы кіно для сваіх вернікаў, і знайшлі спосаб атрымліваць ад яго прыбытак. Зразумела, лічбы непараўнальна меншыя, чым у мэйнстрымавым кіно, але студыі заўважылі гэты маленькі поспех і сталі радасна распаўсюджваць фільмы сярод хрысціянаў і атрымліваць свае невялікія грошы. Цяпер амаль кожная кінастудыя мае рэлігійны аддзел, які займаецца пошукам кантэнту для гэтай рынкавай нішы. У гэтага медаля два бакі. Добры — у тым, што індустрыя вялікага кіно размаўляе з людзьмі пра веру і не ўспрымае нас як ненармальных. Дрэнны — у тым, што гэтыя фільмы загналі нас у «гета», і калі ты прыносіш у студыю сапраўды добры праект, такі як «Марыя, Маці Хрыста» або «Суровая міласэрнасць», табе, па-першае, кажуць: «Гэта занадта складана для хрысціянаў, яны не любяць выклікаў для сябе», а па-другое: «Можна задаволіць гэтую аўдыторыю, затраціўшы нашмат меншыя грошы, чым каштуе гэты фільм». Я ўсё гэта чула ад выканаўчых прадзюсараў кінастудый.

Інакш кажучы, вось што яны маюць на ўвазе: «Для чаго плаціць 40 мільёнаў за фільм пра веру і нешта звышнатуральнае, калі можна зрабіць яго за 2 мільёны? Там не будуць здымацца зоркі, не будзе вялікага рэжысёра, не будзе добрага сцэнара, але мы ўставім некалькі цытатаў з Бібліі, і атрымаецца міленькая меладрама, якая прынясе нам 30 мільёнаў». Гэтая пазіцыя катастрафічна знішчальная для Касцёла, для мастацтва і для грамадства ў цэлым, бо цудоўныя праекты, інспіраваныя вераю, проста не ўспрымаюць усур’ёз і не працуюць з імі.

Існуе яшчэ адзін дрэнны аспект гэтай сітуацыі: хрысціяне зразумелі, што, каб зарабіць грошы на кінастужках, трэба зрабіць іх аб’ектам палітычных гульняў. Здыміце жудаснае кіно, але назавіце яго «Бог не памёр» і паклічце хрысціянскую супольнасць падтрымаць яго на «шоў Галівуда». Гэта спроба знайсці палітычную тэму, якая згуртуе хрысціянскую аўдыторыю, замест таго, каб ствараць нешта сапраўды прыгожае. А праўда ў тым, што нам патрэбны не мітынг, а досвед асабістага пакаяння, нам трэба зацікавіць людзей, якія не вераць, што мы верым.

— Вы маеце на ўвазе, што ў індустрыі знікла мастацтва, знікла прыгажосць?

— Так, гэта нават перастае быць мэтаю ў стварэнні кіно, што вельмі мяне засмучае. Дастаеўскі сказаў, што прыгажосць выратуе свет, але мы нават не імкнемся да гэтага, а жадаем набраць балы ў палітычнай гульні, якую мы ўжо прайгралі.

— Дык ці можа існаваць такое кіно «для сваіх, для тых, хто ў тэме», а не для пашырэння культуры?

— Можа існаваць. Але мы павінны імкнуцца ствараць фільмы, якія прамаўляюць да розных катэгорый людзей на розных узроўнях. Гэта цудоўна атрымлівалася ў Фланэры О’Конар*. Язычнікаў глыбока кранае чалавечы канфлікт у яе гісторыях. Хрысціяне ўспрымаюць іх на іншым узроўні, заўважаючы, як яна прамаўляе аб Божай ласцы. А калі вы — католік, то не толькі ўбачыце абодва гэтыя аспекты, але і атрымаеце задавальненне ад таго, што яна была «наша» (гэта жарт)!

Мы не мусім займацца пошукам спосабаў, каб нашыя людзі лепш думалі пра сябе саміх, а мусім пасаромецца таго, як мала мы дасягнулі. Некалі даўно ў адной тэалагічнай кнізе я прачытала, што сэнс каталіцкай літургіі ў тым, каб прышчапіць людзям пачуццё велічы і магутнасці Божай, а таксама пачуццё нашай уласнай немачы і ўбоства. Першае пачуццё без другога зробіць вас пыхлівымі, а другое без першага выкліча ў вас жаданне забіць сябе і зробіць непрыдатным для евангелізацыі. Але калі ў вас жывуць абодва, вы можаце быць вучнямі Хрыста. Мне здаецца, тое самае датычыць і гісторый, якія мы мусім распавядаць.

Я лічу, што прынцып павінен быць такі: прыгажосць неабходна спалучыць з адной з нашых фундаментальных вызначальных дактрынаў. Ёсць тэмы, з якімі мы можам працаваць, каб вынік атрымаўся асабліва магутны і пераканаўчы, бо гэтыя тэмы хрысціянскія па сутнасці. Я вызначыла восем такіх. Адна з іх належыць О’Конар: «Заўжды прысутная Божая ласка». Напрыклад, можна стварыць кіно, дзе з’яўляецца нешта таямнічае, звышнатуральнае і страшнае, пераследуе людзей і жадае захапіць іх, як гэта робяць д’ябал, цялеснае, матэрыяльнае. Загадкава, але не атрымаецца растлумачыць гэтую ідэю ў межах аднаго толькі «трыумфу чалавечага духу». Калі гэтае кіно будзе яшчэ і прыгожае, яго можна будзе назваць хрысціянскім. Прыгажосцю, паводле традыцыйнай філасофіі, я называю ўсё, што нясе ў сабе гармонію і святло.

Іншы прыклад: тэма «радасць і пакуты непарыўна злучаныя». Кампанія Pixar выкарыстала яе ў мультфільме «Галаваломка» (Inside out), выказаўшы думку, што нельга атрымаць паўнату радасці, не прыняўшы пакутаў і болю. Я ледзь з крэсла не звалілася! І, апроч усяго, адна з асноўных ідэяў мультфільма, аб «скрыначках памяці», узятая з апошняга раздзелу «Споведзі» святога Аўгустына. Такім чынам, мне здаецца, калі справа датычыць духоўнага кіно, гэта не толькі, або нават не столькі, канцэпцыя «Ой, трэба экранізаваць біблійныя гісторыі і здымаць кіно пра святых». Не, нам неабходна ствараць гісторыі, якія нейкім незвычайным, настойлівым, прыгожым чынам, затрымліваючыся ў памяці і ўздзейнічаючы на пачуцці, нясуць у свет сутнасныя ідэі таго, у што мы верым.

— Як Вы лічыце, ці ёсць месца ў кіно для сакральнага мастацтва?

— Так, але толькі без банальнасцяў і бязглуздзіцы! Аспект мастацкага павінен тут моцна пераважаць, у адрозненне ад апавядальна-відовішчнага.

— Блокбастары гэтага лета праваліліся ў пракаце. Чаго ім не хапіла, на Вашую думку?

— Сусветная аўдыторыя за апошнія некалькі гадоў перастала хадзіць на блокбастары. Дзякуй Богу! Тэндэнцыя назіраецца з 2012 года, а ў 2016-м амаль усе рэйтынгавыя стужкі праваліліся, за выключэннем мультфільма «У пошуках Доры» (Finding Dory) кампаніі Pixar. Аматары кіно, здаецца, нарэшце перасыціліся экшэнам і пустою відовішчнасцю.

Арыстоцель, пералічваючы шэсць элементаў твора, называе відовішчнасць апошняю. Спачатку ідзе сюжэт, пасля — персанаж, тэма, дыкцыя (дыялог), музыка (тон) і толькі пасля — відовішчнасць. У Галівудзе пасля выхаду стужкі «Пашча» (Jaws, 1975) відовішчнасць паступова выйшла на першае месца, пасля — персанаж: гэта датычыць кіназорак і акцёрскага бізнесу, і толькі пасля даходзіць да сюжэта фільма. А на апошнім месцы сёння стаіць тэма — пра што гэтая кінастужка і чаму гэта павінна мяне зацікавіць. У гэтым сутнасць праблемы: сёння ствараюцца гісторыі ні аб чым, гісторыі аднаго моманту. І аўдыторыя масава адмаўляецца гэта глядзець.

Індустрыю выратуе менавіта тэматычнасць. Грашовыя крыніцы ў Галівудзе спустошаныя, фільмы фінансуюцца па складаных глабальных механізмах. Фільмы на сапраўды добрыя, моцныя, агульначалавечыя тэмы скіраваныя на мужчынскую аўдыторыю 18–35-ці гадоў, гэта асноўная мэтавая аўдыторыя для ўсёй кінаіндустрыі ў апошнія дзесяцігоддзі. Але, працуючы над доктарскай дысертацыяй па адной з найлепшых еўрапейскіх праграмаў у галіне творчага пісьменніцтва, я прыйшла да наступнай высновы: праблема ў тым, што кінаакадэмія масава вучыць людзей быць апавядальнікамі ў культурнай прасторы, дзе выгадна не дапускаць існавання такіх паняццяў як чалавечая прырода або чалавечая гісторыя. Гісторыяй называюць усё што заўгодна, і ў выніку гэтага гісторыя сама становіцца пустою, становіцца нічым.

Але людзі прагнуць гісторый, бо, як заўважыў Арыстоцель, да гэтага схільная чалавечая натура, і мы ходзім у кіно, шукаючы таго, што заспакоіць гэтае прагненне. Але, за рэдкім выключэннем, мы заходзім у кінатэатр «галоднымі» і выходзім адтуль таксама «галоднымі» і з пачуццём агіды. Чаму б тады Касцёлу не заняцца гэтаю справаю і не запоўніць вакуум? Чаму мы не вучым людзей ствараць гісторыі? Менавіта гэтым мы павінны займацца. Касцёл павінен служыць культуры.

— Заснаваўшы праграму Act One, што Вы можаце сказаць пра тое, як навучаць людзей ствараць гісторыі?

— Важны момант маёй біяграфіі — гэта тое, што я, як ад’юнкт-прафесар, выкладаю ў каледжы Honors ва ўніверсітэце Azusa Pacific, побач з Лос-Анджэлесам, па праграме Great Books, «Вялікіх кніг»**, якая выкарыстоўвае сакратаўскую методыку. Гэта мой свядомы выбар. Я люблю сваіх вучняў у праграме Act One і ўсіх, хто мае дачыненне да праграмы, але, працуючы з ёю, я зразумела адно: недастаткова сабраць разам хрысціянаў і вучыць іх распавядаць гісторыі. Неабходная больш глыбокая фармацыя.

Такім чынам, мы даем студэнтам строгую пісьмовую праграму і з дапамогаю вялікіх кнігаў змушаем іх зацікавіцца вялікімі ідэямі. Мы дапамагаем ім усвядоміць, што сучасны мадэрнізм — гэта глупства, дапамагаем зразумець разгубленасць іх сучаснікаў, убачыць тыя памылкі, што глыбока праніклі ў нас, таму што мы жывем у гэтым асяродку. Калі студэнты атрымалі салідны базіс, мы выбіраем сярод іх тых, хто добра піша, і працуем з імі, навучаючы прынцыпам будовы візуальнага аповеду гісторыі. <...>

Цікавыя гісторыі ствараюць цікавыя людзі. Адно толькі тое, што вы — хрысціянін, яшчэ не робіць вас цікавым чалавекам. Трэба быць хрысціянінам і чалавекам, які ўмее думаць. Таму, калі мы гаворым, што Касцёлу трэба заняцца праблемаю дэфіцыту добрых гісторый, гэта не азначае, што праблема будзе вырашана хутка.

— Што неабходна сёння хрысціяніну — чалавеку мастацтва, каб дасягнуць поспеху?

— Тое, што і заўжды было неабходна. Калі Фланэры О’Конар спыталі, чаму яна стала пісьменніцаю, яна адказала: «Таму што ў мяне гэта добра атрымліваецца». Пытанне ў тым, ці ёсць у вас талент? Ёзаф Піпер, каталіцкі філосаф-неатаміст, сказаў, што кожны мусіць быць чалавекам мастацтва. Ён меў на ўвазе, што ўсе мы павінны развіваць у сабе тое, што вучыць нас ствараць і засяроджвацца на дэталях, але людзі, якія становяцца прафесіяналамі ў мастацтве, пакліканымі будаваць і пашыраць культуру, абавязкова мусяць быць таленавітымі. Магчыма, вы маеце добры густ у мастацтве і абазнаныя ў ім, але не маеце таленту, і гэта можа значыць, што вы пакліканыя рознымі спосабамі падтрымліваць людзей мастацтва. Нам гэта патрэбна.

Па-другое, неабходна вялікая падрыхтоўка. Гэта, ізноў жа, значыць атрыманне фармацыі, якая дазволіць чалавеку мастацтва бачыць праблемы сучаснасці, заўважаць, чаго чалавек прагне сёння і чаму. Недастаткова аднаго толькі спачування або эмпатыі, неабходна разумець, што не ў парадку. Гэта не значыць, што трэба рабіць з мастацтва місію, але ў сваё мастацтва вы мусіце цалкам укладаць уласную асобу. У сваім мастацтве і ў Касцёле мы на працягу апошніх 50-ці гадоў робім вялікую памылку, мяркуючы, што адказам на секулярную прапаганду павінна быць святая, пабожная прапаганда. Адказам павінна быць прыгажосць, заснаваная на нашым светапоглядзе.

Атрымаўшы добрую фармацыю, ідзіце навучацца ў лепшыя свецкія вышэйшыя навучальныя ўстановы. Там вы атрымаеце найлепшы падыход, доступ да сучаснага абсталявання і паспяховых педагогаў. Аднак неабходна мець «прышчэпку» ад супрацьлеглых вашым поглядаў, з якімі вы там сутыкнецеся. Я пайшла вучыцца ў Northwestern, які ўваходзіць ў дзясятку лепшых кінашколаў, хаця факультэт быў цалкам марксісцкім, і нас, студэнтаў, нават называлі «пралетарыятам»! Але я гэта цярпела, бо там можна было многаму навучыцца.

Я ведаю, што гэта вельмі палохае многіх бацькоў католікаў. Але не ўсе яшчэ разумеюць адно: калі мы хаваемся ўсё глыбей у сваю пячору, шукаючы бяспекі, мы не толькі яе не знаходзім, бо ўнутры сем’яў адбіваюцца ўсе памылкі эпохі, у якую жыве чалавек, але і свет становіцца ўсё горшым. Бог дае нам ласку не для таго, каб мы развіваліся і квітнелі ў сваіх пячорах, а каб мы развівалі і ўзбагачалі гэтую культуру. Мы павінны быць для яе закваскаю.

Ёсць прычыны, якія змушаюць мяне не выкладаць у каталіцкіх навучальных установах. Гэта месцы, дзе ўсё яшчэ важная каталіцкая артадаксальнасць, дзе чытанне вялікіх кніг — абавязковае патрабаванне. За апошнія два дзесяцігоддзі я наведала ўсе гэтыя ўстановы і выбрала пэўную колькасць студэнтаў для працы ў Галівудзе. Мне непрыемна гэта казаць, але амаль ніхто з іх не меў поспеху і не змог працаваць у індустрыі ў асноўным таму, што ім бракавала энергіі, крэатыўнасці і смеласці працаваць у гэтай сферы. Занадта часта яны ў рэшце рэшт знаходзілі новую «пячору», збіралі групку людзей з падобнымі перакананнямі і нічога не стваралі.

Таму цяпер я не без прычынаў выкладаю ў найбольшым некаталіцкім хрысціянскім універсітэце ў краіне. Каля адной трэці выкладчыкаў і студэнтаў тут — католікі, але галоўнае, што, вызнаючы праўду і веру, яны даюць добрае музычнае і спартовае выхаванне, а таксама мноства розных навуковых спецыялізацый. Я прыйшла да высновы, што трэба працаваць са студэнтамі, якія не баяцца культуры, у якой існуюць, і не пагарджаюць ёю.

— Давайце затрымаемся на гэтым пытанні. Вы прымушаеце многіх бацькоў хрысціянаў задумацца, калі кажаце, што трэба выхоўваць дзяцей так, каб яны маглі вучыцца ў эпохі, у якую жывуць.

— Калі вашае дзіця таленавітае, сапраўды таленавітае ў сферы мастацтва, тады свет адчайна патрабуе яго таленту, і невыпадкова яно нарадзілася менавіта ў гэты час. Падобнае пакліканне — асаблівы дар, і калі бегчы ад яго, гэта зруйнуе асобу. Нельга гарантаваць такому дзіцяці бяспеку, прымусіўшы яго стаць праграмістам або медсястрою. Магчыма, яно не перастане хадзіць у касцёл, але страціць радасць у жыцці.

— Такім чынам, бацькі мусяць дапамагаць дзецям зразумець, што яны невыпадкова жывуць менавіта ў гэты час, што Бог стварыў іх, каб быць тут і цяпер…

— Менавіта так. Нашыя дзеці мусяць заззяць у гэтыя часы, яны павінны стаць маякамі ў цемры, якая ўсё больш згушчаецца. Мы ўсе бядуем, што Касцёл ізноў пачынаюць пераследаваць, нібыта гэта нешта новае для нас. Я памятаю, як напрыканцы 80-х гадоў вывучала эклезіялогію з адною законніцаю, і яна сказала, што пераслед — гэта пятае вызначэнне Касцёла (акрамя паняццяў «адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі»). Праўда ў тым, што менавіта ў часы пераследу Касцёл разумее, чым сапраўды з’яўляецца, бо тады мы найбольш прыпадабняемся да Хрыста. Я б сказала бацькам так: «Як вы рыхтуеце сваіх дзяцей, каб яны маглі свяціць у буру? Калі вы вучыце іх знаходзіць маяк і хавацца ў бяспецы ў яго падвале або забірацца ў глухія закуткі, каб іх святло ніхто не ўбачыў, значыць вы ўсё сапсавалі. Мы мусім вучыць дзяцей глядзець у будучыню адкрытым позіркам, без страху, не ганарыста, не прагнучы надыходу нейкіх бяспечнейшых часоў». У маёй улюбёнай кнізе «Браты Карамазавы» цудоўныя словы гучаць з вуснаў святога старца Засімы, які вучыць чуллівага Алёшу і раіць яму знаходзіць радасць у пакутах. Мне здаецца, на гэта і павінна скіроўвацца сёння каталіцкае выхаванне.

— І ўсё адно ў Галівудзе адчуваецца недахоп каталіцкай прысутнасці. Чаму так?

— Тут насамрэч мноства католікаў, але збольшага яны або не практыкуюць, або не разумеюць, што ім рабіць у мастацтве як вучням Хрыста. Чаму? Як кажуць італьянцы, рыба пачынае гніць з галавы — фармацыя каталіцкіх людзей мастацтва не ідзе зверху. Біскупы ЗША павінны былі заснаваць сцэнарную школу ў Галівудзе яшчэ ў 1927-м або 1935-м, або 1946-м, або на хвалі сексуальнай рэвалюцыі, або калі надышла эра блокбастараў і стала зразумела, што Галівуд развучыўся апавядаць гісторыі. Калі свет веры, цнотаў і філасофіі аддзяліўся ад свету апавядання гісторый, нам засталася адна відовішчнасць. Я зразумела гэта яшчэ ў 80-я. Але ніколі не існавала сапраўднай пастырскай апекі для людзей, якія працуюць у мастацтве і індустрыі відовішчаў.

Некалі даўно я рабіла даклад у Амерыканскім каталіцкім універсітэце, і напрыканцы мне сказалі, што гэта апошнія заняткі па сцэнарным майстэрстве і курс закрываецца. Я падумала: «Я нешта прапусціла? Кіно ўжо больш не будуць здымаць?» У біскупскім універсітэце не рабілася акцэнту на тое, якое важнае для культуры і грамадства ўменне распавядаць гісторыі, гэтага няма і цяпер. Калі скласці спіс з 20-ці найлепшых кінашколаў у свеце, там не будзе ніводнай каталіцкай. Гэта пастырскі недагляд.

— А што б зрабілі Вы? Уявіце: да Вас прыходзяць біскупы і кажуць: «Барбара, распрацуйце для нас стратэгічны план таго, як гэта арганізаваць». Што Вы скажаце?

— Для пачатку нам будзе патрэбна 100 мільёнаў даляраў. Мы пабудуем цэнтр тут, у Галівудзе, з выхадам на творчую супольнасць. Цэнтр будзе складацца з некалькіх частак: вялікая адукацыйная, яшчэ адна, дзе мы будзем прадстаўляць прыгожыя творы мастацтва (неабавязкова хрысціянскія) і дапамагаць людзям зразумець, чаму гэта добра. Ведаеце, ёсць адна рэч, якая мне даўно і вельмі не падабаецца… Толькі таму, што чалавек мілы або праведны, або выступае ў абарону жыцця, мы не павінны прасоўваць яго кінапраект. Гэта збівае нас са шляху.

У цэнтры будзе вялікая капліца Святога Духа для людзей мастацтва, і кожны ў Галівудзе зможа прыйсці туды і папрасіць памаліцца аб рэалізацыі яго праекту. Цэнтр будзе функцыянаваць як інстытут, даследніцкі, навуковы цэнтр, дзе мы будзем размаўляць з прадстаўнікамі кінаіндустрыі, прапаноўваць ім ідэі, кіраўніцтва, трэнінгі. Мы запросім навукоўцаў з усяго свету, каб разглядаць мастацтва і апавядальніцкае майстэрства ў культуры. Мы зробім у цэнтры вытворчыя майстэрні, каб распрацоўваць там праекты. У нас будзе працаваць тэатр, дзе будуць ставіцца новыя п’есы. Мы будзем імкнуцца арганізоўваць хаця б палову мерапрыемстваў па колькасці, у параўнанні з тым, колькі ўсяго арганізуюць саентолагі. Няўжо гэта калі-небудзь атрымаецца зрабіць!

Уявіце, што Каталіцкі Касцёл вырашыў стварыць місіянерскі рух у мастацтве і індустрыі відовішчаў. Я б проста прытомнасць страціла, даведаўшыся! У архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса ёсць святар, які апякуецца працаўнікамі докаў, але няма пастыра для працаўнікоў індустрыі відовішчаў. Гэта ж неразумна! Няхай узнікне такі цэнтр, дзе Касцёл будзе гаспадарыць, які будзе адкрыты свету, дзе мы скажам кожнаму: «Мы вас любім і падтрымліваем, разумеем патрэбы людзей мастацтва і дапаможам вам так, як павінны, а гэта, між іншым, не значыць, што мы будзем здымаць для вас кіно». Касцёл павінен даручаць, даваць паўнамоцтвы для стварэння мастацтва. Мы павінны выхоўваць і расціць людзей мастацтва.

— Гэта пакуль толькі мара, але Вы самі кажаце, што грошай на мастацтва няма, і, здаецца, так адбываецца паўсюль. Што можа быць найлепшаю альтэрнатываю гэтым 100 мільёнам даляраў і таму ідэалу, які Вы апісалі?

— Я б хацела бачыць католікаў, якія ў сем’ях і парафіях будуць зноў выбіраць і вітаць прыгожае ў мастацтве і аповедзе гісторый. Вось што павінна стаць дзейснаю часткаю выхавання кожнага дзіцяці католіка: пісьменніцтва і літаратура, музыка, танец, маляванне, тэатр і прадстаўленне і, зразумела, кіно. Вучыце дзяцей распазнаваць добрае і прыгожае. Вучыце іх знаходзіць добрае паўсюль, без страху, без пыхі, якія часта выстаўляюць католікаў дурнямі перад секулярызаваным светам. Дапамажыце дзецям вучыцца не проста існаваць у гэтай культуры, але і быць важнымі для гэтай культуры. Натхняйце іх захацець зрабіць нейкі падарунак для будучыні. І, можа быць, Бог збавіць іх менавіта такім чынам.

Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько.

Паводле: «Christians in Hollywood:
The good, the bad, and the ugly»,
«Christians in Hollywood: the crucial role
of parents and the Church»,
http://aleteia.org


    * Фланэры О’Конар (Mary Flannery O’Connor, 1925–1964) — амерыканская каталіцкая пісьменніца, адна з найярчэйшых прадстаўнікоў жанру «паўднёвай готыкі».
    Вялікія кнігі (Great Books) — збор з прыкладна 100–150 (у залежнасці ад спецыялізацыі студэнтаў) асабліва значных для заходняй культуры кніг ад Антычнасці да сучаснасці, на вывучэнні якіх будуецца адукацыйная сістэма.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY