 |
|
НА РАЗВІТАННЕ
Ты больш не вернешся сюды,
На сынаў кліч не адгукнешся.
І дзесьці згубяцца сляды
Твае ў высокім паднябессі.
Ды толькі сэрца з думкай той
Ніяк не можа пагадзіцца —
З усёй рашучасцю сваёй
Імкнецца зноў нястомна біцца.
З цямрэчы скрушнай, з небыцця,
Суздром спавітае адчаем,
Як толькі моцы ёсць, наўсцяж
Матулю родную гукае.
Ды ўсё дарма. Аглух той свет.
А я крычу, крычу ад болю,
Хоць знаю, мама, што цябе
Мне не даклікацца ніколі.
Цяжкі і даўкі жаль спаўе
Да глыбіні душы да самай…
Дзе мне шукаць сляды твае
І як вярнуць цябе мне, мама?!
Ты знічку ў вышы запалі
На самым золку, рана-рана…
Ў расе нябёсаў на зямлі
Твае я бачу слёзы, мама.
|
|
МАТУЛІ
Мая ты родная, мне не хапае слоў,
Каб выказаць усю сваю самоту
І жальбу, і пяшчоту, і любоў,
І скрушны боль палыннай адзіноты.
Здаецца мне, што неба ўпала ніц
І сонца ў вышы чорны дыск хавае…
Я ўсё прыпамінаю да драбніц, —
Мне так цябе, матуля, не хапае.
Як веры даць, што восеньскай парой,
Калі няўзнак у лепшы свет пайшла ты,
Я стаў раптоўна круглым сіратой
І наша апусцела ў момант хата?
І сад, і агарод, і твой квятнік
Застылі ў анямелым утрапенні.
І разам з імі я душой панік
Сярод здранцвелых, нерухомых ценяў.
Ніколі не вярнуцца мне назад
І не спазнаць ранейшага спакою…
Усюды, дзе ні кіну свой пагляд,
Стаіць твой воблік, мама, прада мною.
І плакаць бы, ды не стае мне слёз, —
Цяжар гнятлівы цісне камяніцай.
Чаму ж, чаму нелітасцівы лёс
Прымусіў прад жыццём цябе скарыцца?
Прашу, дай моцы, Божа правы мой,
Каб даастатку сэрца мне не зраніць,
І дараванай ласкаю Тваёй
Святую зберагчы пра маці памяць.
|
|
ПАМІНАЛЬНАЯ
Пахмурныя дні — то дажджыць, то заснежыць…
У слоце пранізлівай і гаркатной
Балючая думка мне сэрца вярэдзіць:
Няма ўжо са мною мамы маёй.
Асеннім, гнятліва-даўкім адвячоркам
Яна адплыла ў векавечным чаўне…
Так скрушна, мае дарагія, так горка
І так невыносна тужліва мне.
Здаецца, што свет цэлы жальбай працяты —
Гучыць развітальны зямны паланэз:
Ссамоціўшыся, каля самае хаты
Аб чымсьці задумаўся мамін бэз.
Засмучаным позіркам — сумна-расстайным —
Ўглядаюцца вокны у цемень начы
І так заклікаюць матулю адчайна:
Устань, гаспадынька, устань, не маўчы!..
І печ азалела-астылая ўмольна
І роспачна просіць сагрэцца цяплом…
А мама маўчыць — у жытле сваім дольным
Заснула яна векавечным сном.
Зрабі так, Гасподзь міласэрны і моцны,
Каб там, дзе спачын ужо на вякі,
Маму маю цеплынёй мілоснай
Сагрэлі малітвы маёй радкі.
Пашлі Ты ёй літасць сваю і збавенне —
Ласкава і шчыра аб гэтым прашу,
Хай светлай любові Тваёй праменні
Збаўленча асветляць яе душу.
|
|
МАМЕ
Ты жывая, мама, ты — жывая!
Веру ў гэта ўсёй сваёй душой.
Я цябе да сэрца прытуляю
І жыву, і дыхаю табой.
Ведаю, што напрадвесні самым
Мне цябе паслаў ласкава Бог,
І таму найменне-слова «Мама»
Для мяне — свяшчэнны абярог.
Ты са мной, здаецца мне, на яве,
Зрэдку ў сны завітваеш мае,
А сустрэцца нам не выпадае:
Часу, як заўсёды, не стае.
Ды яднае нас адна сцяжына —
І душой мне нельга пакрывіць:
Родная, павер мне, немагчыма
Нас з табой навекі разлучыць.
І калі жыццё на ўскрайку самым
Спыніць сваю мерную хаду,
З імем дарагім і родным — Мама —
Да цябе, знадзеяны, прыйду.
|
|
 |