Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…»
Нашы святыні
Размова
з а. Станіславам ПАМЫКАЛАМ SJ размаўляў а. Юзэф АЎГУСТЫН SJ
ЛЮБОЎ І СЛУЖЭННЕ
Каталіцкія місіі
Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР
Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч

ВЯРТАННЕ
Культура
Юбілеі

ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА
Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль

Паэзія

ВЕРШЫ
Проза

САМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Мастацтва

Юзаф СТАНЕЎСКІ

«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…»

Інтэрв’ю з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім

— Ваша Эксцэленцыя, вось ужо мінуў год, як Вы былі менаваныя арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Напэўна, можна падвесці некаторыя вынікі гэтага першага года…

— Жывучы ў гэтым свеце, мы прызвычаіліся падводзіць вынікі. Напрыклад, калі прэм’ер-міністр займае пасаду, то ад яго вынікаў чакаюць яшчэ хутчэй, чым праз год, аналізуюць, што ён зрабіў за 100 дзён…

З майго служэння на новай пасадзе прайшло ўжо 365 дзён, і гэта дні, якія даў нам Пан. За іх мы дзякуем Пану Богу… На працягу гэтага года я ўваходзіў у сучаснасць і гісторыю Мінска-Магілёўскага Касцёла. Паколькі я сам беларус, паходжу з Гродзеншчыны, то напачатку мне здавалася, што я тут усё ведаю, усё разумею, аднак на самай справе гэта для мяне новая рэчаіснасць, новы Касцёл, новыя людзі і традыцыі… Як кожная рэчка, кожны ручай аддае мору свае сілы, сваю моц, каб яно было прыгожае і вабнае, так я хачу ўвайсці ў гэтую плынь Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і думаю, што ўжо ў нейкім сэнсе ўвайшоў. І гэты ўваход таксама забраў нямала сілаў і энергіі.

Якім быў пражыты год? Безумоўна, Вы і самі ведаеце, што гэты год быў незвычайны, па-рознаму можна яго характарызаваць, але ён быў цяжкі… Пандэмія… Людзі, па магчымасці, імкнуліся ізалявацца, аднак важна тое, што не былі закрытыя іх сэрцы. Мы маглі камунікаваць праз радыё, тэлебачанне, інтэрнэт… Так ці інакш гэта былі крокі наперад. Папа Францішак заклікае: «Устань і ідзі», бо затрымацца — гэта значыць не рухацца наперад. Мінска-Магілёўскі Касцёл ідзе наперад.

 

— «Шукаю крыніцы майго паклікання», — пісаў у кнізе «Устаньце, хадзем!» святы Ян Павел ІІ. Дзе бярэ пачатак крыніца Вашага паклікання?

— Услед за святым Янам Паўлам ІІ так можа сказаць кожны з нас, бо ўсе мы — дзеці Божыя, і задоўга да таго, як мы прыйшлі ў гэты свет, мы нарадзіліся ў сэрцы Бога, у Яго думках, у Яго планах. Езус Хрыстус сказаў: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён».

Калі я вяртаюся да першага ў маім жыцці слова пра Бога, да першай пачутай малітвы, можа, тады яшчэ не зразуметай, то думаю, што мае вытокі — у сям’і, ад маіх бацькоў, якіх я з дзяцінства бачыў на каленях, у малітве — вечарам і раніцаю. Бачыў, як яны ездзілі ў касцёл... Тады я яшчэ не разумеў, але адчуваў, што гэта стыль іх жыцця, што гэта нязмушана, гэта так натуральна, як варыць есці, карміць дзяцей — гэтаксама і маліцца. Малітва была часткаю іх штодзённага жыцця, і не толькі іх, але і майго старэйшага брата, старэйшых сясцёр. Я паходжу з невялічкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і святога Язафата Кунцэвіча ў Заневічах каля Гродна. На сённяшні дзень там крыху больш за 40 парафіянаў. У найлепшы час там было 962 чалавекі. Але гэта было даўно... Ды галоўнае не ў колькасці. Многія з тых, хто нарадзіўся ў гэтай парафіі, сталі святарамі: ксёндз Юзаф Занеўскі, ксёндз Ян Занеўскі, ксёндз Міхал Стэцкевіч… Некаторыя з тых, чые бабулі ці дзядулі паходзяць з Заневічаў, з кім мы разам у маленстве гулялі, кантактавалі, таксама абралі служэнне Богу. Гэта больш за 10 святароў, а таксама сёстры назарэтанкі…

 

— Сапраўды, вялікі плён…

— Людзі казалі: «Гэта ўсё дзякуючы сёстрам законным»... У семінарыю мяне завёз святой памяці айцец езуіт Казімір Жыліс. Прыехаўшы ў нашу парафію першы раз, ён прамовіў казанне пра пакліканне да святарства — і ў парафіянаў адкрыліся вочы на тое, як чалавек можа адчуць пакліканне, стаць клерыкам, святаром. На жаль, раней ніхто з нас пра гэта не чуў… Ксёндз пацягнуў нас — аднаго, другога, трэцяга хлопца — за руку ў сакрыстыю. Мы тады яшчэ не разумелі, як можам служыць у касцёле… Мы маліліся, сябравалі і думалі, што так усё і застанецца да канца жыцця. А святар сказаў кожнаму з нас: «Будзеш міністрантам» і даў у рукі лекцыянарый, які мы ўпершыню ўбачылі…

Мая мама сядзела на першай лаўцы і заўважыла, што ксёндз са мною размаўляў. Гэта была вялікая падзея — ксёндз загаварыў з дзіцем. «Пра што ты размаўляў з ксяндзом?» — пыталася яна потым у хаце. «Пытаў, ці буду ксяндзом». — «І што ты сказаў?» — «Сказаў, што не ведаю…» — «Як гэта, не ведаеш?» Бацькі настолькі натхніліся казаннем айца Казіміра Жыліса, што гатовыя былі сваіх сыноў адразу аддаць у семінарыю…

 

— А колькі вас у сям’і?

— Чацвёра. Яшчэ ёсць старэйшы брат і дзве сястры. Хачу адзначыць, што наша парафіяльная святыня — гэта пахавальная капліца Бажэнцкіх. У свой час у нашай парафіі жыла і малілася благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая, якая разам са сваёй дачкой заснавала Кангрэгацыю сясцёр змёртвыхпаўстанак. Вось адкуль у нас столькі пакліканняў — Неба нам дапамагае. Адсюль і вытокі майго паклікання. Гэта ў першую чаргу сям’я, але сям’я не сама па сабе, а ў супольнасці парафіяльнай сям’і. Парафіяне ў гэтай адной духоўнай сям’і даюць сведчанне свайго жыцця і веры. Думаю, што людзі вымалілі маё пакліканне. Варты я таго ці не, але калі Пан выбраў мяне і распачаў дыялог са мною, значыць, палічыў мяне вартым гэтага дыялогу. Дзякую Богу за пакліканне і за тое, што Ён далей да мяне прамаўляе…

 

У такой парафіі цяжка не стаць святаром…

— У нас праз кожныя дзве хаты жыве сям’я, з якой паходзіць ксёндз…

 

— Вы, Эксцэленцыя, атрымалі вышэйшую ступень святарства, сталі біскупам, наступнікам Апосталаў. Вядома, што гэтая апостальская пераемнасць — не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. Што асабіста для Вас самае важнае і адказнае ў гэтай апостальскай традыцыі?

— Можна звярнуцца да словаў з Евангелля пра тое, што добры пастыр ведае сваіх авечак. Папа Францішак таксама заўсёды заклікае нас, святароў і духоўных асобаў, каб мы адчувалі і ведалі «пах авечак», інакш кажучы, каб мы былі з людзьмі і ведалі, як жывуць людзі. Святы Аўгустын казаў: «З вамі я хрысціянін, а для вас я біскуп». Адна справа — заклікаць чалавека да збаўлення, што многія з нас і робяць, а іншая справа — крочыць па жыцці ў адпаведнасці з тым, чаму мы навучаем людзей… Трэба ўвайсці ў жыццё людзей і ісці з імі, інакш яны застануцца на месцы... Гэта вельмі складана, але вельмі важна. Як заставацца сабою, быць пастырам, але адначасова прабываць з імі, каб мы крочылі разам? Важна ісці з Езусам. Аднак галоўнае не проста ісці, але і весці тых, хто нам давераны. Гэта няпростая справа, гэта патрабуе вельмі вялікіх намаганняў і часу, але будзем старацца…

 

— Мітрапаліты ў знак еднасці з Хрыстом, Добрым Пастырам, і з Яго Вікарыем, Рымскім Папам, носяць на плячах палій. Гэта глыбокі і сімвалічны знак. Вы таксама нядаўна яго атрымалі. Што асабіста для Вас ён значыць?

— Сапраўды, гэтая падзея адбылася 29 чэрвеня ў Рыме. Я бачыўся з Папам Рымскім. Як вядома, палій — гэта маленькі лёгкі шалік, але гэта яшчэ вялікая і цяжкая адказнасць. Я запытаў у папы Францішка, ці здолею несці гэтую адказнасць на сваіх плячах, ці дам рады… І тады ён сказаў: «Ідзі і задай гэтае пытанне святому Пятру…»

Падчас ускладання палія Апостальскім Нунцыем Антэ Ёзічам у архікатэдры я больш чым калі адчуў гэтую адказнасць мітрапаліта. Да гэтага часу як біскуп, арцыбіскуп, я атаясамліваў сябе з пастырам Мінска-Магілёўскага Касцёла, але тут дадалася яшчэ і іншая адзнака, улада мітрапаліта, якая змянілася пасля Другога Ватыканскага Сабору. Справа не толькі ў гэтай кананічнай адказнасці, але і ў маральнай, духоўнай. Несумненна, гэта вельмі вялікая адказнасць, гэта сувязь з Касцёлам, з Папам, адказнасць за Касцёл. Толькі супольна, разам са святарамі, разам з дыяцэзіяльнымі біскупамі, з біскупамі нашага Касцёла ў Беларусі, з духоўнымі асобамі, з сёстрамі законнымі, а таксама з усімі веруючымі людзьмі мы можам учыніць тое, аб чым нас просіць Езус Хрыстус, — «каб усе былі адно». Пры вырабе такога палія выкарыстоўваецца воўна, асобныя нітачкі воўны, і гэтак жа як адна нітачка нічога не значыць, бо яе лёгка парваць або згубіць, так і пастырская ўлада: толькі калі мы з’яднаем нашыя лёсы, малітвы і веру, то сапраўды будзем прыгожаю сям’ёю дзяцей Божых Касцёла ў Беларусі — сям’ёю, якая рухаецца за сваім Настаўнікам і Пастырам Езусам Хрыстом.

— Добры Пастыр ведае сваіх авечак, і яны ведаюць яго. А ці можаце Вы сказаць, што ведаеце сваіх авечак?

— Цікавае пытанне, і не толькі пытанне, бо ў ім, несумненна, ёсць таксама наказ Езуса Хрыста і Пантыфіка Францішка, каб мы ведалі «пах» сваіх авечак. На гэтае пытанне я мушу адказаць адкрыта: і так, і не. І ведаю, і не ведаю... Калі мы з вернікамі сустракаемся ў касцёле на малітве, на святой Імшы, то, зразумела, бачым і пазнаем адзін аднаго. Тысячам людзей біскуп кажа: «Супакой вам». І яны адказваюць... Аднак, на маю думку, можна праверыць, ці сапраўды я ведаю сваіх авечак і ці ведаюць людзі мяне як біскупа, наступным чынам: пасля Імшы стаць проста ў сутане на выхадзе з касцёла або ісці насустрач вернікам. Такія выпадкі былі ў мяне раней, калі я служыў у Гродзенскай дыяцэзіі. Людзі выходзілі з касцёла, і з тысячы людзей, можа, дзесяць чалавек віталіся. Усе іншыя ў гэты час рабілі штосьці нібыта вельмі важнае: або глядзелі нешта ў тэлефоне, або былі занятыя дзецьмі, або проста адварочваліся… Так было не адзін раз. Я задумваўся над гэтым і вельмі часта пра гэта казаў. На жаль, мы не ведаем адзін аднаго. Людзі, можа, ведаюць і пазнаюць мяне, але не адважваюцца штосьці запытаць, паразмаўляць…

Ёзаф Ратцынгер, будучы папа Бэнэдыкт XVI, у свой час, яшчэ ў далёкім 1969 годзе, казаў, што будучыню Касцёла ён бачыць у маленькіх супольнасцях. Добра, калі парафія вялікая, але ў ёй вернікі прыходзяць і сыходзяць, а маленькія супольнасці, ружанцовыя ці біблійныя колы існуюць для таго, каб людзі маглі сапраўды збірацца разам… Вера, малітва, святая Камунія, Імша — гэта вельмі важна, але сустрэча з Езусам Хрыстом павінна весці да сустрэчы з іншым чалавекам. І па сваім прызначэнні маленькія супольнасці адрозніваюцца: калі мы штосьці не разумеем у веры, гэтае неразуменне заахвочвае нас, напрыклад, увайсці ў біблійнае кола, каб пачытаць Святое Пісанне і глыбей яго зразумець... Нездарма ж Пан Езус сказаў вучням, калі сабраўся натоўп людзей: «Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзясят чалавек». Гэта знак для нас. Калі вернікі пазнаюць мяне ў тралейбусе ці аўтобусе, у метро ці ў краме, то можна сказаць, што мы ведаем адзін аднаго, але калі не пазнаюць або ўцякаюць, то над гэтым нам трэба працаваць, трэба выйсці «за агароджу»…

 

— Так, на жаль, ёсць абмежаванасць гэтай прасторы, і сапраўды трэба яе пераадольваць… Ваш біскупскі дэвіз — «Evangelii gaudium». Напэўна, гэтая радасць Евангелля дапаможа Вам выходзіць за ўсе «агароджы» і прыцягваць людзей. У чым асабіста для Вас евангельская радасць, і як Вы яе перажываеце, рэалізуеце ў сваім пастырскім служэнні?

— Кажуць, што Бог дае нам тых людзей і ў той час, калі яны павінны выканаць пэўнае заданне, рэалізаваць сваё пакліканне і місію ад Бога. Словы Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля» — належаць папу Францішку… Пастыр адчуў, што сучаснаму свету неабходная гэтая радасць. Пра гэта гаварыў святы Ян Павел ІІ, які распачаў правядзенне Сусветных дзён моладзі. Дэвіз Evangelii gaudium я абраў яшчэ падчас свайго служэння ў Гродне, дзе быў дапаможным біскупам. Тады папа Францішак выдаў таксама апостальскую адгартацыю Christus vivit («Хрыстус жыве»), скіраваную да моладзі. У ёй Пантыфік нагадвае, што Хрыстус сапраўды ёсць тут, з намі, не толькі падчас святой Імшы, не толькі ў Эўхарыстыі, Ён ёсць у табе, калі ты сустрэўся з Хрыстом праз Яго слова, прыняў Яго ў сэрца падчас святой Камуніі! Вось гэта і ёсць радасць Евангелля — Ён жыве сёння! Мы чытаем Евангелле не толькі як апісанне гістарычных падзей. Так, пасля ўкрыжавання Хрыста вучні сапраўды сустрэлі Яго жывога, уваскрослага. Аднак Ён менавіта цяпер ёсць побач з табою! Гэтыя словы, гэты дэвіз, гэты заклік і гэтая праўда так моцна запалі мне ў душу, што я, прымаючы волю Святога Айца Францішка і ўступаючы на пасаду арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, да дэвізу «Радасць Евангелля» дадаю «Хрыстус жыве». Евангелле сапраўды дае нам радасную вестку, але гэтая радасць менавіта ў тым, што Езус Хрыстус уваскрос і жыве. Таму я ўсімі сіламі, з Божаю дапамогаю, з дапамогаю Духа Святога хачу рэалізаваць гэты дэвіз і данесці да ўсіх, каб усе людзі зразумелі і прынялі гэтую праўду, каб яны крочылі за жывым Езусам Хрыстом.

— Ваша Эксцэленцыя, у Вас былі выбітныя папярэднікі, пастыры, якія зрабілі вельмі шмат для адраджэння Касцёла ў Беларусі, — кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Што найбольш цэніце ў іх служэнні, што хацелася б Вам наследаваць з іх пастырскай спадчыны?

— Гэта, несумненна, важнае пытанне. Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, 108-ю гадавіну нараджэння якога мы нядаўна адзначалі ў Касцёле, молячыся за яго, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — гэта сапраўды мае вялікія папярэднікі. Адзін з іх — першы мітрапаліт, другі — першы біскуп у Беларусі… І я на гэты шлях ступіў…

Святой памяці ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк — сведка веры, ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, можна сказаць, апостал Расіі — яны, як і я, як і кожны з нас, пакліканыя Панам. Езус Хрыстус сказаў: «Ідзі за Мною». Кажучы сучаснаю моваю, цяпер Ён падпісаў «дамову» са мною. Акрамя таго, Езус заклікаў не проста ісці за Ім, але і наследаваць Яго. Кардынал Свёнтэк верна наследаваў Хрыста. Як сведка веры шмат вытрываў, ён меў мужнасць узяць на свае плечы бічаванне свайго часу; арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама не баяўся ісці ў далёкі шлях за Езусам, нават невядомымі дарогамі… Адчуваю, што напэўна і на маё пакаленне, на маё пакліканне мітрапаліта выпадзе тое, што трэба будзе перажыць, пераадолець, вытрываць. Праз заступніцтва святых я прашу кардынала аб малітве ў Небе, перад Панам, а ў арцыбіскупа Тадэвуша тут, на зямлі, прашу парады на гэтым шляху і падтрымкі, каб я гэтак жа, як яны, мог споўніць сваё пакліканне, сваё заданне, і каб яно прынесла духоўнае дабро веруючаму народу і Касцёлу.

 

— Вядомая Ваша асаблівая зацікаўленасць выхаваннем моладзі — будучыні нашага Касцёла. Як Вы ацэньваеце ўзровень душпастырства моладзі ў Касцёле ў Беларусі? Як бачыцца Вам перспектыва развіцця гэтага душпастырства?

— Святы Ян Павел ІІ любіў паўтараць польскую прымаўку: «Z kim przystajesz, takim się stajesz» («З кім павядзешся, ад таго і набярэшся»). Аднойчы я падвозіў дзвюх жанчынаў са сваёй парафіі пасля таго, як сам даўно ўжо там не быў. Па дарозе адна з іх кажа: «Як добра, што Вы зноў да нас прыехалі. Дзякуй, што Вы нас падвязеце… Але ж Вы і пастарэлі…». Я ў той час яшчэ не быў біскупам. Такім чынам, каб не састарыцца, я ўслед за святым Янам Паўлам ІІ вырашыў быць бліжэй да моладзі, бо яна мае шмат энергіі і вялікі запал…

Яшчэ калі я быў рэктарам, прэфектам семінарыі, мы арганізоўвалі тэматычныя сустрэчы, рэкалекцыі пра пакліканні для хлопцаў-міністрантаў. Летам гэтыя сустрэчы праходзілі ў два туры, бо жадаючых было вельмі шмат, і ўсе не змяшчаліся ў нашых памяшканнях.

Калі я стаў біскупам, мяне прызначылі адказным за душпастырства моладзі ад епіскапата. Шчыра кажучы, я не задаволены рэалізацыяй свайго задання, бо ведаю, што моладзь чакае нашмат большага ад мяне, ад душпастыраў і наогул ад Касцёла, бо ў кожнай дыяцэзіі ёсць святар, адказны за гэтую сферу. Прыехаўшы ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, я прасіў, каб прынамсі ў кожным дэканаце быў святар, адказны за душпастырства моладзі. Неабходна, каб мы крочылі разам. У нашай архідыяцэзіі адказны за душпастырства моладзі ксёндз Андрэй Бурак, ён робіць вельмі шмат... Цяпер вядзецца падрыхтоўка да сустрэчы моладзі з папам Францішкам у Лісабоне, якая адбудзецца ў 2023 годзе.

«Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну», — напісана ў Евангеллі. Услед за Марыяй трэба спяшацца і нам. Кажуць, што для таго, каб паспець за гэтым светам, за думкамі і марамі моладзі, трэба бегчы. Не проста быць з маладымі людзьмі, а спяшацца за імі, даганяць іх… Благаслаўлёны Карло Акуціс, які памёр вельмі маладым, лічыцца апекуном карыстальнікаў інтэрнэту. Ён таксама з’яўляецца адным з апекуноў будучых Сусветных дзён моладзі. З сямі гадоў, пасля Першай святой Камуніі, Карло Акуціс ужо пазнаў Езуса і меў вельмі глыбокія адносіны з Панам. Святыя і благаслаўлёныя дапамагаюць нам вучыцца такім адносінам, а для сучаснай моладзі асаблівую каштоўнасць мае прыклад святых маладых людзей.

Вельмі важна весці дыялог з моладдзю, не толькі запрашаць на святую Імшу, але і рыхтаваць да Эўхарыстыі, распавядаць пра яе, каб маладыя людзі разумелі кожны момант святой Імшы. Неабходна, каб яны між сабой размаўлялі на гэтыя тэмы. Нядаўна ў мінскай архікатэдры да моладзі прамаўлялі маладыя хлопцы з Наваельні Андрэй і Віктар, якія стварылі сайт Іmsha.by. Прыехаўшы ўпершыню ў Мінск, яны не ведалі, куды пайсці ў касцёл, дзе ў які час цэлебруецца святая Імша, таму вырашылі стварыць сайт, дзе можна знайсці ўсю актуальную інфармацыю. Я бачыў, як ажыўлена яны размаўлялі з моладдзю, і моладзь разумела іх, у тым ліку іх слэнг. Нам здаецца, што калі мы, старэйшыя, у свае 70–80 гадоў гаворым з моладдзю, яна нас добра разумее. Аднак ці разумеем мы іх? Можна сказаць маладому чалавеку: нельга тое ці іншае… Напрыклад, у пятніцу Касцёл наказвае не есці мяса. А чаму? Проста нельга? Калі ты ўваходзіш у таямніцу адкуплення чалавека, то, можа, таксама можаш унесці ў гэта сваю лепту. На жаль, у нас не хапае маладых святароў — не векам, а духам… Хоць яны ёсць, але іх усё яшчэ замала. Важна, каб тыя, хто ўжо крочыць разам з моладдзю, не расчараваліся, не ўпалі ў роспач, а цвёрда трымаліся і далей, каб яны дапамагалі маладым людзям наблізіцца да Езуса, бо папа Францішак казаў, што той, хто дакрануўся да Езуса, незалежна ад узросту, становіцца маладым.

 

— Ніколі не было ў жыцці Касцёла і ў яго гісторыі простых і спакойных часоў. Яшчэ папа Грыгорый Вялікі папракаў сваіх біскупаў: «Тыя, хто быў нам давераны, пакідаюць Бога, а мы маўчым». Як Вы, Эксцэленцыя, ацэньваеце сучасны стан Касцёла і ролю ягоных пастыраў у гэты складаны драматычны час?

— Можна было б адказаць словамі са Святога Пісання: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць». Цяпер па тэлебачанні ці па радыё, у сродках масавай камунікацыі ці ў размове з людзьмі часта можна пачуць, што настаў драматычны час, вельмі цяжкі час… Асэнсаваць яго нам можа дапамагчы гісторыя. Той, хто цікавіцца гісторыяй нашых продкаў, нашых земляў, зразумее, што гэты час не найцяжэйшы, але гэта менавіта наш час, час нашых выпрабаванняў. Нашыя продкі, дзякаваць Богу, перажылі свой цяжкі, драматычны час, трымаючыся Бога. «Зло не баіцца канфрантацыі — зло баіцца любові», — запомнілася мне такое выказванне з фільма пра папу Яна Паўла ІІ «Караль, які стаў Папам». Благаслаўлёны Стэфан Вышынскі, з жыццём і постаццю якога я бліжэй пазнаёміўся, сказаў: «Калі да цябе хтосьці ідзе з каменем, ты дастань ружанец».

Мы прызвычаеныя ўсё мець адразу, тут і цяпер. Захацеў — і тут жа купіў. А калісьці было інакш: каб атрымаць нейкую рэч, чалавек мусіў напрацавацца — ці то звязаць шкарпэткі, ці то спячы хлеб… Цяпер жа мы ўсё купляем і адразу маем. Гэта адбіваецца на псіхалогіі чалавека: калі мы штосьці сказалі — нам павінны гэта сёння ж даць або зрабіць. Не, усё трэба прамаліць… Ва ўсім трэба знайсці свой сэнс…

Магчыма, за ўсе гэтыя 25 ці 30 гадоў радасці, якую мы атрымалі дзякуючы свабодзе веравызнання, у некаторых людзей нават не было часу на сапраўдную малітву. 25 гадоў прайшло — і хтосьці ўпершыню стаў на калені… Магчыма, дзеля таго, каб хутчэй распачаліся святыя Імшы ў Чырвоным касцёле...

 

— Вы апярэдзілі маё наступнае пытанне, якое цяпер найбольш хвалюе католікаў, і не толькі мінскіх, але і з усёй Беларусі. Ці ёсць надзея на хутчэйшае вяртанне гэтай святыні?

— Безумоўна, надзея ёсць, хоць на ўсё гэта неабходны даволі працяглы час… Ужо ў гэтым годзе адбыліся істотныя зрухі: напрыклад, катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве па дакументах таксама належыць дзяржаве, і да гэтага часу католікі былі арандатарамі, але сёлета Прэзідэнт падпісаў дакумент, паводле якога святыня аддаецца католікам у бязвыплатнае карыстанне. Гэта ўжо рух наперад. Нам хацелася б хутчэй атрымаць жаданае, але ва ўсім ёсць свае «за» і «супраць».

Вядзецца працэс вяртання іншых касцёлаў. А тое, што адбылося з Чырвоным касцёлам, — сапраўды трагедыя, бяда… Агонь не толькі грэе, але таксама і нішчыць. Улады тлумачаць, што тыя, каму па дакументах належыць гэты касцёл, пасля пажару ў такім стане не могуць нам забяспечыць доступ да яго, бо не выконваюцца ўмовы дамовы — не можа быць здадзена ў арэнду тое, што не мае належнага тэхнічнага, супрацьпажарнага стану. Іх мэта — зрабіць там капітальны рамонт. Мы як веруючыя гаворым, што хочам там маліцца. Улады ж кажуць, што яны не супраць, каб мы там маліліся, але яны хочуць, каб мы там маліліся ў бяспецы. Колькі часу зойме рамонт, гэта могуць сказаць толькі спецыялісты. Нам вельмі хочацца, каб усё было як мага хутчэй: Ружанец памаліўся, папасціў — і назаўтра атрымаў жаданае. Трэба «ўзброіцца цярплівасцю». Але ніхто не казаў пра тое, што касцёл у нас забіраюць або што нас выганяюць.

 

— Будзем маліцца і спадзявацца на лепшае… Ваша Эксцэленцыя, вядома, што на плечы арцыбіскупа кладзецца шмат абавязкаў і шмат адказнасці. Ці знаходзіцца ў гэтай Вашай занятасці час на добрую кнігу, на добры фільм і ўвогуле на Вашае хобі, калі яно ёсць?

— Першы год майго служэння ў Мінску быў вельмі напружаным і складаным. Пэўныя карэктывы ўнесла таксама пандэмія. Калі я прыехаў сюды, у парафіях дзейнічалі абмежаванні ў сувязі з ёю. Многія вернікі і святары перахварэлі на каранавірус. Аднак малітва і духоўнае чытанне заўсёды заставаліся для мяне абавязковымі. Апошнім часам я прачытаў біяграфічную кнігу пра благаслаўлёнага Тэафілюса Матулёніса. Там цудоўна апісана прыгажосць яго першай прыміцыі, яго пастырская праца… Потым у жыцці біскупа Тэафілюса былі ссылка, зняволенне, у сувязі з чым ён пісаў: «Дзякуй Табе, Божа, за тое, што Ты прыслаў мяне сюды, да гэтых авечак, пра якіх я раней нават не ведаў». Ён дзякаваў Богу за тое, што трапіў у вязніцу, у лагер, дзе ніхто, дарэчы, не ведаў пра тое, што ён біскуп…

 

— А ўвогуле якую літаратуру больш любіце? Біяграфічную, дакументальную?

— Біяграфічную і дакументальную літаратуру сапраўды люблю чытаць. Пры гэтым у думках люблю вандраваць па іншых мясцінах, пазнаваць іншага чалавека і абставіны, у якіх ён жыў… Як чытач не люблю лунаць у аблоках…

 

— У дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору «Inter mirifica» шмат увагі ўдзяляецца ролі каталіцкіх масмедыя. У прыватнасці, там сказана: «Вернікаў трэба вучыць, што чытанне і распаўсюджванне каталіцкай прэсы неабходна для таго, каб фармаваць у сабе хрысціянскае меркаванне пра ўсе падзеі». Як ацэньваеце Вы развіццё каталіцкай прэсы ў Беларусі і што для гэтага развіцця яшчэ плануеце зрабіць як арцыбіскуп?

— Безумоўна, многія меркаванні і звычкі мы выносім са сваіх сем’яў. У мяне дома вельмі любілі чытаць. Мама звычайна чытала часопісы і газеты, у тым ліку выпісаныя з-за мяжы. Тата чытаў шмат кніг, старэйшы брат і старэйшыя сёстры — таксама. У сельскай бібліятэцы ў Заневічах не было ніводнай кніжкі, якую брат бы не прачытаў. Ідучы на рыбалку, ён таксама браў з сабою кнігу і чытаў. Цяпер я заўважаю імкненне да чытання і ў сваіх маладых пляменнікаў, у іх дзецях. Многія з іх вельмі любяць чытаць.

У наш час кажуць, што кніга ўжо адыходзіць у мінулае. Каб лесу не высякаць, паліцы не рабіць, усё пераводзіцца ў электронны выгляд… Але найбольш істотнае не гэта: важна заахвоціць чалавека пісаць, дзяліцца сваім вопытам, пазнаваць жыццё іншага чалавека, яго думкі і погляды — у гэтым сэнсе не мае вялікага значэння, ці гэта напісана рукой, ці гэта выдадзена кнігаю, ці на дыску, ці змешчана ў інтэрнэце… Важна таксама, каб мы знаёміліся менавіта з добрымі кнігамі, з добрай інфармацыяй. Адзін пажылы прафесар калісьці ў семінарыі казаў нам: «Не чытайце добрых кніг — чытайце найлепшыя». З-за разнастайнага выбару не хопіць жыцця, каб прачытаць, прагледзець або праслухаць усё, што ёсць, таму можа не хапіць часу на самае лепшае.

Што датычыць каталіцкіх масмедыя і таго, што яны прапануюць людзям, то неабходна ўмець прывабіць чытача ці гледача да таго, што мы хочам яму перадаць. Нядаўна папа Францішак назваў інтэрнэт «шостым кантынентам». Сапраўды, на гэтым «шостым кантыненце» віртуальна больш людзей, чым на іншых. Як да іх дайсці? Часам людзі кажуць, што ў інтэрнэце нічога добрага няма. Так можа гаварыць чалавек, які проста наведвае не тыя старонкі. Добрага ў інтэрнэце таксама шмат, і сёння Касцёлу патрэбныя місіянеры «шостага кантыненту». Можна нават сказаць, што гэта «арэапаг» сённяшняга дня, і па прыкладзе святога Паўла трэба абвяшчаць там Добрую Навіну. Праўда, ёсць небяспека, што мы страцім жывы, візуальны кантакт з чалавекам, але мусім згадзіцца, што няма сэнсу змагацца з ветракамі, трэба ўмела ўвайсці ў гэтую прастору… Што датычыць каталіцкіх масмедыя ў Беларусі, то, на жаль, сёння на Catholic.by праблема з кадрамі. Там працуюць толькі тры чалавекі...

Планы і пажаданні адносна каталіцкіх масмедыя ў нас немалыя. У гэтым годзе мы распачалі спецыяльны курс сурдаперакладу ў тэалагічным каледжы імя святога Яна Паўла ІІ. Гэта была мая ініцыятыва, бо я заўважыў, што глуханямыя людзі, якія наведваюць Catholic.by, маюць таксама патрэбу праслухоўваць аўдыёфайлы і відэа на гэтым партале.

Чаму б не заахвоціць таксама святара, які быў бы спецыялістам у сурдаперакладзе, перакладаць дзеля глуханямых людзей казанні… Гэта не вельмі вялікія грошы… Дзякуй Богу, многія згадзіліся і выказалі гатоўнасць заняцца сурдаперакладам, каб Божае слова, якое не толькі гаворыць пра любоў, але і нясе любоў, магло дайсці да людзей не толькі вербальным спосабам…

 

— «Можна сказаць, што дыяцэзія адлюстроўвае стыль жыцця яе біскупа», — пісаў у кнізе «Устаньце, хадзем!» святы папа Ян Павел ІІ. Хацелася б ад Вас асабіста пачуць пра Ваш стыль жыцця, пра найбольш адметныя рысы гэтага стылю.

— Стыль жыцця біскупа разглядаецца як прыклад для наследавання, хоць у пэўным сэнсе мне не вельмі выпадае так казаць. Так ці інакш стыль жыцця біскупа павінен адпавядаць стылю жыцця Касцёла — такога Касцёла, пра які гавораць Езус Хрыстус і папа Францішак, гэта значыць, сінадальнага. У ім мы прабываем разам і крочым разам. Сумесны шлях, над якім мы разважаем цяпер у межах сінадальнага працэсу, патрабуе таго, каб мы разам шукалі супольны стыль жыцця і каб гэта адбывалася ў атмасферы братэрства, каб мы разумелі, што ўсе мы браты і сёстры.

Вяртаючыся да папярэдніх разважанняў пра сённяшні драматычны час, хачу падкрэсліць: для таго, каб наш час быў шчаслівы, Бог нам даў дзесяць запаведзяў. Калі чалавек захоўвае іх або прынамсі стараецца жыць у адпаведнасці з імі, то ўсё будзе нармальна: і з Богам, і з іншым чалавекам у нас будуць добрыя ўзаемаадносіны. Сёння нам трэба яшчэ глыбей усвядоміць і адчуць, што ўсе мы — браты і сёстры. Калі мы зразумеем і адчуем, што наш сусед — гэта наш брат, што якісьці далёкі чалавек за мяжой — гэта таксама наша сястра ці наш брат, то ў нас не будзе іншых думак, як толькі ўчыніць для яго штосьці добрае, мілае, высакароднае, дапамагчы яму стаць шчаслівым. Як жа пайсці па гэтым шляху? Пачаць жыць так, як вучыць Бог. Любіць, пазнаваць і прабачаць. Тады час не будзе складаным, драматычным, а будзе толькі добрым. І стыль жыцця біскупа, яго служэнне павінны дапамагаць у гэтым, быць, па вялікім рахунку, прыкладам.

 

— Ваша Эксцэленцыя, напрыканцы хачу запытаць пра планы на наступны год.

— Наступны літургічны год будзе з цыклу «А». Распачнем мы яго з Евангелля... Вядома, што ў Касцёле тры гадавыя цыклы: «А», «В» і «С». У адпаведнасці з імі на святой Імшы чытаюцца канкрэтныя перыкопы з Евангелляў паводле святога Марка, святога Мацвея, святога Лукі і крыху менш — паводле святога Яна. Настаў час нам напісаць евангелле паводле свайго ўласнага жыцця…

 

— Гэта цікава. Значыць, Вы для сябе таксама бярэце заданне напісаць евангелле паводле арцыбіскупа Юзафа?

— Так. А калі кожны з нас закончыць гэтую справу, трэба будзе супаставіць: ці завяршаецца маё евангелле маім уваскрасеннем і маім жыццём вечным разам з Езусам Хрыстом? Старыя людзі часта любяць гаварыць, што ім настаў час паміраць… Сапраўды, калі чалавеку 92 гады, цяжка спадзявацца, што жыццё яшчэ працягнецца доўга… Але ж чалавек усё жыццё маліўся… Усё жыццё верыў. Напрыклад, бабуля, якая баіцца смерці, наракае, што прыйшло цярпенне, а ўнукі пытаюцца: «Як жа так? Яна ж веруючая, нас прымушае маліцца, а сама баіцца смерці…» Мы не заўважаем, што наш стыль жыцця — гэта таксама старонкі евангелля, якія чытаюць нашыя нашчадкі. Мы гаворым ім пра Евангелле Езуса Хрыста, а самі не ствараем для іх «кладачкі». Ёсць толькі прынука, мы іх усё толькі гонім… З дзяцінства памятаю, што не перагоніш каня ці авечку праз кладку, пакуль сам першы па ёй не пойдзеш, бі ты жывёлу ці не бі… Я бачыў не раз, як хтосьці спрабаваў так перагнаць… Нічога не атрымлівалася. Адным словам, найлепш, найбольш пераканаўча прамаўляе ўласны прыклад…

Што датычыць планаў на наступны год, то мы запрашаем вернікаў наведаць Маці Божую Будслаўскую. Як я гаварыў нядаўна ў адным са сваіх казанняў, Маці Божая, якая прыйшла калісьці да нас, да нашых продкаў, на нашыя землі, цяпер Яна таксама наведвае нас у перэгрынацыі сваіх цудатворных абразоў па парафіях Беларусі і нават за яе межамі, прыходзіць, каб паглядзець, як мы жывем, каб адведаць сваіх дзяцей. Цяпер прыйшоў час і нам адведаць Матулю.

Будслаўская святыня — наш Нацыянальны санктуарый, Марыя — наша Маці і Каралева, Апякунка Беларусі, і таму трэба нам, Яе дзецям, часцей прыязджаць да сваёй Маці. Яна запрашае ўсіх нас… Такая была галоўная ідэя Вялікай навэнны да 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай… Спачатку планавалася, каб гэтая навэнна праводзілася ва ўсіх парафіях, але потым было вырашана арганізоўваць малітоўныя сустрэчы менавіта ў Будславе. Колькі людзей прыедзе, столькі і добра… Але той, хто прыедзе, напэўна не пашкадуе… А там ужо, побач з Ёю, сумленне ці магчымасці падкажуць кожнаму, наколькі ён можа зрабіць гэты дом больш прыгожым, прывабным…

 

—Эксцэленцыя, можа, Вы хацелі б адказаць на пытанне, якое тут не прагучала. Можа, штосьці ляжыць у Вас на сэрцы такое, пра што яшчэ хацелася б сказаць у гэтай размове…

— Хочацца сказаць пра пакліканні… У нас вельмі не хапае святароў, сясцёр законных. Калісьці падчас адкрыцця духоўнай семінарыі ў Гродне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў: «Вось цяпер арганізм, якім з’яўляецца дыяцэзія, б’е сваім сэрцам і пульсуе сваёй уласнай крывёю». Што датычыць Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, то тут у мінулым таксама былі свае семінарыі, а гэта значыць, былі тыя маладыя людзі, якія прагнулі шукаць Бога і дзяліцца Ім з іншымі. Гэты прыток быў пастаянны. Не было гадоў «засухі». Жыла надзея і была лучнасць пакаленняў, перадача адзін аднаму душпастырскіх здольнасцяў і намаганняў, і гэта давала вялікія плады…

Тое ж самае з манаскім жыццём, з законнымі братамі і сёстрамі. Не хапае ў нашай дыяцэзіі кляштараў як месцаў малітвы. Так, ёсць манаскія супольнасці, кангрэгацыі, але кляштар — гэта больш чым супольнасць… Надзвычай неабходны кантэмпляцыйны кляштар, куды я мог бы звярнуцца з пэўнаю просьбаю і ведаць, што там дзень і ноч будзе трываць малітва перад Панам…

Кажуць, хто моліцца песняю, той двойчы Пана Бога хваліць… Нам вельмі патрэбная школа арганістаў. Раней такія школы заўсёды былі, хоць мы мала пра гэта задумваемся. З арганнаю музыкаю, са спевам Імша набывае асаблівую веліч і прыгажосць, больш кранае. Напрыклад, пасля Камуніі арганіст спевам падказвае мне, як праслаўляць Пана Бога, як дзякаваць Яму, а калі спеву няма і стаіць цішыня, то і сама Імша можа доўжыцца ўсяго 20–25 хвілінаў. Гэта наша літургічная, святарская праблема, асабліва ў вёсках. На ўсё гэта — семінарыю, кантэмпляцыйны кляштар, школу арганістаў — знайшліся б будынкі, а вось людзі… Папа Францішак на адной з сустрэчаў заклікаў моладзь «дакучаць» сваім пастырам, старым ці маладым, не баяцца ісці да іх са сваімі пытаннямі. Для гэтага таксама патрэбная адвага, але ж на тое пастыры і пастаўленыя, каб дапамагаць нам знаходзіць адказы…

 

— Дай, Божа, каб мы знаходзілі такую адвагу і каб усе гэтыя важныя праблемы вырашыліся.

— Абы толькі вайны не было… Трэба маліцца, каб Бог даў нам усім час спакою…

 

— Дзякуй вялікі, Эксцэленцыя, за размову.

Размаўляла
Крыстына Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY