|
|
№
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ
Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…» Нашы святыні
Размова
Каталіцкія місіі
Алесь СІМАКОЎ
«ІНДЗЕЙСКАЯ СПРАВА» Ў ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ Адлюстраванне тэмы каталіцкіх місій сярод індзейцаў у даследчай перапісцы Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч
Культура
Юбілеі
Анатоль БРУСЕВІЧ
ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль Паэзія
Аксана ДАНІЛЬЧЫКВЕРШЫ Проза
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮКСАМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Франц СІЎКО
ПРАБЛЕМА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАІДЭНТЫФІКАЦЫІ КАТОЛІКАЎ ПАЎНОЧНА-ЎСХОДНЯЙ ВІЦЕБШЧЫНЫ І ПРЫЛЕГЛЫХ ДА ЯЕ ТЭРЫТОРЫЙ У СШЫТКАХ ВЫДАВЕЦКАЙ СЕРЫІ «НАШЫ КАСЦЁЛЫ» Д. БАНЧКОЎСКАГА І Ф. ЖЫСКАРА
Першы сшытак выдавецкай серыі «Нашы касцёлы» Дыянізія Банчкоўскага (1868–1953) і Фрыдэрыка Язафата Жыскара (1868–1919), прысвечаны касцёлам і парафіям Магілёўскай архідыяцэзіі, убачыў свет у 1912 годзе. І хаця, як бачна з прадмовы, праект павінен быў нагадаць усім палякам пра іх «агульнасць і еднасць» (тут і далей цытаты падаюцца па-беларуску ў аўтарскім перакладзе з польскай мовы. — Ф. С.), яго вартасць і ў плане рэпрэзентацыі рэлігійнага, гаспадарчага ды культурнага жыцця тагачаснага аўтахтоннага (беларускага) насельніцтва паўночна-ўсходняй часткі нашага краю таксама не падлягае сумневу, бо ўсе сферы бытавання нашых продкаў разгледжаны даволі дэталёва і, што важна, без уласцівага некаторым тагачасным і пазнейшым навукоўцам памкнення рабіць гэта выключна ў святле калі не наўпроставага, дык ускоснага і часам безапеляцыйнага прылічэння тубыльцаў да чужога — расейскага або польскага — этнасу. Таму пры ўсёй польскацэнтрычнасці выдання для нас, беларусаў, яно з’яўляецца каштоўнаю крыніцаю інфармацыі пра нашу беларускую мінуўшчыну. Пакінуўшы па-за межамі гэтага тэксту спрэчныя пытанні адносна аўтарства асобных частак працы і яе будовы, якія падрабязна выкладзены аўтарамі ўводзінаў да рэпрынтнага выдання «Нашых касцёлаў» 2001 года, а таксама закіды некаторых сучасных айчынных палітолагаў пра жаданне дзеячаў кшталту таго ж Я. Жыскара выдаць сябе за гарачых добразычліўцаў і абаронцаў беларусаў у той час, калі насамрэч яны такімі, маўляў, не былі, засяродзімся на яе змесце. Першае, што адразу кідаецца ў вочы пры чытанні сшыткаў, — насычанасць іх старонак лексікай (зразумела, у напісанні па-польску) з прыкметамі «тутэйшасці»: Беларусь, Белая Русь, Віцебшчына беларуская, беларус, беларусін і інш. Другая, не менш важная акалічнасць, — грунтоўнасць апісанняў касцёльнага жыцця ў цеснай сувязі з гэткім жа грунтоўным адлюстраваннем жыццядзейнасці насельнікаў архідыяцэзіі, што ў немалой ступені стала магчымым праз набыццё адным з аўтараў, Я. Жыскарам, пэўнага досведу падчас яго вандровак па Беларусі ў часы пераследу ўніятаў і яго душпастырскай працы вікарыем у мястэчку Сянно на Магілёўшчыне (сёння — раённы цэнтр Віцебшчыны1). У працы «Архідыяцэзія Магілёўская» з тэрыторый сённяшняй Віцебшчыны ахопленая яе ўсходняя частка, якая належала на час выхаду сшыткаў не да Віцебшчыны, а да Магілёўшчыны (Аршанскі і Сенненскі дэканаты), і ўласна Віцебшчына, да якой, апроч сённяшніх віцебскіх земляў, аднесеныя, паводле тагачаснага тэрытарыяльнага падзелу, Прыдруйск (тады — Дрысенска-Себежскі дэканат, сёння — Піедруя, Краслаўскі край, Латвія), Себеж, Невель, Веліж (сёння раённыя цэнтры адпаведна Пскоўскай і Смаленскай губерняў Расейскай Федэрацыі). Да касцёлаў Мінскай дыяцэзіі, якая на вокладцы арыгінала памылкова названая архідыяцэзіяй, з касцёлаў сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі аднесены касцёл у Докшыцах (частка гэтага мястэчка адносілася тады да Барысаўскага дэканата, частка — да Параф’янаўскага). У якасці гістарычных месцаў кампактнага пражывання беларусаў, апроч пералічаных, аўтарамі згадваюцца часткі Віленскай і Валынскай губерняў. Найбольш поўнае апісанне рэлігійнага і ў цеснай лучнасці з ім штодзённага свецкага жыцця беларусаў чытач знойдзе ў адмысловым раздзеле «Беларусь» (Białoruś). Паводле яго, беларусы цёмныя і неадукаваныя, пастаянная спадарожніца іх — нэндза, якую аўтары тлумачаць, сярод іншага, cпрадвечнаю залежнасцю тутэйшага люду ад больш моцных і не заўсёды прыязных ды зычлівых, што нават «не хочуць дазволіць народам звацца», суседзяў. Курная хата без коміна, сярмяга, кажух, саматканая кашуля, лапці — такім паўстае беларус перад вачыма вандроўніка або іншаземца. «Шэра, шэра і шэра на беднай Беларусі… Шэра, бо і ўсё жыццё шэрае» — гучыць лейтматывам напрыканцы першай часткі працы ў раздзеле-падсумаванні «Агульны погляд на Магілёўшчыну». І зноў каторы раз называецца прычына «шэрасці»: геаграфічнае становішча, вынік якога — пастаянная залежнасць ад больш моцных суседзяў, нішчанне ўмоваў для развіцця матэрыяльнага, культурнага, нацыянальнага жыцця беларуса. У раздзеле «Беларусь» шмат месца займаюць развагі пра тое, што найперш рэпрэзентуе насельніцтва як народ, нацыю, — беларускую мову. Ці гэта мова самастойная, ці, можа, сапраўды, як некаторыя даводзяць, — сапсаваная расейская? Шукаючы адказу на такое пытанне, аўтары працы звяртаюцца да гісторыі часоў Вялікага Княства Літоўскага, дзе яна была дзяржаўнай, і да тых абставінаў, што прывялі да яе пазнейшага заняпаду. Пры гэтым не абмінаюць даследчыкі і такога пытання, як «дзіўнае стаўленне» саміх беларусаў да ўласнае мовы ў касцёле, напрыклад, у стасунках паміж вернікамі і святаром. «Заўсёды ў штодзённым жыцці беларус карыстаецца роднаю мовай, але толькі не ў касцёле. Там ён і моліцца, і спавядаецца, і хоча слухаць казанне па-польску. <...> З ксяндзом беларус жадае размаўляць па-польску і жадае, каб ксёндз да яго па-польску прамаўляў, іначай абражаецца». <...> «Католікі, якія размаўляюць па-беларуску і нават мала разумеюць па-польску, хочуць кніжку польскую. Адчуваюць у ёй штосьці сваё, каталіцкае, а беларуская кніжка здаецца ім чымсьці штучным, падробным, некаталіцкім».
І так адбываецца шмат дзе на беларускіх абшарах. Выключэнне, паводле аўтараў, складаюць дзве парафіі: Фашчаўка2 (польск. — Faszczówka, у сучасных спісах па-беларуску з націскам на першым складзе. — Ф. С.) і Ула3, дзе здаўна казанне ў касцёле прамаўляецца па-беларуску. Вось як піша, напрыклад, Я. Жыскар пра жыхароў вёскі Фашчаўка: «Люд вакол не гаворыць па-польску, а захаваў чыстую сваю беларускую мову. Вялікія намаганні прыклалі езуіты, каб не страціў ён сваёй мовы. Выдалі беларускі катэхізіс, прамаўлялі да народу казанні ў ягонай мове, у касцёле вялі беларускія спевы. І сёння яшчэ кожны селянін дасканала ўмее спяваць беларускую песню „Ах, мой Божа! Веру Табе“, і … велічнае ўражанне робіць, калі аграмадная сціжма4 народу, ідучы на фэст, як бы адною груддзю заспявае, і гэтая прыгожая мелодыя поўніць і могілкі, і святыню. Фашчаўка да такой ступені захавала свой нацыянальны беларускі характар, што па сёння яе жыхары апранаюцца ў беларускі строй. Спадніца з простай саматканкі, белая кашуля з вышыванкай, адмысловы спосаб павязвання хусткі на галаве — вось тыповы строй кабеты з Фашчаўкі…» Цікава, што, адзначаючы часам «незразумелае стаўленне» тутэйшых людзей да роднае мовы ў Касцёле, аўтары разам з тым фіксуюць яе, так бы мовіць, канкурэнтаздольнасць у стасунках з носьбітамі іншых моваў. Так, аналізуючы касцёльнае жыццё ў памежнай парафіі Замошша Дрысенска-Себежскага дэканата, яны пішуць: «Дзіўную з’яву можам назіраць на мяжы з Латвіяй. Хаця латыш матэрыяльна і культурна знаходзіцца вышэй за беларуса, бачым, аднак, пэўную перавагу беларусаў. Латыш мае і сваю літаратуру, і казанні ў роднай мове, і сваіх святароў, што прамаўляюць на яго мове, а беднаму беларусу ўсяго таго бракуе, аднак ён мае перавагу, і ўсё больш і мова яго і перавага сягаюць клінам за межы Белай Русі ў Латвію. Чым гэта можна вытлумачыць? Можа, тым, што, хаця не надта вялікая культура беларуса, мае ён за сабою ў пэўным сэнсе культуру гістарычную…» Гістарычную — гэта значыць культуру пары ўваходжання спрадвечных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Не абыходзіцца ў гэтай частцы апісанняў і без кампліментаў на адрас непасрэдных носьбітаў мовы: «Звычайна так дзеецца той працэс: беларускія дзяўчаты прыгажэйшыя і лепш выхаваныя… Латышы ахвотна бяруць іх у жонкі, а тады ўжо ў хату ўваходзіць мова беларуская (часцей польская), а латышская нікне. Тое самае можна сказаць і пра хлопцаў: лепш апранаюцца, маюць пэўны шык, пэўную перавагу перад латышом, таму ахвотней глядзяць на яго латышскія дзяўчаты». Аднак стасункамі беларусаў толькі з латышамі (ці літоўцамі) у лакацыях кампактнага пражывання апошніх справа не абмяжоўваецца. Вялікую частку насельніцтва (часам больш за палову, а, напрыклад, у Бешанковічах і яшчэ больш — чатыры тысячы з пяці) мястэчак, гарадоў і нават вёсак Магілёўскай архідыяцэзіі складаюць яўрэі. І іх устойлівасць да асіміляцыі ў спалучэнні з паўсюдным галавенствам у такой важнай сферы жыцця, як гандаль, развіццю беларушчыны, канечне, не спрыяе. Галоўная ж праблема — традыцыйна больш высокае становішча ў касцёле польскай мовы. Так, тыя ж замошскія вернікі, ахвотна ўжываючы дома беларускую, у касцёле аддаюць перавагу польскай. У свой час замошскі пробашч Багдановіч зрабіў спробу абеларусіць парафіяльнае жыццё, ды новаўвядзенне трывала нядоўга...
Кволы прамень надзеі, аднак, канчаткова не згаснуў. У тым жа выніковым раздзеле 1-й часткі «Нашых касцёлаў» аўтары заўважаюць: «Беларуская мова толькі ў апошнія гады пачынае развівацца (здабываць належныя пазіцыі ў касцёльным жыцці. — Ф. С.), беларуская кніга пачынае знаходзіць месца на паліцах бібліятэкі, але толькі сярод людзей заможных, абывацеляў і інтэлігенцыі — няма яе яшчэ ў хаце вяскоўца». І гэта пры тым, заўважым, што абсалютную большасць вернікаў-католікаў у архідыяцэзіі (32633 з 50159) складаюць менавіта беларусы. Што да тэмы ўзроўню адукаванасці (граматнасці) нашых продкаў, дык, паводле аўтараў «Нашых касцёлаў», самымі пісьменнымі з вясковых парафіянаў на абшарах Магілёўскай архідыяцэзіі былі вернікі памежнага Прыдруйска. «Усе тут умеюць чытаць. Жанчыны ўсе, а з мужчын — пераважная большасць». Зразумела, не на апошнім месцы ў гэтым плане былі і католікі буйных гарадоў: Віцебска, Полацка, Оршы. А вось, да прыкладу, у Лепельскім дэканаце, быццам насуперак наяўнасці тут дыхтоўных касцёлаў, «траціна дзяцей ледзь умее чытаць…» Выключэнне — усё тая ж Ула, дзе становішча нашмат лепшае дзякуючы старанням пробашчаў Юрыя Мотуза5, які асабіста вучыў парафіянаў чытаць, пазней — Уладзіслава Мяжвінскага6. Менавіта ў гэта мястэчка, паводле ксяндза Адама Станкевіча, любіў прыязджаць з Полацка з беларускімі казаннямі ксёндз Францішак Будзька, спадкаемца справы знакамітага беларусізатара Касцёла мяжы XIX–XX cтст., біскупа-суфрагана Магілёўскай архідыяцэзіі Стафана Данісевіча. Калі ж параўноўваць узровень адукаванасці тагачасных католікаў з узроўнем праваслаўных, што, безумоўна, на тутэйшых абшарах колькасна пераважаюць, то, на думку тых жа аўтараў, перавага, канечне, будзе на баку першых. А калі казаць аб прысутнасці на старонках выдання ўласна беларушчыны, дык яна прадстаўлена тут у той ступені, якой дастаткова, каб толькі збольшага зразумець, пра які край ідзе размова. Гэта, па-першае, вытрымкі з выказванняў жыхароў пэўных мясцінаў пра родную мову. Па-другое, перадрук лацінаю беларускай народнай песні «Цераз двор зялёненькі…» з нотамі А. Грыневіча са збору «Беларускія песні» ў якасці ілюстрацыі да тэмы беларускага жыцця ў раздзеле «Беларусь». І там жа, мабыць, з мэтаю праілюстраваць адметнасць нашай мовы, — пара сказаў з «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. Па-трэцяе, абвестка пра выданне ў 1913 г. у Вільні беларускамоўнай газеты для беларусаў католікаў «Biełarus» і пра магчымасць набыць пры рэдакцыі беларускія каталіцкія (лацінкаю) выданні «Кароткая гісторыя святая», «Кароткі Катэхізм», «Бл. Андрэй Баболя» і інш. Праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі нашых продкаў-адзінаверцаў аўтарамі серыі «Нашы касцёлы» наўпрост не разглядаецца, але і тых ускосных фактычных прыкладаў ды звестак, што яе выяўляюць і адлюстроўваюць, дастаткова, каб скласці меркаванне, як бачылася яна ім больш за 110 гадоў таму, і, магчыма, на ўласны актыўны, дзейсны ўдзел у працы на ніве айчыннага нацыябудаўніцтва натхніцца.
Літаратура
|
|
|