Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…»
Нашы святыні
Размова
з а. Станіславам ПАМЫКАЛАМ SJ размаўляў а. Юзэф АЎГУСТЫН SJ
ЛЮБОЎ І СЛУЖЭННЕ
Каталіцкія місіі
Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР
Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч

ВЯРТАННЕ
Культура
Юбілеі

ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА
Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль

Паэзія

ВЕРШЫ
Проза

САМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Мастацтва

Паліна ГРЫБ

ЦІ ВАРТАЕ ХХІ СТАГОДДЗЕ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ,

альбо Летуценны пакутнік доктар Раўс

Калі мае сябры чуюць запрашэнне на спектакль «Кар’ера доктара Раўса» (а я запрасіла на яго амаль кожнага свайго знаёмага), яны заўважна расчароўваюцца, пачуўшы, што пастаноўка прысвечаная Францыску Скарыну — чалавеку з чорна-белай гравюры ў падручніку па літаратуры, чалавеку з высока ўскінутымі бронзавымі рукамі з-пад Нацыянальнай бібліятэкі, чалавеку, імя якога носяць шырокія шэрыя вуліцы ў шматлікіх гарадах. Што можа зацікавіць нас у асобе героя XVI стагоддзя, гісторыя жыцця якога ўжо даўно сталася кананічнай легендай, высечанай на каменных пастаментах?

Цікава, што амаль першае, што бачыць глядач, калі трапляе ў невялікую цёмную залу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які знаходзіцца на вуліцы Крапоткіна ў Мінску, — гадзіннік з чырвонымі лічбамі «1515», які адмярае час над сцэнай. Гэта вельмі важны элемент, бо на працягу ўсяго спектакля толькі гэты гадзіннік і будзе вяртаць нас у XVI стагоддзе, у сапраўдны кантэкст жыцця Францыска, доктара з Полацка. І мы будзем губляцца ў стагоддзях не толькі таму, што рэчаіснасць Новага часу па-майстэрску пераплеценая драматургам (В. Марціновіч) і рэжысёрам (А. Гарцуеў) са словамі і дэталямі нашай штодзённасці, але і таму, што сама асоба галоўнага героя нібыта будзе выпадаць са свайго часу, незаконна вандруючы ў гістарычнай прасторы. Не раз за спектакль можна будзе адчуць дзіўную думку: Скарына апярэдзіў свой час і нарадзіўся значна раней за тую эпоху, у якой яму не было б цесна. І здаецца, пры чым тут мы? А пры тым, што мы апынаемся перад своеасаблівым выклікам: гісторыя на сцэне задае нам пытанне «ў лоб»: а ці магло б ХХІ стагоддзе прыняць Першадрукара? Ці мы, прайшоўшы школу сусветнай гісторыі, сталі тымі, сярод каго геній і прарок Скарыны быў бы прынятым і шанаваным?..

У «гістарычна недакладнай трагікамедыі» «Кар’ера доктара Раўса» Францыск Скарына паўстае перад намі не мужным героем, не шаблонным шанаваным вынаходнікам, а летуценным пакутнікам, які, не маючы асаблівых фінансавых і тэхнічных магчымасцяў, мае выразнае пакліканне — выдаваць кнігі. Падобна да біблійных прарокаў, якія змагаліся са страхам і няўдачамі, ідучы за святлом Праўды, Скарына пракладвае свой нялёгкі шлях праз адмовы і насмешкі тых, хто, здаецца, мусіць падтрымаць яго. У Кракаве яго вінавацяць у тым, што ён «недастаткова паляк», у Вільні — што «недастаткова хрысціянін», у Маскве ўвогуле забіраюць літары для набору і паляць ужо надрукаваныя кнігі.

У сваім імкненні друкаваць Біблію на роднай мове асветнік падобны да Апосталаў, якіх Бог надзяляе дарам прапаведавання на мовах людзей, да якіх пасылае іх. Хоць на працягу ўсяго спектакля, скітаючыся па Еўропе, Скарына амаль безвынікова спрабуе неяк зразумець і растлумачыць сабе і іншым, кім з’яўляецца і адкуль паходзіць («нібыта слова такога яшчэ не прыдумалі»), унутрана ён упэўнены ў тым, што словы, закладзеныя ў яго вусны на Радзіме, гэта менавіта тыя словы, якімі Бог хоча быць абвешчаным на маленькім кавалку Полацкай зямлі. Так у ХVI стагоддзі Францыск Скарына змагаецца за тое, каб Божае слова друкавалася для людзей на іх роднай мове.

Спрабуючы выканаць сваю асветніцкую місію, рамантык-вынаходнік Скарына праходзіць праз шматлікія «кабінеты», сустракаецца з мноствам людзей, але амаль паўсюль яго прымаюць адныя і тыя ж «героі». У іх кожны раз новае імя і роля, але кожны раз яны становяцца на шляху Першадрукара проста таму, што Скарына відавочна больш пісьменны, больш свабодны і больш летуценны, чым яны. Так, у ХVI стагоддзі невукі і абывацелі, надзеленыя ўладай, становяцца на шляху асветы і духоўнага развіцця грамадства.

Перад зачыненымі дзвярыма, на турэмным ложку, асветлены вогнішчам сваіх кнігаў, Скарына застаецца верным справе, якую ўвесь спектакль беражліва ўзрошчвае, нібы маладое дрэўца. У канцы, прамаўляючы свой знакаміты маналог («Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае…»), ён пранізліва глядзіць у залу і нібы пытаецца, ці можа ён сысці са сцэны, са старонак сваіх кнігаў і стацца часткаю нашага сучаснага грамадства? Ці сапраўды мы тыя, дзеля каго ён цярпліва захоўваў свае металічныя літары, каб потым цярпліва збіраць з іх пацеры Божага слова?..

Пасля спектакля акторы (без лішніх словаў, цудоўныя!) сыходзяць са сцэны, гледачы пакідаюць залу, але ў паветры застаецца апошняе, самае важнае пытанне: ці дарасло ХХІ стагоддзе да Францыска Скарыны? Ці можа яму яшчэ пачакаць свайго часу ў камені і бронзе?..

Паліна Грыб


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY