Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…»
Нашы святыні
Размова
з а. Станіславам ПАМЫКАЛАМ SJ размаўляў а. Юзэф АЎГУСТЫН SJ
ЛЮБОЎ І СЛУЖЭННЕ
Каталіцкія місіі
Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР
Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч

ВЯРТАННЕ
Культура
Юбілеі

ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА
Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль

Паэзія

ВЕРШЫ
Проза

САМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Мастацтва

Андрэй ШПУНТ

МІСІЯНЕР

«Дык ідзіце і навучайце ўсе народы…» (Мц 28, 19) — гэты місійны наказ Збаўцы цвёрда і паслядоўна выконваецца Каталіцкім Касцёлам, і таму сёння гэта самая вялікая канфесія ў свеце. Словы «місіянер», «місія» асацыіруюцца ў нас з эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, імёнамі мараплаўцаў, падарожнікаў, канкістадораў, побач з якімі ішлі святары і манахі. І тым, што трымалі крыж, мабыць, было не лягчэй, чым тым, закаваным у браню, што ішлі наперадзе з мечам у руках пад сцягам Хрыста. Узгадваю сяміметровы місійны Крыж, узвышаны падчас Святых Місій, што з нагоды 155-годдзя мінскай Залатагорскай святыні з 6 да 13 кастрычніка 2019 г. праводзілі айцы рэдэмптарысты (не магу не згадаць імёны вельмі шаноўных місіянераў — кс. Андрэя Ядкоўскага і кс. Валерыя Мазюка). Гэты крыж нагадваў пра тыя крыжы, што ўсталёўваліся на новых землях Ad majorem Dei Gloriam, бо Збаўца ў прыпавесці пра сейбіта казаў аб тым, што зерне, пасеянае на рознай глебе, дае розныя плёны (Мц 13; 3-8). Айцы рэдэмптарысты рыхтавалі гэтую глебу, нашыя сэрцы для Пана, настолькі рупліва, што гэта адчувалася і духоўна, і фізічна.

Падкрэсліваючы актуальнасць Святых Місій ва ўсе часы, і асабліва сёння, калі мы стаім перад беспрэцэдэнтнымі выклікамі свету, здабудзем жа з-пад пылу забыцця яшчэ адно імя як прыклад той мужнай барацьбы, што даводзілася весці каталіцкім місіянерам не толькі на іншых кантынентах, але і на нашых землях.

У 1939 г. у Львове ў часопісе «Szkoła Chrystusowa», што друкаваўся ў выдавецтве айцоў дамініканаў, пад рубрыкаю «Узоры для пераймання», з-пад пылу забыцця убачыў свет кароткі жыццяпіс, напісаны невядомым аўтарам, верагодна ў 1777 г., калі пачаўся збор успамінаў сведкаў праведнага жыцця а. Лаўрына (свецкае імя Юзаф) Аўлачымскага ОР (магчымы варыянты — Аблачымскі, Аблачынскі, Аўлачынскі, Аўлучынскі). Парадавала тое, што гэта наш суайчыннік, які нарадзіўся 19 лютага 1724 г. у Нестановічах каля Барысава ў шляхецкай сям’і герба «Сухе Комнаты» Барталамея і Альжбеты Барбары з Макрыцкіх. Паводле Урускага, гэта была «руская сям’я, аселая на Валыні і Белай Русі». З «аселых на Белай Русі» можна згадаць наступных асобаў — Юзаф, суддзя гродскі (1632); Лукаш, ротмістр каронных войскаў (1649); Максімільян, дэпутат Літоўскага Трыбуналу (1651); Антоні, стражнік валынскі; і Казімір на Аўлачыне — усе прыхільнікі Аўгуста ІІІ. Звычайны шляхецкі род, што згубіўся ў натоўпе служылага саслоўя, пакуль на шэрую будзённасць яго гісторыі не ўпадзе водбліск новага імя, аздобленага пышнымі эпітэтамі, з якіх сапраўды можна скласці літанію, — Слава Сарматыі, Яркая Паходня Ордэну Прапаведнікаў, Евангельская Труба, Слаўны Прапаведнік, Руплівы Місіянер, Муж Божы, Стоўп Касцёла Божага, Разбуральнік ерасяў, Пагром ворагаў веры, Абаронца хрысціянства, Айцец убогіх, Дабрадзей удоваў, Апякун сіротаў, Узор святых цнотаў, Праява ўсялякай святасці, Пострах пекла, Слава Літвы і Польскіх Краёў.

 
Герб «Сухе Комнаты».   Св. Вінцэнт Ферэр. Педро Гарсія
дэ Бенабарэ. Барселона.
Нацыянальны музей
мастацтва Каталоніі.

Партрэт святара

З першых крокаў, як сведчыць невядомы аўтар, Юзаф Аўлачымскі быў прыкладам хрысціянскага дзіцяці, якое, «вочы апусціўшы да зямлі, ручкі склаўшы да Неба, укленчыўшы, узорна моліцца, пабожна адгаворвае Ружанец, наведвае касцёл з бацькамі». Далейшым лагічным працягам гэтага ўзорнага дзяцінства стала выдатная вучоба ў Віленскай езуіцкай акадэміі, і нарэшце, 11 жніўня 1743 г. — дамініканскі габіт. Пасля навіцыяту ў Папорцях быў накіраваны ў Гародню, дзе 11 жніўня 1744 г. склаў манаскія шлюбы і пачаў вывучаць філасофію, потым — шэсць гадоў тэалогіі і святарскае пасвячэнне. Калі зазірнуць за гэты пералік стандартных для кожнага святара ці манаха біяграфічных дадзеных, мы ўбачым узор, варты пераймання не толькі для манаха, але і для любога хрысціяніна. Паводле невядомага аўтара, ён «для сваіх равеснікаў быў адзіным узорам і прыкладам пабожнага жыцця ў ордэне», «адзіны з найбольш сціплых». «Супакой у мове, пакора ў адказах, лагоднасць у зносінах рабілі яго мілым для Бога і ордэнскіх братоў», ён «меў асаблівае ўмілаванне да паслушэнства, звязанага з чорнай работай, нават да той, што павінна была даручацца малодшым братам». У вачах многіх а. Лаўрын меў пакорлівасць, злучаную з годнасцю прыналежнасці да дамініканскага ордэну. Звыш неабходных абавязкаў літаральна «дні і ночы праводзіў на набажэнствах, за чытаннем Святога Пісання і кніг розных аскетаў і прапаведнікаў».

Сёння камусьці можа здацца, што няма патрэбы апісваць паводзіны святара, якія не былі нечым выключным, аднак на тле XVIII ст., калі святарства не пазбягала спакусаў «галантнага веку», добрыя характарыстыкі рэльефна вылучаюць пабожную постаць а. Лаўрына, выява якога не захавалася, але захавалася апісанне невядомага аўтара. «Быў сярэдняга росту і прыгожы. Валасы залацістыя, твар ад пастоў і ўмярцвення плоці бледны, надзвычай добрага характару, жывой і выразнай мовы. Голас меў прывабны, моцны ці, як паспалітыя кажуць, tubalny [гучны]; рысы твару мяккія і прыемныя, таксама прыгожы склад цела і ўсялякія прыроджаныя вартасці нямала гаміліям яго і <...> навукам дадавалі аздобы».

 

Па прыкладзе св. Вінцэнта Ферэра ОР

Касцёльнае кіраўніцтва не магло не заўважыць (зноў падкрэслім, асабліва на тагачасным тле) гэткую выдатную асобу і прапанавала а. Лаўрыну ўзначаліць кафедру філасофіі. Прапанову ён адхіліў. Увогуле пазбягаў выкладчыцкай працы і не імкнуўся зрабіць кар’еру ў касцёльнай адміністрацыі.

Яшчэ падчас вучобы ў Вільні а. Лаўрын цяжка захварэў. Настолькі цяжка, што зрабіў генеральную споведзь, пасля чаго даручыў сваё кананне і смерць найбольш блізкаму патрону — св. Вінцэнту Ферэру ОР (1350–1419). Гэты іспанскі падзвіжнік з Валенсіі практыкаваў суровую аскезу, круглы год пасціўся, спаў на голай зямлі і перасоўваўся толькі пешшу. Меў блізкія адносіны з папам Бэнэдыктам XIII, і калі Святы Айцец прапанаваў яму кардынальскую годнасць, адмовіўся, прысвяціўшы сабе місіянерскаму служэнню сярод катараў і вальдэнсаў.

Ужо на ложы смерці а. Лаўрын папрасіў братоў, каб у касцёле памаліліся ў яго інтэнцыі літанію да св. Вінцэнта — і падчас яе адбыўся цуд. У той момант, калі перад алтаром святога чыталася літанія, да хворага з’явіўся сам св. Вінцэнт, прамовіўшы наступнае: «Калі хочаш быць здаровым, бяры прыклад з мяне ў абвяшчэнні св. Евангелля...», і знік. Хвароба адышла. З гэтага моманту а. Лаўрын без астатку прысвяціў сваё жыццё душпастырскаму служэнню.

Ружанысток. Аэраздымак. Касцёл Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі і дамініканскі кляштар. Фота В. Стэмпень. 1993 г.

Ружанысток — асяродак місіянерскага жыцця Рэчы Паспалітай

Цяпер для гэтага неабавязкова было накіроўвацца на другі край свету. Неабсяжныя абшары Рэчы Паспалітай, вызваленыя езуітамі ад націску Рэфармацыі, пасля голаду, войнаў, эпідэмій вярталіся да жыцця, але эканамічнае ажыўленне пры Аўгусце ІІІ суправаджалася маральным упадкам, што стаў асабліва заўважны пасля Паўночнай вайны.

Пачаўшы з навакольных парафій на Віленшчыне, а. Лаўрын пасля 1750 г. асеў у Ружанымстоку за 30 вярстаў ад Горадні (цяпер у Польшчы). Першапачаткова гэта места мела назву Табаншчызна, потым Крывысток, уладальнікамі якога ў першай палове XVII ст. былі Тышкевічы. У 1753 г. а. Лаўрын стаў настаўнікам навіцыяў, у 1754–1756 гг. — падпрэорам і нарэшце — прэфектам місіянераў, застаючыся на гэтай пасадзе да канца сваіх дзён.

...Стагоддзем пазней наш выдатны археолаг, гісторык і краязнаўца граф Яўстах Тышкевіч наведаў падамініканскі касцёл у Ружанымстоку, фундаваны ў 1661 г. дэрпцкім стольнікам Шчэнсным Тышкевічам, і атрымаў у дар ад мясцовага пробашча кс. Касабуцкага рукапіс, ці хутчэй хроніку, якую ў вольны час Ad majorem Dei Gloriam вёў кс. Войцах Вінцэнт Канты Багінскі ОР, доктар тэалогіі. Яна ахоплівала час з 1747-га да 1784 г. Граф Тышкевіч неўзабаве выдаў яе ў Вільні ў друкарні Юзафа Завадскага, і дзякуючы гэтаму пад 1753 г. мы чытаем: «Шаноўны айцец Лаўрын Аўлачынскі, сучасны другі Вінцэнт Ферэр, першы місіянер у Літоўскай правінцыі, распачаў Апостальскія місіі <...> Гэтая новараспачатая праца і тая гатоўнасць са здольнасцю ў асобе маладога і ў жыцці і ў ордэне апостала здзівіла край Літоўскі, але калі на сваіх місіях ён меў па некалькі тысяч чалавек, зайздрасць у некаторых духоўных памножыў, <...> самі потым прызналі, што ён мае руплівага духа аб людскім збаўленні».

Ружанысток стаў свайго роду «штаб-кватэрай», адкуль група місіянераў пад кіраўніцтвам а. Лаўрына ажыццяўляла душпастырскую працу, што ахоплівала землі Рэчы Паспалітай — Літву, Інфлянты, Курляндыю, Прусію, Русь Белую, Чорную і Чырвоную, а таксама часткова Мазовію. Паводле ордэнскіх хронік, на працягу 1751–1794 гг. дамінікане правінцыі Анёла Ахоўніка здзейснілі 249 місій. З гэтай колькасці, за ўвесь свой непрацяглы жыццёвы шлях, а. Лаўрын з братамі правёў 68 місій, дзякуючы якім у лона Касцёла было вернута вельмі шмат заблукаўлых авечак.

Ружанысток. Касцёл Ахвяравання НПМ.
Від на галоўную наву. Фота А. Кулак. 2003 г.

Змест місій

Коратка звернем увагу на тое, як праходзілі місіі на прыкладзе адной з іх, што адбылася ў дамініканскім касцёле ў Пінску з 14 лютага да 21 сакавіка 1762 г. і сталася адметнаю падзеяй у гісторыі не толькі гэтай святыні, але і ўсяго горада.

Парадак набажэнства быў наступны: а 5-й гадзіне раніцы — Ружанец; primaria et aliae missae; навука і разнастайныя адпаведныя малітвы; св. Імша; гамілія; працэсія; суплікацыя; навука і «Анёл Панскі...». Пасля абеду — Ружанец; навука з контраверсіямі; Нешпары; гамілія; працэсія; суплікацыя; навука і вячэрнія малітвы.

Акрамя працэсій у дамініканскім касцёле, адбываліся працэсіі ў іншых пінскіх святынях — у францішканаў, езуітаў, базыліянак і ўніяцкай катэдры.

Змест місій грунтаваўся на метадзе, выпрацаваным а. Лаўрынам з братамі. Так, належала акрамя стварэння адпаведнага настрою, выклікаць раптоўнае ўзрушэнне. Акрамя багацця перажыванняў, якія суправаджалі літургію, для яшчэ большага ўздзеяння выкарыстоўвалі гарматныя залпы, моцнае біццё ў званы, музыку, выстаўленне адпаведных выяваў. Пропаведзь любові адразу ж пераходзіла ў практычную плоскасць — некалькі юрыстаў суправаджалі місіянераў, дапамагаючы вырашэнню разнастайных працэсаў... У сваіх прамовах а. Лаўрын карыстаўся патройным дыяпазонам голасу.

Місійны рух, што атрымаў новы імпульс, падтрымалі і іншыя ордэны, напрыклад, бэрнардыны, з якімі а. Лаўрын дзяліўся парадамі і досведам.

 

Найсвяцейшая Панна Марыя Ружаныстоцкая

У 1652 г. па замове ўжо згаданага намі дэрпцкага стольніка Шчэнснага-Тышкевіча ў Гародні невядомым майстрам быў намаляваны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, на ўзор Чэнстахоўскага, што ў доме стольніка ў Крывымстоку. У 1658 г. жонка Шчэнснага-Тышкевіча Эўфразына аздобіла абраз вянкамі з сухіх кветак і разам з усімі дамачадцамі пачала адпраўляць перад ім штодзённае набажэнства. 21 лістапада, у дзень Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, перад абразом самачынна запалілася лампада. Дамінікане, што былі пры двары стольніка, параілі перанесці абраз у асобнае памяшканне, пасля чаго абраз пачаў выдзяляць прыемны водар, а сухія кветкі, што яго аздаблялі, расквітнелі. Неўзабаве было занатавана першае цудоўнае аздараўленне і вяртанне ў лона Касцёла. Для большай пашаны Шчэнсны-Тышкевіч з Эўфразынай узвялі невялікі драўляны касцёл, куды ў 1659 г. абраз быў перанесены. Цуды працягваліся, і слава аб іх пашыралася. Не інакш як цудам можна назваць тое, што падчас Патопу Тышкевіч вывез абраз на Падляссе, і хоць ён трапіў у рукі шведаў, якія былі пратэстантамі, яны непашкоджаным пакінулі яго ў нейкай вёсцы, адкуль у 1660 г. ён вярнуўся ў Крывысток, што ў дакументах за 1662 г. упершыню называўся Ружаныстокам (як тлумачыць «Слоўнік геаграфічны» — з-за мноства ружаў). У 1662 г. Віленскі біскуп Юрый Белазор прызначыў адмысловую камісію для даследавання цудаў, і ў 1668 г. абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Ружаныстоцкай быў афіцыйна абвешчаны цудатворным. Напярэдадні стварэння камісіі Тышкевіч запрасіў у Ружанысток 12 дамініканаў з Сейнаў, для якіх пабудаваў невялікі кляштар і запісаў на касцёл вёску Сток з 26 дымамі і фальваркам.

Цудатворны абраз прыцягваў усё болей пілігрымаў, і ў 1759 г. дамінікане вырашылі на ўласныя сродкі ўзвесці вялікі мураваны касцёл і кляштар. Узорам для касцёла паслужыла вялікая езуіцкая святыня ў Гародні — сённяшняя катэдра. Да справы далучыліся дабрачынцы, у прыватнасці, магутныя роды з Літвы і Падляшша: Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Пузыні, Гедройцы. Ахвяраванні ішлі адусюль. Вялікія сродкі на будаўніцтва святыні ўнёс і а. Лаўрын: са сродкаў, сабраных на місіях, фундаваў звон «Юзаф» вагою 3830 фунтаў з надпісам:

«Roku tysiąc siedemset
sześćdziesiąt czwartego
W Królewcu mię wylano
dbaniem Laurentego,
W Różanymstoku bym cześć
Maryi głosił
Żywym, a zmarłym duszom
zbawienie przynosił».

З запісаў невядомага аўтара даведваемся, што а. Лаўрын палаў моцным пачуццём да Маці Божай і на ўсіх місіях памнажаў Яе хвалу праз Ружанцовае набажэнства, паўсюдна папулярызуючы Святы Ружанец і Божыя ласкі для тых, хто яго практыкуе. Сіла перакананняў руплівага місіянера ў распусны «галантны век» уражвала натоўпы, гатовыя запісацца ў ружанцовае арцыбрацтва.

Да цудоўнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі Ружаныстоцкай а. Лаўрын меў асаблівае набажэнства, возячы яго па ўсёй Рэчы Паспалітай; папулярызацыі спрыялі таксама падрыхтаваныя да друку а. Лаўрынам кніжкі а. Габрыэля Юркоўскага ОР «Wonności mistycznej róży z Kościoła Różanostockiego» («Духмянасць містычнай ружы з Ружаныстоцкага касцёла», Вільня, 1760), «Morze litości i łaski Bożej» («Мора літасці і ласкі Божай», Вільня, 1760), «Różany Potok kwitnących łask...» («Ружаны паток квітнеючых ласкаў», Вільня, 1763).

Найсвяцейшая Панна Марыя
Ружаныстоцкая. Абраз створаны
ў 1929 г. на прадпрыемстве
св. Войцаха ў Варшаве
(уладальнік Уладзімір Тур)
і асвечаны папам Піем ХІ
(замест арыгіналу, вывезенага
ў Расію пасля
паўстання 1861–1863 гг.).

Сябры і ворагі

Дзейнасць а. Лаўрына выходзіла далёка за межы касцёльных муроў. Ён вёў дыскусіі з габрэямі і праваслаўнымі. Вучоныя рабіны адступалі перад яснай логікай і сілай яго перакананняў, у выніку чаго многія з іх станавіліся дзяцьмі Касцёла і суправаджалі а. Лаўрына ў місіях як жывы прыклад для іншых, хаця не заўсёды ўсё было мірна: некаторыя з сыноў Ізраэля праяўлялі агрэсію, якую можна было суцішыць толькі пры дапамозе ўладаў. З праваслаўнымі, хаця і хрысціянамі, было асабліва няпроста: неаднаразова на жыццё а. Лаўрына рабіліся замахі, як гэта здарылася падчас місій у Петрыкаве і Кубічах. Працяглым рэхам дзейнасці адважнага місіянера прагучала праз два гады пасля яго смерці скарга вядомага праваслаўнага грамадскага дзеяча, біскупа Магілёўскага Георгія Каніскага, які звярнуўся да Станіслава Аўгуста адносна дзейнасці дамініканіна Аўлачымскага і езуіта Зарэмбы. Да гонару а. Лаўрына (і езуіта Зарэмбы) скажам, што біскупу Каніскаму, адзінаму з выдатных людзей свайго часу (нездарма трапіў на барэльеф помніка 1000-годдзя Расіі, узведзенага ў Ноўгарадзе ў 1862 г.), было чаго асцерагацца. Юльян Урсын Нямцэвіч сведчыць у сваіх мемуарах, што а. Лаўрын быў абкружаны рэлігійным культам яшчэ пры жыцці.

 

Партрэт святара

Божая ласка, што зыходзіла ад а. Лаўрына, праяўлялася ў розных абставінах. Так, паводле згадак невядомага аўтара, у Віцебску падчас місій пачалася навальніца, і маланка забіла жанчыну. Праз некалькі гадзін, калі ўжо пачалі думаць аб пахаванні, з’явіўся а. Лаўрын і пачаў заклікаць на дапамогу Маці Божую Ружаныстоцкую. Жанчына ажыла... Іншым разам два шляхціцы, спаткаўшы на вуліцы даўжніка, які не мог расплаціцца, здабылі шаблі і ўжо хацелі яго пасекчы, але ён здолеў уцячы і схавацца ў касцёле, дзе адбывалася місія. А. Лаўрын, даведаўшыся аб справе і адчытаўшы крэдытораў, заплаціў доўг. Сапраўды, ён быў айцом і шчодрым дабрадзеем для ўбогіх і сіротаў.

Вядома, што для кожнага хрысціяніна (калі хрысціянін не толькі па назве) існуе небяспека крызісу, што праяўляецца ў сухасці ў малітве, «звычцы да алтара», калі руціна ахоплівае ўсё духоўнае жыццё. А. Лаўрын для падтрымкі тых, з кім такое магло здарыцца, ды й увогуле падтрымкі ўсіх грэшнікаў падчас святой Імшы, падаваў усім выглядам, калі пот струменіўся па яго бледным ад пастоў твары, прыклад палаючага апостальскага духу, і ад яго голасу, што заклікаў да жалю і пакаяння, у касцёле праносіліся стогны і рыданні, і людзі, прасякнутыя духам, цясніліся хутчэй прыступіць да святой Камуніі. Аднак здаралася і так, што не ўсе, хто стаяў у чарзе, маглі прыступіць, бо а. Лаўрын меў дар яснабачання і мог чытаць у людскіх сэрцах іх грахі і цноты.

Берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч, якому пашчасціла прысутнічаць на казанні а. Лаўрына, прыгадваў: «Меў вялікае задавальненне з казанняў дзіўна гарачых, з усіх сіл і голасу, што трэба было сумнявацца наконт яго здароўя, каб магло доўга хапіць на такую вялікую працу. Бачыў падчас яго казання ўсіх людзей, што плакалі, а некаторыя плакалі наўзрыд».

12 ліпеня 1763 г. а. Лаўрын пасля сямі тыдняў місіі ў Бэлзе, ужо цяжка хворы, адправіўся да Нябеснага Айца на саракавым годзе жыцця і дзевятнаццатым у ордэне. Быў пахаваны там жа ў Бэлзе ў дамініканскім касцёле пры вялікім мностве святарства, братоў і люду вернага.

А. Лаўрын не дачакаўся пабудовы касцёла Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ружанымстоку, што адбылося ў 1785 г., але можна спадзявацца, што ён радаваўся, пазіраючы з Нябёсаў на вялікую святыню. «Гэта была манументальная аправа для цудатворнага абраза Маці Божай <...>. Яго слава саступала на тых землях толькі нешматлікім цэнтрам Марыйнага культу».

Твор а. Лаўрына «Theologia concionatorum» («Тэалогія прапаведнікаў») дагэтуль знаходзіцца ў рукапісе ва Універсітэцкай бібліятэцы ў Вільні (F III, № 726).

 

Літаратура

  1. Пазднякоў В. Аўлачымскі (Аблачынскі) Лаўрын // Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://vkl.by/. Час доступу: 02.08.2022.
  2. Георгий (Конисский) [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://ru.wikipedia.org/wiki. Час доступу: 11.10.2022.
  3. Bagiński W. Rękopism. — Wilno, 1854.
  4. Kościół katolicki i szlachta w osiemnastowiecznej Rzeczypospolitej // Kresy24.pl [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://kresy24.pl/. Час доступу: 06.08.2022.
  5. Kułak A. Zespół ołtarzowy w kościele parafialnym w Różanymstoku — historia i ikonografia // Biuletyn Konserwatorski Województwa Podlaskiego. — 10, 2004. — S. 159–188.
  6. Niemcewicz J.U. Pamiętnik czasów moich. — Paryż, 1848. — S. 6–7.
  7. Slownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. IX. — Warszawa, 1888. — S. 858.
  8. Świętochowski R. Owłoczymski (Obłoczymski, Obłoczyński, Owłoczyński) Józef, imię zakonne Wawrzyniec // PSB. T. XXIX/4 zeszyt 103. — Wrocław–Warszawa–Kraków–Gdańsk, 1979. — S. 659–660.
  9. Uruski S. Owłoczyński v. Owłuczyński h. Suche Komnaty // Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XІI. — Warszawa, 1915. — S. 433–434.
  10. Wołyniak (Giżycki J. M.). Wiadomości o dominikanach Prowincyi litewskiej. Cz. 1. — Kraków, 1917. — S. 16–19, 195–198, 270–274.
  11. Wołyniak (Giżycki J. M.). Wykaz klasztorów dominikanach Prowincyi ruskiej. — Kraków, 1923. — S. 342–343.
  12. Żywot księdza Wawrzyńca Owłoczymskiego / Szkoła Chrystusowa. Rok X — Tom XIX. — Lwów 1939. — S. 113–130. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.ultramontes.pl/. Час доступу: 04.08.2022.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY