  |   
 
| 
 
 *  *  *
 
У меланжовых хмарах забэрсалася залатая нітка. 
Залацінкі, ледзь заўважныя ў нябеснай плыні, 
апускаюцца на дрэва за акном, пераплятаюцца з веццем.  
Ты бачыш гэтую сувязь між паравінамі? 
А я дазваляю сабе ўглядацца ў неба, вышукваць  
след самалёта, такога рэдкага гэтай зімою, 
а я дазваляю сабе не сумнявацца, што рукі, 
                              працягнутыя насустрач,  
дапамогуць вызваліць сонца пульсуючае і жывое. 
Яно быццам сэрца б’ецца дзесьці ў глыбінях нябёсаў, 
быццам нябачны жаўрук напаўняе спевамі  
                              наваколле, 
яно забірае мой боль — адчайны і ўзнёслы, 
і аддае маім крылам сілу, і шэпча — пераадолей 
памяць, што кропляй вады прабівае  
                              настойліва рэчаіснасць, 
кропляю капяжоў, што з кожным падзеннем робіцца  
                              толькі слабейшай. 
Сонечны зайчык заснуў на сагрэтым плячы ненаўмысна,  
ды так і застаўся са мною прытуленым вершам.
 |   
 
| 
 
 *  *  *
 
Узбярэжжа руйнуецца  
ад безупынных перамяшчэнняў пяску, 
хмары закручваюцца ў спіралі  
над белай паверхняй мора.  
Людзі плывуць, паглынаючы неба, 
і душы свае нясуць 
да белых крэйдавых скалаў 
на супрацьлеглым баку  
праліва. Дзень, і другі, і трэці  
рухаецца пясок, 
скажае пераламленне промняў, 
апошнія мары развейвае. 
Паверхня пляжа робіцца  
хвалістай, і глыток  
паветра ператвараецца  
ў небяспечнае дзеянне.  
Пясчынкі трапляюць у вочы,  
на вусны, спыняюцца ў валасах.  
Дагэтуль я бачыла толькі замець,  
гнаную цэнтраімклівай сілай  
да нейкай няўцямнай кропкі. 
А гэты нясцерпны вецер  
востры, нібы замах, 
пранізлівы, быццам крык,  
падступны і жорсткі, 
быццам былы каханы.  
Зграяй ваўкоў струмені пяску  
нападаюць на сонца 
і загрызаюць світанак. 
  |   
 
| 
 
 *  *  *
 
Кожны дождж выпрабоўвае моц дабратворнай зямлі. 
Падпіраючы раму акна спаціфілумам —  
                              кветкай «жаночага шчасця» — 
раптам задумалася: хто і пра што здагадаецца,  
                              ці расчытае гэты пароль? 
Мне застаецца толькі здагадвацца: дождж, ну і дождж.
Гэта не Блюменштрасэ, гэта — вокнамі ў свет. 
Адсутнасць крытычнага мыслення — толькі выток  
                              праблемы.  
А вынік? Голуб лясны адгукаецца з гушчы лістоты,  
каб нагадаць: нябачнае нам існуе побач з намі. 
 
Дождж, ну і дождж, хтосьці мерае лужыны,  
                              хтосьці 
глядзіцца ў прасвет  
                              паміж хмараў, няўпэўненых  
у магчымасці выканаць місію. Ведаю час твой, але 
не спяшаюся рукі насустрач табе распрасцерці. 
 
Дождж, ну і дождж…
  |   
 
| 
 
 *  *  *
 
Голкі самотных сосен сшываюць памяці лапіны 
з простым жыццём клапатлівага вечнага лесу.  
На скуры пакінутых дрэваў множацца драпіны, 
вырубкі зарастаюць хмызамі, каб зберагчы падлесак.
 
Лётам раптоўнай савы над некранутай  
                              сунічнай палянаю,  
дзе ўсімі адценнямі лайма трава аксаміціцца, 
у легкаплаўкім духмяным святле таямніцай нязнанаю 
сэрца маё зацыроўвае ранак нябачнымі ніцямі. 
  |   
 
| 
 
 *  *  *
 
Густая цёмная зеляніна ўвечары напрыканцы жніўня 
паглынае святло, што сочыцца з вершалінаў. 
Праходзяць перад вачыма тры векі жанчыны 
і хутка будзе чацвёрты — катора пара...
 
Пусты і бязлітасны час, пад якім астывае зямля. 
Вачніцы палёў запаўняе пунцовасць нябёсаў, 
і той карабель, што павінен быў з гавані выйсці, 
не зрушыўся з месца пакуль ні на мілю.
 
Ёсць вецер, які задзьмувае надзеі ў даверлівым свеце, 
вось так і навучышся жыць — за імгненнем імгненне. 
Ты так не жыла ніколі, а можа павінна  
жыць толькі так — не ўглядаючыся за далягляд? 
 
Густая цёмная зеляніна схавае ўсе пуцявіны. 
Ёсць слова «проста», але нішто не проста і не адзіна. 
Вечарам рыбы ўзлятаюць над рэчкай на хвілю, 
блішчаць пад апошнім промнем іх срэбныя лускавіны.
  |   
 
| 
 
 *  *  *
 
Залатымі шпорамі ў бокі аблокаў 
вершнік прыспешыў іх лёт, 
вызваляючы неба прастору. 
Вокны паспрабавалі распрануцца, 
агаляючы душы пакояў,  
але фіранкі, плямістыя ад ценяў лісцяў,  
не прапусцілі гарачае святло.
 
Белая чапля застыла ў зялёнай вадзе 
між зарослымі берагамі.
 
І ты, збіральнік скарбаў, 
стваральнік сюжэтаў, 
спыніўся на прагрэтым схіле, 
дзе былі сосны і яблыні, 
і яблыкі клаліся на сухія сцяблінкі травы, 
а сосны вакол касцёла, 
між якімі расклаліся могілкі, 
жывілі паветра водарам смалы.
 
Белая Божая птушка, 
што стаяла ў зялёнай вадзе, 
знікла раптоўна ў паўдзённай спякоце.
  |   
 
| 
 
 *  *  *
 
Ці то заходзіць чырвонае сонца,  
ці то ўзыходзіць чырвоная поўня — 
расплюшчыш нарэшце вочы, 
адшпіліш рамяні бяспекі, 
а ўяўленне, дэфармаванае вышынёй, 
не можа вызначыць розніцу, 
і далягляд разумееш  
толькі дзякуючы чырвонаму фону.
 
Нават зоркі распусціліся  
ў нечаканым атраманце,  
якім напішуцца словы, 
вызваленыя нябёсамі.
 
Добра рухацца  
на крэйсерскай вышыні,  
нявызначанасць на пару імгненняў  
нястрашная, а вакол — 
рэпетыцыя вечнасці  
ці то пад чырвоным сонцам, 
ці то пад чырвонай поўняй.
  |   
	
  
  | 
  |