|
|
№
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ
Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…» Нашы святыні
Размова
Каталіцкія місіі
Алесь СІМАКОЎ
«ІНДЗЕЙСКАЯ СПРАВА» Ў ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ Адлюстраванне тэмы каталіцкіх місій сярод індзейцаў у даследчай перапісцы Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч
Культура
Юбілеі
Анатоль БРУСЕВІЧ
ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль Паэзія
Аксана ДАНІЛЬЧЫКВЕРШЫ Проза
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮКСАМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК
«ХАЙ ТАБЕ ПЕСНІ СКЛАДАЦЬ ДАПАМОЖА ЗОФ’Я СВЯТАЯ!»Зоф’я Манькоўская як спадкаемніца паэтычнай лютні Уладзіслава СыракомліДа 175-годдзя з дня нараджэння паэткі
Вельмі прыгожую старонку літаратурнага жыцця Беларусі сярэдзіны ХІХ ст. складаюць узаемаадносіны славутага, нават зорнага ўжо на той час паэта Уладзіслава Сыракомлі (1823–1862) і юнай пачаткоўкі, ягонай сваячкі Зоф’і Манькоўскай (1847–1911), талент якой у другой палове ХІХ ст. з благаслаўлення «вясковага лірніка» таксама бліскуча заззяў на літаратурным небасхіле роднага краю. Сапраўднае імя яе было зашыфраванае абраным ёй для сваёй літаратурнай біяграфіі мужчынскім псеўданімам Адам М-скі, які адсылаў да імя і скарочанага прозвішча яе бацькі, Адама Манькоўскага, а таксама да радзіннага бацькоўскага гнязда ў маёнтку Дарагавіца паблізу беларускіх мястэчак Капыля ды Слуцка. Сёлета 26 лістапада споўнілася 175 гадоў з дня нараджэння дарагавіцкай пясняркі, а наступны 2023 год будзе адзначаны 200-гадовым юбілеем Уладзіслава Сыракомлі. Гэтыя юбілейныя даты — добрая нагода ўзгадаць абодвух выдатных творцаў, натхнёная ліра якіх была Божым дарам для нашага краю. Паэтычная творчасць абодвух паэтаў вызначаецца высокай духоўнай скіраванасцю, заглыбленасцю ў гісторыю і культуру роднага краю. Матывы хрысціянскія, заснаваныя на біблійных запаведзях любові, арганічна спалучыліся ў іх творах з матывамі патрыятычнымі, у якіх чуюцца гукі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, а любоў да Айчыны, прывязанасць да родных краявідаў спалучаная з любоўю да чалавека працы, да мясцовых трыдыцый і звычаяў, да фальклорнай творчасці. На ўсім гэтым ляжыць выразны адбітак рамантычных традыцый, закладзеных Адамам Міцкевічам і яго сябрамі паэтамі-філаматамі, творчасць якіх заставалася жыватворчай крыніцаю натхнення і вобразаў для новых пакаленняў творцаў. Важным момантам, які яднае творчыя біяграфіі Уладзіслава Сыракомлі і Зоф’і Манькоўскай, з’яўляецца таксама наяўнасць у іх літаратурнай спадчыне, створанай на агульнапрынятай у прыгожым пісьменстве Беларусі ХІХ ст. польскай мове, некалькіх твораў, напісаных па-беларуску. Гэта два вядомыя хрэстаматыйныя вершы Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і верш Зоф’і Манькоўскай «Беларуская малітва (***Божа, наш Бацька…)». Яе пяру належаць таксама некалькі перакладаў з польскай мовы на беларускую вершаў Яна Чачота, Марыі Канапніцкай, Тэафіля Ленартовіча. Доўгі час яе беларускія творы заставаліся ў аўтографах у перапісцы, яны былі выяўленыя ў 1970-я гг. беларускім даследчыкам Уладзімірам Казберуком і апублікаваныя, што абудзіла цікавасць да творчай асобы Манькоўскай і вярнула яе імя з забыцця [гл.: 2; 3]. Постаць Зоф’і Манькоўскай трапіла ў гэты час і пад асаблівую ўвагу Уладзіміра Мархеля, які працаваў над манаграфічным даследаваннем пра Уладзіслава Сыракомлю і закрануў у ім старонку іх сваяцка-літаратурных сувязяў. Апрача беларускіх твораў, Уладзімір Мархель падкрэсліваў вялікую каштоўнасць польскамоўнай спадчыны Адама М-скага (Зоф’і Манькоўскай) для Беларусі і быў ініцыятарам перакладу некаторых яе твораў на беларускую мову ў 1990-я гг., укладаючы ўнікальную анталогію польскамоўнай паэзіі Беларусі ХІХ ст. «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай» (1998 г.), дзе прадстаўлены арыгіналы і пераклады вершаў вялікага кола вядомых у літаратурным працэсе таго часу аўтараў. Змешчаная там невялічкая ўспамінальна-лірычная паэма Адама М-скага (Зоф’і Манькоўскай) «З жыцця і тугі» стала адным з адкрыццяў у гэтым выданні, захапіла сваім узрушана-лірычным настроем, непадробным замілаваннем да роднага краю. Твор літаральна струменіць водарам Айчыны, які напаўняў творчую душу аўтаркі, адарванай тады ад радзімы, і праліўся з усёй шчырасцю пачуццяў, малюючы любыя сэрцу краявіды і постаці. Яна вярталася сваёй паэтычнай думкай у гады дзяцінства і юнацтва, у перыяд сваёго духоўнага і творчага сталення, на якое прыпалі і сямейныя стасункі са знакамітым дзядзькам (Манькоўская была пляменніцаю Сыракомлі па лініі маці), і бурлівы віхор паўстання 1863 года, які перамяніў край і сфармаваў стрыжань асобы, што стала сведкаю тых «грымотаў і бураў». Працытуем пачатак гэтага твора:
Такім чынам, «дахі белых літоўскіх двароў» станавіліся ў творчасці Зоф’і Манькоўскай канца ХІХ ст. незабыўным сімвалам роднага Краю, прычынай смутку лірычнага героя, які, пасталеўшы, у рэальным тагачасным жыцці назіраў паступовы распад шляхецкай культуры і традыцый, сыход эпохі волатаў-гаспадароў, на якіх трымаўся лад і парадак на роднай зямлі. Наогул тэма роднага Краю, яго даўняга і нядаўняга рыцарскага мінулага і той рэчаіснасці, якую перажываў лірычны герой у далейшыя перыяды свайго жыцця, у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст., была вызначальнай у творчасці паэткі.
Зоф’я Манькоўская, як ужо згадвалася, нарадзілася ў беларускім шляхецкім маёнтку Дарагавіца на Капыльшчыне 26 лістапада 1847 года. Адам Манькоўскі — гэта прозвішча яе бацькі, якое яна, скараціўшы, абрала сабе за літаратурны псеўданім, таямніцу якога захоўвала да канца жыцця. Сваяцтва з Уладзіславам Сыракомлем вызначыла арыенціры яе далейшага творчага лёсу: знакаміты паэт ухваліў яе першыя літаратурныя спробы. У 1961–1866 гг. яна вучылася ў Вільні ў прыватным пансіёне Францішкі Клячкоўскай, тады ж пачала пісаць вершы. Неўзабаве па заканчэнні пансіёна Зосю выдалі замуж за афіцэра царскай арміі Вацлава Тшашчкоўскага, разам з якім яна цярпліва дзяліла ўсе цяжкасці вайсковага жыцця. Муж служыў у Разанскай губерні ў Расіі. Адтуль у 1877 годзе яна ў жаўнерскай вопратцы выправілася разам з ім на Балканы, дзе пачалася чарговая ў ХІХ ст. расійска-турэцкая вайна. Потым ізноў вярнуліся ў Расію, жылі ў Ноўгарадзе. Там Зоф’я пазнаёмілася з польскім ссыльным Феліксам Зянковічам, які значна паўплываў на яе асобу, даў новыя імпульсы яе літаратурнай творчасці; менавіта ў перапісцы з ім былі знойдзеныя яе беларускія вершы. Апошнія гады жыцця Зоф’і Манькоўскай прайшлі ў роднай Дарагавіцы, дзе яна памерла 24 верасня 1911 года і была пахаваная на могілках каля вёскі Бабоўня. Тут, у роднай Дарагавіцы, яна перажыла новы ўзлёт творчасці, уславіўшы сваю зямлю, свае родныя мясціны ў найпрыгажэйшым патрыятычным цыкле вершаў і санетаў пад агульнай назвай «Дарагавіцкія песні. Зямля і людзі». Паэтычная спадчына Зоф’і Манькоўскай, раскіданая па польскіх перыядычных выданнях канца ХІХ — пачатку ХХ ст. і часткова захаваная ў рукапісах, была рупліва сабраная, і ўрэшце ў 2004 г. стараннямі даследчыкаў і перакладчыкаў з Польшчы і Беларусі пабачыла свет грунтоўнае акадэмічнае выданне выбраных паэтычных твораў Адама М-скага (Зоф’і Манькоўскай) «Dzisiaj i na wieki. Poezje» («Цяпер і назаўсёды. Паэзія») у арыгіналах і перакладах на беларускую мову. Папярэдне ў культурным жыцці Беларусі назіралася вялікая цікавасць да яе асобы: звесткі пра паэтку і пераклады яе вершаў актыўна друкаваліся ў беларускіх літаратурных часопісах. Нагадаем нашым чытачам, што многія паэтычныя творы Зоф’і Манькоўскай у перакладах на беларускую мову тады ўпершыню былі апублікаваныя на старонках часопіса «Наша вера» [гл.: 4; 5]. У сваёй творчасці, асабліва ў вершах патрыятычнай накіраванасці, Зоф’я Манькоўская, безумоўна, адчувала сябе пераемніцай Сыракомлі. З ягоным благаслаўленнем яна ўвайшла ў літаратуру, і яно яе натхняла на працягу ўсяго жыцця. Уладзімір Мархель згадваў, што ўпершыню будучая паэтка ўбачыла «вясковага лірніка» ў Залуччы, калі ёй было каля шасці гадоў. Пазней, прыкладна ў пятнаццацігадовым узросце, яна наведвала яго дом, калі вучылася ў Вільні і ўжо спрабавала сілы ў літаратурнай творчасці. Паводле ўспамінаў самой Зоф’і Манькоўскай, Сыракомля сказаў, што ўкладзе сваю ліру ў яе рукі і што менавіта ёй «наканавана спяваць пасля яго на сіратлівай Літве» [6, с. 193]. Даследчык слушна акцэнтаваў увагу на ўплыве Сыракомлі на ўсю творчасць Зоф’і Манькоўскай. Гэты ўплыў, на яго думку, праявіўся ў завастрэнні яе цікавасці да роднага Краю і жыцця народа, у напісанні «польскамоўных твораў, тэматычна і праблемна звязаных з Беларуссю і мясцовымі вуснапаэтычнымі традыцыямі», і ўрэшце ў напісанні паэткай арыгінальных беларускіх вершаў [6, с. 195]. Цяпер з адлегласці часу выразна бачна, што і для самога Уладзіслава Сыракомлі знаёмства з юнай сваячкай, яўна адоранай літаратурным талентам, таксама было вельмі важным, узмацняла яго сілы і дадавала натхнення. Асабліва ярка ўспыхнуў прамень гэтага натхнення літаральна за некалькі месяцаў да смерці «вясковага лірніка», калі 15 мая 1862 года, у дзень успаміну святой Зофіі, ён прысвяціў сваёй пятнаццацігадовай пляменніцы імянінны верш, што стаўся для яе фактычна пуцёўкаю ў вялікую літаратуру. Гэты кранальны і ўзнёслы верш Зоф’я захоўвала як тэстамэнт на творчасць, а калі праз амаль дзесяць гадоў па смерці Сыракомлі яшчэ адзін ягоны выхаванец, вядомы паэт Вінцэсь Каратынскі стаў збіраць творчую спадчыну вялікага майстра для выдання яго поўнага збору твораў, Зоф’я Манькоўская даслала яму тэкст гэтага верша, напісанага для яе тады, калі адрасатка яшчэ не была Адамам М-скім, а проста Зосяй з Манькоўскіх, пляменніцай. Верш быў дасланы Каратынскаму ў лісце з расійскага Зарайска ў лістападзе 1871 г. з падрабязным апісаннем усіх акалічнасцяў, звязаных з гэтым імянінным прысвячэннем і сямейнымі стасункамі паміж аўтарам і адрасаткай верша. Падпісаны ліст быў таксама яе сапраўдным прозвішчам: «Зоф’я Тшашчкоўская (колісь Манькоўская)». Змест ліста дастаткова добра вядомы даследчыкам, менавіта звесткамі з яго карыстаўся Уладзімір Мархель, паколькі арыгінал ліста быў апублікаваны праз некалькі гадоў па смерці аўтаркі ў польскім часопісе «Bluszcz» (1917, № 5-6). Нядаўна ж гэты ліст у перакладзе на беларускую мову цалкам апублікаваў даследчык Мікола Хаўстовіч у варшаўскім зборніку «Даследаванні і матэрыялы» [гл.: 7]. З гэтага ліста мы даведваемся, што аўтарка вельмі часта з малых гадоў бывала ў сям’і Кандратовічаў (Людвік Кандратовіч — сапраўднае імя і прозвішча Уладзіслава Сыракомлі), сябравала з дачушкамі паэта. Апісвала цеплыню і пяшчоту, з якой яе заўсёды сустракалі ў доме песняра ў Залуччы, увагу, з якой ён сам адносіўся да яе. Пазней здарыліся балючыя страты — памерлі тры дачушкі Сыракомлі, а сам паэт мусіў з Залучча перабрацца ў Барэйкаўшчыну пад Вільняю. У Вільні і ў Барэйкаўшчыне ў песняра таксама неаднойчы бывала Зося Манькоўская, ужо паступіўшы ў 1861 г. на вучобу ў пансіён пані Клячкоўскай у Вільні. Яна паказвала знакамітаму дзядзьку свае першыя літаратурныя спробы, якія ён нязменна ўхваляў і заахвочваў да творчасці. «Ён любіў і хваліў мае песенькі, заахвочваў, распальваў сэрца, — пісала яна ў лісце да Каратынскага. — А я любіла яго любоўю дачкі і сястры <...> Памятаю, што няраз мне хацелася ўкленчыць перад ім, як перад абразом, і маліцца, і плакаць…» [7, с. 132] . Як асаблівы момант яна апісвала перадачу ёй сімвалічнай лютні Сыракомлі і імяніннага верша: «Асабліва запомніўся мне адзін велікодны дзень. Вы гэта зразумееце, Пане… Ён мне сказаў, што сваю найчысцейшую лютню ўкладзе ў мае рукі, што мне наканавана спяваць пасля яго на сірочай Літве. Так снаваліся дні, мой сон пятнаццацігадовы… Прыйшоў дзень маіх імянінаў, і дарагі мой пясняр прыслаў мне напаўжартоўную, напаўсентыментальную песеньку. Вось яна…» [7, с. 132]. Далей падаваўся тэкст верша Сыракомлі «Do panny Zofii Mańkowskiej» з пазнакаю «Wilno, 3/15 maja 1862 r.», які Каратынскі апублікаваў у VII томе поўнага збору твораў паэта (Warszawa, 1872). Сапраўды, верш быў вытрыманы ў жартоўна-сентыментальнай танальнасці, што ніякім чынам не змяншала сур’ёзнасць інтэнцыі, з якоё ён задумваўся і пісаўся. За радкамі гэтага верша можна адчуць, з якой любасцю звяртаўся да адрасаткі паэт, з якім натхненнем, стоячы на парозе смерці, імкнуўся перадаць ёй сімвалічную лютню-ліру, зрабіць пераемніцаю свайго паэтычнага голасу на асірацелай пасля яго адыходу ў вечнасць Літве-Беларусі! Гэта быў насамрэч унікальны паэтычны тэстамэнт! Пасля тэксту верша Зоф’я Манькоўская прачула пісала пра апошнія стасункі з паэтам і ягоны адыход у вечнасць, што сведчыла аб тым, наколькі ён быў важнай асобай у яе жыццёвай і творчай біяграфіі: «Няшмат мне застаецца сказаць. Пясняр з кожным днём усё больш і больш слабеў. Бачыла яго ўжо ў ложку. Прасіў, каб паправіла яму падушкі, узяў мяне за руку, прыцягнуў да сябе і сказаў яшчэ некалькі слоў, гарачых, сардэчных, якімі толькі абранцы Божыя прамаўляць умеюць. Гэта была апошняя сустрэча. Пясняр аслабеў, мяне забралі дадому, і толькі ўжо ў верасні дайшла да мяне вестка пра смерць Кандратовіча. Зазванілі званы па ўсёй Літве, застагналі сэрцы. Няшмат каго, можа, родная зямля ўшанавала так сардэчна» [7, с. 134]. Вельмі пранікнёна апісвае Зоф’я Манькоўская свае адчуванні пасля гэтай страты, калі знаёмыя намаўлялі яе напісаць жалобныя радкі, але яна не магла, бо «…усякі гук здаваўся мне слабым, каб выказаць мой жаль, а яго заслугі…» [7, с. 134]. Неўзабаве наступілі грозныя дні, водгук якіх часткова ўвасоблены ў цытаваным ужо яе творы «З жыцця і тугі». Манькоўская пісала ў лісце: «І зноў пайшлі дні і месяцы, але ўжо цяжкія, балесныя… Бура шумела на свеце і ў сэрцы кіпеў вулкан пачуццяў і прагненняў… халодная магіла ўсё засланіла… У адну з такіх хвілінаў, калі пачувалася цалкам самотнаю, неяк на змярканні задумалася і мне здалося, што прамяністая постаць песняра прыплыла да мяне, і я выказала яму сваю тугу і надзеі. Так амаль падсвядома нарадзілася песенька-размова…» [7, с. 134]. Далей паэтка падае тэкст свайго твора «Śpiewak i dziewczyna» («Пясняр і дзяўчына»), які напісала пад гэты настрой як рэканструкцыю ў думках сваёй гутаркі з прымроенай постаццю Сыракомлі. Ушаноўваючы гэтай публікацыяй 175-годдзе з дня нараджэння Зоф’і Манькоўскай і блізкі ўжо 200-гадовы юбілей Уладзіслава Сыракомлі, хацелася звярнуць асаблівую ўвагу на тое высокае духоўнае вымярэнне іх талентаў і творчых стасункаў, якое ставіць на іх творах пячатку неўміручасці і робіць трывалым падмурак нашага нацыянальнага быцця. Далучаем да публікацыі пераклад імяніннага верша Уладзіслава Сыракомлі «Да панны Зоф’і Манькоўскай», пра які ішла гаворка ў артыкуле, а таксама тэматычна звязаны з ім «Гімн да святой Зофіі» з малавядомага паэтычнага цыклу Сыракомлі «Малітвы на абразках». Пераклады зроблены паводле выдання, укладальнікам якога быў менавіта Вінцэсь Каратынскі: Poezye Ludwika Kondratowicza (Władysława Syrokomli). Wydanie zupełne. Na rzecz wdowy i sierot autora. Tom VII. – Warszawa, 1872.
Гл. таксама: Літаратура:
|
|
|