Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…»
Нашы святыні
Размова
з а. Станіславам ПАМЫКАЛАМ SJ размаўляў а. Юзэф АЎГУСТЫН SJ
ЛЮБОЎ І СЛУЖЭННЕ
Каталіцкія місіі
Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР
Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч

ВЯРТАННЕ
Культура
Юбілеі

ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА
Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль

Паэзія

ВЕРШЫ
Проза

САМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Мастацтва

Аксана ДАНІЛЬЧЫК

СЛЯДЫ НА ПЕРШЫМ СНЕЗЕ…

Светлай памяці Яна Чыквіна

Усе мы — дзеці Божыя… Так нечакана выплыла з глыбіняў свядомасці думка сярод першага ў гэтым годзе снегападу, якім неба асвятліла цёмны восеньскі вечар, спачуваючы тым, хто застаўся… Хоць увогуле я думала пра тое, што цяпер перш чым кантактаваць з кімсьці незнаёмым, абавязкова імкнешся высветліць, што чалавек думае пра сённяшнюю сітуацыю ў свеце, і калі вашыя думкі не супадаюць, то імкнешся дыстанцыявацца… Бо паменела даверу да людскога свету, хоць усе мы — так ці інакш — дзеці Божыя…

О, каб убачыць нябачнае бачанне Бога — Як смерць сама ад смерці сваёй памірае! — так хацеў бачыць Ян Чыквін…

Трапілася нядаўна на вочы: «Сапраўднае ні з чым не спрачаецца, ні перад кім не выстаўляецца, нічога нікому не даказвае і нават параўнанняў, якое яно, не мае. Як цвіце дрэва, як свеціць сонца, яно ё с ц ь, і таму, што яно ёсць, ландшафт рэчаіснасці мае змест і аблічча». Гэта Алесь Разанаў. Але сапраўднае несумненна ўсведамляе сваю сапраўднасць, таму і не засяроджваецца на тым, што называюць «марнасцю марнасцяў». Таму і балюча, нават калі прымаеш непазбежную хаду жыцця, калі ў свеце менее сапраўдных творцаў, найперш тых, з якімі звязваюць цёплыя чалавечыя і творчыя стасункі.

Першая кніга Яна Чыквіна знайшла мяне ў «Кнігарні пісьменніка» ў пачатку 1990-х. Гэта была «Кругавая чара», якая зацікавіла не толькі зместам, але і формай, выдатнымі ілюстрацыямі і той асаблівай «эстэтычнай чысцінёй», на якую пазней звярнуў увагу мой калега па аспірантуры Анатоль Раманчук. Тэмай дысертацыі ён абраў творчасць беларускага паэта з Беласточчыны. Аднак мне не хочацца засяроджвацца на навуковых фармулёўках, на вызначэнні асаблівасцяў паэтычнага свету Яна Чыквіна. Пра гэта сказана дастаткова, і будзе сказана яшчэ і яшчэ. Мне хочацца гаварыць пра іншае... Хтосьці слушна сказаў, што не ўсе творцы раўназначныя сваёй творчасці, але ў Яна Чыквіна ўсё гарманічна спалучылася на аднолькава ўзнёслай вышыні.

У Мінску мы сустрэліся толькі адзін раз — у 1998 годзе на абароне доктарскай дысертацыі Галіны Тварановіч, якая ў хуткім часе стала жонкаю паэта, яго надзейным сябрам і паплечніцаю але тады было толькі павярхоўнае знаёмства. Прайшоў час, і ўжо па-сапраўднаму мы пазнаёміліся на беластоцкай зямлі, калі ў 2011 годзе разам з галоўным радэктарам часопіса «Наша вера» Хрысцінай Лялько былі ў гасцях у Літаратурнага аб’яднання «Белавежа». У Супраслі. У Беластоку і Бельску. Пачатак траўня, зямля квітнела, і гэтае падарожжа пакінула незабыўнае ўражанне. Прымалі нас цёпла і гасцінна, асабліва ў Бельску, у доме Яна Чыквіна і Галіны Тварановіч.

Можна камунікаваць наўпрост, а можна — праз тэксты. У мяне шмат кніг спадара Яна, многія — з дарчымі надпісамі. І гэта не толькі паэзія, але і проза, і літаратуразнаўчыя даследаванні. Заўсёды радавалася, калі нашыя тэксты сустракаліся на старонках «Нашай веры».

Ёсць «літаратура сведчання», якая мае пэўныя крытэрыі (крытыкі, напрыклад, называюць Дантэ першым паэтам сведчання, гаворачы пра «Боскую камедыю»), аднак, можа быць, сама паэзія і ёсць сведчаннем у шырокім сэнсе слова. Сведчанне зямнога шляху чалавека і яго пошуку ісціны, яго спасціжэння прысутнасці Бога ў свеце. Вершы — як сведчанне.

Паэзія Яна Чыквіна змушае мяне разважаць над тым, як вершамі мы сведчым сваё існаванне. Свой шлях у неспазнанае.

Калі пачалі выдавацца «Тэрмапілы», мне адразу захацелася стаць іх аўтаркай. Так і адбылося, і я гэтаму вельмі рада. Шкада, што ў гэтым годзе «Тэрмапілы» не выйшлі...

Светла згадваецца канферэнцыя ў Беластоку з нагоды 60-годдзя «Белавежы», на якую былі запрошаны з Беларусі многія вядомыя даследчыкі літаратуры і самі літаратары з Падляшша, шматлікія віншаванні спадара Яна, вялізны букет ружаў ад беларускага консульства...

Рада, што паспрыяла таму, каб вершы Яна Чыквіна з’явіліся ў анталогіі беларускай паэзіі, якая выйшла ў Італіі ў 2020 годзе.

Я быў з травы і з плюскату вады
і з першых безыменных подыхаў вясны,
і з мройных напеваў, і сноў маладых.
За мною беглі мае сляды…

Адышоў у вечнасць выдатны паэт. Адышоў ад нас выдатны чалавек.

           Сляды бягуць па першым лістападаўскім снезе…

Аксана Данільчык


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY