Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…»
Нашы святыні
Размова
з а. Станіславам ПАМЫКАЛАМ SJ размаўляў а. Юзэф АЎГУСТЫН SJ
ЛЮБОЎ І СЛУЖЭННЕ
Каталіцкія місіі
Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР
Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч

ВЯРТАННЕ
Культура
Юбілеі

ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА
Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль

Паэзія

ВЕРШЫ
Проза

САМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Мастацтва

Паліна ГРЫБ

ТАЯМНІЦЫ ЖАНОЧАГА РОДУ

Калі выйдзе гэты нумар нашага часопіса, экспанаты выставы «Жаночы род» у Нацыянальным мастацкім музеі «разыдуцца» па залах і запасніках, але думкі, пададзеныя праз творы беларускага прафесійнага і народнага мастацтва ХХ–ХХІ стагоддзяў куратарам Дзмітрыем Салодкім, будуць і надалей пілігрымаваць у прасторы. Хіба Каляды не цудоўны час, каб яшчэ раз задумацца над тым, хто яна і якая яна — Жанчына?

Мне падаеццца, што Адвэнт – найбольш «жаночы» перыяд літургічнага году, бо мы разам з Марыяй нібы праходзім апошні месяц Яе цяжарнасці, пражываем разам з Ёю Яе хваляванні, супольна чуваем у чаканні на Раратніх святых Імшах. Гэта вельмі кранальны час, які спрыяе не толькі таму, каб яшчэ раз асэнсаваць ролю Божай Маці ў гісторыі Збаўлення, але і каб увогуле паразважаць над ролямі жанчыны ў гісторыі, абапіраючыся на матэрыялы выставы «Жаночы род».

Жанчына-сведка. Адкрывала выставу карціна Гаўрылы Вашчанкі «Сведкі», на якой пажылыя жанчыны ў полі ўвасабляюць сабою вобразы тых, хто назірае за жыццём, захоўвае яго сэнсы і гісторыю, перадаючы далей наступным пакаленням. Так, жанчыны амаль не хадзілі ваяваць, не палявалі на дзікіх звяроў, але яны спрадвеку былі тымі, хто назапашваў веды пра сусвет і перадаваў іх далей. Цікавым падмацаваннем гэтай думкі з’яўляецца гісторыя сясцёр эўхарыстак, якія перажылі страшную росіцкую трагедыю ў лютым 1943 года. Манашкі, ведаючы, што вернікі і святары будуць спаленыя, хацелі застацца з імі і ахвяраваць сваё жыццё, але кс. Антоні Ляшчэвіч дамовіўся з немцамі, каб сясцёр вывезлі з Росіцы, сказаўшы ім на развітанне: «Павінны застацца людзі, якія потым змогуць распавесці іншым пра ўсё, што адбывалася». Цікава, што роля сведкаў выконваецца жанчынамі і ў самыя важныя і загадкавыя моманты Новага Запавету: так, Марыя робіцца сведкаю уцелаўлення Бога, а жанчыны, якія прыйшлі намасціць цела Езуса, абвяшчаюць свету Яго Уваскрасенне.

Жанчына-гаспадыня. Адной з наймацнейшых працаў, прадстаўленых на выставе, была «Беларуска з сухім галлём» Аляксандра Кішчанкі. На ёй жанчына цягне на плячах ворах галля, прарываючыся праз касмічныя віхуры, нібы адкідваючы планеты. Здаецца, што мех за яе спінаю палае, але яна, не зважаючы на гэта, цягне яго далей. У гэтым палаючым галлі нібы ўкрытыя ўсё тыя штодзённыя справы, якія жанчына як крыж цягне праз гісторыю жыцця свайго і сваёй сям’і. У самыя складаныя часы, колькі б ні было вакол болю і жаху, заўсёды базавымі патрэбамі чалавека былі ежа, цяпло і спакой, само існаванне якіх часам было незаўважным подзвігам чыёйсьці жонкі, мамы, бабулі. Цікава, што першы цуд Езуса адбываецца ў зусім простым побытавым моманце, калі Марыя, відавочна добрая гаспадыня, заўважае, што скончылася віно і просіць свайго Сына задбаць аб гэтым.

   

Жанчына-захавальніца. Бадай што самай кранальнай гісторыяй, якую можна было пачуць на выставе, была гісторыя напісання абраза Божай Маці XVII стагоддзя, якую «справіла раба Божія Ульяна за свое душевное спокойствіе і за преставившихся детей своіх Марии, Іоана и Стефана». Па просьбе несуцешнай маці, побач з Багародзіцай, якая трымае на руках Езуса, на абразе выяўленыя два хлопчыкі і дзяўчынка. Такім чынам жанчына даручыла апецы Божай Маці сваіх памерлых дзяцей. Хто ж захавае і абароніць лепш за тую, якой Бог даверыў свайго Сына? Амаль супергеройская здольнасць жанчыны захоўваць жыццё ва ўсіх яго праявах дапамагла некалі нашым бабулям і прабабулям пранесці праз цяжкія гады камунізму веру, каб потым у зруйнаваныя касцёлы і цэрквы вярталіся духоўныя і матэрыяльныя скарбы, каб у іх напаўзнішчаных сценах заўсёды гучалі старажытныя спевы праслаўлення.

Жанчына-сад. Светлае ўражанне на выставе стварала карціна «Куст ружаў» вядомага беларускага мастака Міхаіла Савіцкага. На ёй жанчыны рознага веку побач з ружавым кустом нібыта ўтвараюць квітнеючы сад, дзе дзяцінства і маладосць падобныя да вясновых кветак, а сталасць увасабляе апошняе перамяненне лістоты перад зімою. Недалёка ад гэтай карціны былі расцеленыя даматканыя посцілкі — на чорным фоне яркія кветкі. Так і ў жыцці, у чорныя-чорныя часіны жанчына-сад, жанчына-кветка ўсё роўна расцвітае, насуперак нягодам напаўняючы прастору вакол сябе духмяным водарам надзеі…

Марыя – цудоўная кветка Надзеі — асаблівым чынам напаўняе перыяд Адвэнту пяшчотай і супакоем, а мы ў сваю чаргу далучаемся да Яе благаслаўлёнага чакання, спасцігаючы таямніцу ролі Жанчыны ў гісторыі Збаўлення.

Паліна Грыб.
Фота Сяргей Ждановіч.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY