Да панны Зоф’і Манькоўскай
Сённяшні дзень выглядае іначай,
Тлум кірмашовы паўсюдна вітае.
Людзей пытаюся, што гэта значыць?
«Зоф’я святая!»
Там… маршыруюць рыцары важна,
Кожны, як кій праглынуў, выглядае;
Адзін другому з усмешкаю кажа:
«Зоф’я святая!»
Ў катэдры з працягнутаю далоняй
Кабеціна1 пацеры мармытае…
«Скажы, іх мосця, што за свята сёння?» —
«Зоф’я святая!»
Дзіўна мне… Гляну, што каляндар піша,
Ў друкарні Ромма адбіты… Гартаю…
«Vivat!» — усклікну, — ў сённяшняй афішы:
«Зоф’я святая!»
Пегасы!.. Музы!.. А перш за ўсё трутні!
Момант для верша нам тут выпадае!..
Няхай Апалон настроіць мне лютню!
Зоф’я святая!
Дзе ж музы?.. З кошыкам збеглі на рынак,
Апалон піва жлукціць, аж ікае;
Ці ж мне прабачыць недахопы рыфмак
Зоф’я святая?
Пегас не дома… Ляскарыс2 пазычыў,
Гайсаць хоча вершам, пакуль спрыяе
Вясна… А мне хто радочкі палічыць?..
«Зоф’я святая!»
Дык сам сабе ўжо папросту кажу я:
Пішы, як можаш, бо час прамінае;
Зычэнне добрае ў небе пачуе
Зоф’я святая!
Глянь, імянінніца! Май неба зорыць,
Зеленню дрэвы і кветкі ўбірае;
Гэткай красой і цябе хай адорыць
Зоф’я святая!
Хмарнае неба… Бо наш лёс пануры,
Але ж аблокі сонца прабівае:
Маліся, каб сціхлі над намі буры,
Зоф’я святая!
Малітва чыстага сэрца цуд чыніць,
Джала змяі ядавітай ламае;
Хай табе дасць дачакаць той хвіліны
Зоф’я святая.
Дар, які маеш ты ласкаю Божай,
Песняю хай родны край праслаўляе;
Хай табе песні складаць дапаможа
Зоф’я святая.
Мужа і грошай, таго ўсяго ўрэшце,
Што шчасцем лічыцца, зычу таксама.
І жыві доўга — гадоў гэтак з дзвесце,
О, Зоф’я-панна!
15 мая 1862 г., Вільня
|