|
|
№
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ
Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…» Нашы святыні
Размова
Каталіцкія місіі
Алесь СІМАКОЎ
«ІНДЗЕЙСКАЯ СПРАВА» Ў ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ Адлюстраванне тэмы каталіцкіх місій сярод індзейцаў у даследчай перапісцы Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч
Культура
Юбілеі
Анатоль БРУСЕВІЧ
ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль Паэзія
Аксана ДАНІЛЬЧЫКВЕРШЫ Проза
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮКСАМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Алесь СІМАКОЎ
«ІНДЗЕЙСКАЯ СПРАВА» Ў ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХАдлюстраванне тэмы каталіцкіх місій сярод індзейцаў у даследчай перапісцы
Пачаўшы ў 1984 г. збор звестак, спробы філасофскага і паліталагічнага асэнсавання, арганізацыйнага і інфармацыйнага ўладкавання цэнтра па беларуска-індзейскіх сувязях у Гомелі, мы вялі вялікую перапіску.
I. Пытанні да Вітаўта Кіпеля З 79-ці пытанняў, адпраўленых В. Кіпелю, 6 тычыліся каталіцызму (арыгінальныя нумары — у дужках): 1 (3) кантакты «беларускіх езуітаў» з індзейцамі; 2 (19) магчымае з’яўленне індзейскай тэмы ў кнізе а. Тарасевіча; 3 (21) а. Расадоўскі ў Сірак’юсе; 4 (54) памятны крыж у Мідландзе; 5 (66) Панна Марыя і а. Вайцэшчук; 6 (67) месцы ў Пенсільваніі, звязаныя з а. Смітам (Галіцыным).
1. «Беларускія езуіты» сярод індзейцаў
3. Ці сапраўды, як сцвярджае С. Заленскі ў «Езуітах у Польшчы», «беларускія езуіты» Idzi Henry (так!) і Jan Maleve (так!) накіраваны на місіянерскую працу сярод індзейцаў? Ці можна лічыць «беларускім езуітам» (з прычыны яго вучобы ў езуітаў на Беларусі) Дзм. Галіцына? ІС БІТ [Інфармацыйная служба Беларуска-індзейскага таварыства] 1989.12.26. У сваім адказе (06.02.1990) Кіпель расказаў пра сваю гісторыю з езуітамі, але адносна сутнасці нашага пытання абмежаваўся агульнай фразай з дапушчэннем: «Бясспрэчна, што езуіты хрысьцілі індзейцаў». Ёй папярэднічала, пасля многіх цікавых назіранняў і разважанняў, такое: «Асабліва цікава было б устанавіць, ці Дзеражынскі быў знаёмы з Янам Баршчэўскім — беларускім паэтам, бо яны ў Полацкай Акадэміі былі ў той самы час». Трэба адрозніваць езуітаў беларусаў і «беларускіх езуітаў» (супольнасць езуітаў з усходняй Беларусі, якая ўтварылася ў перыяд, калі членам забароненага Ватыканам ордэну дазволілі існаваць толькі ў Расіі і Прусіі). Этнічныя беларусы — Н. Корсак, Ф. Дзеражынскі, Б. Корвін-Крукоўскі — спецыяльна ў індзейскія місіі не накіроўваліся, у адрозненне ад двух, згаданых у пытанні з памылкамі ў імёнах (Малевэ меў брата, які патануў у Волзе, але ён вядомы пад імем Мельхіёр), якія за акіянам пачалі называцца Джонам Анры або Генры і Фрэнсісам Малевэ. Каталіцызм меў малы поспех, напрыклад, сярод оседжаў, як сведчыць кніга Уіларда Ролінгса «Тыя, на каго не падзейнічала Евангелле: супраціўленне оседжаў хрысціянскаму ўварванню, 1673–1906: культурная перамога» (2004), якая зафіксавана ў біябібліяграфіі а. Дзеражынскага. Яшчэ адной задумай мэрылендскіх езуітаў у «індзейскай справе», якая нават не пачала рэалізоўвацца, была місія ў Мічыгане: адпраўку туды нават аднаго місіянера адхілілі нібыта па той жа прычыне, што і развіццё місіі ў Ліберыі, а менавіта з-за малалікасці паствы, якую ўдалося сабраць. Але трэба памятаць пра тое, што легендарны а. Дэ Смет у першы перыяд ажыццяўляў свае подзвігі, заваёўваў давер многіх плямёнаў Захаду над непасрэдным кіраўніцтвам Францішка Дзеражынскага.
2. Кс. Ян Тарасевіч і індзейцы
19. Ці ёсць матэрыял па гісторыі і геаграфіі Амерыкі, згадкі пра індзейцаў у публікацыях кс. Тарасевіча (уключаючы кнігу «На Бацькаўшчыну. Апісанне падарожжа з Амерыкі і назад» (Вільня, 1936)? ІС БІТ 1989.12.26. Пытанне застаецца адкрытым, але ў часопісах «Białoruskie Zeszyty Historyczne» (1997) і «Наша вера» (2000, бел. пераклад) з’явіўся артыкул, які звязвае Янку Тарасевіча з індзейцамі. Вось цытаваны ў ім тэкст, які быў надрукаваны ў чыкагскім часопісе ў 1963 г.: «Пасьля ўрачыстай прафэсыі (прысягі), якую ён злажыў у 1943 годзе, ён паў духам. Падарвала гэта і ягонае здароўе. Ён пачуўся, як вырванае старое дзерава ды перасаджанае на неспрыяльным грунце. Ён нават не жадаў выходзіць па-за муры манастыру. На прымусовых прагулках ён зь вялікімі труднасьцямі вучыўся ангельскай мовы, якая так здольнаму да моваў чалавеку, на дзіва, ішла туга. Часамі вылятаў як птушка з манастыру на місіі да індыйскіх рэзэрватаў, дзе крыху аджываў духова. Не прызвычаены да манаскага жыцьця, адчуваў сябе дрэнным манахам. Жыў успамінамі аб Беларусі і аб сваёй працы ў Даўнарах». Прыпісванне згадкі Янкам Тарасевічам індзейцаў у артыкуле 1963 г. пра а. Язэпа (Атанаса) Рэшаця, падпісаным «В. Карасэвіч», — памылковае. Гэта здарылася ў выніку няслушнага раскрыцця аўтару, В. Харужаму, псеўданіма «В. Карасэвіч» Ю. Туронкам — насамрэч гэта псеўданім Вацлава Пануцэвіча. Але Пануцэвіч мог браць звесткі пра Рэшаця і ад Яна Тарасевіча і яго пляменніка Уладзіміра — абодва бэнэдыктыны, звязаныя з кляштарам у Лайле каля Чыкага, як і Рэшаць. Тарасевічы значна перажылі Рэшаця і таму не маглі не ведаць пра яго місіі да індзейцаў, калі не далучаліся да іх самі. Не хацеў выходзіць з кляштара, бо не любіў гарадскога жыцця, а адчуваў сябе лепш, калі выязджаў з кляштара — але ў індзейскія раёны… Пераклад В. Харужага на польскую мову пры цытаванні ў «BZH» крыху вольны, адрозненне прынамсі звязанае са зніклай птушкай: «Czasami opuszczał klasztor, aby prowadzić działalność misyjną wśród Indian mieszkających w rezerwatach, gdzie nieco odżywał duchowo». Зваротны пераклад (Д. Бурнос) на беларускую мову праз пасрэдніцтва польскай: «Часам толькі пакідаў кляштар — на місіі да індзейцаў у суседняй рэзэрвацыі, толькі там ажываў духам». Знікла птушка, але з’явілася ідэя пра тое, што рэзервацыі знаходзяцца блізка, па суседстве, у той час як у штаце Ілінойс няма індзейскіх рэзервацый. Таксама мы маем пераклад па нашай просьбе на англійскую мову Яна Максімюка: «Sometimes, like a bird, he flew out of the abbey on missions to Indian reservations where he revived himself a little spiritually».
3. Расадоўскі і іракезы
21. Ці ўдзельнічаў францішканін кс. А. Расадоўскі (родам з Вільні або Навагрудчыны) у місіянерскай дзейнасці сярод індзейцаў у час жыцця ў Сірак’юзе, Нью-Ёрку? ІС БІТ 1990.03.16. Айцец Антоній Расадоўскі вылучыўся сярод іншых місіянераў, якіх, вядома, адносілі да польскіх, нягледзячы на паходжанне з «Літвы», блізкасцю — у розных формах — да індзейцаў ажно трох рэгіёнаў. Акрамя ўжо вядомых па нашых публікацыях эпізодаў, звязаных з індзейцамі Фларыды і Тэхаса, звяртае ўвагу апошні ў яго жыцці — 1860–1865 гг., якія правёў, займаючыся выкладаннем у навіцыяце францішканаў, у Сірак’юзе, горадзе ў штаце Нью-Ёрк, побач з якім знаходзіцца рэзервацыя іракезаў анандага (з аднайменнай назвай — Анандага).
4. Беларусы ў Гуроніі
54. Які поўны тэкст на беларускім памятным Крыжы ў Мідландзе, Антарыё? Дзе дакладна знаходзіцца «Святыня Пакутнікаў»? Як праходзіла цырымонія асвячэння? Хто ініцыятар? У якіх гістарычных крыніцах апісваюцца падзеі, звязаныя з забойствам місіянераў? Ці быў гэта адзіны зварот да беларускай тэматыкі фатографа Л. К. Мауры? ІС БІТ 1990.05.02. Езуіты ў Гуроніі і беларусы, якія паставілі крыж на месцы забойства місіянераў, — пытанне, якое часта з’яўляецца ў нашай перапісцы. Ёсць вельмі выразнае, рэзкае выказванне з ліста Сакрата Яновіча ад 02.05.1989 г., у якім ён практычна стаў на бок індзейцаў, «адпомсту французаў» за забойства некалькіх езуітаў назваў «лакальным генацыдам», г.зн. неадэкватна жорсткай. Пры гэтым ён спаслаўся на неназваных «канадцаў і эмігрантаў», а ўвогуле напісаў: «Больш я не цікавіўся, не было часу; я ж падарожнічаў, а не вывучаў». У выніку нашай спробы вывучыць, прыйшоў каментарый ад адміністрацыі Гістарычных паркаў Гуроніі (12.06.1991, бібліятэкар рэсурснага цэнтра С. Садзі).
5. Беларусы ў Панне Марыі, Тэхас
66. Беларус ці ўкраінец кс. Антоні Вайцэш(ч?)ук, спадарожнік Ст. Іцека (Iciek) у аўтамабільнай паездцы па поўдню ЗША (уключаючы польскія пасяленні ў Тэхасе і Мексіцы), апісаныя ў кнізе апошняга? ІС БІТ 1990.05.02. Падарожжа кс. Антонія Вайцэшчука ў амерыкана-мексіканскім памежжы належыць аднесці да дасягненняў украінцаў, улічваючы звесткі з geni.com, што Father Anthony Wojcieszczuk (1884–1947) нарадзіўся ў г. Збараж, Галіцыя (цяпер Цярнопальская вобласць). Але ён усё яшчэ цікавы як дзеяч, які мог рэфлексаваць пра ўзаемаадносіны з індзейцамі прыхаджанаў а. Расадоўскага, уваскрасенца з беларускімі каранямі Адольфа Баканоўскага ў Панне Марыі, Бандэры і іншых польскіх калоніях.
6. Па слядах Аўгустына Сміта (Галіцына)
67. Ці жывуць беларусы ў графстве Камбрыя, у раёне Алтуны і ў мястэчку Галіцын (Gallitzin), Пенсільванія (бліжэйшыя гарады, дзе ёсць беларусы з вядомымі адрасамі (напрыклад, Карлайл і іншыя ў заходняй Пенсільваніі))? Ці існуе дагэтуль у штаце населены пункт Ларэта (Loretto), заснаваны А. Смітам (Галіцыным)? ІC БІТ 1990.05.10. У Ларэта знаходзіцца Універсітэт святога Францішка — «старэйшы каталіцка-францішканскі каледж» у краіне. Паколькі роля Галіцына другарадная ў нашым даследаванні, то мы пакідаем пытанне пра беларусаў для іншых даследчыкаў і каментатараў.
II. Пытанні да кс. Уладзіслава Чарняўскага
БЕЛАРУСКА-ІНДЗЕЙСКАЕ ТАВАРЫСТВА […] Шаноўны Айцец Уладзіслаў! Мы даўно збіраліся звярнуцца да Вас з пытаннямі, якія маюць адносіны да ўсіх беларусаў католікаў; Вы, як адзін з іх душпастыраў, магчыма, будзеце кампетэнтным і знойдзеце час адказаць нам. Усе мы, наколькі я ведаю, няверуючыя (хаця, напрыклад, адзін член Савета цікавіцца рэлігійнай літаратурай), але з адпаведнай праблематыкай сутыкаемся і маем нават уласную камісію па гісторыі беларускіх езуітаў. Пасля выхаду з БІТ аднаго нашага індзеяніста мы страцілі прамыя кантакты са святарамі беларускага замежжа, але працягваем перапіску з праваслаўнымі і іншымі хрысціянскімі вернікамі з ліку карэнных жыхароў Амерыкі. Нам вельмі важна было б ведаць, як Вы ставіцеся да:
Ці падтрымліваеце Вы сувязі са святарамі ў амерыканскіх краінах? Ці вядомы Вам факты сучаснай місіянерскай дзейнасці беларусаў сярод «дзікіх» народаў і ўвогуле на іншых кантынентах (бліжэйшы «суседні» прыклад — з кнігі «Я — місіянер» двух літоўцаў; ці чыталі яе?)? Будзем Вам вельмі ўдзячны за адказ.
3 павагай (Заключным пытанням з ліста мы цяпер прысвоілі нумары 7 і 8.)
1. Канкіста Амерыкі і хрысціянізацыя індзейцаў Non requiramus Indias Orientis et Occidentis, est vera India Lituania et Septentrio. Іншымі словамі, Беларусь як «другія Індыі». Гэты выраз з ліста Пятра Скаргі Лаўрэнцію Маджыа са зборніка яго лістоў 1912 г. і ў кнізе пра Скаргу 1913 г.; ён шматразова цытаваўся, найчасцей на польскай і італьянскай, але таксама на англійскай, нямецкай, чэшскай і іншых мовах. Трэба заўважыць, што ў Я. Тазбіра і некаторых іншых паміж двума апошнімі словамі няма «et». Фраза мела водгук і ў беларускіх аўтараў. Я. Парэцкі пракаментаваў нам гэтае выказванне, звязаўшы яго з цытатай, якая належыць іншаму палемісту: «С. Старавольскі ў сваёй «Гаворцы супраць нядобразычліўцаў Польшчы», выказаўшы меркаванне: «Не варта пісаць пра Літву як пра Індыю, якая да гэтага часу не ведае Хрыста і замыкаецца ў вельмі аддаленых межах Амерыкі», меў на ўвазе настроі езуітаў, якія абвяшчалі вуснамі П. Скаргі: «Няма неабходнасці адпраўляцца ў Індыі — усходнюю або заходнюю — Літва і Поўнач — сапраўдная Індыя». У адрозненне ад ваяўнічай каталіцкай рэакцыі, прыхільнікі пратэстантызму, падобныя да С. Рысінскага, высока шанавалі даследаванні культурных дасягненняў усіх вядомых народаў свету» (07.01.1990). Безумоўна, гэтая ацэнка не ўлічвае той крытыкі. якая працягваецца і ў адрас пратэстантаў, сярод іншых канфесій, з-за іх абыходжання, напрыклад, з вучнямі індзейскіх школаў. І ўсё ж гэта адносілася да больш спецыфічнай «контрпрапаганды» супраць уяўнай «нецывілізаванасці» і «нехрысціянізаванасці». Тазбір прыводзіць згаданы пратэст абуранага С. Старавольскага («Quasі de Іndіa, quae Chrіstum ad huc nescіat, et remotіssіmus Amerіcae fіnіbus claudatur») у сувязі з выказанымі некаторымі заходнееўрапейскімі аўтарамі думкамі пра схільнасць жыхароў Рэчы Паспалітай да «гвалтаў і сваволі», распусты ў шлюбе, у прыватнасці, афіцыйнай згоды мужоў на тое, каб «літоўскія кабеты» мелі каханкаў.
2. Айцец Барталамэ дэ лас Касас (Правільны націск у імені — на канцы — Барталамэ. Мы ўжываем адну з традыцыйных кірылічных формаў яго прозвішча «Лас Касас», хаця карэктнае напісанне «дэ лас Касас».) У Вікіпедыі, у т.л. беларускай, ёсць звесткі пра беатыфікацыю Лас Касаса, у прыватнасці, пра яго статус «слугі Божага» ў Мексіцы. У 2011 г. у «Нашай веры» за ўклад у абарону правоў індзейцаў згадаў імя «Баўтрамея дэ Лас Касаса» разам з імем Антонія з Мантэсіна ў артыкуле пра дамініканаў Ю. Лаўрык. Цікавай старонкай, якая адлюстроўвае веданне і ацэнку Лас Касаса ў беларускай вёсцы, — неаднаразовы зварот да ідэі перакладу «Лас Касаса» з іспанскай на беларускую мову ў лістах да нас Міколы Бусла, настаўніка англійскай мовы Дуброўскай сярэдняй школы ў Светлагорскім раёне (пазней перабраўся ў Пружынішчы Акцябрскага раёна; ён таксама іспаніст і аўтар перакладных слоўнікаў). Гэта можна разглядаць і як працяг шматвяковай міжканфесійнай палемікі пра каланізацыю і хрысціянізацыю Амерыкі, бо М. Бусел з сям’і баптыстаў. Ён пісаў 08.04.1988 г.: «Асабіста ў мяне маючае адбыцца «святкаванне» 500-годдзя «адкрыцця» Амерыкі выклікае трывогу і агіду: нешта блюзнерскае і кашчунскае ёсць у гэтым. <...> Было б цудоўна мець да гэтай даты (усяго праз тры гады) на беларускай мове «Brevísima relación de la destrucción de las Indias» бацькі Лас Касаса. (Гісторыя разбурэння Індый.) Потым выдаць (у далейшым я маю на ўвазе толькі па-беларуску!) Гарсіласа дэ ла Вэга «Сапраўдныя каментарыі аб Інках» — вельмі цікавы твор. Ну і іншыя творы — пашырыўшы сферу ўжывання нашай мовы і зрабіўшы добрую справу». Яго ўдзел «пакуль можа быць вельмі абмежаваны, бо, як Вам вядома, я займаюся складаннем іспанска-беларускага слоўніка, а гэта займае ўвесь так зв. „вольны“ час». 12.07.1988: «Перачытаў «Кароткае паведамленне аб разбурэнні Індый» Лас Касаса. «З кожнай старонкі кроў». 27.03.1989: «Да 500-годдзя «адкрыцця» Амерыкі мару перакласці «Кароткую гісторыю разбурэння Індыяй» бацькі Лас Касаса. (Калі толькі слоўнік дазволіць.)». 25.03.1991: «Да 500-годдзьзя кантакту дзвюх цывілізацый ніяк не рыхтуюся. Каб меў пад рукой «Кароткую гісторыю разбурэння Індый», то пераклаў бы, і нават хачу, але не маю. Замест гэтага склаў рэестр беларуска-замежнага слоўніка на 19 000, а цяпер раблю італьянска-беларускі слоўнічак тысяч на 9 і праз пару месяцаў закончу».
3. Езуіты з Беларусі — адраджэнцы ордэну ў 3ША Параўнаўшы, да Лас Касаса можна ў выніку нават у нечым і прыраўняць Дзеражынскага, як станоўчы персанаж, хоць яго і дакаралі ў некаторай арганізацыйнай пасіўнасці, і ён не мог прадухіляць скандалы, якія ўзнікалі сярод яго падначаленых. Ён выступаў супраць рабства, у т.л. у рамках езуіцкіх структураў — Мэрылендская місія, якую ён узначальваў, сама была — як даніна часу — рабаўладальніцкай (Лас Касас пазней перагледзеў сваю ідэю ўвозіць неграў дзеля паляпшэння долі індзейцаў). Айцом Францішкам Дзеражынскім, безумоўна, можна ганарыцца як адным з дзесяці самых значных беларусаў, паводле дасягненняў і ўплыву, у краінах Амерыкі.
4. Гісторыя абраза Панны Марыі Гвадэлупскай (Кодань) Гэтае пытанне адначасова служыць пераходам да пытання пра сінкрэтызм (II.5), але найперш служыць напамінам беларусам католікам пра Мексіку і раннія этапы яе хрысціянізацыі. Адбываецца блытаніна двух абразоў — аднаго, звязанага з Мексікай, а другога — з Іспаніяй, але мы рана сустрэлі якраз выпадак, калі традыцыя Панны Марыі з Гвадэлупэ, скрадзенай у Рыме М. Сапегам, звязвалася з ваколіцамі Мехіка. Яна ўзнікла, у прыватнасці для нас, з моманту знаёмства з артыкулам кс. В. Княблеўскага ў «Тыгодніку ілюстраваным» (O Tej, co Jasnej broni Częstochowy i w Ostrej świeci Bramie, 1927, № 8), дзе мексіканская гісторыя падаецца як частка, як прадгісторыя абраза, які набыў неадназначную вядомасць пасля перамяшчэння ў Кодань.
5. Сінкрэтызм (паганства-хрысціянства); Дзяды Гэтая праблема дастаткова шырокая і патрабуе асобнага шырокага разгляду. У нашай перапісцы мы сустракаем прыклады, калі асобы сумяшчаюць хрысціянскія і паганскія погляды, гэта і індзейцы, і індзеяністы. Найбліжэйшы прыклад прама ў гэтым артыкуле — малады сіу Эндру Айран Шэл (працуе на місію, але практыкуе і сваю традыцыйную веру). Адзін з індзеяністаў аматараў, Я. Курбатаў (Чырвоны Воўк), беларус праз маці, стаў лютэранскім пастарам у Вялікіх Луках.
6. Іосіф Грыгулевіч і гісторыя каталіцызму ў Лацінскай Амерыцы Караім з Літвы не трапляе ў катэгорыю беларусаў, ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, якія ўдзельнічалі ў беларуска-індзейскіх кантактах. Таксама ён не даследаваў удзел католікаў з тэрыторыі былога СССР у місійнай дзейнасці ў Амерыцы, хоць напісаў прадмову для белетрызаваных успамінаў літоўскага салезіяніна А. Гірскіса. Тым не менш яго спадчына важная. У Гомелі сабрана значная частка яго працаў, актыўна атэістычных, але галоўнае — інфарматыўных. Сучасныя беларускія даследчыкі каталіцызму ў Лацінскай Амерыцы: У. Ларыёнаў, В. Забельнікава (Метисация и религиозный синкретизм как факторы формирования латиноамериканской цивилизации, 2007; Народный католицизм и афрохристианские культы Латинской Америки, 2006; Подходы российских исследователей к проблеме религиозного синкретизма в Латинской Америке, 2007; Сущность синкретической цивилизации (на примере Латинской Америки), 2003), Л. Клімуць (Индейцы и идея единого Бога: ответ коренного населения на христианизацию Америки, 2010), Я. Красулін (Каталіцкая Царква і адкрыццё Новага свету: праблема асэнсавання, 2010). Пра езуітаў і індзейцаў пісалі: А. Багдановіч (Да пытання аб дзейнасці езуітаў па ўкараненню тэакратычнага камунізму ў сацыяльную практыку, 2014), А. Дзіханава-Унукоўская (Прастора, час і выратаванне: значэнне заакіянскіх місій для ордэна езуітаў у XVI—XVII стст., 2012). Мы мелі прыемнасць перапіскі з выхадцам з тэрыторыі былога ВКЛ Р. Урублеўскім (Лодзь), які адшукаў згадкі пра Амерыку ў выступленнях 12-ці некаталіцкіх віленскіх палемістаў (у час знаходжання ў Вільні рабілі «амерыканскія» спасылкі, у прыватнасці, А. Волан, Я. Ласіцкі і А. Хшанстоўскі).
7. Сувязі са святарамі ў амерыканскіх краінах З больш чым 2800 нашых адрасатаў — мноства католікаў і дзясяткі духоўных асобаў Касцёла. З іх у даэлектронны перыяд былі лісты толькі тром святарам у Беларусі. Айцу Здзіславу Пікулу SDB мы напісалі 20.08.1991 г., калі ён яшчэ служыў у в. Вараняны Астравецкага раёна, айцу Казіміру Жылісу SJ — 16.07.1998 г. у в. Індура Гродзенскага раёна. «У пачатку чэрвеня 1997 г. я прыязджаў у Гродна на канферэнцыю, наведаў многія храмы, у тым ліку і Фарны касцёл. Даведаўся [тады ў апошнім ад святара, у якога таксама пытаўся пра Амерыку-«індыянку» ў інтэр’еры] аб тым, што Вы, верагодна, першы член Ордэна езуітаў, які працуе ў Беларусі пасля вайны, і вельмі ўзрадаваўся магчымасці напісаць Вам. Я ўжо больш за дзесяць гадоў цікаўлюся сувязямі паміж беларускімі і амерыканскімі езуітамі. Сабраў даволі вялікі масіў інфармацыі, стараюся фіксаваць усе згадкі пра езуітаў у беларускай друку. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б Вы крыху распавялі пра сябе і Вашу службу. Магчыма, за мінулы час у рэспубліцы з’явіліся іншыя члены Ордэна?» Да кс. Пікулы: «Даведаліся пра Вас з артыкула ў «Знамени юности» (17.08.1991). Гэта вельмі ўражальна — як у тыя далёкія гады, калі ў Беларусь прыязджалі езуіты з Амерыкі, а потым з Беларускай правінцыі адпраўляліся адраджаць Ордэн у ЗША. Просім Вас распавесці пра сябе, Вашу працу ў Паўднёвай Амерыцы і ўзаемаадносінах з індзейцамі. Прабачыце, што адцягваем Вас ад непасрэдных спраў у парафіі, але мы лічым, што таксама заслугоўваем Вашай увагі». Ужо як пробашч дзятлаўскай парафіі ён апісаў свой вопыт працяглага знаходжання сярод індзейцаў у Балівіі, а таксама ў Эквадоры (2014, раённая газета «Перамога», падрыхтавана А. Дуброўскай). Па езуіцкай праграме выніковыя запыты рабіліся ў Латвію, Паўночную Асецію. Гэта было звязана з тым, што «беларускія езуіты» не абмяжоўваліся «пецярбургскім», спрабавалі латышскі, украінскі, саратаўскі і каўказскі напрамкі, яны дабраліся аж да Сібіры, што пазнейшы гісторык езуіцкіх справаў у Расіі святар М. Марошкін пракаментаваў так: «Холад сібірскі не мог астудзіць езуіцкага запалу і руплівасці да прапаганды: езуіт застаецца верны сваім прынцыпам і ў Чыце, і ў Нерчынску, і ў Бразіліі, і ў Мексіцы». Якраз такія згадкі і паралелі мы і шукалі ў сувязі з гэтым усходнім кірункам. Нашы кантакты сярод езуітаў уключаюць прадстаўнікоў ордэну не толькі ў Амерыцы — ЗША, Канадзе, Перу, Бразіліі, але і ў Польшчы і Заходняй Еўропе, Азіі і Афрыцы (Германія, Партугалія, Тайвань, Камерун і інш.). Рэйманд Буцька, або Буцько (Bucko; беларуска-ўкраінскае прозвішча) заслужыў прызнанне сваёй работай сярод лакота і тым, што ўзначальваў «карэнныя даследаванні» ў езуіцкім Крэйтанскім універсітэце ў Небрасцы. Правінцыял віцэ-правінцыі Баія ў Бразіліі Ж. П. Карнада даслаў нам кнігу нямецкага, бразільскага, партугальскага (у сувязі з доўгім зняволеннем) і беларускага езуіта А. Экарта (Memórias de um Jesuíta prisioneiro de Pombal, 1987). Пра Экарта нас інфармавалі яго біёграф А. Лопес (Лісабон) і архівіст Паўночна-Германскай правінцыі Э. Бюкен (Кёльн). Дж. Фогарці, архівіст Мэрылендскай правінцыі, даслаў даведкі пра згадкі Малевэ і Анры ў іх дакументах. Некаторыя іншыя езуіты, чыёй ветлівасцю мы карысталіся: Э. дэ Луазі (Дуала), Р. Уайлд (Чыкага), Дж. Фарэл (Мідланд), А. Франка Памарэс (Ліма), А. Б. Чанг Ч’Ун-Шэн (Тайбэй). Мы звязваліся з даследчыцай хрысціянізацыі апачаў Г. Стокел, жыхаркай Туларосы паблізу ад рэзервацыі апачаў Мескалера, членам рэзервацыйнай кангрэгацыі св. Іосіфа. Загалоўкі некаторых з яе кніг гучаць вельмі драматычна, адлюстроўваючы сапраўдную драму сутыкнення культур: Survival of the Spirit: Chiricahua Apaches in Captivity (1993); On the Bloody Road to Jesus: Christianity and the Chiricahua Apaches (2004); Salvation through Slavery: Chiricahua Apaches and Priests on the Spanish Colonial Frontier (2008). Мы былі ў кантакце з даследчыкамі каталіцкіх касцёльных школаў. Індзейскую моладзь, звязаную з місіямі, прадстаўляў у нашай перапісцы Айран Шэл, 26-гадовы студэнт каледжа (школа пры Паўднёва-Заходнім індзейскім політэхнічным інстытуце). Ён адгукнуўся на нашу аб’яву ў бюлетэні індзейцаў у Су-Сіці (Аява; горад, вядомы сваёю вялікаю калоніяй выхадцаў з Капыльскай воласці), напісаўшы 09.08.1990 г. з Сент-Фрэнсіса ў рэзервацыі бруле-сіу (лакота) Роўзбад у Паўднёвай Дакоце, дзе меў сталае жыхарства. «На дадзены момант я працую ў невялікай друкарні пад назвай Little Sioux пры каталіцкім касцёле. Я тэхнік-графік. Я займаюся індзейскімі малюнкамі і фотаграфікай». «Я прыклаў брашуру, якую мы апублікавалі тут, у Літл-Су, і ўзор маёй мастацкай працы, а таксама сваю фатаграфію». Ён захоплены сваёю працаю, але хоча вярнуцца ў школу ў Нью-Мексіка.
8. Сучаснае місіянерства беларусаў сярод нееўрапейскіх народаў У адрозненне ад палякаў, якія ў наш час актыўна працуюць на місіях і нават аддаюць пры гэтым свае жыцці, мы не заўважылі аналагічных выпадкаў у беларусаў — менавіта ў Амерыках, бо місіянерская дзейнасць або прысутнасць на іншых кантынентах фіксуецца. Тым не менш з невялікай агаворкай мы можам аднесці да ўдзелу ў ёй беларусаў выезды ў Амерыку некаторых асобаў з Польшчы. Рэната Белая пакінула Гродна ў канцы 2000-х і з Кракава паехала на непрацяглыя місіі ў Мексіку ў канцы 2010-х. Айцец аблат Веслаў Назарук, які нарадзіўся ў Кодані на польска-беларускай мяжы, служыў сярод некалькіх індзейскіх групаў — догрыб, кры, стоўні (дакоты)… — у Канадзе. Быў там місіянерам з 1991-га па 2003 г., вярнуўся ў Польшчу па стане здароўя; апісваў свой досвед у часопісе «Misyjne Drogi». Езуіт а. Казімір Жыліс (1945–2021), літовец, лёс якога ўрэшце быў звязаным з Гродна, у 1992 г. быў накіраваны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у Далас (Тэхас) для навучання ў галіне дыяцэзіяльнага тэлебачання. Цікавае суседства ўзнікла ў святароў Гродна і яго ваколіцаў: у суседняй з Індурай вёсцы Лаша пасяліўся індзеец-кечуа з Перу, які ажаніўся з лашанскай жанчынай. Краязнавец Алесь Крой, які сустрэў яго там, толькі прыкладна праз 10 гадоў, у 2022-м, даведаўся сам і паведаміў нам, што індзеец памер і адпявалі яго ў гродзенскім францішканскім касцёле. Актыўнасцю ў ХХ — пачатку ХХІ ст. у набліжэнні да Беларусі вылучаліся салезіяне, хаця і не беларусы па паходжанні. Салезіяне літоўцы, місіянеры сярод хівара А. Гірскіс і П. Маскалаціс (1910–1993, памёр у Эквадоры) — даволі блізкі да беларусаў прыклад... Cпіс са 170-ці запісаў, што адлюстроўвае прысутнасць місіянераў — літоўскіх на іншых кантынентах (119) і рознага паходжання ў Літве, уражвае: https://lietuviai.ca/S2/naujienos.php?n=1429. Безумоўна, вывучэнне іх біяграфій выявіць нямала сувязяў з Беларуссю, уключаючы прынамсі частковае беларускае паходжанне. Хаця ў Беларусі зноў з’явіліся езуіты, якія прадстаўлялі і заходніх суседзяў, і ўласна беларускі этнас, але актыўнасць беларускіх місій — няпэўная перспектыва, якая не можа спаборнічаць з дасягненнямі палякаў і літоўцаў, дамінуючага ў Польшчы і Літве Каталіцкага Касцёла. Тым не менш, кожны новы факт, звязаны са з’яўленнем побач з індзейцамі носьбітаў інтэлігентнасці ў сутанах, з іх ведамі і трывалымі маральнымі, духоўнымі прынцыпамі, сагравае і падтрымлівае. Юльян Гарайн у «Лістах з Каліфорніі» ў 1876 г. цытаваў выказванне правадыра сіў Батыста Гуда, «ужо амаль навернутага»: «Хацелася б, каб сюды прыходзілі жанчыны-святары, апранутыя ў чорнае і са шчыльнымі покрывамі. Няхай водзяць нашых дачок у школу і вучаць. Няхай белыя пастары ў вострых капялюшах і чорным адзенні (00. Soc. Jesu) таксама прыходзяць і вучаць хлопчыкаў, але ў іншай школе. Я таксама жадаю, каб пастары запісвалі ўсё неабходнае і сачылі, каб гэта нам дасылалі».
|
|
|