|
|
№
4(102)/2022
Інтэрв’ю
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з арцыбіскупам Юзафам СТАНЕЎСКІМ
Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
«КАБ НАПІСАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ…» Нашы святыні
Размова
Каталіцкія місіі
Алесь СІМАКОЎ
«ІНДЗЕЙСКАЯ СПРАВА» Ў ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ Адлюстраванне тэмы каталіцкіх місій сярод індзейцаў у даследчай перапісцы Постаці
Андрэй ШПУНТ
МІСІЯНЕР Спадчына
In memoriam
Да 100-годдзя Алены Васілевіч
Культура
Юбілеі
Анатоль БРУСЕВІЧ
ПРАСТОРА ПРАЎДЗІВАГА СЛОВА Да 85-годдзя з дня нараджэння Дануты Бічэль Паэзія
Аксана ДАНІЛЬЧЫКВЕРШЫ Проза
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮКСАМСОН, ПАНЧЫХА І СІВАЧОК Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Калі згадваць пайменна тых выбітных людзей, што стаяць ля вытокаў сучаснай, крэатыўнай, свабоднай духам Гародні, асабліва літаратурнай, то найпершаю будзе Данута Бічэль. Выступаючы і ў друку, і перад публікаю з арыгінальнымі вершамі, з цікавымі перакладамі, з празаічнымі тэкстамі, у якіх таксама жыве моц паэзіі, Данута Янаўна заўсёды стварала і стварае вакол сябе магутнае паэтычнае сілавое поле, здольнае прыцягваць нават самых далёкіх ад мастацтва людзей. Гэты феномен не проста растлумачыць, расклаўшы па рацыянальных палічках, бо ў яе асобе ўсё сышлося: і самабытны пісьменніцкі талент, і прыродная мудрасць, і жаночая харызма, і далікатнасць, і хрысціянская любоў да бліжняга, якую не падробіш і якая вабіць найперш людзей адзінокіх. А лепшыя беларусы заўжды былі такімі — адзінокімі выгнанцамі адусюль, адкуль асобных прадстаўнікоў суседніх народаў цяжка альбо і немагчыма выгнаць: са сваёй зямлі, з уласнай гісторыі, з еўрапейскай культурнай прасторы, з памяці нашчадкаў… Для іх «паэтка айчынная», як трапна назваў Дануту Бічэль Анатоль Сыс, такі ж выгнаннік ва ўласнай Айчыне, складала пацеркі кніг, збірала па крупінках Музей Максіма Багдановіча ў Гародні, каб кожны асірацелы беларус змог спазнаваць цяпло Радзімы, прытуліцца да Слова, адчуць сябе чалавекам… Міжволі ўсплывае ў памяці верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?», дзе фармулюецца галоўная ідэя, мэта нацыі — «людзьмі звацца». З таго часу мінула больш за сто гадоў (Купалаў маніфест быў упершыню апублікаваны ў «Жалейцы», яго дэбютным зборніку, які выйшаў у 1908 годзе), а мы ўсё яшчэ, на жаль, нясём «на худых плячах сваю крыўду». Вось чаму пераемніца лепшых традыцый беларускага вербальнага мастацтва ўслед за нашым першым народным паэтам уголас прамовіла:
Шчырыя вершы-малітвы, якія гучаць са старонак многіх кніг Дануты Бічэль («На белых аблоках сноў», «Стакроткі ў вяночак Божай Маці», «Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы», «Іду сцяжынаю да Бога…», «Дайсці да Каложы» і інш.), далучаюць яе паэзію да той высокай літаратуры, якую можна смела называць мастацтвам духоўным, альбо трансцэндэнтным. Падобных творцаў у доўгай гісторыі еўрапейскага прыгожага пісьменства не так і шмат, хоць тэкстаў з выкарыстаннем хрысціянскіх альбо біблейскіх матываў безліч. Дарэчы, большасць з такіх вершаў, якія належаць і колішнім, і сучасным аўтарам, альбо тояць у сабе сэнсавыя хітраспляценні, «прызваныя» імітаваць адкрыццё, альбо, наадварот, — адкрыта дэманструюць убогасць, мяркуючы, што ў гэтым і заключаецца «боскасць». У адрозненне ад такой большасці, Данута Бічэль заўжды кіруе свае радкі залатым фарватарам гармоніі, таму яны «не пакутуюць» ні ад спрошчанай эмацыйнасці, ні ад празмернай інтэлектуальнай гульні. Яе паэзія застаецца спакойнай, узнёслай і светлай, нават калі адлюстроўвае горыч штодзённасці:
Каму, як не паэтцы, ведаць, на што здольнае слова? Так, яно можа быць і сродкам абароны, і магутнай зброяй. Праўда, вайна, няхай сабе і ў паэзіі — справа ўсё ж мужчынская. Таму і Данута Бічэль як у слове, так і ў справе застаецца хутчэй апякункай хатняга агменю, а не ваяўнічай валькірыяй. Зрэшты, не спрабуйце адабраць у нашай апякункі аб’ект апекі, паколькі канцэптуальная сфера вобразу дома ў яе вершах вызначаецца і шматграннасцю, і дынамічнасцю: дом то пашыраецца да касмічных маштабаў, то звужаецца да маленькай вясковай хаткі. Да таго ж трансфармацыі тыя адбываюцца вокамгненна, не пакідаючы ніякіх шанцаў патэнцыйным «заваёўнікам» — інтэрпрэтатарам, крытыкам і даследчыкам, якія спрабуюць прызначыць для творчасці Дануты Бічэль фіксаваную паліцу ў шафе гісторыі айчыннай літаратуры. Паэзію гэтай аўтаркі цяжка суаднесці нават з канкрэтным мастацка-стылёвым кірункам, бо ў ёй шчыльна спляліся рамантычныя, рэалістычныя, мадэрнісцкія, а недзе нават і постмадэрнісцкія тэндэнцыі. Але менавіта так выглядае добрае сучаснае еўрапейскае вербальнае мастацтва, і файна, што яно яшчэ і гарадзенскае:
Гародні, трэба сказаць, пашанцавала не менш, чым Асізі альбо Падуі. Гэты горад стаўся не толькі цэнтрам мастацкага свету бліскучай пісьменніцы, але і рэальным месцам паломніцтва для шматлікіх шанавальнікаў усяго айчыннага. У Музей да Максіма Багдановіча (а насамрэч да Дануты Бічэль) з блізкага і далёкага свету, як матылькі на агонь, зляталіся хоць і асірацелыя, але незвычайна таленавітыя беларусы: літаратары, музыканты, мастакі, школьныя настаўнікі і іх вучні, прафесары, выкладчыкі, студэнты, рабочая моладзь, прагная да сваіх каранёў і традыцый. Шмат каго, вядома, вабілі цікавыя экспазіцыі, наяўнасць добрага музейнага фонду, які ўвесь час папаўняўся каштоўнымі экспанатамі. Але не толькі гэта прыцягвала. Пад дахам Музея неймавернымі стараннямі яго стваральніцы паўстала рэдкая для нашых усходнееўрапейскіх рэалій установа поліфункцыянальнага тыпу: з каворкінгам, дзе праводзіліся разнастайныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы; з дыскусійным клубам шырокага тэматычнага спектру; з адукацыйнай пляцоўкай (у гуртку «Вянок» школьнікі рознага ўзросту вывучалі творчасць Максіма Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў, самі вучыліся складаць вершы, ладзілі спектаклі, ездзілі ў вандроўкі па знакавых літаратурных мясцінах, напрыклад, у госці да Зоські Верас); з цэнтрам грамадска-палітычнага жыцця і гарадзенскага рэгіёна і ўсёй краіны, якая на зломе 80–90-х гадоў перажывала яркі перыяд нацыянальна-патрыятычнага ўздыму. Была тут і суполка, што спрыяла шэрагу запамінальных праектаў — ад выпуску легендарнай газеты «Рэанімова» да друку калектыўных і аўтарскіх зборнікаў паэзіі. Паэтычнае жыццё, дарэчы, тут віравала наймацней, бо і самой гаспадыняй, натхняльніцай гэтай прасторы была паэтка ад Бога. Праз літаратурную школу, створаную Данутай Бічэль тут жа, пры Музеі, прайшлі Алесь Чобат, Эдзік Мазько, Юры Гумянюк, Юрась Пацюпа, Ала Петрушкевіч, іншыя творцы, сярод якіх быў і я… Па-рознаму склаліся нашы лёсы: нехта пакінуў заўважны след у гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства, хтосьці сышоў у тагасвет, не пакінуўшы па сабе нават кнігі, але сваю творчую свядомасць усе яны сфармавалі пад уплывам Дануты (Дануты Янаўны) — старэйшай сястры па пяру, эстэтычнай хаўрусніцы альбо і апаненткі, літаратурнай настаўніцы, духоўнай маці. Для кожнага яна знаходзіла трапнае, патрэбнае слова і ў момант сур’ёзнай размовы, і падчас сяброўскай бяседы. А тых, што нечакана сышлі, пакінула ва ўласных творах:
У сённяшніх вершах Дануты Бічэль, як і раней, працягвае жыць Беларусь, у іх знітаваныя ў адно і цьмяныя вехі гісторыі, і светлыя далягляды будучыні. І творчая літаратурная Гародня таксама жыве, не прападае, маючы такую апякунку. Няхай жа і добры Пан Бог ніколі не пакідае наш горад і сваю Паэтку!
|
|
|