Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(21)/2002
Мастацтва

АБРАЗЫ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЯМЛЯ ВОЛАТАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

ЧАТЫРЫ СУР'ЁЗНЫЯ СПЕВЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы

КРАІНА СВЯТОГА ПАТРЫКА
Постаці

ЖЫЦЦЁ ТВОРАЦЬ ЛЮДЗІ ВЕРЫ
Кантрапункт

ПРАГРЭС ЦІ РЭГРЭС?
Культура

Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

АБРАЗЫ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ

Ад ранняга Сярэднявечча існуюць шнуры пацерак для падліку малітваў, часам з той жа мэтай завязваліся вузельчыкі - таксама сімвалы малітваў. Назва «пацеры» пайшла ад лацінскага «Pater noster». Са шматразовага паўтарэння Анёльскага прывітання пазней сфармавалася ружанцовая малітва, у якой «Ave Maria» была злучана з «Pater noster». Паводле падання, св. Дамінік у сваіх казаннях спалучаў навучанне асновам веры з прамаўленнем «Ave Maria». Гістарычныя крыніцы, аднак, сведчаць, што новы тып малітвы, звязаны з роздумам над таямніцамі веры, з'явіўся ў 1-й палове XV ст. сярод картузаў, а потым распаўсюдзіўся ў іншых законах.

Каля 1470 г. дамініканскі манах з Брэтоні Ален дэ ла Рошэ напісаў першую кнігу, прысвечаную Ружанцу. На ўзор 150 псальмаў Псалтыра ён прапанаваў прамаўляць 150 «Ave Maria», падзеленых 15-ю «Ойча наш». Ён звязаў Ружанец з сімволікай вянка з ружаў, кожную малітву - з разважаннем пра адну з таямніцаў веры, а пачатак ружанцовай малітвы - са св. Дамінікам. Апошняе пазней прапагандавалася законам дамініканцаў, але так і не пацверджана дакументамі. Колькасць таямніцаў змянялася ад 50 да 63 (па колькасьці гадоў зямнога жыцця Марыі), а з 1483 г. была скарочана да 15 і падзелена на радасныя, балесныя і хвалебныя. Тады ж у каталіцкай Еўропе распаўсюдзілася дамініканская версія ружанцовай малітвы, ухваленая Рымам1.

Адначасова з ружанцовымі брацтвамі ў 2-й пал. XV ст., найперш у Германіі, з'явіліся ружанцовыя абразы, заснаваныя на больш ранніх тыпах выяваў Маці Божай. Выява Маці Божай як «Жанчыны з Апакаліпсіса» («адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак») распаўсюдзілася ў еўрапейскім мастацтве на мяжы XV-XVІ стагоддзяў пасля таго як Сікст ІУ увёў малітвы на свята Беззаганнага Пачацця. Тады ж у Германіі з'явіліся і ружанцовыя выявы той жа іканаграфіі, толькі абведзеныя вянком з ружаў (Maria Immaculata im Rosenkranz). Два анёлы трымаюць над галавой Марыі карону, і гэтая карона пазней увайшла у ружанцовую іканаграфію як атрыбут Каралевы Святога Ружанца. Такія выявы можна ўбачыць на гравюрах кракаўскіх выданняў 1-й пал. XVІІ ст., якія, напэўна, паслужылі прататыпамі для выканаўцаў алтарных абразоў і фератронаў2.

У 1-й пал. XVІ ст. нешматлікія ружанцовыя выявы нямецкай іканаграфіі з'явіліся на землях Рэчы Паспалітай, перш за ўсё польскіх, але такія абразы маглі знаходзіцца і ў віленскім кляштары дамініканцаў, заснаваным каралём Аляксандрам Ягелонам у 1501 г. Дамініканскі гісторык XVIII ст. Р.Шымак сведчыць, што ў Святадухаўскім храме тры «прынцыпальныя» ружанцовыя абразы згарэлі ў 1726 г. «ад збытняга сярод касцёла полымя»3. Шырокае распаўсюджанне ружанцовага набажэнства і Ружанцовых брацтваў ў ВКЛ пачалося ў перыяд Контррэфармацыі дзякуючы больш за ўсё дамініканцам. Іх закон у XVІІ-XVІІІ стст. налічваў тут каля 40 кляштараў і рэзідэнцый. Праўда, у Гродне Ружанцовае брацтва ўзнікла з дазволу Клімента VІІІ пры фарным касцёле ў 1597 г., яшчэ да з'яўлення дамініканцаў (1632 г.); тое ж адбылося пры Лідскай фары (1624 г.) і, напэўна, у іншых месцах.

У Кракаве на пачатку XVІІ ст. выйшла некалькі кніг, прысвечаных ружанцовай малітве і статуту брацтваў. Найбольш вядомая з іх - «W. Andrzejowicz. Ogród różany albo opisanie porzũdne dwu szczepów wonnej róży Hieryhunskiej… Kraków, 1627» У 1646 г. яна была перавыдадзена ў Вільні напярэдадні стварэння літоўскай правінцыі дамініканцаў.У статуце Ружанцовага брацтва прыёра рускай правінцыі Антаніна з Перамышля гаворыцца: «…у кожным касцёле, дзе тое брацтва ёсць, мае быць асобны алтар ці капліца пад імем Ружанца або ружанага вянка, з набожнай фігурай ці абразом Марыі Панны з таямніцамі святога Ружанца».

Адначасова з заснаваннем брацтваў узніклі ружанцовыя алтары і капліцы з выявамі, звязанымі з ружанцовым культам (у прыватнасці, працэсійныя алтары - фератроны), ствараліся харугвы і дрэварыты. Іконаграфічныя тыпы выяваў прыйшлі на іх з мастацтва Германіі і Італіі, аднак яны не пераймаліся механічна. Так, напрыклад, у алтарным жывапісе Беларусі няма разгорнутых кампазіцый накшталт «Свята Ружанца» А. Дзюрэра. Тое ж датычыць ружанцовых абразоў тыпу «Маці Божай Апекі» з адарантамі. У якасці выключэння можна згадаць толькі невялікі прыгожы абраз з нясвіжскага кляштара бенедыкцінак, на якім Багародзіца падае ружанец галаве шляхетнага сямейства з жонкай і чатырма дзецьмі. Пакуль што не ўдалося дакладна вызначыць, хто намаляваны на гэтым унікальным абразе. (Згадаем, што пасля паўстанняў 1831 і 1863 гг. усе каталіцкія кляштары ў Беларусі былі зачынены, многія алтарныя абразы страчаны, і сёння мы вымушаны абапірацца на досыць няпоўны матэрыял). На абразе Маці Божай Ружанцовай у Сандаміры (1599 г.) сярод адарантаў знаходзіцца і кардынал Ежы Радзівіл. На гравюры Конрада Гётке ў згаданым віленскім выданні «Ogrodu różanego» Валяр'яна Анджэёвіча (1646) Маці Божая падае ружанцы двум законнікам і двум шляхціцам. Выява ўпісана ў герб Зоф'і Хадкевічавай, з кн. Друцкіх-Горскіх4.

Сярод ацалелых у Беларусі ружанцовых абразоў колькаснае першынство належыць адлюстраванню легендарнай падзеі ўручэння ружанца св. Дамініку. Распаўсюджанне сюжэта тлумачаць згаданыя вышэй статуты Ружанцовых брацтваў, друкаваныя ў Кракаве: «Для таго, каб брацкі алтар выдзяляўся з іншых, асобна намаляваная фігура для хутчэйшага распазнання тымі, што ўваходзяць у касцёл з мэтай наведання згаданага алтара». Там жа даецца іконаграфічная даведка: «…а на доле, адразу пад фігурай, тых таямніц мае быць намаляваны св. Дамінік, які прымае пацеркі ад Панны Марыі і раздае людзям рознага стану, якія кленчаць крыху ніжэй»5. Іконаграфія з Дамінікам як пасярэднікам у перадачы ружанца ад Марыі адарантам існавала ў нямецкім мастацтве ўжо ў апошняй чвэрці XV ст. Сярод беларускіх алтарных абразоў такая кампазіцыя невядомая, і можна было б лічыць, што яна проста не дайшла да нашага часу, але, хутчэй за ўсё, гэта адметная рыса, звязаная з уплывам італьянскай культуры ў перыяд Контррэфармацыі.

У пачатку эпохі барока ўзнікла кампазіцыя з адным укленчаным Дамінікам, без адарантаў, якая склалася ў Італіі на мяжы XVІ-XVІІ стст. і адтуль трапіла на землі Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў ВКЛ. Сама ж легенда аб цудоўнай падзеі, якая нібыта адбылася ў 1212 г. у часы альбігойскай гэрэзіі на выспе Альбі, склалася ў дамінканцаў не раней за XV ст. Найстарэйшы ў Польшчы (адкуль у эпоху барока новыя іконаграфічныя сюжэты траплялі на Беларусь найчасцей) абраз такога зместу вядомы да сярэдзіны XVІІ ст. Маці Божая сядзіць на воблаках, трымаючы на каленях Дзіця; Езус падае ружанец укленчанаму на зямлі Дамініку. У іншым варыянце Дзіця трымае сферу і благаслаўляе, а ружанец перадае сама Марыя. Св. Дамінік звычайна змяшчаецца ў ніжнім левым вугле кампазіцыі, як на абразе са Свіры, на якім ацалела характэрнае для познебарочнага часу аздабленне асобных дэталяў жывапіснай кампазіцыі металёвымі чаканенымі накладкамі. Такую ж дыяганальную кампазіцыю мае абраз з Геранёнаў: справа ўверсе схіленая Марыя трымае Езуса, які падае ружанец Дамініку. Малады прыгожы святы намаляваны ў профіль на фоне пейзажу з горамі і кветкамі. Каля яго змешчаны сабака з чалавечым тварам і вельмі выразнымі вачыма. Геранёнскі абраз выдзяляецца з іншых незвычайна яркімі колерамі і ідэалізацыяй твараў у духу ракако. Каля 1640 г. быў створаны бакавы алтар у Воўпе, у якім на абразе авальнай формы (верагодна, значна больш познім) Дамінік стаіць з правага боку.

Кананічны вобраз заснавальніка закона прапаведнікаў бярэ пачатак ад легенды, што ў 1530 г. Маці Божая з'явілася манаху дамініканцу ў Сарыяно (Італія) і падала яму абраз з выявай св. Дамініка. Р. Шымак дае яго апісанне: «…абраз той уздоўж толькі чатыры з паловай пядзі, у шырыню 5 далоняў. У правай руцэ кніга, у левай лілея. Твару прыгожага змярцвёнага ці белага, але вясёлага. Валасы галавы і барады як бы чырвоныя, напалову сівыя. Законны габіт да костак, чаравікі чорныя». На жаль, віленскі «Suryanski» абраз св. Дамініка ўжо ў сярэдзіне XVІІІ ст. збуцьвеў6. Атрыбутам св. Дамініка, апрача лілеі і кнігі, часам з'яўляецца сабака з палаючым факелам у пашчы. Пачатак такой выявы знаходзіцца ў «Залатой легендзе» Якуба дэ Ворагінэ. Маці Дамініка перад яго нараджэннем сасніла, што носіць у сабе шчанё з палаючай паходняй у зубах, а калі яно выйшла з яе лона, то запаліла ўвесь свет7. Дамініканцы любілі называць сябе Dominis canis («псы Гасподнія»), а іх мастакі надавалі сабаку размалёўку, адпаведную чорна-белым колерам дамініканскіх адзенняў.

Мастакі перыяду ракако ажывілі традыцыйныя барокавыя кампазіцыі маляўнічымі дэталямі. У фератроне з Гярвятаў Марыя з Дзіцем не сядзіць, а як бы лунае на фоне аблокаў, каля Яе ног - перавернуты маладзік. Зверху злева набліжаецца анёлак, які нясе вазон з ружамі і маленькім ружанцам. Марыя і Езус разам падаюць Дамініку большы ружанец.

Часцей сустракаецца сіметрычная кампазіцыя са св. Дамінікам і св. Кацярынай з Сіены, якая сфармавалася ў XVІІ ст. у Італіі. Адзін з найстарэйшых такіх абразоў належыць Цінтарэта (1637 г.). Найбольш вядомым прататыпам у еўрапейскім сакральным мастацтве стаў абраз Джавані Сэльві Сасаферата (1683 г.) з касцёла Санта Сабіна ў Рыме8. Кацярына з Сіены (каля 1347-1380 гг.) - самая шанаваная дамініканская святая, кананізаваная ў 1461г. Яе шанавалі не толькі за аскетызм і чынны ўдзел у касцёльна-грамадскім жыцці, але цанілі і як выдатнага тэолага. На абразах св. Кацярыну з Сіены малявалі ў белым габіце і вэлюме і чорным дамініканскім плашчы. Яе атрыбуты- круцыфікс і лілея, часам - кніжка9. Такіх абразоў у беларускіх касцёлах захавалася адносна многа, перш за ўсё ў віленска-гродзенскім рэгіёне.

Выдатным творам сакральнага жывапісу па дасканаласці кампазіцыі, упэўненым малюнку і тонкім каларыце з'яўляецца абраз 1-й пал. XVІІІ ст. з воўпенскага касцёла. Марыя ўрачыста сядзіць на паўавальнай градзе воблакаў на фоне светла-вохрыстага неба. Яе постаць каралеўская, велічная, у пурпуровай сукенцы і сінім плашчы, змацаваным наперадзе антычнай фібулай. Прыгожы твар авальнага контуру з правільнымі рысамі прасякнуты годнасцю і высакародствам, на галаве - карона. Святыя стаяць як бы на каленях у ніжніх вуглах карціны, прымаючы ад Маці Божай і Езуса па ружанцу. У правай руцэ Дамініка - мальтыйскі крыжык, Кацярына трымае лілею. Між імі ў далечыні на гарызонце - светлае неба.

У абразе XVІІІ ст. на дошцы, які, напэўна, паходзіць з нясвіжскага дамініканскага касцёла, той жа сюжэт паказаны больш лірычна і свабодна, падзея мае жанрава-апісальны характар. У мініяцюрных рысах твараў, далікатных контурах фігур, свабодных жэстах рук, пазбаўленых абавязковых атрыбутаў (лілеі пакладзены на зялёную траву), адчуваецца ўплыў сентыментальнага ракако. Схіліўшыся з маляўнічых воблакаў у небе, Марыя падае доўгі ружанец Кацярыне, а Езус, узняўшыся з каленяў Маці, памкнуўся з такім жа дарам да Дамініка.

На карціне 2-й пал. XVІІІ ст. з дзятлаўскага касцёла Маці Божая сядзіць на ледзь прыкметных воблаках. Дзіця ў светлым хітончыку стаіць у Яе на каленях і трымае на апушчаных уніз ручках ружанец, падрыхтаваны для Кацярыны Сіенскай (мастак такім чынам падкрэсліў візіянерскія сувязі святой з Езусам). Марыя падае ружанец укленчанаму Дамініку, тут жа - сабака з факелам у пысе, полымя з якога ахоплівае палову вялікай сферы, і лілея.

Абраз пачатку ХІХ ст. з Жалудка мае не традыцыйную складаную, аднак малавыразную, кампазіцыю. Дамінік, з лілеяй і кнігай пад пахай, і Кацярына ўзнятыя на ўзвышэнне. Маленькі сабачка агеньчыкам факела падпальвае сферу. Езус стаіць на воблаках. Марыя падтрымлівае Яго адной рукой, другой, з дапамогай анёла, падае ружанец. Другі анёл з вышыні нябёсаў нясе Ёй карону з вянком. У пары са св. Дамінікам часамі выступаюць апекуны іншых законаў. У фератроне з Крамяніцы ружанец ад Езуса атрымлівае невядомы святы ў светлай комжы з карункамі (верагодна, святы з закону канонікаў рэгулярных).

Значна радзей у беларускім мастацтве сустракаецца варыянт, іконаграфічна больш ранні: з Маці Божай у рост, на паўмесяцы, у высветленым ззянні (мандорле), а ўнізе - дзве ўкленчаныя постаці. Такі абраз яшчэ напярэдадні рэвалюцыі быў вядомы як цудатворны ў дамініканскім ушацкім касцёле (на Полаччыне), заснаваным у 1716 г. Геранімам Жабаю. У 1799 г. пры ім узнікла Ружанцовае брацтва10.

Найбольш разгорнутым зместам выдзяляецца алтарны абраз сярэдзіны XVІІІ ст. у радуньскім касцёле. Ёсць падставы меркаваць, што ён паходзіць са скасаванага кляштара кармелітаў у Калесніках. Басаногая Багародзіца стаіць на маладзіку, трымаючы ў апушчаных руках шкаплер і ружанец. Сакральныя сімвалы прымаюць у свае далоні першы генерал закону кармелітаў Сымон Сток і св. Дамінік. Дзіця, насуперак зямному прыцяжэнню, без дапамогі Маці трымаецца на Яе правай руцэ. Над галавой, увенчанай каронай, лунае белы голуб. Фігура Багародзіцы абведзена вянком з кветкавых бутонаў, у сярэдзіне якіх намаляваны сюжэты ўсіх пятнаццаці ружанцовых таямніцаў.

Напэўна, ад кляштара дамініканцаў ацалеў абраз на дошцы XVІІ ст., які цяпер знаходзіцца ў бакавым алтары Маці Божай Ружанцовай у пінскай катэдры. Па іканаграфіі ён належыць да барокавага тыпу «Замілавання»: Марыя на левай руцэ трымае Дзіця, якое тварам туліцца да Яе, правая рука са скіпетрам адведзена ўбок. Езус трымае ў руках ружанец і дзяржаву. На полі вакол галоваў - вянок з выявамі пяці «радасных» таямніцаў Багародзіцы. Першапачаткова абраз быў працэсійным, пра што сведчыць выява Езуса на яго другім баку, і быў перанесены да францішканаў у 1831 г. пасля перадачы дамініканскага касцёла пад Фёдараўскі сабор.

Магчыма, дамініканскае паходжанне мае абраз Маці Божай Ружанцовай у наваградскай Барысаглебскай царкве, хоць не выключана, што і уніяцкая Царква магла ўспрыняць заходнехрысціянскую іканаграфію. Франтальная поза Марыі (Яна сядзіць) нібы ўзятая з больш разгорнутых «воблачных» кампазіцый з адарантамі. Маці Божая адзета ў пурпуровы хітон і накінуты на плечы карычневы плашч з залацістаю аблямоўкаю. Твар падоўжаны, з правільнымі рысамі, шырока расплюшчанымі задуменнымі вачыма і прыгожым малюнкам вуснаў. Досыць дарослае Дзіця ў цёмна-ружовым хітоне сядзіць на Яе каленях крыху бачком, трымаючы ў разведзеных ручках ружанец, паверх Яго хітона ляжыць матчына рука рэдкай прыгажосці. Ад галоваў ідзе светлае ззянне з яркімі праменнямі, паверх якіх намаляваны кароны. У ніжніх вуглах - парасткі з лісточкамі накшталт лаўровых. Абраз выкананы таленавітым майстрам з дасканалай мастацкай адукацыяй.

Абраз таго ж зместу з Ліды належыць правінцыйнаму мастаку перыяду позняга барока. Тут фігуры закрыты металічнай шатай 2-й пал. XVІІІ ст. з маладзіком унізе. Марыя сядзіць, трымаючы Дзіця на левай руцэ, а ўзнятай правай як бы паказвае ці дорыць гледачу ружанец. Тое ж самае робіць Езус, намаляваны з дзяржавай на каленях. Калі па трохузроўневай класіфікацыі барока лідскі абраз можна аднесці да сярэдняга мастацкага ўзроўню, то «Wizerunek Najświętszej Maryi Różańcowej… Sprawiony z bractwa Roku 1792…» вёскі Язна (на Мёршчыне) уяўляе сабою вынік стараннай працы мастака-самавука і досыць ранні прыклад наіўнага мастацтва, якое ў апошнія часы атрымала назву інсітнага і карыстаецца вялікай зацікаўленасцю знаўцаў.

7 кастрычніка 1571 г. адбылася бітва хрысціянскага флоту з турэцкім пры Лепанта. У гэты ж час у Рыме спецыяльна праходзіла вялікая ружанцовая працэсія з абразом Маці Божай Снежнай пры ўдзеле Папы Пія V. Вецер на моры раптоўна змяніў напрамак і тым самым значна паспрыяў перамозе хрысціян. Гэтая падзея ва ўяўленні вернікаў надалей злучыла знакаміты абраз з ружанцовым набажэнствам. Некаторыя з абразоў «Снежнай» у касцёлах сталі менаваць Ружанцовымі і браць пад апеку брацтваў, а на шатах дадаваць ружанец. Магчыма, гэта стала адной з прычын распаўсюджання копій рымскага абраза на беларускіх землях. Наогул жа назву «Ружанцовых» на Беларусі (як і ў іншых краінах) атрымала мноства абразоў Маці Божай з Дзіцем самай рознай іканаграфіі - дастаткова было намаляваць ружанец ці вяночак з ружаў над галавой11.


  1. Moisan K.S., Szafraniec B. Maryja Orędowniczka wiernych. Warszawa, 1987. S. 44-45.
  2. Тамсама. S. 54-55.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996. Т. 3. С. 203-204.
  4. Moisan K.S. S. 78-79.
  5. Тамсама. S. 62.
  6. Szymak G. Prerogatywa zakonu kaznodziejskiego…Wilno, 1755. S. 412.
  7. Moisan K.S. S. 66.
  8. Тамсама.
  9. Холл Д. Словарь сюжетов и символов в искусстве: Пер. с англ. М., 1999. С. 231-233.
  10. Fridrich A. Historie cudownych obrazów N.M.P. w Polsce. Kraków, 1911. T. 4. S. 52.
  11. Верагодна, букет ружаў на абразе Маці Божай з Дзіцем з-пад Гродна таксама мае сэнс ружанцовага сімвала (вельмі блізкі другі прыклад знаходзіцца ў пецярбургскім Музеі гісторыі рэлігіі).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY