|
|
№
3(21)/2002
Мастацтва
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Haereditas
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы
Постаці
Кантрапункт
Культура
|
Адной з адметных з'яваў у гісторыі адукацыі ў Беларусі стала школьная рэформа 40-х гадоў ХVІІІ ст., звязаная з імем асветніка і педагога Станіслава Канарскага, які належаў да каталіцкага манаскага ордэна піяраў. Ордэн піяраў быў ордэнам новага тыпу ў параўнанні з заснаванымі яшчэ ў Сярэднявеччы каталіцкімі ордэнамі. Ён канцэнтраваў сваю дзейнасць на школьнай справе, роля якой у каталіцкім Касцёле пасля Трыдэнцкага Сабору ўзрасла. Ордэн быў заснаваны ў 1597 г. іспанскім святаром Хасэ Каласансам (святы Юзаф Каласанты) і ў 1621 г. зацверджаны рымскім Папам Грыгорыем ХV. Ад самага пачатку дзейнасці піяры адчынялі школы, спачатку ў Італіі, а потым і ў іншых краінах Еўропы1. У 1642 г. першыя піяры прыбылі ў Варшаву, а ў другой палове ХVІІІ ст. заснавалі свае школы ў іншых гарадах і мясцовасцях Польшчы і Заходняй Украіны. У 1662 г. была створана Польская правінцыя ордэна піяраў. У ХVІІІ ст. 24 калегіі і рэзідэнцыі піяраў у Каралеўстве Польскім складалі правінцыю Польскую2. У Беларусі піяры з'явіліся ў 20-х гадах ХVІІІ ст.3. Асноўнай задачай тут, як і ў іншых краінах, было стварэнне школ з мэтай выхавання дзяцей, у тым ліку і бяднейшых, розных саслоўяў і веравызнанняў у духу рэлігійнасці і адданасці Касцёлу. Найбольш бедныя вучні (асабліва з сялянаў) утрымліваліся за кошт ордэна, але за гэта выконвалі пэўныя вызначаныя работы па абслугоўванні кляштара, школы і канвікта (інтэрната). Піяры ў Беларусі заснавалі піярскія школы - пачатковыя вучылішчы і калегіумы. У 1722 г. віленскі біскуп К.К.Бжастоўскі запрасіў піяраў у Вільню, а А.Сапега перадаў ім палац і два дамы. У 1736 г. на тэрыторыі Беларусі і Літвы была створана Літоўская правінцыя ордэна піяраў, у якой аб'ядналіся ўсе піярскія школы на гэтых землях. Правінцыялам быў прызначаны ксёндз Юзаф Ястшэмбскі. Спачатку працавалі 6 калегіумаў: у Вільні, Дубровіцы, Любежаве, Шчучыне, Панявежы і Лідзе. Пазней адчыніліся калегіумы ў Зэльве, Лужках, Вілкамеры, Расенях, Віцебску, Сніпішках, Дуброўне, Полацку, а потым і ў Пецярбургу. Калегіум у Вільні быў адначасова і рэзідэнцыяй літоўскіх правінцыялаў4. Сярод школ аднымі з першых з'явіліся вучылішчы ў Геранёнах, Воранаве, Балотні5. На чале правінцыі стаяў правінцыял, якога выбіралі на 3 гады. Выбіраўся і капітул правінцыі. Кіравалі піярскім калегіумам рэктар, які займаўся адміністрацыйнымі справамі (яго выбіралі правінцыял і рада)6 і прэфект, яго памочнік, што загадваў навучальнай часткай. Навучальны курс калегіума разлічваўся на сем класаў. Акрамя тэалогіі і іншых прадметаў рэлігійнага накірунку, асноўнымі прадметамі былі: праформа, на ўроках якой вучняў вучылі пісаць, чытаць і пачаткам арыфметыкі; інфіма - гэтыя ж прадметы і катэхізіс; граматыка - латынь, пераклады з яе і матэматыка; сінтаксіс - латынь, пераклады з яе і напісанне лістоў на лацінскай мове; паэзія - пераклады з лацінскай мовы, красамоўства; рыторыка - у гэты цыкл прадметаў уваходзілі рыторыка, латынь, гісторыя; філасофія - логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя. Выкладчыкі 1-5 класаў мелі званне магістраў, а 6-7 - прафесараў. Навучанне было бясплатнае. Плата бралася толькі за пражыванне ў канвікце (інтэрнаце). Праграма навучання ў піярскіх школах была падобная на навучальную праграму ў езуіцкіх школах, аднак дысцыпліна ў піярскіх школах была менш строгай, таму бацькі, і асабліва шляхта, ахвотна аддавалі дзяцей менавіта ў піярскія школы. Папулярнасць піяраў выклікала супрацьдзеянне езуітаў, якія дамагаліся закрыцця піярскіх калегіумаў у Вільні, Геранёнах, Воранаве. Езуіты адчынялі свае калегіумы ў гарадах і мястэчках, дзе ўжо існавалі піярскія школы, а таксама падавалі скаргі на піяраў у суды7. У сувязі з агульным уздымам эканамічнага і культурнага жыцця ў Рэчы Паспалітай паўстала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. Такую рэформу правёў адзін з прагрэсіўных прадстаўнікоў польскага асветніцтва правінцыял Польскай (Кароннай) правінцыі ордэна піяраў Станіслаў Канарскі. Рэформа ў Польшчы была праведзена ў 1740-1750 гады, а ў Літоўскай правінцыі ў 1750-1760 гады. Школьная рэформа была накіраваная на мадэрнізацыю працэсу навучання. С.Канарскі звяртаў асаблівую ўвагу на свецкі характар навучання пры захаванні прадметаў рэлігійнага цыклу. Важнае значэнне пры навучанні мела патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне вучняў. У выніку рэформы курс тэалогіі быў скарочаны. У праграму шырока ўводзілася польская мова, а курс лацінскай мовы скарачаўся, вывучаліся прыродазнаўчыя, матэматычныя і грамадскія навукі, былі ўведзены французская і нямецкая мовы. Выкладаць новыя прадметы павінны былі спецыяльна падрыхтаваныя выкладчыкі. Яны карысталіся новымі падручнікамі, падрыхтаванымі самімі педагогамі-піярамі ці перакладзенымі з іншых моў. Курс навучання ў рэфармаваных піярскіх вучылішчах разлічваўся на 6 гадоў. За гэты час вучні павінны былі засвоіць не толькі суму ведаў па гісторыі рэлігіі і багаслоўі, лацінскую мову, але таксама і абавязковую для грамадскай і рэлігійнай дзейнасці красамоўнасць (элаквенцыю). У праграму піярскіх школ у Беларусі былі ўключаны і новыя прадметы: матэматыка, фізіка, гісторыя Польшчы і ўсеагульная гісторыя, «палітыка, або азнаямленне вучняў з творамі па пытаннях палітычных» і «з мясцовымі законамі і правамі», а таксама глыбокае навучанне польскай мове8. Шэраг прадметаў выкладаўся па-французску, а лепшыя выхаванцы піярскіх школ накіроўваліся ў Францыю на стажыроўку. Рэформа піярскіх вучылішчаў са спачуваннем была сустрэта прыхільнікамі агульных рэформаў у асяроддзі шляхты. Сярод выхаванцаў піярскіх школ было нямала ўдзельнікаў рэформ 80-90-х гадоў у Рэчы Паспалітай. Яшчэ адной рысай у выхаванні вучняў стала стварэнне школьных тэатраў у піярскіх калегіумах. Тэатры, у спектаклях якіх удзельнічалі навучэнцы, існавалі пры піярскай школе ў Віцебску (1765-1771 гг.) і Лідзе (1771-1772 гг.)9. Захаваліся згадкі аб пастаноўках асветніцкіх п'ес на польскай мове: трагедыі Я.Кушаля «Артахар» (Віцебск, 1765 г.), камедыі А.Мікуцкага «Няшчасны лёс заўсёды заклапочаных і незадаволеных асобаў» і «Трагедыі на змову Катыліны» гэтага ж аўтара, якія былі пастаўлены на сцэне ў Лідзе ў 70-х гадах10. У 1772 г. у Літоўскай правінцыі ордэна піяраў налічвалася 10 калегіумаў - у Дубровіцы (Брэст-Літоўскі павет), Лідзе, Любежаве (Брэст-Літоўскі павет), Лужках (Полацкае ваяводства), Панявежы, Расенях, Шчучыне, Вільні, Вілкамеры і Віцебску11. Пасля скасавання ў 1773 г. папам Кліментам ХІV ордэна езуітаў і ўтварэння Адукацыйнай камісіі, якая ўзначаліла дзяржаўнае кіраўніцтва школьнай справай, піяры адыгралі вялікую ролю ў рэарганізацыі сістэмы асветы12. У 1783 г. піярскія школы ў Польшчы былі вылучаны ў асобную акругу, куды ў 1790 г. увайшлі і піярскія вучылішчы Вялікага Княства Літоўскага. Яны не падпарадкоўваліся ваяводскім школам, у адрозненне ад школ іншых ордэнаў. Ордэн піяраў захаваў свае пазіцыі ў школьнай справе і пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ ст. Такое становішча ён здолеў захаваць да 1832 года, калі быў зачынены Віленскі універсітэт і сетка школьных установаў падчас пачатку русіфікацыі школьнай справы ў Беларусі. У 1803 г. падчас універсітэцкай рэформы ў Расіі была створана Віленская навучальная акруга, навучальна-метадычным і адміністрацыйным цэнтрам якой стаў Віленскі універсітэт. Гэтай акрузе падпарадкоўваліся навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў, а з 1810 г. і Беластоцкая вобласць. Такім чынам, Віленская акруга ахоплівала тэрыторыю Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны, г.зн. былую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Піярскія школы былі ўключаны ў склад Віленскай навучальнай акругі з 1804 г. і атрымалі статус павятовых вучылішчаў, аднак забаранялася адчыняць новыя школы. Расійскі ўрад ставіўся да іх з недаверам. Яшчэ Кацярына ІІ у 1794 г. пісала князю М.В.Рапніну, што піярскія школы дрэнна ўплываюць на моладзь і таму трэба мець за імі добры нагляд. Але ў час панавання Паўла І стаўленне да піярскіх школ крыху змяніліся на лепшае, і яны па-ранейшаму займалі адно з першых месцаў у Віленскай навучальнай акрузе. Так, у 1803 г. у піярскіх вучылішчах займалася 1234 вучні, у 1804 г. у іх складзе налічваўся 51 настаўнік, а ў 1814 г. - 65 настаўнікаў13. У 1816 г. у піярскіх школах было 1245 вучняў, а ў 1822 г. - 1401 вучань14. Разам з тым некаторыя школы давялося зачыніць з-за ўнутраных канфліктаў і каб пазбегнуць пагаршэння сітуацыі ордэна ў Расійскай дзяржаве. Так, у 1821 г. ордэн піяраў зачыніў сваю малую школу ў Лідзе. У 1820 г. правінцыял ксёндз Глагоўскі атрымаў ад Віленскага універсітэта загад пакінуць шасцікласную школу ў Шчучыне, а іншыя павятовыя школы скараціць да чатырох класаў15. Пасля закрыцця расійскім урадам Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1822 г. у горадзе было адкрыта Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча, якое дзейнічала ў будынках скасаванай езуіцкай акадэміі да 1830 года. Гэтае вучылішча было створана на падставе пераведзенага ў Полацк Віцебскага піярскага вучылішча, згодна з імператарскім указам ад 16 (28) жніўня 1828 г. У складзе новай навучальнай установы былі прыходскае вучылішча, 4-класнае павятовае і 3-гадовыя аддзелы, або «курсы вышэйшых навук». У 1823 г. у вучылішчы працавалі рэктар, прэфект і 13 выкладчыкаў, большасць з якіх скончыла Віленскі універсітэт16. Піярскія школы, якія падпарадкоўваліся Віленскаму універсітэту, вялі навучанне згодна з праграмамі 4-класных павятовых вучылішчаў. Асноўнае месца ў іх навучальным плане адводзілася мове і літаратуры (польскай, лацінскай, французскай і нямецкай). Прыблізна чвэрць усяго часу навучання займала вывучэнне фізіка-матэматычных навук. У вучылішчах таксама выкладалі гісторыю, геаграфію, логіку і права. Тэалогія як прадмет у навучальным плане адсутнічала, але адзін з ксяндзоў быў абавязаны штодзённа перад урокамі і ў святочныя і нядзельныя дні вадзіць навучэнцаў на набажэнства. Закон Божы як прадмет заставаўся. Навучальнай мовай у віленскай навучальнай акрузе была польская. Руская мова ўводзілася ў праграму толькі па жаданні навучэнцаў17. У адрозненне ад звычайных павятовых вучылішчаў у Полацкім вышэйшым піярскім вучылішчы навучальная праграма была значна пашырана і ўведзены лекцыі замест звычайных урокаў. Тут у павятовым вучылішчы выкладаліся Закон Божы, польская, лацінская, французская, нямецкая мовы, геаграфія, арыфметыка, асновы геаметрыі, прыродазнаўства, фізіка, маляванне. У старэйшых класах, на «курсах вышэйшых навук», былі літаратурныя і матэматычныя аддзяленні, дзе выкладаліся матэматыка, доследная фізіка, цывільнае права, лацінская, грэцкая і польская мовы, гісторыя, маляванне, музыка, фехтаванне, танцы. У Полацкім вучылішчы ў канцы 1822 г. лекцыі па гісторыі чытаў прафесар Віленскага універсітэта, вядомы гісторык Іаахім Лялевель. У вучылішчы дзейнічаў філіял тайнага таварыства філаматаў, які быў раскрыты паліцыяй у снежні 1823 г., а выкладчыкі К.Львовіч і М.Бразовіч арыштаваныя. Куратар Віленскай навучальнай акругі князь Адам Чартарыскі збіраўся надаць Полацкаму вучылішчу афіцыйны статус ліцэя, але ў 1824 г. вучылішчы Магілёўскай і Віцебскай губерняў былі перададзены ў склад Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1825-1826 гг. па ініцыятыве візітатара прафесара В.Сянкоўскага была праведзена рэформа вучылішча: лекцыйная сістэма выкладання забаронена, у пачатковых класах выкладанне праводзілася на рускай мове, узмацніўся нагляд паліцыі за навучэнцамі і выкладчыкамі. Пасля стварэння ў 1829 г. Беларускай навучальнай акругі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях царскія ўлады пачалі працэс ліквідацыі Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча. Улетку 1830 г. яно было зачынена, настаўнікі пераведзены ў Вільню, дзе яны стварылі сваю гімназію. У будынках вучэльні размясціліся Полацкі кадэцкі корпус і свецкае павятовае вучылішча18. Расійскі ўрад энергічна ажыццяўляў вялікадзяржаўную палітыку на Беларусі, намагаючыся задушыць грамадска-палітычны рух у краі. Ужо ў разгар паўстання 1830-1831 гг. магілёўскі цывільны губернатар М.Мураўёў, які ў 1863 г. быў віленскім генерал-губернатарам і душыцелем паўстання, накіраваў Мікалаю І запіску аб неабходнасці неадкладнага пераўтварэння ў Беларусі навучальных устаноў у рускія школы. Пасля задушэння паўстання 1830-1831 гадоў у працэсе русіфікацыі Заходняга краю піярскія вучылішчы ў 1831-1834 гадах былі зачыненыя ці ператвораныя ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы. Заставаўся фармальны акт ліквідацыі: у 1843 г. Літоўская правінцыя ордэна піяраў была скасаваная19. На тэрыторыі Беларусі з 30-х гадоў ХІХ ст. узмацнілася палітыка русіфікацыі ў школьнай справе пад моцным адміністрацыйным і паліцэйскім кантролем.
|
|
|