|
|
№
3(21)/2002
Мастацтва
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Haereditas
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы
Постаці
Кантрапункт
Культура
|
ПАВОДЛЕ СТАРОГА І НОВАГА ЗАПАВЕТАЎ 21 мая 1896 года смерць забірае Клару (Шуман), якая ў жыцці Ёганэса Брамса (1833—1897) адыграла ці не найвыдатнейшую ролю. Ён адразу едзе ў Франкфурт, але спазняецца на пахаванне. І Брамс спраўляе жалобную памінальную ўрачыстасць за яе раялем у апусцелым памяшканні. Глыбока ўсхваляваны, ён імправізуе ўзрушлівыя «Чатыры сур’ёзныя спевы» як апошні наказ Клары і адначасова, у змрочным прадчуванні, як сваё ўласнае развітанне са светам. Пасля гэтай трохдзённай адсутнасці ён вернецца ў Вену ўжо смяротна хворым чалавекам. Яшчэ адзін раз, у сакавіку 1897 года, Брамс прысутнічае пры выкананні сваёй Чацвёртай сімфоніі. Яго клапатліва правялі па лесвіцы ў цудоўную залу, амаль унеслі. Тут, у святочным памяшканні з залатымі карыятыдамі, ён схіляе над балюстрадай свой смяротна бледны, запалы твар. Публіка паднялася, у буру захаплення як бы дамешваецца прадчуванне таго, што гэтая сустрэча апошняя. Рак печані, доўгі час не выяўлены, лютуе ў яго целе, якое супраціўляецца нават даўжэй, чым меркавалі дактары. А 3 красавіка 1897 года ён навечна змыкае свае блакітныя вочы. Вена ладзіць яму годныя хаўтуры. Па-зімоваму змрочнай раніцай па асветленых газавымі лятарнямі вуліцах урачыста-жалобны картэж з труною, у запрэжцы чорных коней, аб’ехаў будынак канцэртнай залы «Музікфэрайн» («Музычнае аб’яднанне»), якому ён, як піяніст і дырыжор, так часта дадаваў бляску сваімі творамі. Сотні венскіх аматараў музыкі аддалі яму апошні развітальны паклон, перш чым яго цела было перавезена да ганаровага магільніка яго папярэднікаў, да нязнойдзенага месца пахавання Моцарта, да Бетховена і Шуберта, да якіх ён з гэтага часу далучаны навечна. Многае з таго, што ён стварыў, увайшло ў неўміручую спадчыну музыкі: сімфоніі, канцэрты, песні, камерная музыка. Ён зрабіўся «класікам», хоць у душы быў рамантыкам. Ці маюць рацыю тыя, хто часам называе яго «халодным»? Наўрад ці. Брамс змушаў сябе адкідаць жарсці, якія жылі ў ягоным сэрцы, быццам саромеўся прызнавацца, што насіў іх у сабе, часам – да найстражэйшай самадысцыпліны, стрымліваў свае страсці – ён ствараў у строгіх формах: такаты, фугі, варыяцыі. Гэтакі ж стрыманы ён, здавалася, быў і ў жыцці, калі прыгашваў палкасць свайго сэрца, заставаўся няўзрушны, калі яму больш за ўсё хацелася абняць людзей. Стрымліваў ён і свае мелодыі, калі яму найбольш хацелася ляцець з імі ў бясконцыя далечы. «Чатыры сур’ёзныя спевы» – адзіны ў сваім родзе твор у гісторыі музыкі, твор з ледзь прыкметнай прысутнасцю сканцэнтраванай у ім сур’ёзнасці. Стаічна ўзносіцца першы спеў: «Чалавеку і зверу – лёс адзін...», і ўзносіцца на вышыню вялікай усхваляванасці. Жорстка ставіцца пытанне «Куды?» І даецца адказ. Першы спеў заканчваецца прызнаннем-заклікам да працы: «I ўбачыў я, што павiнны мы жыць працай рук, радасць мець ад нашай працы, бо з рук мы жывём...» Зноў уводзіцца музычны тон стаічнага. За пакутамі жывых ідзе хвала мёртвым і ненароджаным. Grave трэцяга спеву нясе споўненыя скаргай словы: «О смерць, о смерць, якая ты горкая, смерць», але ўжо гатовае і суцяшэнне: «О смерць, прысуд таму твой радасны, хто стары, пахілы, хто ў скрусе цягне век...» Чацвёртая частка ўзносіць, ні на міліметр не паступаючыся сур’ёзнасцю, якою споўнена музыка, матыў горычы. Гэта адначасова тэкстуальны ўзлёт ад Старога да Новага Запавету, які натхняе ўзнёслую мелодыю эсэнцыяй Першага паслання да Карынцянаў: «Каб чалавечай ці анёльскай мовай гаварыў, любові не маючы... нічога не здабыў бы». Брамс абраў форму фартэпіяннай песні, у якой ён быў адным з неаспрэчных майстроў у гісторыі музыкі, каб пад самы канец сказаць, што ў яго музыцы гаворка ідзе не адзіна пра «мову» формы, а пра змест, які заўсёды спалучаны з верай, любоўю, надзеяй. Калі вера пахіснулася, калі надзеі расчаравалі, застаецца любоў.
Пераклад з нямецкай мовы Васіля Сёмухі
ПАВОДЛЕ СТАРОГА І НОВАГА ЗАПАВЕТАЎ
|
|
|